Мацёры ’вялікі, высокі, доўгі, вялізны’ (Нас.), ’сталы’, ’поўны сілы, моцны, здаровы’, ’вопытны, непапраўны, закаранелы’ (ТСБМ, Жд. 1), ст.-бел. матеръ (Булахаў, Гіст., 125–127). Укр. матерни́й, ма́терий ’чалавек у сталых гадах’, рус. матёрый, матерой ’тс’, польск. zamatorzały, zamotrzały ’зацвярдзелы’, ст.-чэш. matorný ’спелы’, ’строгі’, мар. mateřeti ’тлець’, ’трухлявець’, славен. matór, matér, motór, matóren ’стары’, серб.-харв. матор ’тс’, макед. матор ’трохгадовы баран’, балг. ма̏тор ’моцны, здаровы’, ’спелы, дарослы, сталы, стары’, ст.-слав. матерьство ’старасць, спарахнеласць’, прасл. matarъ, materъ (БЕР, 3, 686–687), matorъ ’дарослы, стары’ ў суадносінах з прасл. starъ ’стары’ семантычна пераразмеркавалася ў ’вялікі, моцны’. Мае іт. адпаведнік, параўн. лац. mātūrus ’спелы, дарослы, стары’, што дае магчымасць рэканструяваць іт. *mātoros ’тс’ у якасці крыніцы пранікнення для прасл. лексемы (Мартынаў, Язык, 84–85). Бязлай (2, 172) адносіць яе да і.-е. кораня *mē‑/*mō‑ ’вялікі’ (гл. Покарны, 704) і суфікса *tor‑, прыводзячы роднасныя ст.-ірл. mōr, уэл. mawr, брэт. meur ’вялікі’. Менш верагодныя іншыя версіі (гл. Бернекер, 2, 25; Фасмер, 2, 581; Скок, 2, 390; Махэк₂, 355; БЕР, 3, 687).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Князь 1 ’правадыр войска і правіцель вобласці ў феадальнай Русі’ (ТСБМ, Яруш.). Укр. князь, рус. князь, ст.-рус. кънязь ’тс’, ст.-слав. кънѧзь, балг. кнез, серб.-харв. кне̑з, славен. knȇz ’тс’, польск. książę, чэш. kníže, славац. knieža, в.-луж. knjez ’пан’, палаб. knąz ’шляхціц’. Прасл. kъnędzь было запазычана з германскіх моў, ва ўсякім разе задоўга да трэцяй палаталізацыі. Параўн. княгіня (гл.). Аб старажытнасці запазычання сведчыць, відаць, таксама рухомасць акцэнтуацыйнай парадыгмы пры кароткім галосным у корані. Прагерм. kuningaz ’правадыр, кароль’ тлумачыцца як утварэнне на ‑ingaz ад прагерм. kunja ’род’ (лац. genus, ст.-грэч. γένος, ст.-інд. jánaḥ ’тс’). Такім чынам, у прагерманскай мове наглядаецца словаўтваральная інавацыя афіксна-семантычнага тыпу (славянскія мовы не ведаюць ніводнага спрадвечнага слова з суфіксацыяй ędʼzʼь) (Мартынаў, Лекс. взаим., 47–48). Параўн. Кіпарскі Gemeinslav., 181; Экблум, ZfSlPh, 30, 6; Экблум, ScSL, 3, 176. Князь у значэнні ’жаніх’ — табуізм (гл. Хаверс у Фасмера, 2, 266). Такое ж трэба сказаць і аб княгіня ’нявеста’.

