КАНСЕРВАТО́РЫЯ (італьян. conservatorio ад лац. conservo захоўваю),
вышэйшая навучальная ўстанова, якая рыхтуе спецыялістаў у галіне муз. мастацтва — выканаўцаў (інструменталістаў, вакалістаў, дырыжораў), кампазітараў, музыказнаўцаў.
Першапачаткова К. наз. гар. прытулкі для сірот у Італіі, дзе дзяцей навучалі і музыцы (першая — у Неапалі, 1537). У 18 ст. ў краінах Зах. Еўропы ўзніклі спец. муз. вышэйшыя навуч. ўстановы, у т. л. Муз. ін-т у Парыжы (1793; у 1795 рэарганізаваны ў К. музыкі і дэкламацыі). У 19 ст. К. адкрыты ў многіх буйных гарадах Еўропы і Амерыкі. Многія навуч. ўстановы тыпу К. наз. акадэміямі, вышэйшымі муз. школамі, муз. ін-тамі, каледжамі, ліцэямі і інш. Першыя К. ў Расіі — Маскоўская кансерваторыя, Санкт-Пецярбургская кансерваторыя, пазней адкрыты Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (цяпер — Расійская акадэмія музыкі імя Гнесіных), К. ў Адэсе, Кіеве і інш. У 1932 адкрыта Бел. дзярж. кансерваторыя (з 1992 — Беларуская акадэмія музыкі). З 1956 дзейнічае Асацыяцыя еўрап. акадэмій, кансерваторый і вышэйшых муз. школ.
т. 7, с. 591
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)