Ла́ндыш, ла́ндаш, ла́ндуш, маг. лантуш, лануш ’ландыш майскі, Convallaria majalis L.’ (Кіс., Бейл., Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), укр. ла́ндиш, ландош, рус. ла́ндыш ’тс’, польск. łanuszka, łanysz, łanka, ст.-польск. łanie uszko ’вуха лані’, што з’яўляецца перакладам сярэдневяковай назвы ландыша — Auricula cervi. Паводле Брукнера (306) і Слаўскага (4, 47–48), Унбегаўна (BSL, 52, 169), Кохмана (Kontakty, 80), ва ўсх.-слав. мовы лексема прыйшла з польскай. Няясным з’яўляецца ‑д‑ у некаторых формах, аднак Унбегаўн мяркуе, што яно — паразітычнае, а паводле народнай этымалогіі лексема збліжаецца з прыметнікам гладкі (параўн. усх.-бел., смал. глад́ыш ’ландыш’). Гл. таксама Фасмер, 2, 457; Махэк₂, 320. Інакш КЭСРЯ (233): рус. ландыш утворана ад ладьнъ ’ладан’ і суф. ‑ыш‑ > ладьнышь, у якім адбылася метатэза д і н. Сюды ж маг. ландыш белы, віц. ландышкі ’грушанка круглалістая, Pyrola rotundifolia L.’ (Кіс.), рус. перм. ландыш ’тс’ — у выніку пераносу паводле падабенства суквецця. Параўн. таксама адваротны перанос: славац. hruštička азначае ’ландыш’ (hruška — ’Pyrola’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́тась ’у мінулым годзе’ (ТСБМ, Сцяшк., Касп., Шат., Гарэц., ТС, Мал., Грыг., КЭС, лаг; калінк., жлоб., гом., добр., рэч., Мат. Гом.; горац., маг., КЭС; аўгуст., Карл.), драг. лі́тюсь, літюся (З нар. сл.), лун., бяроз. ле́тося, ле́туся ’тс’ (Шатал., ТС), сакульск., гродз. ле́тось ’гэтага года’ (Кар., Труды) — апошняе, відавочна, пад уплывам польскай мовы. Укр. лі́тось, літісь, лєтось, польск. latoś ’сёлета’, н.-луж. lětos(a), в.-луж. lětsa, чэш. letos, letose, славен. lẹ́tos, серб. ле̏тос(ке), харв. ljȅtos, хварск. lȉos, макед. летоска, балг. лятос(ка), прасл. lěto‑se ’гэтага года’. Да лета (гл.) і ‑se, якое з займенніка sь ’гэты’. Яно прысутнічае ў постфіксах -сь, ‑сьці (калісьці). Больш падрабязна пра -сь гл. Сабалеўскі, РФВ, 71, 1904, 15–17; Абрэмбская–Яблонская, БЛ, 9, 16–19. Гл. таксама Слаўскі, 4, 73–75. Сюды ж ле́ташні ’мінулагодні’ (Некр., Бяльк., Касп., ТС, Шат., Сцяшк.), летышній (Грыг.), літёшны (Сіг.), драг. лі́тюшны(й) ’тс’ (З нар. сл.), ле́ташнік ’цялё, якому ідзе другі год’ (Касп.; глыб., рас., Сл. паўн.-зах., ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лопаць 1, лопаті ’трэснуць, рвацца, разрывацца’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп.), ’моцна стукаць’ (Бяльк.; беласт., варон., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’біць крыламі’ (Шат.), лопацца ’трэскацца’, ’крычаць на ўсё горла пры лаянцы’ (КЭС, лаг.; рагач., жлоб., Мат. Гом.; ТСБМ, ТС, Шат.), лопнуць, лопнуті ’трэснуць, пэнкнуць, парвацца, прапасці, знікнуць’, (перан.) ’здохнуць, памерці’ (ТС, Шат., Сл. ПЗБ, сувалк., КЭС), стаўб. ’адлегчы, паменшаць (пра мароз)’ (Жд. 2), лоп! ’пра лопанне’ (мсцісл., Нар. лекс.; ТСБМ). Укр. лопати, лопатися, рус. лопать(ся), польск. крэсовае łopać, славен. lópati, макед., балг. лопам. Прасл. lopati, утворанае ад гукапераймальнага выклічніка lop! (Фасмер, 2, 519; Слаўскі, 5, 202–204). Яму адпавядае літ. lapúoti ’лопаць крыламі’, ’шлёпаць’. Параўн. таксама лапата́ць (гл.). Сюды ж лопан у фразе: лопана на яго няма ніякага! (уздз., Жд. 2).

