від дэкаратыўнай скульптуры, цесна звязаны з архітэктурай і прыродным ландшафтам. Прызначана для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў, мастоў, трыумфальных арак, фантанаў, архітэктуры малых форм, упрыгожвання паркаў, плошчаў, вуліц. Уключае: статуі і рэльефы, якія маюць самаст.значэнне; статуі, якія выконваюць ролю арх. элементаў (атланты, карыятыды); статуі-фантаны; скульпт. арнаментацыю на будынках.
Вядома са старажытнасці ў многіх народаў. Найб. росквіту дасягнула ў эпоху антычнасці, у стылях готыкі, рэнесансу, барока і класіцызму ў культавым і палацавым буд-ве, садова-паркавым мастацтве, у мастацтве краін Усходу. У 20 ст. развіваецца пераважна як элемент ландшафтнага дызайна, была пашырана ў архітэктуры мадэрну і пабудовах, зарыентаваных на класіцыстычную традыцыю. З’явіліся яе новыя формы: агітацыйная, гульнёвая (для дзіцячых пляцовак), скульпт. інсталяцыі і інш. Часам выкарыстоўваюць сучасныя тэхн. сродкі: рух, гук, светлавыя эфекты і інш.
На Беларусі пашырылася ў 16—19 ст. у палацавым і культавым дойлідстве. Складаным сімволіка-алегарычным ладам, экспрэсіўнасцю, багаццем і разнастайнасцю форм вызначалася культавая скульптура 17—18 ст. (касцёл ў в. Новая Мыш Баранавіцкага, Воўчын Камянецкага р-на Брэсцкай вобл., Міхалішкі Астравецкага, Ішчална Мастоўскага р-наў Гродзенскай вобл., бернардзінцаў у Гродне, францысканцаў у Пінску і інш.). У мастацтве класіцызму выкарыстоўвалася ў палацава-паркавых ансамблях, гар. і сельскіх сядзібах (палац Радзівілаў у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на, «Паляўнічы домік» у Гомелі, палац Храптовічаў у г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. і інш.). Сярод паркавых скульптур 19 ст. алегарычная статуя «Багіня Міра» (1834) В.Дэмут-Маліноўскага ў парку палаца Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, кампазіцыя «Хлопчык з лебедзем» (1874) у скверы Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. У 1930-я г. зроблены рэльефы ў будынках Дома ўрада (скульпт. А.Бембель, У.Рытар, Р.Ізмайлаў), Дома афіцэраў (Бембель, А.Глебаў і інш.), Нац.акад.т-ра оперы і балета (Бембель і інш.) у Мінску. У 1950-я г. М.-д.с. арганічна суадносілася з архітэктурай класіцыстычнай арыентацыі: Рэсп. міжсаюзны палац культуры прафсаюзаў (скульпт. Глебаў, С.Селіханаў, В.Папоў), Нац.маст. музей (Бембель, П.Белавусаў, С.Адашкевіч, М.Роберман) у Мінску і інш. Імкненнем сцвердзіць новыя пластычныя ідэі вызначаюцца найб. значныя творы 1970—90-х г.: кампазіцыі «Купава» перад будынкам рэстарана «Журавінка» (У.Кузняцоў), «Вянок» фантана ў парку імя Я.Купалы (А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі), «Юнацтва» ў скверы перад будынкам гасцініцы «Мінск» (Анікейчык), «Бег» над ўваходам стадыёна «Дынама» і «Арфей» перад будынкам муз. вучылішча (абедзве В.Занковіч), «Юнак іграе на жалейцы» і «Поры года» ў гасцініцы «Турыст» (С.Ларчанка, А.Кішчанка), «Лаўка» ў Міхайлаўскім скверы (У.Жбанаў), скульптуры «Паэзія», «Музыка», «Сцэнаграфія», «Танец», «Тэатр» на фасадзе Дзярж.т-рамуз. камедыі і кампазіцыя «Батлейка» каля яго будынка (Л.Зільбер), скульпт. групы фантанаў «Поры года» на праспекце Машэрава — «Гуканне вясны» («Вясна», А.Шатэрнік), «Купалле» («Лета», Л.Давідзенка), «Свята ўраджаю» («Восень», Ю.Палякоў), «Каляды» («Зіма», Занковіч) у Мінску; кампазіцыі «Натхненне» на фасадзе будынка Гродзенскага абл.драм.т-ра (Зільбер); «Белая дама з халопам» (Г.Гаравая), «Русалка» (Л.Гумілеўскі), «Анёл-заступнік з хлопчыкам» (А.Фінскі), «Сабака для палявання» (П.Лук, В.Янушкевіч) у палацава-паркавым комплексе ў г. Нясвіж Мінскай вобл. і інш.
Л.Г.Лапцэвіч.
Да арт.Манументальна-дэкаратыўная скульптура. Ж.Б.Карпо. Чатыры часткі свету. Скульптурная група фантана на плошчы Абсерваторыі ў Парыжы. 1867—72.Да арт.Манументальна-дэкаратыўная скульптура. Фрагмент галоўнага алтара касцёла аўгусцінцаў. Вёска Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАБІЯЛО́ГІЯ (ад мікра... + біялогія),
навука пра мікраарганізмы; галіна біялогіі. Вывучае марфалогію, фізіялогію, біяхімію, генетыку, экалогію, філагенію мікраарганізмаў, іх пашырэнне, ролю ў прыродзе (у кругавароце рэчываў, забруджванні і ачыстцы навакольнага асяроддзя, глебаўтваральных, геахім. і інш. працэсах), у жыцці і дзейнасці чалавека (у развіцці хвароб чалавека, жывёл і раслін, страваванні, тэхнал. працэсах с.-г. і прамысл. вытв-сці, утылізацыі адходаў і інш.); распрацоўвае метады выкарыстання карысных мікробаў і барацьбы са шкоднымі (дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі інфекц. хвароб, сан. ацэнкі і ачысткі асяроддзя і інш.). Уключае бактэрыялогію, вірусалогію, пратысталогію. Паводле навук. і практычных задач падзяляецца на агульную, водную, глебавую мікрабіялогію, геал., касм., с.-г., мед. (у т. л.сан.), вет. і тэхн., або прамысл., М. Тэхн. М. вывучае гаспадарча значныя мікраарганізмы, распрацоўвае навук. асновы і метады іх выкарыстання для вытв-сці каштоўных рэчываў, у т. л. біялагічна актыўных, і біямас (бактэрыяльныя ўгнаенні, кармавыя і інш. дрожджы, высокаактыўныя штамы мікробаў і інш.), харч. прадуктаў, для атрымання металаў з бедных руд, ачысткі сцёкавых вод, апрацоўкі с.-г. прадукцыі, барацьбы з хваробамі і шкоднікамі, метады аховы сыравіны, буд. матэрыялаў, харч., с.-г. і інш. прадуктаў і вырабаў ад псавання мікробамі і інш. М. цесна звязана з альгалогіяй, протазаалогіяй, мікалогіяй, фітапаталогіяй, імуналогіяй, цыталогіяй, малекулярнай біялогіяй, генетыкай, біяхіміяй, эпідэміялогіяй. біятэхналогіяй і інш. Мае важнае значэнне для медыцыны, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі, мікрабіял., харч. прам-сці і інш.
