ДУШКЕ́ВІЧ Інэса Анатолеўна (н. 24.6.1959, Мінск),

бел. артыстка балета. Нар. арт. Беларусі (1991). Скончыла Бел. харэагр. вучылішча (1977). З 1977 салістка Нац. акад. т-ра балета Беларусі.

Творчай індывідуальнасці Д. уласцівы шырокі акцёрскі дыяпазон, спалучэнне тэхн. віртуознасці з вял. пластычнай экспрэсіяй. Творчая вяршыня — партыя Рагнеды («Страсці» А.​Мдывані; Дзярж. прэмія Беларусі 1996), пазначаная магутным трагедыйным гучаннем. Сярод інш. вобразаў у класічных і сучасных балетах: Адэта—Адылія, Маша, Аўрора («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Сільфіда («Сільфіда» Х.​Левенскольда), Нікія і Кітры («Цені» і «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Марыя і Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Ундзіна («Ундзіна» Г.​Генцэ), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына), Ева («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Джульета («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Каханая і Распусніца (вакальна-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа), Дзяўчына («Балеро» М.​Равеля), Дзева-выбранніца («Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага). Здымалася ў тэлеварыянтах спектакляў «Карміна Бурана», «Рамэо і Джульета», тэлефільме «Вяртанне вясны...». Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета (Масква, 1984). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 147—151;

Мушынская Т. «Лебедзь белы, лебедзь чорны...» // Беларусь. 1984. № 10;

Яе ж. Мой лёс, мая любоў... // Мастацтва Беларусі. 1985. № 10;

Яе ж. Трохі пра вечнае // Там жа. 1993. № 1.

Т.​М.​Мушынская.

І.А.Душкевіч.
І.Душкевіч у ролі Ундзіны.
І.Душкевіч у ролі Фрыгіі.

т. 6, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЖДА́НАВА Антаніна Васілеўна (16.6.1873, г. Адэса, Украіна — 26.6.1950),

расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог; буйнейшая прадстаўніца рус. вак. школы. Нар. арт. СССР (1936). Герой Працы (1925). Д-р мастацтвазнаўства (1944). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1902, клас У.​Мазеці), з 1943 яе прафесар. З 1902 салістка Вял. т-ра ў Маскве. З 1936 педагог студыі Вял. т-ра, пазней Опернай студыі К.​Станіслаўскага. Валодала голасам рэдкага прыгожага тэмбру, вял. дыяпазону, роўным ва ўсіх рэгістрах. Яе выкананне вылучалася бездакорным вак. майстэрствам, рэалістычнасцю, прастатой і псіхал. асэнсаванасцю. Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Марфа, Снягурачка, Валхава, Шамаханская царыца («Царская нявеста», «Снягурачка», «Садко», «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава), Таццяна, Іаланта («Яўген Анегін», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Лакмэ («Лакмэ» Л.​Дэліба), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Джыльда («Рыгалета» Дж.​Вердзі), Царыца ночы («Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта), Эльза («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Нінета («Любоў да трох апельсінаў» С.​Пракоф’ева). Выступала ў т-ры «Гранд-апера» (1912). Вяла канцэртную дзейнасць разам з мужам М.Галаванавым. Творча дапамагала калектыву Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Кансультант Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940). Дзярж. прэмія СССР 1943.

Літ.:

Львов М. А.​В.​Нежданова. М., 1952;

Подольский В. А.​В.​Нежданова и ее ученики. М., 1960;

А.​В.​Нежданова: Материалы и исслед. М., 1967;

Поляновский Г. А.​В.​Нежданова. 2 изд. М., 1976.

І.​В.​Глушакоў.

А.В.Няжданава.

т. 11, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЯБРЫ́», творчае аб’яднанне «Студыя “Сябры”». Створана ў 1974 як вак.-інстр. ансамбль Гомельскай абл. філармоніі, з 1990 пры Мінскай філармоніі, з 1992 — сучасная назва. Маст. кіраўнік А.Ярмоленка. Муз. кіраўнікі В.​Бадзьяраў (1977—81), М.​Сацура (з 1975). Творчасці ансамбля ўласціва своеасаблівая пеўчая манера, спалучэнне арыгінальнай мелодыкі з паэт. зместам, выразнасцю муз. мовы. У першым складзе «С.» выступалі: А.​Ярмоленка (вакал), Сацура (клавішныя, вакал), Г.​Балабанаў (ударныя), А.​Клімовіч (флейта, дудка, саксафон), В.​Прыгажаеў (гітара), А.​Шчатаў (бас-гітара, вакал). У розныя гады ў склад ансамбля ўваходзілі: А.​Аўдзяевіч (труба, трамбон), А.​Газізаў (гітара), А.​Каляда (клавішныя), В.​Разанаў (бас-гітара), В.​Чырвоны (усе вакал). У сучасным складзе: Алеся (А.​А.​Ярмоленка; салістка), С.​Герасімаў (гітара, вакал), Сацура, А.​Цераховіч (ударныя), У.​Чыж (гітара, клавішныя, вакал), А.​Ярмоленка, С.​Ярмоленка (бас-гітара, камп’ютэрная аранжыроўка, клавішныя). У рэпертуары песні бел. і рас. кампазітараў, у т. л. У.​Будніка, Я.​Глебава, Л.​Захлеўнага, А.​Іванова, І.​Іванова, А.​Пахмутавай, Я.​Пцічкіна, С.​Касторскага, Сацуры, Э.​Ханка; песенныя праграмы: «Шлях да Беларусі», «Анатоль», «Есць лёс у мяне», «Я з вамі не развітваўся ніколі», «Перажывём», «Нашы песні — наша жыццё», якія з’яўляюцца і назвамі дыскаў. Пры ансамблі дзейнічаюць маладзёжная студыя «Сябры» (з 1992, кіраўнік А.​Ярмоленка), дзіцячы ансамбль «Буслік» (з 1993, кіраўнік У.​Сарокін). Лаўрэат Усесаюзных конкурсу сав. песні (1977), тэлеконкурсу «З песняй па жыцці» (1979). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984.

