Тухля́к1 ‘нешта смярдзючае, гніючае’ (Нас.; мёрск., Нар. лекс.), сюды ж, магчыма, і ‘лямпачка без шкла, капцілка’ (Бяльк.). Да тухлы (гл.), апошняе можа быць звязана і з тухнуць1 ‘пераставаць гарэць, кепска свяціць’.

Тухля́к2 ‘кухталь, штуршок’ (мёрск., Нар. лекс., Вушац. сл.), рус. смал. тухля́к ‘удар кулаком, тумак’. Відаць, з кухталь пад уплывам ту́хаць ‘біць, стукаць’, гл. тух.

Тухля́к3 ‘соня, сонька’ (ваўк., Федар. 4). Да тухнуць2 у значэнні ‘спаць’, сюды ж тухля́ць ‘марнець, гібець, пазбягаць працы, валяцца’ (Зайка Кос.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калды́га1, колды́га ’крывы, кульгавы чалавек, які павольна ідзе’ (Нас.), колдыгаць ’кульгаць’ (Нас.). Дакладны адпаведнік у суседніх смал. гаворках: колдыга ’кульгавы чалавек’, колдыгай ’тс’ (тут дадатковая суфіксацыя, як у смал. колдыбай ’тс’), колдыгать ’кульгаць’. Утварэнне, аналагічнае калдыба1 (гл.). Рэгіянальны наватвор, інавацыя ва ўсх.-бел. гаворках. Звяртае на сябе ўвагу яшчэ і росл., смал. колдыка, смал. колдыкаць ’кульгаць’. Відаць, няма патрэбы разглядаць бел. калдыга як звонкі дублет да прыведзеных слоў. Суфіксацыя ў бел. слове з’яўляецца натуральнай, параўн. маг. утварэнні хварыга ’хворасць, прыпадак’ (Нас.). Падобную смал. суфіксацыі адзначае Сцяцко, Афікс. наз., 76, у некаторых беларускіх гаворках, параўн. полац. хадыка ’хадок, хадуля’. Што датычыць мяркуемай намі суфіксацыі ў калдыба (гэты элемент лёгка выдзяляецца, параўн. прыведзеныя словы), можна думаць, што яна нерэгулярная, магчыма, трасфармацыя ‑ыг‑а пад уплывам дзеяслова дыбаць ’кульгаць’. Падрабязней гл. кандыба, відаць, роднаснае гэтаму кругу лексікі.

Калды́га2 ’скіба дзярністай зямлі на раллі, вялікія кавалкі сухой зямлі на заскароджаным молі’ (слаўг., Яшк.). Утварэнне, аналагічнае калдыба2. Суфіксацыя (па тыпу) у даным выпадку не вельмі ясная, аднак іншы варыянт тлумачэння таксама не высвятляе гэтага пытання. Параўн. рус. дыял. колча ’кульгавы чалавек’, ’купіна’, пск., кур. колчеватый ’ухабісты, няроўны, купісты (звычайна пра дарогу)’, колчи ’ўхабіны, камкі замёрзлай гразі на дарозе, ворыве і да т. п.’. Аднак, думаецца, няма патрэбы суадносіць семемы ’кульгавы’ і ’ўхабісты’, відаць, тут незалежныя ўтварэнні ад асновы колт‑. У такім выпадку тут не толькі семантычная паралель да разглядаемага слова, але і генетычна роднасная лексіка (дэрываты ад kl̥t‑/kl̥d‑).