Князь 2 ’малады, жаніх’ (Нас., Яруш., Грыг., Гарэц., Нар. лекс., З нар. сл., Маш., Сержп. Грам.), ’дружка’ (Кольб.). Гл. князь 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прасторавае і генетычнае (БРС, Гарэц., Шат.). Агульнаславянскае і праславянскае. Варыянт od (у адрозненне ад варыянта ot) ва ўсіх славянскіх мовах, апрача балгарскай, рускай, лужыцкіх (на ўсходзе граніца паміж імі праходзіць па беларускай тэрыторыі). Параўн. укр. від (< od), рус. от, чэш. od, польск. od, в.-луж. wot, н.-луж. wót, балг. от, серб.-харв. od, славен. od. Бліжэйшыя індаеўрапейскія паралелі: літ. at‑, лат. at, гоц. id, ірл. aith, ст.-інд. áti, ст.-грэч. ἔτι, Траўтман, 16; Ільінскі, РФВ, 57, 507; Развадоўскі, Wybór, 2, 87. Варыянт od — славянская інавацыя ў адрозненне ад варыянта ot, які захаваўся на перыферыі славянскага свету (гл. Андарсен, WS, 14, 3, 316–317) і мае адпаведнасці ў іншых індаеўрапейскіх мовах. Пераход ot > od‑ тлумачыцца або аналогіяй (да nad‑, pod‑) (Бадуэн дэ Куртэнэ, Опыт, 110), або змяшэннем розных па паходжанню ot‑ і odъ (Махэк, Зб. Траўнічку, 183), або камбінаторна-фанетычнымі зменамі (Курашкевіч, SFPS, 4, 22). Найбольш верагодным з’яўляецца апошняе тлумачэнне. Але яно таксама недастатковае, каб зразумець, чаму гэты працэс рэалізаваўся не ва ўсіх славянскіх дыялектах. Спроба Андарсена, там жа, 319, што тлумачыць гэта законам Барталі, здаецца пераканаўчай (гл. Мартынаў, SlW, 63).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жыр ’кармленне жывёл, што гулліва забаўляюцца’ (ТСБМ), дыял. жыр ’тлушч’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. жир ’тлушч’, дыял. арханг. ’месца кармлення рыбы’, укр. жир ’тлушч’, ’кармленне жывёлы’, польск. żyr, żer ’кармленне і ежа жывёлы’, в.-луж. žeŕ, чэш. žír ’тс’, славац. žír ’тлушч’, ’кармленне свінні ў лесе жалудамі’, žer ’пажыранне раслін насякомымі; пасьба на апалых жалудах’, славен. žȋr, žer ’пасьба свіннёй у лесе; харч; ураджайнасць; плод; карысць’, серб.-харв. жи̑р ’жолуд’, балг. дыял. жир ’жолуд’, ’тлушч’, макед. жир ’жолуд’. Ст.-слав. жиръ ’паша’. Ст.-рус. жир ’багацце, жыллё, паша; тлушч’. Літ. žyras ’кармленне жывёл’ < польск. (Фрэнкель, 1313) ці бел. Паводле Якабсона (Writings, 2, 627), да *žьrati, *žirati (гл. жэрці), што прынялі Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1969, 12, 140), якія лічаць менш верагоднай версію Міклашыча (411) аб суадноснасці жыць — жыр (як піць — пір), асцярожна падтрыманую Мейе (Études, 405), Фасмерам (2, 56) і прынятую Праабражэнскім (1, 233), Шанскім (1, Д, Е, Ж, 293), Іванавым (Слав. и балканское языкознание, 1975, 60), Скокам (3, 680–681), БЕР (1, 547). Непасрэдныя супастаўленні з іншымі і.-е. мовамі супярэчлівыя. Гл. літаратуру ў Фасмера, Скока, БЕР.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паха́ць, пыха́ць ’араць сахой’ (Касп., Яруш., Сл. ПЗБ), ’баранаваць засеянае поле’ (Бір. Дзісн.; глыб., Хрэст. дыял.; в.-дзв., Шатал.; Касп., Мат. Маг.), ’месці хату’ (Касп.), ’разводзіць, сеяць, вырошчваць’ (ТС), калінк. ’прыносіць мёд’ (Сл. ПЗБ). Рус. пахать ’араць, абрабляць зямлю’ (кур., арл.), паўн. ’рэзаць хлеб’, ярасл. ’сеяць’, паўн.