Узнікненне апісальнай М. звязана з пачаткам назіранняў і апісання мікробаў (А.Левенгук, 1683), фарміраванне М. як навукі (2-я пал. 19 ст.) — з устанаўленнем мікробнай прыроды браджэння, гніення, інфекц. хвароб (Л.Пастэр), з распрацоўкай методыкі атрымання чыстых культур мікраарганізмаў і крытэрыяў выяўлення ўзбуджальнікаў хвароб (Р.Кох). Вял. ўклад у развіццё М. зрабілі В.Л.Амялянскі, М.В.Беерынк, Э.А.Берынг, С.М.Вінаградскі, С.М.Вышалескі, Д.К.Забалотны. Дз.І.Іваноўскі, Б.Л.Ісачэнка, С.П.Костычаў, І.І.Мечнікаў, Л.С.Цанкоўскі, П.Эрліх, М.Ф.Гамалея, С.Кітазата, К.Б.Ніл, Э.Ру і інш.
На Беларусі мікрабіял. даследаванні пачаліся з 1920—30-х г. у БДУ (мед.ф-т), Віцебскім вет. ін-це, сан.-бактэрыял.НДІ (Віцебск, 1921), Бел. пастэраўскім НДІ (Мінск, 1924), ін-тах біялогіі (лабараторыя глебавай М., 1934) і хіміі АН Беларусі, Усесаюзным НДІ балотнай гаспадаркі УАСГНІЛ (з 1938), бел.н.-д. ін-тах мясц. прам-сці і харч. прам-сці. Вял. роля ў станаўленні М. належыць І.М.Курбатаву, С.А.Самцэвічу, Г.А.Язубчык, Вышалескаму, К.І.Кудзіну, В.В.Первазванскаму, А.Л.Пескіну, А.І.Рэут. У вырашэнне праблем агульнай і экалагічнай М. ўклад зрабілі П.А.Буланаў, В.І.Калешка і інш., генетыкі і селекцыі мікраарганізмаў — М.А.Троіцкі, Ю.К.Фамічоў і інш., мед. М. — А.А.Адарчанка, М.І.Вальвачоў, В.І.Вацякоў, С.І.Гельберг, Н.А.Ізраіцель, А.П.Красільнікаў, П.Р.Рыцік, Б.Я.Эльберт, С.А.Паўловіч і інш., вет. М. — Д.Дз.Буцьянаў, Х.С.Гарагляд, В.А.Лянькова, В.І.Лянькоў, В.Ф.Пятроў, Р.У.Тузава і інш., тэхн. М. — Н.І.Астаповіч, В.Р.Бабіцкая, А.С.Вечар, М.В.Залашка, А.І.Зінчанка, С.П.Каваленка, А.Г.Лабанок, А.С.Самсонава і інш.Н.-д. работа вядзецца ў ін-тах Нац.АН Беларусі (мікрабіялогіі, генетыкі і цыталогіі, эксперым. батанікі), н.-д. ін-тах Акадэміі агр. навук Беларусі (эксперым. ветэрынарыі, жывёлагадоўлі, земляробства і кармоў, аховы раслін і інш.), Бел.НДІ эпідэміялогіі і М., інш.с.-г. і мед.н.-д. ін-тах і ўстановах, БДУ, БСГА, Бел.дзярж.тэхнал. ун-це, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, Мінскім мед. ін-це і інш.
Літ.:
Колешко О.И. Микробиология. Мн., 1977;
Медицинская микробиология, вирусология, иммунология. М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШКАГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца гадоўляй с.-г. птушак (курэй, качак, гусей, індыкоў, цацарак і інш.) для атрымання яец, мяса, пер’я і пуху. Дае высокапажыўныя прадукты і каштоўную сыравіну для прам-сці. Харчовае значэнне маюць пераважна курыныя яйцы, для чаго гадуюць курэй яечнага кірунку. С.-г. птушка вылучаецца хуткаспеласцю, пладавітасцю, высокай аплатай адносна затрат на корм. Для атрымання 500—600 г яечнай масы неабходна менш за 2 кг, а на прыбаўку ў вазе 1 кг жывой масы — 2,5—3 кг поўнакаштоўнага корму.
П. ўзнікла каля 4—3 тыс.г. назад у Індыі. дзе пачалі гадаваць курэй, потым яна распаўсюдзілася на З і У. За некалькі стагоддзяў да н.э. у Еўропе гадавалі свойскіх курэй, гусей і качак. Індыкі прыручаны ў Амерыцы, у 16 ст. завезены ў Еўропу. Развіццё П. прывяло да з’яўлення высокапрадукц. культурных парод свойскай птушкі: сусекс і доркінг — пароды курэй (Вялікабрытанія), руанскія качкі і тулузскія гусі (Францыя), юрлаўскія галасістыя куры, халмагорскія і арзамаскія гусі (Расія). На Беларусі ў 19 ст. П. была малапрадукц. дадатковай галіной сельскай гаспадаркі. З 1930-х г. пачалося развіццё П. на калгасна-саўгасных фермах; заснаваны інкубатарна-птушкагадоўчыя станцыі, якія забяспечвалі фермы маладняком. З 1971 арганізаваны вытворчыя аб’яднанні па птушкагадоўлі.