т. 15, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІ́МАВА Кацярына Сяргееўна (н. 1.2.1939, Масква),

расійская артыстка балета, педагог. Нар. арт. СССР (1973). Жонка У.Васільева. Скончыла Маскоўскае харэагр. вучылішча (1958, педагог Л.Герт), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1980). У 1958—88 салістка Вял. т-ра ў Маскве. З 1982 выкладае ў Рас. акадэміі тэатр. мастацтва. З 1990 балетмайстар-рэпетытар Т-ра балета Дзярж. Крамлёўскага палаца. Выступала ў спектаклях маскоўскага Дзярж. т-ра класічнага балета і інш., у т. л. замежных, трупах. Яе творчасць адметная віртуознай тэхнікай, вытанчанай мяккасцю ліній, глыбокім псіхалагізмам. Выканала партыі Машы, Аўроры, Адэты—Адыліі («Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Фрыгіі («Спартак» А.​Хачатурана), Эолы («Ікар» С.​Сланімскага), Шуры Азаравай («Гусарская балада» Ц.​Хрэннікава), Анюты («Анюта» на муз. В.​Гаўрыліна), Кацярыны, Папялушкі, Джульеты («Каменная кветка», «Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Музы («Паганіні» на муз. С.​Рахманінава), Марыі («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева). Знялася ў тэлевізійных балетах, тэлефільмах-канцэртах, маст. фільме-оперы «Травіята» (1982) і інш. Як драм. актрыса выступіла ў маст. фільме «Фуэтэ» (1986), монаспектаклі «Песня песняў» паводле «Бібліі» (1990, 1994) і інш. Творчасці М. і Васільева прысвечаны тэлефільмы «Дуэт» (1973), «І засталося, як заўсёды, недавыказанае штосьці...» (1990), франц. відэафільм «Каця і Валодзя» (1989). 1-я прэміі Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета ў Маскве (1957), Міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Вене (1959) і Варне (1964). Прэміі Г.​Паўлавай (1969) і М.​Петыпа (1972; Парыж). Дзярж. прэмія СССР 1981. Дзярж. прэмія Расіі 1991.

Літ.:

Львов-Анохин Б. Мастера Большого балета. М., 1976;

Константинова М. Е.​Максимова. М., 1982;

Белова Е. Ракурсы танца: Телевизионный балет. М., 1991.

Л.​А.​Сівалобчык.

К.Максімава ў ролі Папялушкі.

т. 9, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЖНІКАВА Тамара Мікалаеўна (н. 9.3.1925, г. Самара, Расія),

бел. спявачка (каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. Беларусі (1955). Нар. арт. СССР (1964). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1949, клас. М.​Уладзіміравай). У 1951—76 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1964 адначасова выкладчык Бел. акадэміі музыкі (з 1980 праф., у 1976—86 заг. кафедры). Валодае голасам чыстага серабрыстага тэмбру, філіграннай каларатурнай тэхнікай. Яе творчасці характэрны мяккі лірызм, жаноцкасць, шчырасць і шматграннасць у абмалёўцы вобразаў. Сярод партый у нац. операх: Марфачка, Баба-Лапатуха («Дзяўчына з Палесся» і «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Марынка («Марынка» Р.​Пукста), Ірына («Калючая ружа» Ю.​Семянякі); у класічным рэпертуары — Антаніда («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Валхава, Марфа, Шамаханская царыца («Садко», «Царская нявеста», «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава), Ганна («Страшны двор» С.​Манюшкі), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Цэрліна («Фра-Д’ябала» Ф.​Абера), Лакмэ («Лакмэ» Л.​Дэліба), Лейла, Мікаэла («Шукальнікі жэмчугу» і «Кармэн» Ж.​Бізэ), Манон («Манон» Ж.​Маснэ), Цэрліна («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), Мюзета («Багема» Дж.​Пучыні); у класічных аперэтах — Адэль, Арсена («Лятучая мыш», «Цыганскі барон» І.​Штрауса), Жэрмен («Карневільскія званы» Р.​Планкета). У яе канцэртным рэпертуары значнае месца займалі творы бел. кампазітараў, напісаныя спецыяльна для яе (Л.​Абеліёвіча, Пукста, Семянякі, Цікоцкага), бел. нар. песні. Удзельнічае ў перадачах бел. тэлебачання і радыё. Сярод вучаніц: засл. артыстка Беларусі Л.​Лют, А.​Бундзелева, В.​Курбацкая, А.​Ніжнікава, А.​Шведава і інш.

Літ.:

Смольскі Б.С. Любімая спявачка // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;

Івашкоў Л. Артыстка, педагог, калега: Народнай артыстцы СССР Т.​Ніжнікавай — 60 гадоў // Мастацтва Беларусі. 1985. № 4.

А.​Я.​Ракава.

Т.М.Ніжнікава.
Т.Ніжнікава ў ролі Віялеты.

т. 11, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІТА́НСКІЯ,

сям’я бел. музыкантаў, спевакоў, танцораў 2-й пал. 18 ст. Леан С. (каля 1745, г. Гродна — 1800), скрыпач, дырыжор, педагог; адзін з найб. выдатных музыкантаў свайго часу. З 1765 першы скрыпач і капельмайстар Гродзенскай капэлы Тызенгаўза, кіраўнік Гродзенскай музычна-тэатральнай школы Тызенгаўза. У 1781 выступаў з канцэртамі ў Італіі. Пад яго кіраўніцтвам Гродзенская капэла стала адной з лепшых у Еўропе. Барталамей С. (? — пасля 1785), клавікардыст, педагог. Брат Леана. У 1776?—81? музыкант Гродзенскай капэлы Тызенгаўза. Выкладаў у Гродзенскай муз.-тэатр. школе Тызенгаўза ігру на клавікордзе, фагоце і скрыпцы, пазней у Паставах. Сымон С. (Шымон; ? — люты 1785), музыкант, брат Леана і Барталамея. З 1771 працаваў у Гродзенскай капэле Тызенгаўза; выкладаў у Гродзенскай муз.-тэатр. школе Тызенгаўза ігру на габоі і скрыпцы. З 1781 у Нясвіжскай капэле Радзівілаў. Дарота С. (каля 1767 — ?), танцоўшчыца (працавала да 1797). Жонка Леана. Прыгонная Тызенгаўза і выхаванка яго балетнай школы ў Паставах (педагог Ф.​Г.​Ле Ду). Выступала ў пастаноўках пераважна з Малгажатай С. (да 1787 пад дзявочым прозвішчам Пякарская). У 1785—95 салістка каралеўскай трупы «танцораў нарадовых» у Польшчы. З 1795 у Гродне, у 1795—97 выступала ў Львове. Малгажата С. (Магдалена, Вікторыя), спявачка. Дачка Леана. У 1777—80 вучылася спевам, ігры на клавесіне (педагог К.​Абатэ) і танцам (педагог Ле Ду) У Гродзенскай муз.-тэатр. школе Тызенгаўза, пазней, да 1783, у Паставах. З 1785 удасканальвала майстэрства ў Пецярбургу. У 1786—91 выступала ў «Тэатры нарадовым» у Варшаве. Пазней артыстка каралеўскага т-ра ў Лазенках (каля Варшавы). Вылучалася асаблівымі здольнасцямі. Выступала пераважна ў камічных операх.

Літ.:

Żórawska-Witkowska A. Kapela Antoniego Tyzenhauza w Grodnie // Muzyka. 1977. № 2.

А.​Л.​Капілаў.