-дзв. ’месці падлогу’, ’падмятаць мякіну’, алан. ’абмятаць магілу’, цвяр. ’ісці, хадзіць, ступаць’, ’дзьмуць’; польск. pachać ’капаць’, ’рабіць зло’, чэш. páchati ’рабіць, учыняць’, ’пасці скаціну’, славац. pachať ’рабіць, вырабляць’, серб.-харв. па̏хати, па̀јати ’махаць’, ’абмятаць пыл, змятаць павуціну, абдзьмухваючы чысціць’. Прасл. paxati ’месці, чысціць’, якое звычайна звязваецца з прасл. paxnǫti ’пахнуць’. Для прасл. paxati ’месці’ Ваян (RÉS, 43, 90–91) у якасці і.-е. паралеляў прапануе літ. puõšti, лат. púost ’чысціць, аздабляць’, ст.-ісл. fága ’тс’, ст.-сакс. fegōn, ст.-фрыз. fēgia, гал. vagen ’месці, чысціць’, што дае магчымасць узвесці прасл. paxati да і.-е. *pēkʼ/pōkʼ (Мартынаў, Слав. акком., 125). Сюды ж па́хата, па́хота ’ворыва, узараная зямля’ (Нас., Грыг., Сл. ПЗБ, Выг., ТС), ’аранне сахой’ (Касп.), лях. па́хаць, тураў. па́хоць, глыб. па́хаця ’ворыва’ (Сл. ПЗБ, ТС). Гл. таксама пашні́на, па́шня́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́ўда, проўда ’ісціна, адпаведнасць рэчаіснасці’, ’правільнасць’, ’справядлівасць’, ’на самай справе, сапраўды’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС), ’няўжо’ (паст., Сл. ПЗБ), ’так, але, дакладна’ (ТС), ст.-бел. ’права’: ни грабили товара силою без правды (Станкевіч, 1, 369). Рус., укр. пра́вда, ст.-рус. правьда, польск., в.-луж. prawda, н.-луж. pšawda, чэш., славац. pravda ’праўда’, серб.-харв. пра̑вда ’праўда; судовая справа’, славен. právda ’закон; палажэнне; судовая справа’, балг. пра́вда ’праўда’, ’пагалоўе скаціны’, макед. пра́вда ’праўда, справядлівасць’, ст.-слав. прдвьда ’тс’. Прасл. *pravьda (Слаўскі, SP, 1, 63) разглядаецца як іменны дэрыват ад *pravъ (гл. правы) (Фасмер, 3, 352; Махэк₂, 481; Шустар-Шэўц, 2, 1152; Мартынаў, Этимология–1968, 248; Скок, 3, 26; Сной₂, 559), аналагічны да крыўда (гл.), насуперак Трубачову (Этногенез₂, 222–223), які на падставе словаўтваральнай сувязі суфікса ‑ьda з дзеяслоўнымі ўтварэннямі на ‑itі‑ выводзіць гэтыя назоўнікі ад *kriviti і *praviti (гл. правіць) з семантыкай ’правеж, катаванне’. Сюды ж дэрываты: праўдзі́вы ’справядлівы, шчыры’ (Нас., ТС), про́ўдзіць ’гаварыць праўду’ (Шат.), пра́ўдзіць ’збывацца’ (Сл. ПЗБ). Але праўдзівы ў значэнні ’сапраўдны, нефальшывы’ — з польск. prawdziwy. Параўн. правдзівы грыб, гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стра́ва ‘прыгатаваныя для ежы прадукты харчавання, блюда’, ‘суп, вадкая вараная ежа’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц., Растарг., Стан., Бяльк., Нік. Очерки, Байк. і Некр., Скарбы, Сержп., Касп., Пятк. 2, Вешт., ЛА, 4), ‘патрава’ (Нас.). Укр. стра́ва, рус. зах. стра́ва, стро́ва, стараж.-рус. истрава, страва (1407 г.), польск. strawa, чэш., славац. strava, старое н.