У аснове інтэнсіфікацыі П. — паглыбленая спецыялізацыя і стварэнне буйных птушкагадоўчых прадпрыемстваў — птушкафабрык па вытв-сці яец, гадоўлі на мяса бройлераў (куранят, качанят, гусянят, індычат). Тэхналогія інтэнсіўнай П. ўключае некалькі варыянтаў атрымання прадукцыі: на фермах-рэпрадуктарах на працягу года атрымліваюць інкубацыйныя яйцы; на бройлерных ф-ках гадуюць мясны маладняк, забіваюць і апрацоўваюць птушку; на прадпрыемствах яечнага кірунку гадуюць рамонтных курэй для папаўнення статка. У буйных спецыялізаваных гаспадарках і аб’яднаннях галаўныя прадпрыемствы забяспечваюць астатнія гаспадаркі гібрыднымі куранятамі або пародным маладняком інш. відаў свойскай птушкі; прамысл. гаспадаркі або фермы гадуюць гэты маладняк на мяса або для камплектавання статка нясушак (пры вытв-сці яец); птушкакамбінаты гадуюць птушку, забіваюць, апрацоўваюць і рэалізуюць яе; на некат. камбінатах ідзе перапрацоўка яец на яечны парашок, мяса — на кансервы, а таксама выпрацоўваюцца пуха-пер’евыя вырабы. У яечнай П. шырока выкарыстоўваюцца ўнутрыпародныя групы, створаныя на базе курэй пароды легорн, у бройлернай вытв-сці — на базе курэй парод корніш і плімутрок. Аналагічныя пародныя групы існуюць у развядзенні гусей, качак, індыкоў. Пагалоўем свойскай птушкі найб. вызначаюцца (млн. галоў, 2000): Кітай (3420), ЗША (1720), Інданезія (1000), Бразілія (950), Мексіка (420), Індыя (382), Расія (350), Японія (296), Францыя (241), Іран (230). На Беларусі 30,6 млн. галоў птушкі, у т. л. 20,3 млн. галоў на с.-r. прадпрыемствах, 10,3 млн. галоў — у асабістых гаспадарках насельніцтва (2000). У вытв-сці мяса на долю птушкі прыпадае 10—11% (у 1999—10,7%), яйцаноскасць адна з найб. у свеце (241 яйка на нясушку за год). Ва ўсіх катэгорыях гаспадарак атрымліваюць штогод каля 3,4 млрд. яец (у 1999—3395 млн. яец), з іх у калгасах і саўгасах каля 2,1 млрд. штук. Гадуюць таксама качак, гусей, індыкоў, цацарак, перапёлак. Ў 2000 пачалася ў невял. памерах эксперыментальная гадоўля страусаў. На Беларусі 39 птушкафабрык і 3 племзаводы, 5 племянных рэпрадуктараў (2000). Гл. таксама Куры свойскія, Гусі свойскія, Індыкі свойскія, Качкі свойскія.
Г.С.Смалякоў.
Да арт.Птушкагадоўля. Клетачнае ўтрыманне курэй на птушкафабрыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУ́ШКІ (Aves),
клас пазваночных жывёл; наземныя двухногія яйцародныя амніёты, прыстасаваныя да палёту. 2 падкл.: яшчарахвостыя П. (гл.Археаптэрыкс) і веерахвостыя П., або новыя (сапраўдныя). 34 атр., у т. л. 28 сучасных, каля 9 тыс. відаў. Продкамі П. лічаць стараж. (трыясавых) паўзуноў атр. псеўдазухій. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 19 атр., 307 відаў, з якіх гняздуюцца 226, сустракаюцца ў час міграцыі 26, зімуюць 11, вядомы як выпадкова залётныя 37; 75 занесены ў Чырв. кнігу. Большасць відаў арнітафауны належыць да атр.вераб’інападобных.
Памеры ад 5,5 см, масай 2 г (калібры) да больш як 2,5 м, масай да 150 кг (страус); размах крылаў да 4 м (альбатрос). Цела абцякальнай формы, укрытае пер’ем, пярэднія канечнасці ператвораны ў крылы. Шкілет лёгкі і трывалы (за кошт злучэння ці зрашчэння тонкіх пнеўматычных касцей). Грудзіна мае кіль (у бегаючых птушак адсутнічае) для прымацавання развітай лятальнай мускулатуры (у некат. відаў дасягае 50% масы цела). Шыйны аддзел з 11—25 пазванкоў, вельмі рухомы. Сістэма паветраных мяшкоў павялічвае газаабмен, забяспечвае тэрмарэгуляцыю, дазваляе змяняць шчыльнасць цела пры ныранні (у вадаплаўных П.). Скура без залоз (за выключэннем копчыкавай, якая выдзяляе сакрэт для змазкі апярэння). Пёры маюць розную будову (ніткападобныя, шчацінкі, пуховыя, контурныя) і функцыі (датыкальнага адчування, тэрмарэгуляцыі, спрыяюць абцякальнасці і ўзнікненню пад’ёмнай сілы пры палёце, ахоўваюць цела ад мех. пашкоджанняў). Дзюба (відазмененая сківіца без зубоў) пакрыта рагавым чахлом. У многіх відаў ёсць валлё. Страўнік падзелены на залозісты і мускульны (для мех. перацірання корму) аддзелы, кішэчнік доўгі. Задняя кішка і мачавы пузыр адсутнічаюць. Стрававальны тракт, мачаточнік і пратокі палавых залоз адкрываюцца ў клааку. Сэрца 4-камернае (у дробных відаў П. скарачаецца да I тыс. разоў за мінуту). Т-ра цела пастаянная, высокая (37,5—45,5 °C), абмен рэчываў інтэнсіўны, патрэбнасці ў корме вялікія (да 28% ад масы цела за дзень). Маюць вострыя каляровы зрок і слых, здольныя выдаваць разнастайныя гукі. Галаўны мозг з развітымі зрокавымі долямі і мазжачком забяспечвае высокі ўзровень нерв. дзейнасці і складаны тып паводзін. Размнажэнне цыклічнае, звязанае з сезонным развіццём палавых залоз. У час гнездавання могуць утвараць птушыныя базары. Апладненне ўнутранае, нясуць яйцы (ад 1 да 25). Па характары постэмбрыянальнага развіцця адрозніваюць вывадкавых птушак, паўвывадкавых птушак і птушанятных птушак. Жывуць асела, вандруюць або мігрыруюць (гл.Міграцыя жывёл, Кальцаванне птушак). Некат. пералётныя птушкі зімуюць на тэр. Беларусі, напр.: гракі, дразды, часам шпакі, крыжанкі, чыркі і інш. Шэраг відаў свойскіх і дэкаратыўных птушак, многія — аб’екты палявання (гл.Паляўнічыя жывёлы), некат. (арлы, сокалы, ястрабы) палююць на інш. жывёл. З пач. 16 ст. вымерла ці знішчана каля 170 відаў П. Адыгрываюць важную ролю ў харч. ланцугах біяцэнозаў, падтрымцы біял. разнастайнасці. Маюць вял.навук., гасп. і эстэт.значэнне. Існуе Міжнародны савет аховы птушак. Вывучае П. арніталогія.