т. 14, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІСЕ́ЦКАЯ Мая Міхайлаўна (н. 20.11.1925, Масква),

расійская артыстка балета, балетмайстар. Жонка Р.Шчадрына. Нар. арт. СССР (1959). Герой Сац. Працы (1985). Скончыла Маск. харэаграфічнае вуч. (1943). У 1943—90 — салістка Вял. т-ра ў Маскве. У 1983—84 маст. кіраўнік балетнай трупы Рым. опернага т-ра, у 1988—90 — «Тэатра лірыка насіяналь» (Мадрыд). Творчасці П. уласціва спалучэнне традыцый рус. харэаграфічнай школы з наватарствам сучаснага балета. Яе выканальніцтва вызначаецца шырокай палітрай харэаграфічных фарбаў ад лірызму да бурных парываў, стыхійнай непасрэднасці. Стварыла шырокія па дыяпазоне тэхнічна дасканалыя вобразы, якія вызначаюцца гераічнай патэтыкай, драм. экспрэсіяй, псіхал. глыбінёй. Сярод лепшых творчых дасягненняў: «Паміраючы лебедзь» (К.​Сен-Санса), «Кармэн-сюіта» (Дж.​Бізэ — Шчадрына), «Пагібель ружы» (Г.​Малера), «Балеро» (М.​Равеля). Выканала партыі: Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Адэта — Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Жар-Птушка («Жар-Птушка» І.​Стравінскага), Мехменэ Бану («Легенда пра каханне» А.​Мелікава), Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.​Крэйна), Гаспадыня Меднай гары («Каменная кветка» С.​Пракоф’ева) і інш. Паставіла балеты: на сцэне Вял. т-ра — «Ганна Карэніна» (1972; сумесна з Н.​Рыжэнка і В.​Смірновым-Галаванавым), «Чайка» (па матывах аднайм. п’есы А.​Чэхава, 1980), «Дама з сабачкам» (1985; усе Шчадрына), у якіх выканала гал. партыі; у Оперным т-ры ў Тэрмах Каракалы ў Рыме — «Раймонда» (1984) і інш. Здымалася на тэлебачанні і ў кіно («Вайна і мір», 1966). Аўтар кн. «Я, Мая Плісецкая...» (1994). Яе творчасці прысвечаны дакумент. фільмы «Мая Плісецкая» (1964, 1973, 1974), «Балерына» (1969), «Мая Плісецкая. Знаёмая і незнаёмая» (1987). У 1994 прайшоў першы міжнар. балетны конкурс «Мая» (С.-Пецярбург). Прэмія Г.​Паўлавай 1962 (Парыж). Ленінская прэмія 1964.

Літ.:

Рославлева Н.П. М.​Плисецкая. М., 1968;

Львов-Анохин Б. Мастера Большого балета. М., 1976;

М.​Плисецкая: [Фотоальбом]. М., 1980;

Фирер А. «Талант — единственная новость...» // Муз. жизнь. 1994. № 1;

Майя Плисецкая. Мн., 1998.

М.Плісецкая ў ролі Кармэн.

т. 12, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРО́ЎСКАЯ Ларыса Пампееўна (15.2.1904, Мінск — 23.5.1980),

бел. спявачка (сапрана), рэжысёр і грамадскі дзеяч. Нар. арт. Беларусі (1938), нар. арт. СССР (1940). Скончыла Бел. муз. тэхнікум (1928, клас В.Цвяткова), опернае майстэрства ўдасканальвала ў А.Баначыча (1930—33). У 1919—24 удзельніца арганізаванай ёю самадз. трупы пры палітаддзеле Зах. фронту. У оперы дэбютавала ў 1928 партыяй Маргарыты («Фауст» Ш.​Гуно, спектакль муз. тэхнікума). Да 1960 салістка, у 1951—60 і гал. рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам шырокага дыяпазону, выконвала сапранавыя і мецца-сапранавыя партыі. Музыкальнасць, драм. тэмперамент і артыстызм абумовілі моцнае эмац. ўздзеянне створаных ёю вобразаў. Сярод партый у нац. спектаклях: Марыся і Алеся («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.​Цікоцкага), Надзейка («Кветка шчасця» А.​Туранкова), Марыя Грагатовіч («Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса). Своеасаблівасцю вак.-сцэнічнай трактоўкі, пранікнёным лірызмам вызначаліся партыі ў класічных операх: Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Яраслаўна, Канчакоўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава) і інш. Рэжысёр пастановак: «Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага (1951), «Страшны двор» С.​Манюшкі і «Мазепа» Чайкоўскага (1952), «Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага і «Аіда» Дж.​Вердзі (1953), «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага (1954), «Надзея Дурава» А.​Багатырова (1956), «Міхась Падгорны» (1957), «Яснае світанне» Туранкова (1958), «Пікавая дама» (1960) і інш. Выступала як канцэртная спявачка, выконвала бел. нар. песні, у т. л. на Міжнар. муз. выстаўцы ў Франкфурце-на-Майне (1927), гастраліравала ў Германіі, Швецыі (з С.Навіцкім; першы выезд бел. артыстаў за мяжу ў сав. час). Адна з арганізатараў Бел. тэатр. аб’яднання (з 1946 старшыня, з 1976 ганаровы старшыня яго прэзідыума). Дзярж. прэмія СССР 1941. З 1987 праводзіцца Рэсп. конкурс вакалістаў імя Александроўскай, у 1992 устаноўлена прэмія імя Александроўскай у галіне тэатр. мастацтва.

Літ.:

Модэль М. Л.​П.​Александроўская. Мн., 1945;

Рузов Г. Л.​П.​Александровская. М.; Л., 1950;

Лукас Д., Жураўлёў Д. Выдатны дзеяч опернага мастацтва // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Б.​С.​Смольскі.

Л.П.Александроўская.
Л.Александроўская ў ролі Канчакоўны.

т. 1, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫКА 19 — пач. 20 ст.