-луж. strawa ‘ежа, корм’, славен. strava ‘памінкі’. Прасл. *sъtrava ‘ежа, пракармленне’, аддзеяслоўны назоўнік ад праславянскага прэфіксальнага дзеяслова *sъ‑traviti ‘знішчыць, стравіць’, параўн. страві́ць ‘скарміць’ (Бяльк.), ‘спажыць’ (ТС), якія далей да трава, травіць, гл. (Фасмер, 3, 770; Борысь, 579). Паводле Трубачова (Этногенез₂, 316), першасная форма ўзыходзіць да прасл. *jьztrava, аддзеяслоўнага назоўніка ад *jьztraviti, утворанага з *jьz‑ і *traviti (гл. з і травіць). Назоўнік *strava у значэнні ‘пір (на памінках)’ захаваўся ў апісанні пахавання Атылы з V ст. і адпавядае заходнеславянскай форме, што ўзыходзіць да *jьztrava, а не *sъtravay гл. Трубачоў, ЭССЯ, 9, 81. Пярэчанні гл. Гіндзін, Сов. сл., 1990, 2, 65 і наст.; Балто-слав. этнокульт. и археол. древн., 30–31; Мартынаў, там жа, 56 (этымалагізуецца на падставе гоц. straua < straujan па тыпу стол < сцяліць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клець ’сялянскі будынак для захавання маёмасці; свіран, кладоўка’ (ТСБМ, Шат., Касп., Сл. паўн.-зах., ДАБМ, Тарнацкі, П. С., Шушк., Бломкв., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Нік. Очерки, Бяльк., Яруш., Нар. словатв., Сцяшк., Грыг., Мал., Шн., Некр., Хар., Сержп., Маш., Гарэц.). Укр. кліть, рус. клеть, балг. клет, макед. клед, серб.-харв. кле̑т, славен. klét, польск. kleć, чэш. klec. У гэтых паралелях адзначаецца тры асноўныя значэнні: ’сялянскі будынак для захавання маёмасці, свіран’, ’часовае памяшканне, прыбудова’, ’хаціна, будан’. Першае значэнне адзначана практычна ва ўсіх славянскіх мовах, другое і трэцяе пераважна на сербска-харвацкай, рускай і польскай тэрыторыях. Унутраную форму зберагло толькі серб.-харв. кле̑т ’будан, сплецены з прутоў’. Аб той жа ўнутранай форме сведчаць значэнні прасл. klětъkа ’клетка для птушак і жывёл’. На гэтай аснове рэканструюецца прасл. klětь ’будан, складзены з жэрдак і аплецены прутамі’. Таму нельга пагадзіцца з рэканструкцыяй Махэка (ВЯ, 1957, I, 97), які бачыць у аснове першаснага значэння ’зруб у якасці свірана’. У сувязі з гэтым узнікае праблема адносін прасл. klětь да літ. klė́tis ’кладоўка, свіран’, лат. klēts ’тс’. Эндзелін (Мюленбах-Эндзелін, 2, 225) лічыць іх генетычна тоеснымі са славянскімі. У якасці крытэрыю ён прыводзіць архаічнасць вакалізму, але такі вакалізм вядомы і ў пазнейшых запазычаннях з усходнеславянскіх моў. Лінгвагеаграфічны крытэрый сведчыць аб другаснасці літ. klė́tis і яго запазычання з перыферыйнага польскага дыялекту. Што датычыць прасл. klětь, то яго спрадвечнасць давесці цяжка. Версія Махэка (цыт. праца) klětь < *klēu̯‑ti фанетычна і семантычна неверагодная (першаснае значэнне ’сціскаць, зачыняць’). Семантыка прасл. klětь добра адпавядае семантыцы і.-е. k̑lei̯ (’прыстаўляць, прыхіляць’, ’будан з жэрдак’, ’краты’), але фанетыка застаецца нявытлумачанай. Яшчэ Шахматаў (AfSlPh, 33, 90) выказаў гіпотэзу аб кельцкай крыніцы славянскага слова. Параўн. ст.-ірл. clíath ’пляцень, краты’, clíthar ’хаціна’, гал. *klēta ’пляцень, краты’. Кельцкія словы ў адрозненне ад славянскіх маюць надзейную індаеўрапейскую этымалогію і зыходзяць да архетыпа *k̑lei‑t (і.-е. ei > пракельц. ē): гоц. hleiþra ’будан’, ст.-грэч. κλισία (< *klitia ’тс’), літ. šlitìs ’адрына’. У аснове гэтай групы паралелей ляжыць і.-е. k̑lei са значэннем ’пакласці, прыхіліць’ (ст.-інд. śrayate, ст.-грэч. κλίνω, лац. clino і інш.). Апрача гэтага, індаеўрапейскія паралелі маюць яшчэ значэнне ’лесвіца’ (ст.