Малы́, малэ́й ’невялікі’, ’нязначны па колькасці’, ’меншы, чым патрэбна’, ’кароткі’, ’слабы’, ’неістотны, нязначны’, ’малалетні’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ, ТС; драг., КЭС), Малы Воз ’Малая Мядзведзіца’ (паст., Сл. ПЗБ), малое ’дзіця’ (Нас., Шат.). Ст.-бел. малъ, малый ’невялікі, дробны, невысокі’, ’малады, малалетні’, ’кароткачасовы’, ’малапрацяглы’, ’колькасна нязначны, небагаты’, ’нікуды не варты, нязначны’, ’ледзь прыкметы, слабы’. Укр. мали́й, рус. ма́лый, мало́й, польск. mały, палаб. molĕ, н.- і в.-луж. małki, в.-луж. mały, чэш., славац. malý, славен. mȃli, mál, серб.-харв. ма̏о, макед. мал, балг. малък, ст.-слав. малъ. Прасл. malъ ’малы, невялікі’. Самымі блізкімі і.-е. паралелямі з’яўляюцца ст.-в.-ням. small, ням. schmall ’вузкі’, ’тонкі’, ’бедны’, smalaz vihu ’дробная скаціна’, гоц. smals ’малы, нязначны’, ст.-грэч. μῆλον ’дробная скаціна, авечкі’, ірл. míl ’жывёла’, лац. malus ’дурны, благі’ (з ’малы, недастатковы’), а таксама франц. mālaкарова’, гал. maal ’цялушка’, ст.-ісл. smale ’дробная скаціна’, — і.-е. *(s)mōl‑/*(s)mēl ’дробная скаціна’ (Бернекер, 2, 13; Голуб-Копечны, 215; Брукнер, 320; Махэк₂, 349; Фасмер, 2, 564; Бязлай, 2, 163–164). Скок (2, 375) дапускае гукаперайманне як крыніцу разглядаемай лексемы. Мартынаў (Балто-слав.-итал. изогл., 30) мяркуе аб пранікненні іт. malos у зах.-балт. арэал.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пасце́ль, посте́ль, пості́ль, пасце́ля, посце́ля ’ложак’, ’тое, што падсцілаецца для спання’ (ТСБМ, Грыг., Сцяшк., Бір., Зян., Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Бяльк., ТС; КЭС, лаг.; паўн.-бел., зах.-палес., ДАБМ, к. 285), ’пасцельная бялізна’ (Мат. Гом., ТС), ’раскладка снапоў для малацьбы’ (ДАБМ, к. 285; Выг., Касп., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’разасланы лён для скручвання ў кудзелю’ (карэліц., талач., Шатал.; пух., Сл. ПЗБ), ’насціл з дошак у возе’ (Бір.), ’саламяны адонак, стажар’е’ (Выг.), ’месца ў хляве, дзе ляжыць карова’ (паст.), ’суцэльны слой сала са ўсёй тушы’ (чэрв., Сл. ПЗБ), пасце́ль, посьце́льнік ’насціл з дошак у санях’ (Шатал.). Укр. посте́ля, пості́ль, рус. посте́ль, посте́ля, арханг. постлань, польск. pościel, ст.-польск. pościela, палаб. püstilʼa, pöstilʼa, н.-луж. postola, устар. postoła, чэш. postel, славац. posteľ, славен. póstelj, póstelja, серб.-харв. по̀стеља, макед. постела, балг. посте́ля, ст.-слав. постелꙗ. Прасл. postelʼa ўтворана ад stьlati > слаць (гл.). Падобна ўтворана ст.-інд. upa‑star‑aṇa ’цыноўка, матрац на ложак’ (у якім ‑star‑ раўняецца прасл. ‑stel‑), арм. pastar ’посцілка, кілім’. Прэфікс ‑po‑ узыходзіць да і.