Літ.:
Ильичев В.Д., Карташев Н.Н., Шилов И.А. Общая орнитология. М., 1982;
Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии. Мн., 1989;
Птицы Беларуси на рубеже XXI в. Мн., 1997;
Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік: Пер. з пол. Варшава, 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка ў Беларусі. Размешчана на ПдЗ краіны, каля граніцы з Польшчай і Украінай. Утворана 4.12.1939. Пл. 32,3 тыс.км². Нас. 1518 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Брэст. У вобласці 16 раёнаў: Баранавіцкі, Брэсцкі, Бярозаўскі, Ганцавіцкі, Драгічынскі, Жабінкаўскі, Іванаўскі, Івацэвіцкі, Камянецкі, Кобрынскі, Лунінецкі, Ляхавіцкі, Маларыцкі, Пінскі, Пружанскі, Столінскі (гл. адпаведныя артыкулы), 20 гарадоў, у т. л. 5 абл. падпарадкавання — Брэст, Баранавічы, Кобрын, Лунінец, Пінск, 9 гар. пасёлкаў, 225 сельсаветаў, 2194 сельскія населеныя пункты.
Прырода. Характэрны раўнінны рэльеф (140—200 м), на Пд — пераважна нізінны. Вылучаюцца на ПдЗ раўніннае Брэсцкае Палессе, на У нізіннае Прыпяцкае Палессе, паміж імі платопадобная ўзвышаная раўніна Загароддзе, на ПнЗПрыбугская раўніна, на Пн Баранавіцкая раўніна і частка Навагрудскага ўзвышша, дзе знаходзіцца найвышэйшы пункт вобласці — 267 м. На ПнУ адгор’і Капыльскай грады. Карысныя выкапні: буд. камень (Мікашэвіцкае і інш. радовішчы ў Лунінецкім р-не), торф (больш за 400 радовішчаў), тугаплаўкія (радовішчы Гарадок, Гарадное і інш.) і цагельныя гліны, шкловыя (Гарадоцкае), фармовачныя і буд. пяскі, мел, жвір, сапрапель, бурштын, гаручыя сланцы і буры вугаль. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая і кароткая, лета доўгае і ўмерана цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -4,4 °C (Брэст) да -6,1 °C (Баранавічы), у ліп. ад 18 °C на З да 19 °C на У. Вегетац. перыяд 195—208 сут. Гадавая колькасць ападкаў ад 550 мм на ПдЗ да 645 мм на ПнУ, за летні перыяд — 400—450 мм. Гідраграфічная сетка густая. Рэкі належаць да басейнаў Дняпра (Прыпяць з прытокамі Піна, Ясельда, Бобрык, Цна, Лань, Случ, Стыр, Гарынь, Сцвіга), Віслы (пагранічны Зах. Буг з прытокамі Мухавец, Лясная, Спанаўка, Капаёўка), Нёмана (прыток Шчара). Суднаходныя каналы: Дняпроўска-Бугскі канал, Агінскі канал (не працуе), Мікашэвіцкі. Густая сетка меліярац. каналаў і канаў. З азёраў самыя вялікія Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае; вадасх. Лактышы, Сялец, Пагост. Глебы с.-г. угоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,8%), дзярнова-забалочаныя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (25,8%), дзярнова-падзолістыя (15,5%), тарфяна-балотныя (19,5%), паводле мех. складу пераважна пясчаныя (каля 40%) і супясчаныя (каля 35%). Асушаныя землі на Пд складаюць каля 50%, у асобных раёнах — больш за 70%. Сярэдняя лясістасць 36%, ад 10—20% у Пінскім, Драгічынскім, Кобрынскім, Жабінкаўскім р-нах да 43—53% у Лунінецкім, Івацэвіцкім, Ганцавіцкім. Лясы пераважна хваёвыя (каля 60%), бярозавыя (17%) і чорнаальховыя (15%), значныя плошчы пад дубровамі. Захаваліся буйныя лясныя масівы — Белавежская, Ружанская і Шарашоўская пушчы. Балоты, найчасцей нізінныя, займаюць каля 20% тэрыторыі, значная частка асушана. Пад лугамі 18,2% тэр., 2/3 з іх нізінныя. Для захавання каштоўных прыродных аб’ектаў, біял. разнастайнасці вял.значэнне маюць нац. парк Белавежская пушча, 12 заказнікаў, 29 ахоўных помнікаў прыроды. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС 4270 км² (13% тэр. вобласці) забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л. 470 км² са шчыльн. 5—15 Кі/км². На забруджанай тэр. каля 200 вёсак. Найбольш забруджаны землі Лунінецкага, Пінскага, Столінскага р-наў.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,6%), жывуць таксама рускія (9,2%), украінцы (3%), палякі (2,5%), яўрэі (0,3%) і інш. Гарадскога нас. 60,4%. Сярэдняя шчыльн. 46,4 чал. на 1 км², сельскага нас. 18,4 чал. на 1 км² і вагаецца ад 25,3 чал. на 1 км² у Брэсцкім да 13,3 чал. на 1 км² у Ганцавіцкім і Маларыцкім р-нах. Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Брэст (294,3), Баранавічы (172,9), Пінск (130,3), Кобрын (51,1), Бяроза (30,5), Пружаны (25,2), Лунінец (24,9). У 1985—95 зніжаюцца нараджальнасць і натуральны прырост, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост, адзначаецца адмоўны натуральны прырост сельскага насельніцтва.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гасп. комплексе. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадукцыі машынабудавання, лёгкай і харч. прам-сці, праяўляецца тэндэнцыя да ўзмацнення ролі лясной і дрэваапр. прам-сці і вытв-сці буд. матэрыялаў. У вобласці вырабляюць усе бел. электралямпы і газавыя пліты, амаль усё тэхнал. абсталяванне для лёгкай прам-сці, гандлю і грамадскага харчавання, для ліцейнай вытв-сці, кавальска-прэсавае абсталяванне, больш за 80% электрарухавікоў і баваўняных тканін, больш за 40% панчошна-шкарпэткавых вырабаў, больш за 30% дываноў і дывановых вырабаў, больш за 35% цукру, каля 30% кансерваў, амаль 20% мяса і масла, 27% драўнінна-стружкавых пліт, каля 20% клеенай фанеры. Прадукцыя прам-сці пастаўляецца на бел. рынак, у краіны СНД і інш. Больш за 80% прамысл. патэнцыялу вобласці сканцэнтравана ў вял. гарадах — шматгаліновых цэнтрах з буйнымі спецыялізаванымі прадпрыемствамі. Унікальнае для Беларусі Мікашэвіцкае вытв. аб’яднанне «Граніт» па здабычы буд. каменю, у г. Белаазерск — 2-я па магутнасці на Беларусі Бярозаўская ДРЭС. У вобласці (1993) каля 70 прадпрыемстваў харч. (цукр., мясной, малочнай, па перапрацоўцы садавіны і агародніны) прам-сці, 24 — лясной і дрэваапр., 23 — прам-сці буд. матэрыялаў. Яны працуюць на мясц. сыравіне, размешчаны пераважна ў сярэдніх і невял. гарадах і гар. пасёлках. Жыллёвым, меліярац., сельскім і дарожным буд-вам займаюцца 14 будтрэстаў, 181 буд.