Лопаць 2 ’жэрці, прагна есці’, ’хлябтаць’ (Нас., Бяльк.). Укр. лопати, рус. лопать, чэш. ляш. łopač, славен. lópati, макед., балг. лопам. Прасл. lopati. Літ. lopóti, лат. lepêt ’тс’. Як і лопаць 1, утворана ад гукапераймальнага выклічніка lop!

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лупцава́ць, лупцова́ць ’біць, хвастаць’, ’стукаць, удараць па чым-небудзь’ (ТСБМ, Гарэц., Растарг., Шат., Касп., ТС), ’сцёбаць пугай, дубцом’ (КЭС, лаг.), лупцова́цца ’біцца, тузацца’ (ТС). Укр. лупцюва́ти, лупцева́ть ’тс’, уладз. ’знімаць скуру з жывёлы’, смал., тул. ’есці з вялікім апетытам’, варон. лупцеваться ’біцца’, разан. лупцевня́ ’бойка’. Паходзяць з ⁺лупсовать, пск., цвяр., тул., бран., валаг., перм., урал. лупсовать ’моцна біць, лупцаваць’, валаг. лупсоваться ’біцца’, а гэтыя — з ⁺лупсать, лупсить, пск., цвяр. лупси́ть ’моцна каго-небудзь біць, адлупіць’, алан. ’шмат есці’, наўг. лупса́нить ’біць, хвастаць’. Апошнія з’яўляюцца балтызмамі, параўн. літ. lupsė́ti, lapsė́ti ’біць, махаць крыламі’, ’жэстыкуляваць’, lupsénti, lapsénti ’лапчыва, прагна есці’, lùpsena ’біццё, пабоі’, а са значэннем ’здыхаць’ літ. lapsénti, відаць, звязана з зах.-укр. лупеса́ти ’лупіць, здзіраць скуру’. Зяленін (РФВ, 54, 115) намагаецца растлумачыць паходжанне рус. лупси́ть ’біць’ з эст. lopsima ’біць’. Фасмер (2, 535) тлумачыць гэтыя дзеясловы як пашырэнне асновы дзеяслова лупи́ть. Сюды ж лупца́нка, лупцоўка ’лупцаваны’, лупцану́ць (Мат. Гом., ТСБМ, Бяльк., Касп., Шат.; КЭС, лаг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лы́жы ’плоскія драўляныя палазы для перасоўвання па снезе, загнутыя спераду’ (ТСБМ, Маш., Бяльк.; зэльв., Сцяц. Словаўтв.; Сцяшк.), рус. лы́жи, ст.-рус. лыжи (XII ст.); параўн. бел. лы́жвы (гл.). Прасл. паўн. lyži, lyžьve ’прыстасаванне для хуткага перасоўвання па снезе або лёдзе’, ’палазы’, ’прадаўгаватыя прадметы: судна, баржа і інш.’ Паводле Фасмера (2, 540), звязана з рус. лызга́ть ’слізгаць па лёдзе’, лызну́ть, лызгону́ть ’вышмыгнуць’, балг. лъзгам се ’катаюся на каньках’, а Слаўскі (5, 448) дадае і каш. łužgi, łużgawki, для якіх першаснымі лічыць łyzga, łyzgawka або łuzga, łuzgawka. Звычайна да іх прыводзяць і.-е. адпаведнікі: лат. lužas, ludes, lug̓es̓ доўгія паляўнічыя лыжы’, літ. šliū̃žes ’палазы’, šliaũžti ’паўзці’, лат. šlūžât ’слізгаць’, гал. sluiken ’красціся’. Куркіна (Этимология–72, 72), прызнаючы роднасць лексемы lyži з lyzgati, выключае супастаўленне яе з балтыйскімі лексемамі. Гл. таксама ZfSl, 8, 877. Сюды ж лы́жнік, лы́жніца, лыжня́ (ТСБМ), якія з рус. мовы (хаця параўн. яшчэ ст.