-е *upo ’пад’; у такім выпадку postelʼa — ’падклад пад ляжачага чалавека’ (Махэк₂, 474; Фасмер, 3, 341). Магчыма, сюды ж пасцель ’паслед у каровы’ (Сл. ПЗБ; карэліц., Шатал.; гродз., Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бедрык ’божая кароўка’ (Інстр. лекс., З жыцця). Укр. бе́дрик. Параўн. польск. biedronka, biedrunka, biedrzonka, чэш. bedruňka ’тс’. У славян і іншых народаў ёсць павер’е, што Coccinella — гэта ’божая жывёліна’ (параўн. бел. бо́жая каро́ўка, рус. бо́жья коро́вка, польск. krówka Matki Boskiej, ням. Herrgottkühlein, Herrgottschäfchen і г. д.). Таму бедрык, відавочна, звязана семантычна з такімі назвамі, як польск. biedroń ’стракаты вол’, biedrona ’стракатая карова’ і г. д. (аб польскіх назвах гл. Слаўскі, 1, 32; Саднік-Айцэтмюлер, 4, 262–263). Першапачаткова бедрык — гэта ’стракатая жывёліна’. Тып bedr‑: petr‑ (параўн. яшчэ бел. петрык, укр. пе́трык ’божая кароўка’) у карпацкай зоне займае «паўночны арэал», а на поўдні выступае babr‑, bobr‑, papar‑ і г. д. (параўн. укр. бабру́н, папару́за ’божая кароўка’; з неслав. моў — рум. buburúză і г. д.). Параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 124. Змешваць абодва тыпы (як гэта робіць Махэк₂, 50; Каламіец, Мовознавство, 1967, № З, 50–51) наўрад ці можна. Не выключаецца, што наогул мы тут маем справу з старым субстратным словам (з пазнейшай ад’ідэацыяй да bedr‑ ’сцягно’). Лант (Language, 29, 128–133) зыходзіў з і.-е. *bhed‑r‑ (параўн. санскр. bhadraḥ ’удача, шчасце; спрыяльны’). Сюды і бедру́нка ’Scarabeus auratus’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скрэ́нда ‘жмінда’ (слонім., Жыв. сл.), ‘кабета заможная, але скупая, якая ўвесь час наракае, што ў яе нічога няма’ (Федар. 4), ‘чалавек, які ўвесь час скардзіцца на што-небудзь, ныцік’, скрэ́ндзіць ‘надакучліва скардзіцца’ (Сл. рэг. лекс.), ‘пішчаць, енчыць, выпрошваць’ (Варл.). Няясна. Магчыма, анаматапеічнага паходжання, параўн. skréndaje, jak kóleso nieszmarówanoje (Федар. 4, 280), серб. косава-мятох. скренцат, скренцам ‘адсутнічаць; памерці’. Беларуска-балгарская ізалекса, параўн. балг. скръ́ндза ‘жмінда’, якое разглядаюць (гл. БЕР, 6, 806; Варбат, Этимология–1970, 70) як другую ступень агаласоўкі да рус. скря́га (гл. скрага) < прасл. *skręga ‘скупы’, аднак гэта не бясспрэчна ў словаўтваральных адносінах. Магчыма параўнаць з рус. пск., цвяр. кре́нить ‘плакаць, хныкаць’, аб якім гл. Варбат, Морфон., 149. Тады *крэ́ніць*скрэ́ніцьскрэ́нда з суф. ‑да, аб якім Сцяцко, Афікс. наз., 34. Гл. яшчэ Коген (Запіскі, 2, 9, 84–95), які, разглядаючы скрэ́нда ‘худая карова’, шкры́нда ‘худы конь або кабыла’, выдзяляе суф. ‑энда, а корань *skъr‑ выводзіць з і.-е. *skr̥‑, захаванага ў літ. skrándas, skránda ‘стары кажух’, лат. skrandas ‘старая ануча’, які ўяўляе ступень кораня і.-е. *sker‑/*skor‑, прысутнага ў ско́рка (гл.), скарэ́ць, літ. skárti, грэч. χείρω ‘рэзаць’, лац. cortex ‘кара’, skortum ‘скура’; ад *skōr‑ выводзіцца скарадзь, скарада (гл.) і грэч. σκῶρ́ ‘гразь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыпусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак.