Калды́га3 ’парода лесуна’ (Кірк.). Дакладных адпаведнікаў да гэтага слова няма. З фармальных паралелей бел. калдыга ’кульгавы’, параўн. у Насовіча колдыга ’крывы, кульгавы, які павольна ходзіць’. Вельмі сімптаматычная інфармацыя ў Насовіча, 241: «Колдыга… хромой чортъ. Колдыга чортовъ, усе круциць да муциць», відавочна, сведчыць на карысць таго, што калдыга3 паходзіць ад калдыга ’кульгавы’. Адносна этымона гл. калдыга1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяхо́та: на пяхо́ту ’пехатой, пешшу’ (Цых.), ’род войска’ (ТСБМ, Ласт.), пях́отай ’пешшу’ (валож., Жыв. сл.), пяхо́там ’тс’ (Жд.), пехото́м ’тс’ (ПСл), пяхто́м ’тс’ (Сцяшк. Сл.), укр. піхо́та ’пяхота’, рус. пехо́та ’тс’, польск. piechota ’хаджэнне пешкі; пешае войска’, чэш. pěchota ’пешае войска’. Прасл. дыял. *pěxota, вытворнае ад *pěxъ ’пешы’ (Фасмер, 3, 254), гл. пехата. Відаць, не можа разглядацца асобна ад славен. pehóta ’стома’, якое Бязлай (3, 21) параўноўвае з харв. дыял. pijèhati ’дыхаць, храпці’. Тады, відаць, першапачаткова гукапераймальнае, параўн. чэш. pěch ’трамбоўка’, pěchovati ’трамбаваць, піхаць’. Банькоўскі (2, 546) прапануе выводзіць з *pěxъ ’павольнае і мернае апусканне таўкача ў ступе’, што адлюстравалася ў пех ’чалавек, якога трэба папіхаць да справы’ (Нас.), чэш. pěchem ’паволі’, балг. пех ’марудны, цяжкі’ і звязана з пхаць, піхаць (гл.). Па семантычных і фармальных прыкметах цяжка выводзіць з і.-е. *pēd‑s, параўн. і.-е. *pēd‑ ’нага, ступак’, параўн. Махэк₂, 446; Варбат, Этимология–1971, 18. Гл. таксама пешы (ш < х, параўн. пе́хам ’пешкі’, гл.). У значэнні ’род войска’ запазычана праз польскую з чэш. pěchota або непасрэдна з рус. пехо́та, што замянілі ў XVIII ст. германізм інфантэрыяісп. infantería, ад infante ’хлопец, пахолак, які пешкі суправаджаў рыцара на кані’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Астало́п ’дурань, тупіца, невук’ (БРС, Нас., Бяльк., Касп., Бір. дыс.). Рус. остоло́п ’тс’. Параўн. яшчэ стаяць асталопам ’стаяць аслупянеўшы’ (Нас., Бяльк.), асталопіна (Нас., Бяльк., Касп.). Ужо Даль слушна звязваў гэта слова з стоўб/стоўп ’слуп’, што прынялі Міклашыч, 321; Гараеў, 242. Пісаў пра гэта слова Сабалеўскі (РФВ, 64, 124; ЖМНП, 1897, № 7). Праабражэнскі (1, 665), Шахматаў (Очерк, 281) паяснялі другім паўнагалоссем рускую форму, а Карскі (1, 257) — беларускую, прыводзячы і бел. столап. Неадназначна рашаецца пытанне пра паходжанне a‑, а разам з тым і пра канкрэтную этымалогію слова. Праабражэнскі, Шанскі, (КЭСРЯ, 316) лічаць, што зыходнай была дзеяслоўная форма остол(о)пѣти ’аслупець’, адкуль бяссуфіксны назоўнік асталоп. Булахоўскі (Тр. ИРЯ, 1, 160) убачыў тут кантамінацыю стол(о)п і олух. Улічваючы наяўнасць у смаленскіх гаворках (Мат. Смал.) слова остолоп ’драўляны слуп у ёўні’, трэба, відаць, пагадзіцца з Фасмерам, 3, 165, які тлумачыў асталоп ’дурань’ як пераноснае ўжыванне слова, што азначала ’слуп’, і параўноўваў яго з полено, дубина, чурбан. У карысць такога тлумачэння сведчыць, відаць, і выраз асталопам, дзе творцы склон тлумачыцца як параўнальны (як асталоп). А‑ ў гэтым выпадку пратэтычнае, або прэфіксальнае (параўн. рус. остолпие ’капітэль’, ст.-рус. остълпление ’каланада’). Гл. стоўб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стырня́ ‘іржышча’ (Нар. Гом.), ‘пожня’, стэрня́, стэ́рня, сцерня́, стырне́ ‘тс’ (ДАБМ, камент., 849). Параўн. укр. стерня́ ‘тс’, рус. стерня́, польск. ścierń, ściernie, чэш. strní, strniště, славац. strnisko, в.-луж. šćerń, šćernje, н.-луж. sćernje, серб.-харв. стр́ниште, славен. stŕn, strnišče, балг. стърни́ще, макед. стрниште. Прасл. *stьrnь, зборн. *stьrnьje, разглядаецца як варыянт з рухомым s‑ да *tьrnь, гл. цёран, роднаснае грэч. στερεός ‘цвёрды’, с.