-мантажная арг-цыя (1993). Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні бульбы, збожжавых культур і цукр. буракоў. У 1993 на долю жывёлагадоўлі прыпадала 53% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Ва ўсх. і паўд.-зах. раёнах жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. У цэнтр. і зах. раёнах дадаткова вырошчваюць цукр. буракі, у паўн. раёнах — лён. Сельгасугоддзі займаюць 45% тэр. і складаюць 1475 тыс.га (1993). У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць пасевы збожжавых і зернебабовых, кармавых культур і бульбы (гл.табл. 1). Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад цукр. буракамі. Больш за 76% пасяўных плошчаў бульбы і больш за 67% агародніны прыпадае на асабістыя дапаможныя гаспадаркі насельніцтва. На фермерскія сял. гаспадаркі прыпадае 1556 га пасяўных плошчаў (1993). Жывёлагадоўля мяса-малочнага і малочна-мяснога кірунку. Дынаміка пагалоўя да 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі (гл.табл. 2). Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Баранавіцкага, Камянецкага, Пінскага, Брэсцкага і Столінскага р-наў, малака — Пінскага, Пружанскага, Баранавіцкага, Камянецкага, Кобрынскага, яец — Баранавіцкага, Кобрынскага, Пружанскага р-наў.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 1074 км. Па густаце чыгунак (33,3 км на 1 тыс.км²) вобласць займае 1-е месца ў рэспубліцы. Праходзяць найважнейшыя міжнар. магістралі: Масква—Мінск—Брэст—Варшава, Вільнюс—Лунінец—Роўна, Ковель—Брэст і гал. чыгунка Палесся Брэст—Гомель. Чыг. вузлы: Брэст, Баранавічы, Лунінец, Жабінка. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,3 тыс.км. Асн. магістралі Брэст—Мінск, Брэст—Гомель. Вял.значэнне мае водны транспарт. У межах вобласці суднаходныя Прыпяць, Піна, Мухавец, Стыр, Гарынь, Дняпроўска-Бугскі і Мікашэвіцкі каналы. Нафтаправод «Дружба», газаправод Таржок—Мінск—Івацэвічы з адгалінаваннем на Кобрын—Брэст—Варшаву. У Брэсце і Пінску — аэрапорты.
Л.В.Казлоўская.
Да арт.Брэсцкая вобласць. Участак Дняпроўска-Бугскага канала ў Брэсцкім Палессі (уверсе). Жывёлагадоўчы комплекс у Брэсцкім раёне.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы Брэсцкай вобласці (тыс.га)
Гады
1990
1993
Уся пасяўная плошча
878,5
851,2
Збожжавыя і зернебабовыя
376
374,1
Тэхнічныя культуры
42,2
34,7
у т.л. цукровыя буракі
17,6
19,5
лён-даўтунец
14,4
9,8
Бульба
102
136,9
Агародніна і бахчавыя культуры
5,9
10,2
Кармавыя культуры
352,2
295,3
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ва ўсіх гаспадарках вобласці (тыс. галоў)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМІ́БІЯ (Namibia),
Рэспубліка Намібія (Republic of Namibia), дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Анголай і Замбіяй, на У з Батсванай, на ПдУ і Пд з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР); на З абмываецца водамі Атлантычнага ак.Пл. 824,3 тыс.км². Нас. 1648,3 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока ўжываюцца таксама афрыканс і нямецкая. Сталіца — г.Віндхук. Краіна падзяляецца на 13 адм. рэгіёнаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 сак.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — 2-палатны парламент, які складаецца з Нац. асамблеі (72 дэпутаты выбіраюцца ўсеагульным прамым галасаваннем на 5 гадоў) і Нац. савета (26 прадстаўнікоў рэгіёнаў, што выбіраюцца на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду.
Прырода. Большая частка тэр. Н. — пласкагор’е выш. 1300—1500 м на З і 900—1100 м на У. Найб.выш. 2600 м (г. Брандберг). Пласкагор’е спадзіста паніжаецца на У да паўпустыні Калахары, на З уступам абрываецца ў бок прыбярэжнай раўніны — пустыні Наміб. Карысныя выкапні: алмазы, уранавыя, поліметалічныя, медныя, алавяныя, вальфрамавыя, рэдкаметал. руды, сера, прыродны газ і інш. Клімат трапічны, вельмі сухі. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (студз.) ад 18 °C на беразе акіяна да 27 °C ва ўнутр. раёнах, самага халоднага (ліп.) ад 12 °C на Пд да 16 °C на Пн. Ападкаў ад 10—50 мм за год на ўзбярэжжы, да 500—700 мм на ПнУ. Гал. рэкі на Пн — Акаванга, Кунене, на Пд — Аранжавая, астатнія — часовыя вадатокі. На Пн краіны перасыхаючае воз. Этоша. Пераважаюць пустынныя трапічныя глебы і чырванавата-бурыя глебы саваннаў. Расліннасць у пустыні Наміб сукулентная, на пласкагор’і злакава-хмызняковая і хмызняковая, у больш высокіх раёнах паўпустыні і апустыненыя саванны. У складзе жывёльнага свету горных раёнаў і на У эндэмічныя грызуны (даўганос, капскі сляпыш), асобныя віды зайцоў, трубказуб; шматлікія яшчаркі, змеі і інш. Воды акіяна каля берагоў Н. багатыя прамысл. рыбай (сардзінела, макрэль, анчоўс), марскімі ракамі (амары, лангусты), ёсць цюлені. Нац. паркі: Этоша, Наміб, Бераг Шкілетаў, Ноўклуфберге.