1. каго-што. Разм. Дазволіць наблізіцца, падпусціць да каго‑, чаго‑н. Я завёў свайго каня ў загародку, дзе раней стаяла Мальвіна, а Казікавага прыпусціў да кармушкі з сенам. Якімовіч. // Дазволіць зайсці, пусціць куды‑н. папасвіцца; прыпасвіць (пра жывёлу). [Рыгор:] Вось народ! Вось заразы! Ну няхай жа б дзе з краю прыпусціў [каня], дык не — паўгоней збіў. Крапіва. // Дапусціць да кармлення малаком маці (пра жывёл). Прыпусціць цяля да каровы. // Дапусціць да злучкі. Прыпусціць жарабка да кабылы.

2. што і чаго. Дадаць чаго‑н. куды‑н. Толькі ёсць і такія, што рады дачасна Для красы ў валасы прыпусціць серабро. Вітка. // Адпусціць, выпусціць што‑н. затрыманае. Карова малака не прыпусціла.

3. Разм. Тое, што і прыпусціцца. Хлопец з апошніх аслабелых сіл прыпусціў па траве, за ім пакутна, але цярпліва трываючы стому і страх, бегла Джулія. Быкаў. На момант ён прыпыніўся, глянуў па баках і прыпусціў зноў. Шашкоў. Прыпусціць ён [дождж] — зямля цвіце, І грыб, і ягада расце. Лужанін.

4. што. Прыладзіць, дапасаваць да чаго‑н. Акрамя клёпак, сюды [для бочкі] яшчэ патрэбны дошкі на дно, абручы... Потым усё гэта трэба належным чынам прыпусціць, змайстраваць. Тады толькі вада не пацячэ. Кулакоўскі.

5. што і без дап. Пакінуць запас пры раскроі. Прыпусціць на швы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пло́скі ’які не мае упадзін, узвышшаў, роўны, без пад’ёмаў і спускаў’ (ТСБМ, Сцяшк. МГ), ’слаба, някрута спрадзены’ (Уладз.; баран., Сл. ПЗБ; гродз., Сцяшк. Сл.: рас., талач., Шатал.), ’палогі (пра бераг ракі, возера)’ (карм., ветк., чач., ЛА, 2; ТС), ’худы (конь, карова)’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), ’шырокі (пра капыт)’ (карэліц., Нар. словатв.). Укр. пло́ский, рус. пло́ский, пло́сок, польск. ст.-мазав. płoski, чэш., славац. ploský, славен. plòsk ’плоскі’, plóska ’паверхня, раўніна’, серб.-харв. пло̏сан, макед. плосок, балг. плосък, ст.-слав. плоскъ. Прасл. *ploskъ, звязанае чаргаваннем галосных кораня з *plask‑, *plesk‑, *plěsk‑, якія з і.-е. *plok‑sko‑ ці *plək‑sko; роднаснае лат. plakans ’плоскі’, лац. placidus ’роўны, гладкі’, ’прыемны’, ст.-грэч. πλάξ ’раўніна’ (Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 113; Траўтман, 222; Фрэнкель, 602; Бязлай, 3, 61). Аднак Мее (Études, 332), Младэнаў (430), Фасмер (3, 285) дапускаюць магчымасць вывядзення лексемы плоскі з *plot‑sko і супастаўляюць апошнюю са ст.-інд. práthas ’шырыня’, авест. fraϑah‑, ст.-грэч. πλατύς ’шырокі, плоскі’. Гэтаксама Махэк₂ (462), які дапускае прасл. форму *plotъ (ŭ‑аснова), што ў чыстым выглядзе не захавалася, але ад яе утварылася плотва, плотка (гл.). Борысь, Папоўска–Таборска (ZPSS, 10, 27) на падставе славін. plos ’клоп’ рэканструююць рэліктавую форму *plosъ ’плоскі’, якая мае адпаведнікі на славянскім Поўдні. Абаеў (Этимология–1984, 21) мяркуе, што рус. плоский з’яўляецца роднасным рус. плохой.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мало́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да малака. Малочныя прадукты. // Які выдзяляе малако. Малочныя залозы. // Які дае малако, гадуецца для вытворчасці малака. Малочны статак. // Удойны. Малочная карова.

2. Звязаны з вытворчасцю, перапрацоўкай і продажам малака. Малочная гаспадарка. Малочны завод. Малочны магазін. □ Электрычнае святло ўспыхне на малочнай ферме, на канюшні, у кожнай хаце. Паслядовіч.