У 19 ст. абудзілася цікавасць да бел. нар. песні. Паралельна са збіраннем, вывучэннем і публікацыямі рабіліся спробы яе кампазітарскай апрацоўкі і канцэртнай прапаганды. Першыя публікацыі мелодый бел. нар. песень змешчаны ў працах М.​Чарноўскай («Помнікі міфалогіі славянскай у звычаях, якія захаваліся ў сельскім насельніцтве Беларусі», 1817), Л.​Галамбёўскага («Люд польскі, яго звычаі, забабоны», 1830), А.​Абрамовіча (арт. «Некалькі мелодый беларусаў, запісаных і складзеных фартэпіянным таварыствам», 1843). Перыяд інтэнсіўнага назапашвання звестак пра нар. муз. культуру беларусаў, фіксацыя напеваў і найгрышаў, іх публікацыі прыпадаюць на 2-ю пал. 19 — пач. 20 ст. Муз. матэрыял уключаўся ў этнаграфічныя апісанні і фалькл. зборы: «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» П.​Шэйна(т. 1—3, 1887—1902), «Ліцвіны-беларусы Чарнігаўскай губерні, іх побыт і песні» М.​Косіч (1901), «Беларусы-сакуны» І.​Сербава (1915). Асобнымі выданнямі выйшлі «Беларускія песні Дзісенскага павета Віленскай губерні» А.​Цернага (1895), «Зборнік народных песень, запісаных у пасёлку Калюга-Камарна Рагозненскай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні» І.​Бычко-Машко (1911). Сярод важных прац гэтага перыяду: муз. «Зборнік маларускіх і беларускіх песень Гомельскага павета, запісаных для голасу пад акампанемент фартэпіяна» (1881) і «Гомельскія народныя песні (беларускія і маларускія)» (1888; упершыню апісаны стараж. тып бел. шматгалосся — гетэрафонія) З.​Радчанкі, «Беларускі зборнік: Беларускія народныя мелодыі. Песні сезонныя, абрадавыя, гульнявыя, танцы, духоўныя вершы» Е.​Раманава (1910), «Беларускія песні з нотамі» А.​Грыневіча (т. 1, 1910). Стыль двухгалосых спеваў Беларусі ўпершыню зафіксаваны ў кн. «Беларускія песні з нотамі» А.​Грыневіча (з А.​Зязюлем, т. 2, 1912). У рэчышчы рамантызму і пазітывізму разгортвалася дзейнасць М.​Федароўскага і О.​Кольберга. У фундаментальным зборы «Люд беларускі» М.​Федароўскага (падрыхтаваны ў 1890-я г., выд. т. 5, 1958; т. 6, 1960) змешчана 1413 разнажанравых песень з мелодыямі, запісанымі і натаванымі Я.​Карловічам, Л.​Патула, І.​Трачыкам. У асноўнай бел. працы ў т. 52 «Беларусь—Палессе» (1968) «Поўнага збору прац» (т. 1—69, 1961—95) О.​Кольберга змешчана 41 мелодыя з тэкстамі абрадавых і пазаабрадавых песень. Першы тэарэтык-этнамузыколаг Л.​Куба ў зборы «Беларуская народная песня» (1887) вызначыў месца бел. нар. песні ў слав. свеце, ахарактарызаваў асноўныя яе муз.-стылявыя прыкметы з асаблівай увагай на іх старажытнасць у параўнанні з рус. і ўкраінскімі. Дзейнасць М.​Янчука вызначалася арганізацыйным размахам, навізной навук. падыходу, што дазволіла надаць этнамузыкалогіі статус адной з народазнаўчых навук. Кола праблем, акрэсленых і распрацаваных у найб. буйных яго муз.-фалькларыстычных працах «Па Мінскай губерні» (1889) і асабліва «Маларускае вяселле ў Карніцкай парафіі Канстанцінаўскага павета Седлецкай губерні» (1886), дазволілі сістэмна асэнсаваць муз.-песенны кампанент у структуры бел. вясельнага абраду. Асаблівая роля належыць зб. «Народныя песьні з мелодыямі» М.​Гарэцкага (з М.​Аладавым і А.​Ягоравым, 1928), які ў значнай ступені з’явіўся правобразам будучых аналітычных этнамузыкалагічных зборнікаў 1980—90-х г.

У 1-й пал. 19 ст. вядомасць набылі маёнткавыя тэатры, галерэі, бібліятэкі і прыватныя школы магнатаў Тышкевічаў (Лагойск, Астрашыцкі Гарадок, Плешчаніцы, Свіслач), графа З.​Чарнышова (Магілёў, Чачэрск), князёў Сапегаў (Ружаны), меламана і мецэната У.​Ракіцкага (Гарадзішча пад Мінскам). Пашырэнню хатняга музіцыравання і выхавання спрыяла дзейнасць муз. салонаў графаў А.​Тызенгаўза ў Жалудку Гродзенскай губерні і Л.​Ракіцкага ў Гарадзішчах, генерала Завішы ў Кухцічах, князя М.​К.​Агінскага ў Залессі Мінскай губ. і інш. Актыўнымі арганізатарамі хатніх муз. вечароў былі бацькі С.​Манюшкі і В.​Дуніна-Марцінкевіча. Інтэнсіўны характар набыло муз. жыццё ў буйных гарадах Беларусі (Мінск, Брэст, Віцебск, Магілёў, Бабруйск, Гродна, Гомель і інш.). Важную ролю ў яе пашырэнні набылі пансіёны ў Мінску, Пінску, Гомелі, Віцебску і Полацку, Слуцку, Мсціславе, Беластоку, Брэсце, Гродне і інш. У Мінскіх пансіянатах муз. адукацыю набылі бел. піяністка, кампазітар і педагог К.​Марцінкевіч (пансіянат Л. і М. Мантэграндзі), С.​Манюшка, Ф.​Міладоўскі (пансіён Д.​Стафановіча). Пашырэнню муз. культуры садзейнічалі гарадскія аркестры ў Мінску (дырыжоры браты Д. і В.​Стафановічы), Гарадзішчы (дырыжор Ю.​Дашчынскі), Магілёве (дырыжор Л.​Скрабецкі), Гомелі (дырыжор Т.​Сіпайла), Віцебску (дырыжор і кампазітар І.​В.​Шадурскі), аматарскі аркестр у Гродне (дырыжор І.​В.​Дабравольскі); сольныя выступленні піяністаў К.​Марцінкевіч, Ф.​Міладоўскага, Н.​Орды, скрыпачоў К.​Кжыжаноўскага, М.​Ельскага, выканаўцаў на духавых інструментах сына і бацькі Т. і Ю. Сіпайлаў, вакалістаў Н.​Муранскай, Ю.​Рэйдар, гітарыста К.​Стрэлкі. Некаторыя музыканты займаліся муз.-тэарэтычнай дзейнасцю: Н.​Орда стварыў «Граматыку музыкі, ці Тэарэтычнае і практычнае выкладанне мелодыі і гармоніі з кароткім дадаткам пра фугу, кантрапункт, аркестравыя інструменты, арган, фартэпіяна і пра навуку спеваў для піяністаў» (1873), Я.​Голанд напісаў «Акадэмічны трактат пра сапраўднае музычнае мастацтва» (1806), Л.​Скрабецкі — артыкулы пра муз. жыццё Магілёва і інш. З 1838 вялася хроніка муз. жыцця (газ. «Минские губернские ведомости»). З 19 ст. абудзілася цікавасць да бел. нар. песні. Разам са збіраннем, публікацыяй і вывучэннем (гл. Музыказнаўства ў раздзеле Навука) рабілася спроба яе кампазітарскай апрацоўкі і канцэртнай прапаганды. Бел. народнапесенныя тэмы ці інтанацыі эпізадычна выкарыстоўвалі польскія (Ф.​Шапэн, С.​Манюшка, М.​Карловіч) і рус. (М.​Рымскі-Корсакаў, А.​Глазуноў) кампазітары-класікі. На бел. фальклоры былі заснаваны творы бел. кампазітара А.​Абрамовіча («Беларускае вяселле», «Беларускія мелодыі», «Зачараваная дуда»). Адным з першых прапагандыстаў бел. песеннага фальклору быў расійскі харавы дырыжор Дз.​Агрэнеў-Славянскі (з 1863). У 1893 некалькі бел. песень у апрацоўках М.​Кляноўскага з суправаджэннем сімф. аркестра прагучалі ў зале маскоўскага дваранскага сходу. Значная роля ў вывучэнні і прапагандзе бел. нар. песні належала Муз.-этнаграфічнай камісіі этнаграфічнага аддз. Т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це, арганізаваная ў 1901 М.​Янчуком. У яе рабоце ўдзельнічалі С.​Танееў, М.​Кляноўскі, А.​Маслаў, Ю.​Энгель. У кампазітарскай дзейнасці ў гэты перыяд вылучыліся жанры аперэты («Канкурэнты» Ф.​Міладоўскага, «Тарас на Парнасе» І.​Шадурскага, «Рэкруцкі набор» і «Сялянка» С.​Манюшкі і К.​Кжыжаноўскага, «Спаборніцтва музыкаў» і «Чарадзейная вада» С.​Манюшкі), муз. камедыі («Латарэя» С.​Манюшкі), а таксама інстр. канцэрта (2 скрыпічныя канцэрты М.​Ельскага), інстр. мініяцюры (фартэпіянныя кампазіцыі В.​Пшыборы, танцы для розных інструментаў, у т. л. паланэзы, мазуркі, англезы П.​Карафа-Корбута), фартэпіянныя мініяцюры (мазуркі М.​Ельскага, Н.​Орды, К.​Марцінкевіч, Ф.​Міладоўскага, вальсы А.​Абрамовіча, Ю.​Дашчынскага, Н.​Орды, экспромты Ф.​Міладоўскага, М.​Ельскага, серэнады Н.​Орды, «песні без слоў» М.​Ельскага і інш.). Побач са свецкай стваралася і духоўная музыка. Яе пісалі: Ю.​Дашчынскі (месы, рэквіемы, нешпары, Вастрабрамская літанія і інш.), С.​Манюшка (месы, рэквіемы, Вастрабрамскія літаніі, арганныя кампазіцыі, рэлігійныя песні і інш.), Ф.​Міладоўскі (месы, гімны і інш.), Ё.​Глінскі (месы, матэты), Ю.​Грым (месы, арганныя апрацоўкі і інш.) і інш. Пашырыліся месы на тэксты польскамоўных вершаваных парафраз традыц. лац. тэкстаў. У Вільні рэгулярна выдаваліся касцельныя канцыяналы Э.​Тупальскага, М.​Гербурта, Вашкевіча, спеўнікі Ю.​Грыма, падручнікі арганнай ігры Я.​Галіча, Ю.​Грыма, месы Л.​Герынга, Ю.​Грыма і інш. Былі спробы стварэння спец. навуч. устаноў для касцельных музыкантаў.