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва належыць да групы зах. банту: авамба (810 тыс.чал.), каванга (146 тыс.чал.), герэра (114 тыс.чал.) і інш. Жывуць горныя дамара (114 тыс.чал.), гатэнтоты, бушмены (сан). Нас.еўрап. паходжання (100 тыс.чал.) складаецца з афрыканераў, немцаў, англічан. Каля 80% вернікаў хрысціяне (пераважна пратэстанты), астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 2 чал. на 1 км². У пустыні Наміб і паўпустыні Калахары вял. тэрыторыі не маюць пастаяннага насельніцтва. Гар. насельніцтва каля 37%. Найб. гарады: Віндхук (190 тыс.ж., 1995), Людэрыц, Уолфіш-Бей, Цумеб. У сельскай гаспадарцы занята 49%, у прам-сці і гандлі — 25% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Першыя стаянкі чалавека, выяўленыя на тэр. Н., адносяцца да 2-га тыс. да н.э.Стараж. насельніцтва Н. — плямёны кой-коін (продкі сучасных нама, 3 групы гатэнтотаў), сан (бушмены) і дамара. У 16 ст. сюды прыйшлі плямёны банту (авамба, герэра, каванга і інш.). У канцы 15 ст. ўзбярэжжа Н. адкрылі партуг. мараплаўцы. У 1878 Вялікабрытанія анексіравала раён бухты Уолфіш-Бей. У 1884 Германія ўсталявала пратэктарат над-раёнам Ангра-Пекена, потым над б.ч.тэр. Н., якая стала герм. калоніяй «Германская Паўд.-Зах. Афрыка» (ПЗА). У адказ на прыгнёт герм. улад герэра на чале з С.Магарэра і нама на чале з Х.Вітбоем узнялі ў 1904—07 паўстанне, якое было жорстка задушана герм. войскамі. У 1915 Н. акупіравана Паўд.-Афр. Саюзам (ПАС; з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспубліка, ПАР), які ў 1920 атрымаў ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ПЗА. У 1946 урад ПАР анексіраваў ПЗА, ператварыў яе ў сваю правінцыю і распаўсюдзіў на яе рэжым апартэіду. ААН не прызнала анексію і ў 1968 і 1978 прыняла рэзалюцыі аб праве народаў Н. на самавызначэнне. З 1966 узбр. барацьбу супраць акупацыі пачала Народная арганізацыя Паўднёва-Заходняй Афрыкі (СВАПО) на чале з С.Нуёмам. Улады ПАР падтрымліваў створаны з прадстаўнікоў памяркоўных арг-цый Дэмакр. альянс Турнхале. Пад націскам ААН і сусв. супольнасці ўлады ПАР правялі ў ліст. 1989 выбары ва Устаноўчы сход, на якіх перамагла СВАЛО. У студз. 1990 Нуёма выбраны прэзідэнтам Н. 21.3.1990 абвешчана незалежнасць краіны. Урад незалежнай Н. імкнецца праводзіць памяркоўную палітыку, накіраваную на развіццё прыватнага сектара і пазбяганне этн. і сац. канфліктаў. Н. — чл.ААН (з 1990). Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нар.арг-цыя за вызваленне Паўд.-Зах. Афрыкі, Дэмакр. альянс Турнхале.
Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва ў 1997 склаў 1,9 тыс.дол. ЗША. На долю здабыўной прам-сці прыпадае каля 25% ВУП. Здабыча і экспарт карысных выкапняў пад кантролем паўд.-афр., англа-амер. і ням. капіталу. Н. займае 6-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (1,3 млн. каратаў, 1997), пераважна ювелірных; іх здабыча вядзецца ўздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. ад г. Людэрыц да вусця р. Аранжавая. Здабыча вокісу урану (у раёне Свакапмунда), медзі, свінцу, волава, цынку, ванадыю, серабра, кадмію, берылію, літыю, вальфраму, марганцу. На базе руд каляровых металаў у г. Цумеб працуюць з-ды медзеплавільны, па выплаўцы і рафінаванні свінцу, цынку, волава і інш. У 1994 атрымана (тыс.т) вокісу урану — 1,7, свінцу — 24, волава — 1, серабра — 0,09. Вытв-сць электраэнергіі штогод каля 1 млрд.кВт∙гадз. Буйныя ЦЭС у гарадах Віндхук, Цумеб, Уолфіш-Бей; Рваканская ГЭС на р. Кунене. Апрацоўчая прам-сць развіта слаба. Працуюць прадпрыемствы па зборцы машын і абсталявання, суднарамонце (Віндхук, Уолфіш-Бей), дрэваапр. прам-сці, у т. л. мэблевыя, па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (малочныя, мясакансервавыя, мукамольныя), па перапрацоўцы рыбы, амараў, цюленяў, малюскаў, гарбарныя, буд. матэрыялаў і інш. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае каля 8% ВУП, пераважае жывёлагадоўля. Характэрна наяўнасць буйных таварных фермерскіх гаспадарак, якія належаць еўрапейцам, і адсталых натуральных гаспадарак афрыканцаў. Асн.значэнне мае гадоўля каракульных авечак (адно з першых месцаў у свеце па пастаўках аўчын). Пагалоўе (млн. галоў, 1997): авечак — 2,43, буйн. раг. жывёлы — 2,06, коз (пераважна ангорскіх) — 1,82, птушкі — 2,4. Земляробства мае дапаможнае значэнне. Пад ворнымі землямі каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць проса, кукурузу, сорга, пшаніцу, агародніну, бахчавыя культуры. Улоў рыбы ў 1996—267 тыс.т. Даход краіны ад турызму каля 210 млн.дол. штогод. Даўж. гравійных дарог 37,3 тыс.км, асфальтавых 4,5 тыс.км, чыгунак 2,4 тыс.км. Марскія парты — Уолфіш-Бей і Людэрыц. 11 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля г. Віндхук. У 1996 экспарт склаў 1,45 млрд., імпарт — 1,55 млрд.дол. ЗША. Н. вывозіць мінер. сыравіну (30% алмазы), рыбапрадукты (18,5%), аўчыны (8,1%), мясапрадукты (7%) і інш. Імпартуе маш.-буд. і хім. прадукцыю, спажывецкія і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: ПАР (27% экспарту і 85% імпарту), Вялікабрытанія, Германія, Японія. Грашовая адзінка — намібійскі долар.
Літ.:
Балезин АС., Притворов А.В., Слипченко С.А. История Намибии в новое и новейшее время. М., 1993.