-в.-ням. stārr ‘цвёрды, жорсткі’. Гл. Бязлай, 3, 330; Фасмер, 3, 759; ЕСУМ, 5, 413. Фанетыка беларускага слова, відаць, пад уплывам стырчаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сусве́т ’увесь свет’, ’зямны шар, Зямля з усім, што існуе на ёй’, ’асобная частка сусвету’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), сусьве́т ’усясвет, космас’ (Ласт., Яруш.; Беларусіка, 14, 225), сусве́тный ’усясветны; з усяго свету першы’: сусветны злодзей (Нас.), сусве́тны (сусьве́тны) ’усясветны’, ’што паходзіць з белага свету’ (Гарэц., Яруш., Ласт., Варл.), ’касмічны’ (Беларусіка, 19, 226), сусве́цце ’людзі, наезджыя адусюль’ (Барад.). Рус. сусве́тный ’агульны, усясветны’. Відаць, з першаснага усясвет (гл.), што з’яўляецца калькай ням. Weltall ’сусвет’ < Welt ’свет’ і all‑ ’увесь’, з заменай уся‑ на су- са значэннем сукупнасці (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сядаві́ць ’садзіць’ (Сцяшк.), сядаві́цца ’сядаць, садзіцца’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ), сядовэ́тыся ’тс’ (кам., Сл. ПЗБ), седаві́цсе (siedawicsie) ’тс’ (Федар. 1). Каўзатыў ад сядаць (гл.) са значэннем ’прапанаваць сесці; рабіць так, каб нехта сеў’, параўн. адносіны ставіць і стаяць (гл.). Відаць, не можа разглядацца асобна ад садавіць ’дапамагаць, прапанаваць сесці’ (гл.), для якога дапускаецца запазычанне з польскай, што нельга выключыць па лінгвагеаграфічных прычынах, аднак магчымы і другасны каўзатыў ад саджаць, садзіць, гл. Да словаўтварэння параўн. ст.-бел. седовати, седывати ’паседжваць’ (Сл. Скар.), суфікс якіх перадаваў шматкратнасць дзеяння.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сяро́дак (серёдокъ) ’сярэдняя частка, сярэдзіна’, ’сродак’ (Нас.), ’сярэдзіна, нутро’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр.), ’сэрцавіна морквы’ (Сцяшк.; барыс., Сл. ПЗБ), сярёдак ’вантробы’ (Растарг.), сырыдо́к, сырдо́к ’стрыжань, асяродак (у расліне, алоўку)’ (драг., З нар. сл.), сяро́давік ’тс’ (бярэз., Жд. 2), ’сярэдні маладзенькі лісток’ (барыс., Сл. ПЗБ), сяро́дка ’сярэдзіна’ (Нар. Гом., Сл. ПЗБ), ’зародак’ (мядз., Сл. ПЗБ), ’сярэдзіна гарбуза’ (Сцяшк.), сяро́дкі ’ўнутраныя органы’ (трак., шальч., Сл. ПЗБ), ’адходы пры часанні льну’ (Мат. Маг.). Да сярод (гл.). Сюды ж, відаць, сырда́к ’кош’ (Сл. Брэс.), г. зн. ’кош сярэдніх памераў’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ткале́ ’на ўсякі выпадак, хоць, хаця’ (слонім., Нар. словатв.), тка́ле ’ўсё ж, аднак’ (ганц., Ск. нар. мовы), ’толькі, адно’ (Сержп.), тка́ля ’можа, каб’ (лях., Цыхун, вусн. паведамл.), тколе́ ’жа, ж’ (пін., Жыв. сл.; Сл. Брэс.), тколэ́ ’усё-такі, усё ж, аднак’ (пін., Нар. лекс.). Відаць, да папярэдняга (гл.), ускладненае дадатковай канцавой часціцай ‑ле (< ‑*lě, параўн. але, гл. ESSJ SG, 1, 319). Менш верагоднае вывядзенне з тыке́ле, тыке́ля ’толькі’ (Ласт., 706) або з літ. tik ’толькі, адно’, лат. tikai ’тс’ (Санько, Крыўя, 1996, 1, 93).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяле́ка ’пясчаная, неўрадлівая зямля, залеж, незасеянае поле’ (дзятл., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), пяле́чына ’тс’ (гродз., пух. Сл. ПЗБ), пя́ла ’тс’ (дзятл., Сцяшк. Сл.), сюды ж пялекава́ты, пелякава́ты ’пясчаны’ (дзятл., чэрв., Сл. ПЗБ), пялёта ’пясчаная, неўрадлівая зямля’ (барыс., там жа). Грынавяцкене і інш. (Сл. ПЗБ) выводзяць з літ. pelė́kas ’шэры, мышасты’, што зусім верагодна па лінгвагеаграфічных меркаваннях. Відаць, чыста выпадковае фармальнае супадзенне з славен. pȅlek ’зярнятка’, якое выводзіцца з *рelъ ’пыл, мякіна, палова’ (Бязлай, 3, 23), што суадносіцца з літ. pelaĩ ’мякіна, палова’. Гл. пе́ліка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)