На мяжы 19—20 ст. працавалі прыватныя муз. школы ў Мінску (С.​Шацкінай, з 1894), Магілёве (Пячкоўскай, з 1886), Гомелі (С.​І.​Захарына, з пач. 20 ст.). У 1872—97 у Мінску дзейнічала вучылішча арганістаў (заснавальнік канонік Ф.​Сенчыкоўскі), у якім выкладаліся ігра на фартэпіяна, скрыпцы, спевы, тэорыя музыкі, а таксама выканальніцтва на аргане і ў аркестры духавой музыкі. Аб узроўні культуры на Беларусі ў 19 ст. сведчыць існаванне фабрык муз. інструментаў у Мінску (фабрыка фартэпіяна І.​Бяляўскага, ёй папярэднічала фабрыка муз. інструментаў І.​Фохта, Ю.​Качкоўскага; у 1858 тут зроблены касцельны арган); у 1896 у друку ўпаміналася дэпо раяляў і піяніна В.​Л.​Валіцкага. У канцы 19 ст. на Беларусі стацыянарныя тэатры былі ў Мінску (з 1890) і Магілёве (з 1888). Пашырылася дзейнасць антрэпрызных труп: А.​Металава (1877—81, Мінск, Бабруйск; паст. аперэты, а таксама оперы «Аскольдава магіла» А.​Вярстоўскага і «Наталка-Палтаўка» М.​Лысенкі), А.​Даніловіча, А.​Ф.​Картавага (першы антрэпрэнёр у новым будынку Мінскага тэатра, дырыжор В.​Сук; пастаўлены оперы класічнага рэпертуару), І.​А.​Шумана (арандаваў будынак Мінскага тэатра з 1892, дырыжор В.​Сук), Ф.​Кастэлана (1899—1901, 1903), М.​Ф.​Кнаўф-Камінскай (з 1902—03), Е.​Бяляева (1906—07), О.​Суслава (красавік 1906); польская аперэтачная трупа Б.​Марэцкага (лістапад 1906), італьянская трупа братоў Гансалец (снежань 1906) і інш. У 1907 у Мінскім тэатры прадстаўлена новая форма сцэнічнага мастацтва «опера ў фраках», якую паказала маскоўскае Т-ва оперных артыстаў. У 2-й пал. 19 ст. на Беларусі арганізаваны Муз. таварыства (1860), Літаратурна-муз.-драматычны гурток аматараў (1884) і Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў (1898) у Мінску, Брэсцка-літоўскае муз.-драматычнае таварыства аматараў (1885), Таварыства муз. і драм. мастацтва ў Віцебску (1887), Брэсцкі муз.-драм. гурток (1892), Магілёўскі муз.-драм. гурток (1905—14), Гродзенскае таварыства аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза» (1907—14), Мінскае таварыства сяброў музыкі (1912), «Ліра», «Лютня» ў Дзвінску, Муз.-драм. таварыства ў Гомелі, Таварыства прыгожых мастацтваў у Віцебску і інш. Сярод музыкантаў, што канцэртавалі ў той час на Беларусі, Л.​Аўэр, М.​Батыстыні, А.​Вержбіловіч, Г. і Ю. Вяняўскія, М.​Гельмар (салістка Венскай оперы, ураджэнка Мінска), І.​Гофман, К.​Давыдаў, Г.​Есіпава, А.​Зілоці, А.​Концкі, С.​Ментар, Мікалай і Медэя Фігнеры, Ф.​Шаляпін. У 1895 у Гродне, Мінску і Магілёве адбыліся канцэрты С.​Рахманінава, які выступаў з італьян. скрыпачкай Т.​Туа. На мяжы 19—20 ст. на Беларусі гастраліравалі піяністы Р.​Пюньё, І.​Слівінскі, скрыпачы К.​Грыгаровіч, П.​Сарасатэ, віяланчэліст Д.​Попер, аркестр рус. нар. інструментаў пад кіраўніцтвам В.​Андрэева і інш. У пач. 20 ст. аднавілася работа літаратурна-маст. таварыстваў і муз. класаў пры іх. У 1915 арганізавалася аддз. Рус. муз. таварыства ў Віцебску (сярод яго дырэктараў М.​Арцімовіч, В.​Кармілаў, Ф.​Левінсон, П.​Рэнгартэн, В.​Сомаў). З 1907 дзейнічала Мінскае муз. вучылішча (дырэктар Н.​Рубінштэйн) з дзённым і вячэрнім аддзяленнямі. Штогод наладжваліся 5—6 камерных і сімфанічных канцэртаў. Уступныя лекцыі чытаў І.​Патулаў. З бел. муз. культурай звязана творчасць польскага кампазітара Л.​Рагоўскага, які стварыў муз. афармленне да спектакляў трупы І.​Буйніцкага, склаў «Беларускі песеннік з нотамі для народных і школьных хароў» (1911) і інш. муз. творы, у т. л. хары (у іх ліку на верш «А хто там ідзе?» Я.​Купалы).