В.І.Сініца (гісторыя), Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Намібіі.Да арт.Намібія. Ландшафт у пустыні Наміб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМЯСТВО́,
рамяствоіпромысел, вытворчасць прамысловых вырабаў з дапамогай нескладаных традыц. інструментаў; майстэрства ўмелых рук (ад стараж.-рус. рукамясло); першая гіст. стадыя ў развіцці прамысл. вытв-сці. Паралельнае ўжыванне тэрмінаў «Р.» і «промысел» адлюстроўвае поўнае ці частковае супадзенне іх прадметнага зместу, а разыходжанні звязаны з асэнсаваннем іх з пункту гледжання сац.-эканам. характарыстыкі, сувязі з земляробствам і інш. Вырашальным для Р. з’яўляецца асабістае майстэрства рамесніка і індывід. характар вытв-сці (звычайна рамеснік працуе адзін або з невял. колькасцю памочнікаў). У залежнасці ад зыходнага матэрыялу вылучаюць асобныя групы Р. (дрэва- і металаапрацоўчыя, гарбарна-кушнерскае, апрацоўка мінер. сыравіны, валакністай сыравіны і выраб адзення), якія былі пашыраны на Беларусі і далі пачатак розным галінам прамысл. вытв-сці. Паводле сац. арганізацыі Р. падзяляюць на хатнія (для ўласных патрэб), на заказ і на рынак (дробнатаварная вытв-сць). У гіст. і сацыяльна-эканам. л-ры прадметны сэнс Р. нярэдка абмяжоўваецца вытв-сцю на заказ, а Р. на рынак наз. саматужным промыслам, хатняе Р. — хатнім промыслам. Паводле характару арганізацыі працы вылучаюць таксама стацыянарныя і адыходныя, ці вандроўныя Р. і промыслы (дойлідства, буд-ва мастоў, шапавальнае і інш.). У асобную групу вылучаюць маст. промыслы, у якіх найб. яскрава ўвасоблены нар. творчасць, маст. густы, духоўныя памкненні і нац.вытв. традыцыі народа.
У феад. перыяд амаль кожны сял. двор выступаў як самаст.вытв. калектыў з шырокім дыяпазонам гасп. дзейнасці. Разнастайныя жыццёва неабходныя прадметы (харч. прыпасы, жыллё, адзенне, тканіны, скуры, рэчы хатняга ўжытку, посуд, с.-г. прылады і трансп. сродкі) у большасці вырабляліся на месцы сваімі рукамі. Універсальны характар сял. гаспадаркі быў шырокай базай вытв. вопыту і нар. ўмельства, што абумовіла агульны росквіт Р. і промыслаў. З сельскага насельніцтва вылучаліся майстры, для якіх Р. станавілася важнай ці нават асн. крыніцай існавання. Частка іх несла дваровую службу пры ланскіх ці дзярж. (гаспадарскіх) маёнтках і манастырах. Часам двары-службы ўтваралі цэлыя пасяленні рамеснікаў пэўнай спецыяльнасці — цесляроў, бондараў, гантароў, гарбароў, ганчароў, гутнікаў, буднікаў і інш.; іх прадукцыя забяспечвала патрэбы маёнтка, прадавалася на кірмашах, збывалася за мяжу. Статуты ВКЛ замацоўвалі роўныя прывілеі для рамеснікаў, якія паводле свайго юрыдычна-прававога становішча стаялі ў феад. іерархіі вышэй за сялян-земляробаў. Частку залежных рамеснікаў феадалы сялілі ў горадзе на землях сваіх юрыдык. Гар. Р. ў значнай ступені развівалася за кошт прытоку ў горад сельскіх майстроў і адначасова ўплывала на развіццё і тэхн. ўзровень сельскага Р. Сельскае насельніцтва, якое перасялялася ў горад, прыносіла з сабой абшчынныя традыцыі, што складаліся ў нормы звычаёвага права і адбіваліся на паўсядзённым жыцці брацтваў. Развіццю бел. Р. і промыслаў, іх спецыялізацыі і арганізац. ўпарадкаванню садзейнічала магдэбургскае права. У 16—17 ст. у гарадах Беларусі зафіксавана каля 200 спецыялізаваных відаў Р. і промыслаў. Найб. пашыраны былі ў гарадах — кавальскае, кравецкае, шавецкае, гарбарнае, ганчарнае; у вёсках — розныя віды дрэваапрацоўкі (выраб посуду, с.-г. прылад, цяслярства), апрацоўка лёну і воўны, ткацтва, пляценне. Гар. рамеснікі аб’ядноўваліся ў асобныя прафесійныя арг-цыі — цэхі. Такія карпарацыі наз. брацтвамі (Брэст, Гродна, Мінск, Вільня) або староствамі (Магілёў, Полацк). У склад цэха (40—50 чал.) уваходзілі людзі рамесных прафесій, а таксама рыбаловы, бортнікі, шынкары і інш., што займаліся промысламі ў шырокім сэнсе. У 17 ст. на Беларусі 116 цэхаў, кожны цэх меў свой статут, які вызначаў яго структуру, парадак прыёму новых членаў, рэгуляваў унутрыцэхавыя адносіны і інш., а таксама меў свой сцяг, зброю, сімвал, агульную касу; у час вайны абараняў горад. Цэхавая арг-цыя садзейнічала далейшаму развіццю Р., іх спецыялізацыі і павышэнню ролі ў сістэме грамадскай вытв-сці. Значэнне цэхаў выходзіла далёка за межы карпаратыўна-прафес. арг-цыі. Яны адыгрывалі значную ролю ў паліт. жыцці гарадоў, барацьбе супраць прыгонніцтва, за грамадзянскія правы і незалежнасць. Ваенныя падзеі ў 2-й пал. 17—пач. 18 ст. (войны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўн. вайна 1700—21) згубна адбіліся на развіцці рамеснай вытв-сці на Беларусі. Напр., у Віцебску, буйнейшым цэнтры рамеснай і прамысл. дзейнасці, у сярэдзіне 17 ст. было больш за 1 тыс. майстроў розных спецыяльнасцей, а ў 1665 засталіся 72 рамеснікі. У 2-й пал. 18 ст. назіралася адраджэнне традыц. Р. Асабліва хутка расла колькасць кавалёў, слесараў, цесляроў, шаўцоў, краўцоў, гарбароў і інш. Да 19 ст. цэхавае Р. вычарпала свае магчымасці. Аднак яно падрыхтавала глебу для сучасных форм вытв-сці. Побач з Р. значна пашырыліся мануфактуры, якія ўзніклі і працавалі на базе мясц.нар. Р. і промыслаў. Пэўнае месца ў вытв-сці прамысл. тавараў займала т.зв. рассеяная мануфактура. Часам мануфактурная і саматужна-рамесная вытв-сць аб’ядноўваліся ў адзіную сістэму вытв. сувязей. Больш выразны падзел працы, дыферэнцыяцыя вытв. працэсу на шэраг спецыялізаваных рамесных заняткаў садзейнічалі назапашванню вытв. ведаў, усталяванню новых, больш дасканалых і спецыялізаваных інструментаў, што з’яўлялася перадумовай вынаходства машын, У 19 ст. разам з ажыўленнем гандлёва-эканам. адносін прыкметна вызначылася геагр. спецыялізацыя с.-г. і саматужна-прамысл. вытв-сці. На Падняпроўі былі шырока развіты гарбарная, ганчарная, шкляная вытв-сці, лясныя і дрэваапр. промыслы. У Падзвінні важнае эканам.значэнне набылі вырошчванне лёну і яго апрацоўка, суднабудаванне, каменячосны і кавальскі промыслы, а з дрэваапрацоўкі — цяслярства. У Панямонні былі больш пашыраны вытв-сць сукна, харчовая, гарбарная вытв-сць, шавецкая і кравецкая справы. На Палессі важнае месца займалі здабыўныя промыслы (рыбалоўства, бортніцтва, збіральніцтва), а з рамесных — суднабудаванне, выраб бандарнага і плеценага посуду. Рэформа 1861 узмацніла сац. расслаенне, вызваліўшы частку прац. рэсурсаў для неземляробчых заняткаў. Прыкметна змянілася і структура Р., іх месца ў грамадскай вытв-сці. Развіццё буйной прам-сці абумовіла паступовае скарачэнне ткацтва, ганчарства, звузіліся маштабы вышыўкі, набойкі, крашаніны, апрацоўка ліпавай кары, выраб рагож і цыновак. Аднак некат. Р. да пач. 20 ст. пашырыліся, у іх ліку кравецкае, шавецкае, шапавальнае, аўчыннае, кавальскае, выраб шкла, цэглы, кафлі, а з дрэваапрацоўчых — сталярнае і цяслярнае. Змяніліся сац. характар Р. і промыслаў, іх сувязь з рынкам збыту, узаемаадносіны гар. і сельскага Р., Р. і буйной прам-сці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 саматужна-рамесніцкая вытв-сць разглядалася як адна з форм пераходу да сацыяліст. прам-сці, што знаходзіла сваё ўвасабленне ў прамысл. кааперацыі.