-рус. лыжникъ ’воін на лыжах’; лыжница, лыжня ’след ад палазоў, лыжня’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Любі́ць, любі́ц, любі́ці, любэ́тэ, любы́ты ’адчуваць прыхільнасць да каго- або чаго-небудзь’, ’кахаць’, ’мець цягу, ахвоту, цікавасць да чаго-небудзь’, ’адчуваць задавальненне ад чаго-небудзь’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., ТС, Яруш., Сл. ПЗБ), любі́цца ’заляцацца, любіць, кахаць адзін аднаго’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., Сцяшк., Шат., Касп.; вілей., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), ’мець любоўныя адносіны’ (ТС). Укр. люби́ти(ся), рус. люби́ть, ст.-рус. любити; польск. lubić (się), палаб. lʼaibě ’любіць, кахае’, н.-луж. lubiś, libiś, lubiś so, в.-луж. lubić (so), чэш. líbiti (se), славац. ľubiť (sa); славен. ljúbiti, ljubiti se, серб.-харв. љу́бити (ce), макед. љубам, љубʼа, балг. любя, ст.-слав. любити (сѧ). Прасл. lʼubiti, утворанае ад прыметніка lʼubъ (Слаўскі, 4, 351–353; Фасмер, 2, 544; Скок, 2, 336–339) > лю́бы (гл.). Аднак Трубачоў (Этимология–74, 183) дапускае, што можна бачыць у фармальных адносінах прасл. lʼubъ — lʼubiti спадчыну і.-е. адносін *leubhos — *leubhei̯ō ’любімы — любіць, страсна жадаць’. Сюды ж любі́мы ’які выклікае пачуццё любві’, ’каханы’, любі́мец ’улюбёнец’, любі́мчык ’тс’ (ТСБМ). Гл. таксама любоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляжа́ць, лежа́ць, ліжа́ць, лыже́тэ ’знаходзіцца, займаць гарызантальнае становішча, прастору’, ’распасцірацца’, ’прылягаць’, ’хварэць’, ’захоўвацца’, ’пра зямлю, якая непрыгодна для апрацоўкі’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., Мат. Гом., Янк. 1, Ян., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ). Укр. лежа́ти, рус. лежа́ть; польск. leżeć, палаб. liže (3 ас. адз. ліку), н.-луж. lažaś, в.-луж. ležeć, чэш. ležeti, славац. ležať, славен. léžati, серб.-харв. лѐжати, макед. лежам, балг. лежа́, ст.-слав. лежати. Прасл. ležati, якое з legeti ’быць выцягнутым гарызантальна ўсім целам на чым-небудзь’ (Слаўскі, 4, 196–198). Да і.-е. *legh‑: ст.-в.-ням. ligen (liggan), гоц. ligan, ст.-сакс. liggian, ням. liegen, ст.-ісл. liggja, ст.-грэч. λέχος, λέκτρον ’пасцель’, ст.-ірл. ligę ’пасцель, магіла’ (Бернекер, 1, 704–705; Мее, MSL, 14, 339;Фасмер, 2, 475; Махэк₂, 329; Скок, 2, 281–283; БЕР, 346–347; Шустар-Шэўц, 11, 818). Сюды ж міёр. ле́жъцца ’даспяваць сарванымі, лежачы (пра плады)’ (Нар. сл.), ле́жанне ’вылежванне (пра плады)’ (Юрч.), ляжня́ ’ляжанне’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́па 1 ’пашча, рот звера, вужа, рыбы, чалавека’, ’шырокі рот’, ’звяглівы чалавек’, ’морда’ (ТСБМ, Гарэц., Шн. 2, Касп., Шат., Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ, КЭС, лаг.; докш., маладз., Янк. Мат.), ля́паўка ’рот’ (смарг., Сл. ПЗБ), ’зяпа’ (слуц., Жыв. сл.). Рус. смал., пск. ля́па ’рот, пашча’. Балтызм. Параўн. літ. lepà, lẽpas ’морда, зяпа’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 2, 719). Сюды ж ляплі́вы ’балбатлівы’ (паст., віл., Сл. ПЗБ).