т. 18, кн. 2, с. 669

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУВА́ШЫЯ, Чувашская Рэспубліка. Размешчана на У еўрап. ч. Рас. Федэрацыі, у сярэднім цячэнні р. Волга. Пл. 18,3 тыс. км². Нас. 1353, 4 тыс. чал. (2001), гарадскога 61%. Сярэдняя шчыльнасць 74 чал. на 1 км². Жывуць чувашы (67,8%), рускія (26,7%), татары (2,7%), мардва (1,4%) і інш. Сталіца — г. Чэбаксары. Найб. гарады: Новачэбаксарск, Канаш, Алатыр, Шумерля.

Прырода. Тэр. Ч. пераважна раўнінная. Правабярэжжа Волгі — паўн. ч. Прыволжскага ўзв. з Чувашскім плато (выш. да 266 м); левабярэжжа (Заволжа) — нізінная раўніна. Карысныя выкапні: гаручыя сланцы, фасфарыты, торф, буд. матэрыялы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -13 °C, ліп. 18,6 °C. Аладкаў 450—500 мм за год. Гал. рака — Волга з прытокамі Сура, Цывіль. Чэбаксарскае вадасховішча. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і шэрыя лясныя, на Пд — вышчалачаныя чарназёмы. Пад лесам каля ​1/3 тэр. (хвоя, елка, бяроза, вольха, дуб, ліпа), на Пд — лесастэп. З жывёл у лясах пашыраны воўк, ліс, зайцы русак і бяляк, лось, барсук, куніца, бабёр, выдра, дзік, мядзведзь; з птушак — цецярук. курапатка, глушэц, качкі, слонка, каршун. Нац. парк Чаваш Вармане, Прысурскі запаведнік.

Гісторыя. Тэр. Ч. заселена ў палеаліце. У 1 тыс. н.э. тут жылі угра-фін. плямёны. Цюркамоўныя продкі чувашоў — качавыя булгара-суварскія плямёны разам з гунамі прыйшлі з Цэнтр. Азіі і ў 7 ст. ўтварылі на тэр. ад Прыаралля да Паўн. Каўказа ваен.-плем. аб’яднанне «Вял. Булгарыя». Пад націскам хазараў ч. булгара-сувараў (племянны цэнтр — Сувар) перасялілася ў Сярэдняе Паволжа, дзе ў працэсе асіміляцыі насельніцтва угра-фін. земляробчых абшчын паступова пераходзіла да аселага жыцця. У 10 ст. яны стварылі дзяржаву Балгарыя Волжска-Камская, дзе пануючай рэлігіяй стаў іслам. Частка булгара-сувараў адмовілася яго прыняць і на чале са сваім правадыром Вырогам перасялілася на тэр. сучаснай Ч., дзе ў выніку асіміляцыі з угра-фінамі ў канцы 15 ст. ў асн. сфарміравалася чув. народнасць. З канца 1230-х г. тэр. Ч. пад уладай Залатой Арды, з 1438 — Казанскага ханства. Чувашы мелі сваіх плем. князёў, спавядалі этн. язычніцкую рэлігію з элементамі зараастрызму, іудаізму і ісламу. У 1551 яны добраахвотна далучыліся да Рас. дзяржавы, якой у 16 — пач. 18 ст. плацілі ясак, потым пераведзены ў казённых сялян. Былі засн. гарады Алатыр (1552), Чэбаксары (1555), Цывільск (1584), Ядрын (1590). З 1708 Ч. (Алатырскі, Чэбаксарскі, Курмышскі, Цывільскі, Ядрынскі пав.) у складзе Казанскай і Ніжагародскай, з 1775—96 — Казанскай і Сімбірскай губ. У 18—19 ст. б.ч. чувашоў прымусова хрысціянізавана, частка этнаграф. групы чувашоў — анатры — хрысціянства не прыняла і захавала традыцыйныя вераванні. У сярэдзіне 19 ст. зарадзілася нац. л-ра, чув. пісьменнасць з 1870-х г. развівалася на аснове рус. алфавіта. У 1913 налічваліся 463 чув. школы і вучылішчы. Сав. ўлада ўстаноўлена ў ліст. 1917 — маі 1918.

24.6.1920 у складзе РСФСР утворана Чув. аўт. вобл., 21.4.1925 — Чув. АССР са сталіцай у Чэбаксарах. У Вял. Айч. вайну 75 воінам з Ч. прысвоена званне Героя Сав. Саюза, у т. л. 14 чал. за вызваленне Беларусі, у лясах якой змагаліся сотні партызан-чувашоў. На тэр. Ч. з Беларусі было эвакуіравана каля 70 тыс. чал. У пасляваен. час у Ч. створана развітая прам-сць, развівалася нац. культура. У вер. 1990 Вярх. Савет Чув. АССР прыняў дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце рэспублікі і ўвёў яе сучасную назву. У 1993 уведзена пасада прэзідэнта (са студз. 1994 М.​В.​Фёдараў).