3. Прызначаны для малака. У кузаве грузавіка зіхатліва паблісквалі малочныя бітоны. Ракітны.

4. Выкармлены малаком. Малочныя парасяты.

5. Прыгатаваны на малацэ. Малочная каша. Малочны суп. Малочны кісель.

6. Які ўваходзіць у склад малака або атрымліваецца з малака. Малочная кіслага.

7. Падобны колерам на малако. Між іншым, Я сам люблю прыход вясны — Малочнае цвіценне вішань, І спеў драздоў, і шум лясны. Панчанка. Над лугам і ў нізінах стаяў малочны туман, і ў твар шыбала прыемным вільготным халадком. Шамякін.

8. у знач. наз. мало́чная, ‑ай, ж. Памяшканне для прыёму малака (у калгасах, саўгасах). Даяркі ў белых, як у медсясцёр, халатах насілі ў малочную бітоны. Шахавец.

9. у знач. наз. мало́чнае, ‑ага, н. Ежа з малака або з малаком. Ён есць цяпер толькі малочнае.

•••

Малочная кухня гл. кухня.

Малочная спеласць гл. спеласць.

Малочная сястра гл. сястра.

Малочны брат гл. брат.

Малочныя зубы гл. зуб.

Малочныя рэкі з кісельнымі берагамі гл. рака.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Маку́ха1 ’рэшткі семя (ільнянога, сланечнікавага і пад.) пасля выціскання з яго алею’ (ТСБМ, Інстр. I, III, Гарэц., Мат.; гродз., Мат. АС; усх.-гом., КЭС, Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ). Укр. маку́ха, польск. makuch, makuchy, рус. маку́ха ’макуха макавага, гарчычнага, канаплянага і інш. насення’. Паводле формы магло б быць нават прасл. утварэннем ад мак і суф. ‑уха (< ‑uxa), які, аднак, надаваў экспрэсіўнае адценне. Калі ўлічыць польск. kuch, kuchy olejne, якія з ням. Kuchen (Брукнер, 279), а гэта даволі старажытнае слова, роднаснае з англ. cake, швед. kaka ’пячэнне, торт’, ст.-в.-ням. kuocho, тады можна гаварыць аб славянскім запазычанні з ням. Mohnkuchen, параўн. таксама швейц. Mägikuchen ’макавая макуха’ (Трубачоў, Дополн.; Фасмер, 2, 562).

Маку́ха2, маку́шка ’вяршыня, верхавіна дрэва, гары’, ’верхняя частка галавы, макаўка’, ’галоўка маку’, ’бязрогая карова’ (Нас., Др.-Падб., ТСБМ, Гарэц., Шат., Бяльк., ТС, Растарг., Сл. ПЗБ; дзв., Нар. сл.), маку́шка ’вяршыня’, моку́шка ’ніжняя частка цыбулі’ (ельск., Мат. Гом.), ’кончык пальца на руцэ’ (расон., Шатал.), маку́шка ’верхавіна дрэва’ (ТСБМ, ТС). Рус. маку́шка, маку́ха ’тс’, укр. маківка ’галоўка маку’. Усх.-слав. утварэнне ад мак (гл.) з суфіксам ‑uxa, якое мела пеяратыўнае значэнне. Першапачаткова макуха абазначала ’галоўка маку’ (параўн. рус. алтайск. маку́шка ’тс’, валаг. ма́кушка ’мак’. Бел. макуша магло ўтварыцца самастойна (а не як кантамінацыя макуха і макушка) і, магчыма, вельмі даўно (адыменныя ўтварэнні гл. Слаўскі, SP, 1, 75).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зо́лата, ‑а, М ‑лаце, н.

1. Хімічны элемент, высакародны метал жоўтага колеру, які валодае вялікай гібкасцю і цягучасцю (скарыстоўваецца для вырабу каштоўных рэчаў і як мера каштоўнасцей). Здабыча золата. Золата сустракаецца ў выглядзе жыл і рассыпаў. □ Вугаль на Украіне, Золата на Калыме, Нафта з каспійскіх глыбіняў, З нетраў казахскіх медзь. Звонак. Не ўсё тое золата, што блішчыць. Прыказка. / у перан. ужыв. [Буслы] падымуцца над балотам.., купаючыся ў растопленым золаце сонца. Бядуля.