Ля́па 2 ’язва, балячка’ (саліг., Нар. словатв.), люб. ’пухліна’, ганц., пух. ’нарасць на чым-небудзь’ (Сл. ПЗБ). Укр. я́пина ’нарост на дрэве’. Балтызм. Параўн. літ. lẽpis ’соска’, ’казырок шапкі’, lė́pis ’выступ страхі, шырокая страха’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 2, 719).

Ля́па 3, ляпані́на ’слата, хлюпата’ (швянч., ганц.), ля́паўка (смарг.) ’тс’, паст. ля́пська ’слотна’ (Сл. ПЗБ), драг. хляпанэ́на ’хлюпата (мокры снег, гразь)’. Укр. валын. ляпани́ця ’тс’, рус. валаг. ляпани́на ’непралазная гразь’. Балтызм. Параўн. літ. šlãpias ’мокры’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 2, 719). Параўн. таксама тураў. лепету́ха ’вадкая гразь’, ле́пець ’слота’ (ТС).

Ля́па 4 ’сургуч’ (глус., КЭС). Да ля́паць 3 ’кідаць, мазаць густое, ліпкае’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяльмо́жа ’вяльможа’ (БРС). Ст.-рус. вельможа, рус. вельмо́жа, укр. вельмо́жа (з XV ст. у форме вельможа, велможа), польск. wielmoża, чэш. velmož, ст.-слав. вельможа, балг. велмо́жа. Складанае слова (першая частка да *velьjь ’вялікі’, гл., другая да *mog‑ti ’магчы’). Гл. Праабражэнскі, 1, 71; Фасмер, 1, 290; Брукнер, 616; БЕР, 1, 133. Махэк₂ (683) мяркуе, што чэш. velmož, як і рус. вельмо́жа, — гэта зваротныя ўтварэнні ад прыметніка *velьmožьnъ (гэта азначае, што назоўнік з’явіўся пазней). Сюды ж бел. вяльмо́жны (Мал., Нас., Шат.). Ст.-бел. вельможный, велеможный (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.), рус. вельмо́жный, укр. вельмо́жний, польск. wielmożny (старое і wielemożny) і г. д. Бел. вяльмо́жства ’магутнасць’ (Гарэц.), здаецца, не мае адпаведнікаў у польск. мове і ўтворана на бел. глебе. Можна ставіць пытанне, ці бел. вяльмо́жа, вяльмо́жны не з’яўляюцца запазычаннямі з польскай мовы (так думае Булыка, Запазыч., 59)? Да гэтага трэба дадаць, што і ўкр. вельмо́жа, вельмо́жний маюць не фанетычную форму (замест *вільмо́жа, *вільмо́жний). Уплыў ст.-слав., рус. або польск. мовы?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Вясе́лік 1, палес. вэсэ́лык ’журавель, Grus grus L.’ (Дразд.), укр. веселик ’тс’ — табуістычная «назва жураўля, якую трэба ўжываць тады, калі жураўлі прылятаюць, вясною, каб не журыцца цэлы год» (Грынчанка, 1, 141). Магчыма, гэта проціпастаўленне народнай этымалогіі лексемы вясна, якая звязваецца з лексемай вясёлы, у прыватнасці з яе значэннямі ’здаровы, радасны, ясны, каляровы, сонечны, асветлены, з буйной расліннасцю, які радуе багаццем, буйнасцю і г. д.’ Тое ж адносна наступных слоў: вяселік 2, вяселік 3. Сюды ж высё́лык ’эўфемістычная назва жураўля, заўважанага першы раз у гэтым годзе’ (Клім.).

Вясе́лік 2 ’смаржок, Gyromitra (Helvella) esculenta’ (Янк. I); ’красавіковы грыб смаржок’ (КТС, К. Цвірка). Відавочна, да вясна (гл.) *вясеннік > вяселік. Магчыма, аднак, што назва была матывавана знешняй незвычайнасцю; параўн. весялуха 5 і ўкр. весе́лка воню́ча ’грыб Phallus impudicus’. Аднак славац. veseliarky ’Armillariella mellea, асенні апенак’.

*Вясе́лік 3, вэсэлык ’вясёлка’ (іван., ДАБМ). Утворана ад veselъ і суф. ‑ikъ. Названа, паводле шматкаляровасці, якая весяліць, радуе вока чалавека. Параўн., аднак, вясёлка 1, весялу́ха 2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)