Гаспадарка Ч. — індустр.-агр. рэгіён Расіі. У структуры валавога рэгіянальнага прадукту прам-сць і буд-ва складаюць 38,5%, сельская гаспадарка — 18,5%, сфера паслуг — 43%. Асн. галіны прам-сці (паводле кошту прамысл. прадукцыі, 1999): машынабудаванне і металаапрацоўка (43,4%), электраэнергетыка (12,6%), хім. (10,2%), харч. (14,5%), лёгкая (7,6%), вытв-сць буд. матэрыялаў (4,7%), лясная і дрэваапр. (2,4%). У 2000 дзейнічала 1126 прадпрыемстваў, у т. л. 410 буйных і сярэдніх. Маш.-буд. прадпрыемствы вырабляюць магутныя трактары (260 шт., 2000), бульдозеры (250 шт.), трубаўкладчыкі, дызелі для суднаў, аўтафургоны, буравыя ўстаноўкі, электрастанцыі для пасёлкаў, ткацкія станкі, хмелеўборачныя машыны, бульбакапалкі, электроніку для авіяцыі, быт. тэхніку. Асн. цэнтры: Чэбаксары, Алатыр, Шумерля, Канаш, Марыінскі Пасад. Выпрацоўка электраэнергіі 4,3 млрд. кВт∙гадз (2000) пераважна на ЦЭЦ (Чэбаксарская 1 і 2, Новачэбаксарская і інш.) і Чэбаксарская ГЭС (на р. Волга). Каля 1 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі экспартуецца ў суседнія рэгіёны Расіі. Хім. прам-сць спецыялізуецца на вытв-сці больш як 200 відаў прадукцыі — хімікаты для здабычы нафты, ядахімікаты, лакі, фарбы і інш. (Канаш, Чэбаксары). Развіта харч. (мясная, малочная, кандытарская, кансервавая, лікёра-гарэлачная, піваварная) прам-сць. Вытв-сць мяса — 9,2 тыс. т, малака — 63,5 тыс. т, кандытарскіх вырабаў — 14 тыс. т, лікёра-гарэлачных вырабаў — 1,1 млн. дэкалітраў, піва — 3 млн. дэкалітраў, крухмалу — 723 т штогод. Лёгкая (баваўняная, трыкат., швейная, абутковая, дывановая, вытв-сць маст. вырабаў), лясная і дрэваапр., у т. л. мэблевая прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі і вытв-сці збожжа. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 1 млн. га. Пасяўная пл. 693,1 тыс. га (2000), у т. л. пад збожжавымі культурамі 43,2%, тэхн. 0,7%, бульбай і агароднінай 11,2%, кармавымі 44,9%. Асн. збожжавыя культуры: пшаніца, жыта, ячмень, авёс, грэчка; вырошчваюць хмель (80% вытв-сці Расіі, 10-е месца ў свеце), цукр. буракі, сланечнік, каноплі. Бульбаводства, агародніцтва. Збор (тыс. т, 2000) збожжа 508,8, бульбы 596,5, агародніны 197,1. Пагалоўе (тыс. галоў, 2000) буйн. раг. жывёлы 328, свіней 215,8. Авечкагадоўля. Птушкагадоўля. Пчалярства. Даўж. чыгунак 396 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 4474 км (2000). Буйны чыг. вузел Канаш. Суднаходства па рэках Волга і Сура. Парты: Чэбаксары і Новачэбаксарск. Аэрапорты ў гарадах Чэбаксары, Новачэбаксарск, Алатыр. Нафта- і газаправоды з Зах. Сібіры і Сярэдняга Паволжа ў Цэнтр. і Паўн.-Зах. раёны.

Культура. Да 10—12 ст. адносяцца паселішчы волжскіх балгар (замак у в. Цігашава). У 2-й пал. 16—17 ст. былыя рус. крэпасці (Алатыр, Чэбаксары і інш.) ператварыліся ў гарады з каменнымі жылымі будынкамі, саборамі (5-купальны Увядзенскі сабор у Чэбаксарах), драўлянымі цэрквамі (Казанская царква ў с. Белаволжскае, усе 17 ст.). Для нар. жылля характэрна глухая, рэльефная, накладная, ажурная разьба, што аздабляла карнізы, аканіцы і ліштвы, слупы варот. У 18 ст. архітэктура развівалася пад уплывам барока: жылыя дамы, Успенская царква ў Чэбаксарах, дом ігуменні манастыра ў г. Цывільск. З рысамі класіцызму пабудаваны цэрквы Узнясенская ў с. Сямёнаўскае, Троіцкая ў г. Ядрын, Крыжаўзвіжанская ў Алатыры і інш. З чувашоў паходзіць рас. архітэктар і жывапісец 18 ст. П.​Ягораў. Сярод будынкаў 20 ст.: у Чэбаксарах — Дом Саветаў (1940), палацы культуры «Электрык» (1964) і з-да прамысл. трактароў (1992), музеі В.​І.​Чапаева (1974) і маст. (1985). Сярод пачынальнікаў выяўл. мастацтва жывапісцы М.​Спірыдонаў, М.​Свярчкоў, Ю.​Зайцаў, А.​Кокель, скульпт. Р.​Спірыдонаў і інш. У пасляваен. гады вядучае месца належала жывапісу (М.​Аўчыннікаў, Ф.​Осіпаў, П.​Грыгор’еў-Савушкін, А.​Спірыдонава); з’явіліся творы манум. скульптуры (І.​Кудраўцаў). З 1970-х г. пашыраны манум. і манум.-дэкар. (Р.​Фёдараў, В.​Пятроў, М.​Вядзернікаў), тэатр.-дэкарацыйнае (К.​Васільеў, П.​Дзмітрыеў, Я.​Бургулаў) мастацтва, станковы жывапіс (А.​Мяснікоў, У.​Мазанаў, В.​Гунько, В.​Макараў), графіка (Ф.​Быкаў, Осіпаў, П.​Сізоў, П.​Харламп’еў, А.​Мітоў), скульптура (Г.​Спірыдонаў, Кудраўцаў, В.​Бажынаў). Для пар. мастацтва характэрны ўзорыстае ткацтва, вышыўка, шыццё бісерам і серабром, трохгранна-выемчатая разьба на прадметах хатняга ўжытку і мэблі (К.​Яфрэмава, А.​Ільбекава, М.​Сімакова). У 1933 утвораны Саюз мастакоў Ч. У 1918 у Казані пастаўлены першы спектакль на чув. мове («Не жыві так, як хочацца» А.​М.​Астроўскага). Працуюць т-ры: Чув. акад. драм. імя К.​В.​Іванова, рус. драм., эксперым. т-р драмы, юнага гледача, лялечны.

Літаратура развіваецца на чувашскай мове. Першыя запісы чув. фальклору (сказанні, гіст. і быт. песні і паданні, казкі) адносяцца да 18 ст. У сярэдзіне 19 ст. выступіў першы чув. пісьменнік С.​Міхайлаў. У 1870-я г. на аснове створанай І.​Якаўлевым новай пісьменнасці зарадзілася арыгінальная нац. л-ра (І.​Іваноў, М.​Фёдараў, І.​Юркін). Пачынальнік нац. л-ры — К.Іваноў. У пач. 20 ст. выступілі паэты М.​Акімаў, Ц.​Тайр, Я.​Турхан, М.​Шэлебі. Рэфарматарам верша быў М.Сеспель. У 1920—30-я г. развівалася паэзія (І.​Ахах, М.​Шубасіні, С.​Эльгер), проза (Д.​Ісаеў, М.​Трубіна, С.​Фам ш), драматургія (І.​Максімаў-Кашкінскі, П.​Осіпаў). Асн. тэмы — мірнае будаўніцтва, індустрыялізацыя і калектывізацыя, праблемы псіхалогіі людзей (творы П.Хузангая, І.​Іўніка, В.​Краснова-Аслі, В.​Міты, А.​Талвіра, І.​Тукташа). У пасляваен. гады ў л-ры вяліся пошукі новых жанравых форм і стыляў. Распрацоўваліся тэмы вайны, пасляваен. жыцця, духоўныя праблемы грамадства (Максімаў-Кашкінскі, Осіпаў, Я.Ухсай, Ф.​Уяр, П.​Хузангай, М.​Цярэнцьеў). Вылучыліся творы на гіст. тэматыку С.​Аслана, М.​Ільбекава, К.​Турхана, Уяра і інш. У 1970—90-я г. л-ру Ч. прадстаўлялі празаікі Ф.​Агівер, А.​Арцем’еў, Дз.​Гардзееў, А.​Емяльянаў, М.​Максімаў, Ю.​Скварцоў, М.​Юхма; паэты Ю.​Айдаш, П.​Афанасьеў, В.​Ахун, Ю.​Семендэр, М.​Сеніэль, М.​Тэветкель, В.​Цімакоў, П.​Эйзін, В.​Эндып, Г.​Юмарт, Г.​Яфімаў; драматургі М.​Сідараў, Б.​Чындыкоў, Цярэнцьеў; літаратуразнаўцы і крытыкі Ю.​Арцем’еў, М.​Сіроткін, Г.​Фёдараў, Г.​Хлебнікаў, А.​Хузангай і інш. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў Ч. На бел. мове выдадзены «Чувашскія апавяданні» (1966), «Песні волжскага краю» (1988), творы Талвіра («У нас на Буле», 1961), Л.​Агакава («Салдацкія дзеці», 1977), Г.​Арлова («Расказы дзядзькі Трывіма», 1988). Сярод перакладчыкаў на бел. мову В.​Зуёнак, К.​Камейша, Х.​Лялько, П.​Макаль, У.​Паўлаў, П.​Прыходзька, А.​Пысін, Ю.​Свірка, М.​Чарняўскі, Я.​Янішчыц і інш.