2. зб. Вырабы з гэтага металу; залатыя рэчы. Чаго толькі Сцяпанка .. не ўбачыў! .. Якія лямпы, люстэркі, столікі, крэслы, цацкі, статуі, абразы, золата, серабро. Бядуля. — Я вольны марак і просты чалавек і не змагу я жыць у срэбры і золаце. Самуйлёнак. // Пазалочаныя шаўковыя ніткі для вышывання, ткання. Шыты золатам сцяг.

3. зб. Залатыя манеты; грошы. Купіць рэч за золата. □ Калі перавесці на золата гэтыя савецкія чырвонцы, дык будзе іх цэлых трыццаць рублёў — мікалаеўскім золатам. Брыль. // перан. Багацце. — Не пакідайце ніводнага каліва. Цяпер яно граша не каштуе, а зімой — золатам абернецца. Асіпенка.

4. Пра таго (тое), што вылучаецца добрай якасцю, вартасцю. — Братка ты мой! — гаворыць адзін [гаспадар]: — твой Алесь золата, а не чалавек. Колас. — Я ж казаў, унучак, што гэта — золата, а не карова... Шуцько. // Ласкавы зварот да каго‑н. Сынок, золата ты маё!

•••

Белае золата — бавоўна.

Чорнае золата — а) нафта; б) каменны вугаль.

На вагу золата гл. вага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тугі́ ‘моцна, да адказу нацягнуты’, ‘шчыльна сплецены, скручаны, звіты’, ‘які шчыльна аблягае, моцна сціскае фігуру, часткі цела’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Ян., Некр.), ‘шчыльны, цвёрды’ (Некр., Сцяшк., Ян., Мат. Гом., ТС), ‘пругкі, які цяжка нацягваецца, сціскаецца’, ‘непадатлівы, скупы на што-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк.), ‘нягнуткі’ (Вруб.), ‘глухі на вуха’ (Нас.), ‘густы (пра кашу)’ (ЛА, 4; докш., Сл. ПЗБ), ‘густа замешаны, цвёрды (пра хлеб)’ (Мат. Гом., ЛА, 4), сюды ж туга́ карова ‘цяжкая для даення’ (З нар. сл.), тугая зіма ‘суровая, цяжкая’: мусі, зязюля, мусі сівая / Тугую зіму чуеш? (навагр., Песні нар. свят.), туга́я глі́на ‘цяжкая для апрацоўкі’ (навагр., валож., свісл., пруж., Нар. словатв.). Укр. туги́й, ту́гий ‘моцна нацягнуты; надуты; моцны; упарты’, рус. туго́й ‘цвёрды, пругкі’, польск. tęgi ‘цвёрды, моцны’, ‘дародны’, кашуб. tąǵi ‘моцны, мажны’, в.-луж. tuhi ‘цвёрды, жорсткі’, чэш. tyhý ‘цвёрды, жорсткі, упарты’, славац. tuhý ‘цвёрды, моцны’, славен. tôg ‘жорсткі, моцны’, ст.-слав. тѫгъ(и) ‘цвёрды, моцны, упарты’. Прасл. *tǫgъ(jь) ‘моцны, упарты’, ‘цвёрды, нягнуткі’ (Фасмер, 4, 114; ЕСУМ, 5, 668; Борысь, 631; Брукнер, 570; Махэк₂, 659; Чарных, 2, 269; Сной₂, 769). Яму адпавядае літ. strangùs ‘пругкі, пруткі’; звязана чаргаваннем галосных з цягнуць, прасл. *tęgti ‘цягнуць, нацягваць’, параўн. Якубовіч, Drogi słów, 170, 181. Сюды ж тужэ́ць ‘станавіцца больш тугім’ (ТСБМ), тугава́ты ‘глухаваты’ (там жа), ‘схільны да запораў’ (смарг., Сл. ПЗБ), тугаву́хі, тугі́й на вуха ‘з дрэнным слыхам’ (Мат. Гом., Жд. 3, Юрч. Фраз.), ту́ганька ‘шчыльна, туга’ (брасл., Сл. ПЗБ), ту́го ‘моцна’: спіце вы туго (Сцяшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)