У сферы грамадскай вытв-сці развіццё буйной прам-сці адцясніла Р. і промыслы на другараднае месца. Аднак яны не зніклі, эканамічна апраўданы як дапаможны промысел, як спецыялізаваная дзейнасць майстроў. Асваенне лепшых традыцый нар. Р. — адзін з важнейшых кірункаў у развіцці мясц. прам-сці. Нар. промыслы, пераасэнсаваныя і адроджаныя на новай арганізац.-прававой і тэхн. асновах, набываюць самаст. ролю як адзін з камерцыйна-эканам. рычагоў грамадскай вытв-сці, а таксама як састаўная частка бел.нац. культуры. З мэтай захавання і адраджэння традыцый бел. Р. створаны Саюз майстроў нар. творчасці (1992). Узоры нар. Р. шырока выкарыстоўваюцца ў розных відах прафесійнага нац. мастацтва.
В.С.Цітоў.
Да арт. Рамяство. Разьба па дрэве. Пляценне з саломы..
im Gróßen geséhen разгляда́ючы (што-н.) у агу́льным пла́не
Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.)
Ка́яць, ка́іць ’караць’ (Нас.). Магчыма, ’лаяць’, параўн.: «Сам покай его, а я скольки раз каив, да каиння мойго не слухаець» (Нас., 227), параўн., каіне ’пакаранне, кара’: «Бог пошласць нам каинне», «Ниякога каиння не слухаець гетый человек» (Нас., там жа), і каінне ’раскаянне’, гл. яшчэ каята і інш. Другая форма дзеяслова — каяцца ’прызнаваць сваю віну, памылку перад кім-н., усвядоміўшы сваю памылку, шкадаваць аб зробленым; спавядацца’ (БРС, ТСБМ), ’шкадаваць аб зробленым’ (Чач.), ’наракаць на самога сябе’ (КЭС, лаг.). З новых слоўнікаў: каяцца (ТС) і каяцца ’раскайвацца’ (лід., круп., Сл. паўн.-зах.). Статус слова не вельмі ясны; што датычыцца зваротных форм, неабходна мець на ўвазе, што ў некалькіх выпадках дзеяслоў сустрэўся ў прыказцы, адзначанай на вялікай тэрыторыі, па гэтай прычыне невядома, якой канкрэтна мове або храналагічнаму зрэзу належыць слова. Параўн. круп.: «Не будзе каяцца чалавек, рана ўстаўшы і молад ажаніўшыся» (Сл. паўн.-зах., 2, 450), «Не кайса, шо молоды жэніўса і рано ўстаў» (ТС, 2, 187), «Не кайся, рано вставши, молодо оженившись» (Грынчанка, 2, 229). Улічваючы рад вытворных і некаторыя самабытныя значэнні ў бел. мове, можна думаць, што тут не было (выключаючы некаторыя даныя ў асноўным у літаратурнай мове) запазычання са сферы царкоўнай лексікі. Слова вядома большасці славянскіх моў: укр.каятися ’каяцца, раскайвацца’, каяти (кого) ’лаяць, караць (каго)’ (апошняя форма прыводзіцца няясна з якой крыніцы Бернекерам), рус.каять, каяться вядома ў розных значэннях (у дыялектах), звяртаюць на сябе ўвагу такія, як ст.-рус., рус.-ц.-слав.каꙗти ’ганіць’, арханг.каять ’лаяць, сварыцца, праклінаць’, аланец. ’біць, караць’. Польск.kajać się ’каяцца, раскайвацца’, в.-луж.kać so ’раскайвацца’, чэш.káti ’шкадаваць, загладжваць віну’, káti se ’раскайвацца, каяцца’, славац.kajať sa ’раскайвацца, каяцца’, славен.kájati ’ганіць, асуджаць’ і інш., kájati se ’каяцца, раскайвацца’, серб.-харв.ка̏јаті, ка̏јати се ’раскайвацца’, ’шкадаваць’ (вельмі цікавае значэнне ’помсціць (аб кроўнай помсце)’, kȁjati se ’раскайвацца’, макед.кае се ’каяцца, раскайвацца’, балг.ка́я се ’каяцца, раскайвацца, шкадаваць’, ст.-слав.каꙗти сѧ ’каяцца’. Значэнне ’караць, ганіць’, верагодна, неабходна лічыць асноўным для прасл.kajati. Апошняе — другасны дзеяслоў (дуратыўны, на ‑ati, з падоўжаным вакалізмам кораня, магчыма, з і. -е. *ku̯ōi. Бліжэйшай і.-е. адпаведнай формай з’яўляецца ст.-іран. (авест.) kāy‑ ’каяцца’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 115–116; Фасмер, 2, 216 (дзе прыводзяцца як адпаведнасці таксама ст.-інд.cáyatē ’ён помсціць, карае’ і далейшыя вытворныя). Гл. яшчэ Бернекер, 1, 499; вельмі падрабязна Слаўскі, 2, 22–23.