-грэч. κλίμαξ, ∼ ням. Leiter, літ. šlìtė) і ’пляцень’ (ірл. clíath, лат. slits). Такім чынам, прасл. klětь адлюстроўвае кельцкую фанетыку (k < k̑ і ē < еі) і семантыку (Мартынаў, SO, 29, I/2, 161–164; Мартынаў, Язык, 38–42).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ва́біць 1 ’прынаджваць, прыцягваць, клікаць’ (БРС, Яруш., Гарэц.); ’свістаць для прынаджвання дзікіх птушак’ (Інстр. II); ’зводзіць, выклікаць’ (Гарэц.), вабіцца ’ісці на прынаду, спакушацца’ (Гарэц.). Рус. вабить, укр. вабити, польск. wabić, в.-луж. wabić, н.-луж. wabiś, чэш. vábiti, славац. vábiť, макед. ваби, балг. ва́бя, серб.-харв. ва́бити, славен. vabiti, ст.-слав. вабити. Прасл. *vabiti ’крычаць’. Згодна з адной версіяй (Развадоўскі, Wybór, 2, 157), праславянскае слова суадносіцца з гоц. wōpjan, ст.-ісл. оéра ’крычаць, лемантаваць’ і інш. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 1, 61; Траўтман, 333–337; Скіт, 706; Покарны, 1109; Рудніцкі, 1, 287; Фасмер, 1, 263; БЕР, 1, 110; Махэк₂, 673; Скок, 3, 557. Згодна з іншай версіяй, праслав. *vabiti было непасрэдна звязана з назвай паляўнічай прылады (пасткі) і мела першапачаткова значэнне ’заманьваць птушку ў пастку’, адкуль пазней развілося значэнне ’прынаджваць птушку голасам’. Параўн. паралелі да *vabiti: ст.-інд. ubhnā́ti ’звязвае’, ст.-грэч. ὕφος ’сетка’, лац. lасеге ’вабіць’ і laquens ’сіло, пятля’, ст.-в.-ням. spanan ’вабіць’ і ст.-англ. spannan ’звязваць’ (Мартынаў, Лекс. взаим., 190–191).

Ва́біць 2 ’марнаваць час; забаўляць’, вабіцца ’затрымлівацца; забаўляцца, гуляць’, ваблены ’марудны’ (Яўс.). Узнікла ў выніку метатэзы: бавіць > вабіць, што пацвярджаецца поўным супадзеннем семантыкі абодвух дзеясловаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́раг ’непрыяцель, праціўнік’ (БРС, КТС, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Яруш., Булг., Шпіл.). Рус. во́рог ’непрыяцель; нячысцік, чорт’, укр. во́рог, ст.-рус. ворогъ, ст.-слав. врагъ, польск. wróg ’непрыяцель’, чэш. vrah ’забойца’, славац. vrah ’тс’, балг. враг, серб.-харв. вра̑г, славен. vrȃg ’чорт, д’ябал’. Прасл. *vorgъ ’вораг’. Роднаснымі з’яўляюцца літ. var̃gas ’бяда, няшчасце, беднасць’, vérgas ’нявольнік’, лат. vā̀rgs ’няшчасны, хворы, убогі’; ’бяда, бедства’, vãrgt ’хварэць, чахнуць, быць няшчасным’, vęr̂gs ’нявольнік’, ст.-прус. wargs ’злы’, магчыма, і лац. urgeō ’напіраю, ганю’, гоц. wrikan ’праследаваць’, ст.-англ. wrecan ’выганяць, помсціць’, ст.-в.-ням. rehhan ’мсціць’ (Вальдэ–Покарны, 1, 319 і наст.; Траўтман, 342; Фасмер, 1, 352; Шанскі, 1, В, 164). Аналагічна Трубачоў (История терм., 176 і наст.), які выводзіць слав. vorgъ з і.-е. *u̯reg‑/u̯erg‑ ’гнаць’, г. зн. першапачаткова слав. слова азначала ’выгнаннік, адрынуты’ і толькі пазней — ’вораг, непрыяцель’. Па фанетычных прычынах памылкова супастаўленне Абаева (Осет. яз., 581) з асец. warz ’любіць’ (Трубачоў, там жа). Мала верагодна супастаўленне са ст.-ісл. wargr ’воўк, злачынец’ (Міклашыч, 395; Мікала, WuS, 2, 218) або разгляд слав. слова як запазычання з герм. (Махэк₂, 698), таму што герм. запазычана з слав. (Мартынаў, Лекс. взаим., 153 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)