Ладавая аснова чув. нар. музыкі — пентатоніка. У фальклоры пераважае аднагалоссе. Паводле тыпу мелодыкі песні падзяляюцца на працяжныя (вясельныя, рэкруцкія, пахавальныя), паўпрацяжныя (прац., калыханкі, лірычныя, карагодныя), хуткія (дзіцячыя, жартоўныя, гульнявыя). З нар. інструментаў: кесле (гуслі), скрыпка, сарнай (валынка), шахліч (род флейты). Прафес. муз. культура пачала складвацца ў 1920-я г.: В.​Вараб’ёў, Р.​Ліскоў, С.​Максімаў, Ф.​Паўлаў (аўтар першага сімф. твора). Першая чув. муз. камедыя «Радасць» У.​Крываносава (паст. 1935). На станаўленне прафес. муз. творчасці ў песенна-хар. жанры паўплывалі С.​Габер, М.​Каваль, А.​Леман, І.​Люблін, М.​Мяскоўскі і інш. З 2-й пал. 20 ст. найб. пашыраны жанры шматгалосай хар. музыкі; сярод дзеячаў муз. мастацтва: кампазітары Р.​Аляксандраў, М.​Аляксееў, А.​Арлоў-Шузьм, А.​Асламас, А.​Васільеў, Ф.​Васільеў, П.​Лукін, Максімаў, А.​Пятроў, А.​Токараў, Ц.​Фандзееў, В.​Хадзяшаў, Р.​Хірбю; спевакі І.​Васільеў, М.​Дзянісаў, П.​Заломнаў, Т.​Чумакова; салістка балета Н.​Паўлава (пачала свой творчы шлях у Чэбаксарах). Працуюць: Чув. т-р оперы і балета (з 1969, да 1993 Чув. муз. г-р), сімф. арк. (1932), філармонія (1936), ансамбль песні і танца (з 1924), хор радыё і тэлебачання; муз. вучылішча (1929), муз.-пед. ф-т пры Чув. пед. ін-це (1964), муз. школы. Штогод праводзяцца фестывалі: міжнар. оперны імя М.​Д.​Міхайлава (з 1991), усерас. нар. творчасці «Крыніцы Паволжа» (з 1993) і інш. У 1940 засн. Саюз кампазітараў Ч.

Літ.:

Чувашская АССР: Очерки о природе. Чебоксары, 1952;

Кураков Л.П., Федоров Н.В. Состояние и перспективы развития экономики Чувашской Республики. М., 1997;

Краткая чувашская энциклопедия. Чебоксары, 2001;

Ковалевский А.​П.​Чуваши и булгары по данным Ахмеда ибн-Фадлана. Чебоксары, 1954;

История Чувашской АССР. Т. 1—2. Чебоксары, 1966—67;

История Чувашской АССР. Т. 1. Чебоксары, 1983;

Дмитриев В.Д. Чувашские исторические предания. Чебоксары, 1983;

Яго ж. Чувашия в эпоху феодализма. Чебоксары, 1986;

История Чувашской Республики, 1775—1990: Библиогр. указ. Чебоксары, 1996;

Каховский В.Ф. Происхождение чувашского народа. Чебоксары, 1965;

Археология и этнография Чувашской ЛССР: Библиогр. указ. Чебоксары, 1986;

Этническая история и культура чувашей Поволжья и Приуралья. Чебоксары, 1993;

Иванов В.П. Чувашия: история и культура. Чебоксары, 2000;

Яго ж. Чувашский этнос. Чебоксары, 1998;

Чуваши: этнич. история и традиционная культура. М., 2000;

Сироткин М.Я. Очерки дореволюционной чувашской литературы. 2 изд. Чебоксары, 1967;

Хлебников Г.Я. Современная чувашская литература. Чебоксары, 1971;

Юрьев М.И., Романова З.В. Писатели Советской Чувашии: Биобиблиогр. справ. Чебоксары, 1988;

Чувашское литературоведение и критика: Библиогр. указ. Чебоксары, 1993;

Федоров Г.И. Художественный мир чувашской литературы. Чебоксары, 1996;

Дмитриев А. Литературный Слакбаш. Чебоксары, 1996;

Никитин Г.А., Крюкова Т.А. Чувашское народное изобразительное искусство. Чебоксары, 1960;

Меджитова Э.Д., Трофимов А.А. Чувашское народное искусство: Альбом. Чебоксары, 1981;

Можаров Г.Г., Никитин А.С. Памятные места и достопримечательности города Чебоксары и Чувашской АССР. Чебоксары, 1987;

Ургалкина Н.А. Художники Чувашии: Биобиблиогр. указ. Чебоксары, 1989;

Илюхин Ю.А. Музыкальная культура Чувашии. Чебоксары, 1961;

Яго ж. Композиторы Советской Чувашии. Чебоксары, 1978;

Эррэ Т.А. Чувашская опера. Чебоксары, 1979;

Сергеев Т.С. Культура Советской Чувашии: (к 70-летию автономии республики). Чебоксары, 1989;

Скворцов М.И. Культура Чувашского края. М., 1995.

К.​Ф.​Быкаў (прырода, гаспадарка), Ю.​В.​Бажэнаў, Дз.​Н.​Міхлееў (гісторыя), Дз.​Н.​Міхлееў (культура).

Да арт. Чувашыя. Будынак сельскагаспадарчага інстытута ў Чэбаксарах.
Да арт. Чувашыя. Увядзенскі сабор у Чэбаксарах.
Да арт. Чувашыя. Троіцкі сабор у г. Цывільск.
Да арт. Чувашыя. Будынак мастацкага музея ў Чэбаксарах.
Да арт. Чувашыя. П.​Сізоў. Нарспі. 1969.
Да арт. Чувашыя. М.​Свярчкоў. А.​С.​Пушкін у чувашскай вёсцы. 1950.

т. 17, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)