АНІМАЦЫ́ЙНАЕ КІ́НО (ад лац. animatus адушаўлёны, жывы), мультыплікацыя,

від кінамастацтва, творы якога ствараюцца спосабам пакадравага малявання або інш. тэхнічнымі спосабамі.

Заснавана на пакадравай здымцы паслядоўных фазаў руху маляваных ці аб’ёмных персанажаў, пластычных кампазіцый. Праекцыя гэтых выяў на экран «ажыўляе» іх. Заснавальнік мультыплікацыі — франц. мастак і інжынер Э.​Рэйно, які вынайшаў праксінаскол (1877), з дапамогай якога з 1892 даваў сеансы маляванага кіно («Аптычны тэатр»). У залежнасці ад тэхнікі стварэння сучаснае анімацыйнае кіно падзяляецца на маляванае (найб. вядомыя майстры У.Дысней, І.Іваноў-Вано, В.Кацёначкін, Р.Качанаў, Ю.Нарштэйн, Б.Сцяпанаў, Ф.Хітрук, А.Хржаноўскі); аб’ёмнае («лялечнае»; заснавальнік У.Старэвіч, І.Трнка, А.Птушко); зробленае з дапамогай ігольчастага экрана (відовішча стварае рух тысяч металічных стрыжанькоў; вынаходнік — франц. гравёр А.​Аляксееў); ценявое (заснавана на прынцыпе тэатра ценяў; вынаходніца ням. рэж. Л.​Райнігер); бяскамернае (малюнак наносяць адразу на плёнку; першы ў гэтай тэхніцы зрабіў фільм канадскі рэж. Н.​Мак-Ларэн); камп’ютэрнае.

Бел. анімацыйнае кіно першыя спробы зрабіла ў 1920-я г., выкарыстаўшы выяўл. традыцыі плакатаў і паліт. карыкатур. Мультыплікацыйныя навук.-папулярныя фільмы «Жывыя дамы́», «Бунт зубоў» (1928), «Спажывецкая кааперацыя БССР» (1930) былі першай экраннай рэкламай. У 1970—80-я г. ў ценявой тэхніцы зняты фільмы «Прытча пра зямлю», «Прытча пра паветра» і «Прытча пра ваду» (рэж. усіх І.​Пікман), у стылі рухомага жывапісу або пластычнай музыкі — «Капрычыо», «Канчэрта Гроса» (І.​Воўчак) і «Лафертаўская макоўніца» (А.​Марчанка), традыцыі Дыснея прадоўжаны ў фільме «Марафон» (М.​Тумеля), для дзяцей і дарослых зроблены маляваныя і лялечныя фільмы «Песня пра зубра» (А.​Белавусаў), «Дудка-весялушка», «Несцерка» (Я.​Ларчанка), «Ліса, Мужык і Мядзведзь», «Асцярожна, карасі!», «Гліняная Адоска», «Як Васіль гаспадарыў» (усе В.​Доўнар), у якіх адлюстраваны бел. фальклор, «Светлячок і Расінка», «Мілавіца» (рэж. Ю.​Батурын) на тэмы лірыкі М.​Танка і У.​Дубоўкі, «Цімка і Дзімка» (М.​Лубянікава), «Хлопчык і птушка» (У.​Піменаў), «Пра ката Васю і паляўнічую катавасію», «Пустэльнік і ружа», «Лістападнічак», «Пінчэр Боб і сем званочкаў» (усе К.​Красніцкі), «Не шамацець!», «Фантазіі Сідарава» (Т.​Жыткоўская) і інш.

В.​Ф.​Нячай.

т. 1, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТВЕ́РПЕН, Анвер (флам. Antwerpen, франц. Anvers),

горад у Бельгіі. Адм. ц. аднайменнай правінцыі. Другі па велічыні пасля Бруселя горад краіны; 467,8 тыс. ж. (з прыгарадамі больш за 700 тыс. ж., 1992). Размяшчаецца за 88 км ад Паўночнага м. на р. Шэльда, даступнай для марскіх суднаў, і Альберта-канале. Тунэлі пад ракой злучаюць часткі горада. Буйнейшы ў Еўропе гандл.-фінансавы цэнтр. Гал. кірункі эканомікі — знешнегандл. і фін. аперацыі, міжнар. транзітныя перавозкі. Антверпен — трэці пасля Ротэрдама і Марселя марскі порт Еўропы (грузаабарот за год больш за 90 млн. т). Вузел перасячэння чыгунак, аўтадарог, нафта- і прадуктаправодаў. Гал. прамысл. горад краіны. Прам-сць звязана з абслугоўваннем партовай гаспадаркі і апрацоўкай прывазной сыравіны, асабліва нафты (магутнасць нафтаперапр. з-даў да 36 млн. т за год). Развіты машынабудаванне, трактара- і аўтазборка, радыёэлектроніка і інш., каляровая металургія, хім., тэкст., вытв-сць алмазнага інструменту. АЭС. Антверпен — найбуйнейшы ў свеце цэнтр агранкі алмазаў і гандлю брыльянтамі. Антверпенская алмазная біржа мае ў абароце каля 70% апрацаваных алмазаў свету.

Упершыню ўпамінаецца ў 7 ст. З 1291 горад. З 1315 у Ганзейскім саюзе гарадоў. З 16 ст. буйны гандл. і фін. цэнтр Зах. Еўропы. У 1579 далучыўся да Утрэхцкай уніі. У 1585 захоплены іспанцамі, у 1794 — французамі. Паступова страціў эканам. значэнне. З 1814 у складзе Нідэрландаў, з 1830 — гандл. порт Бельгіі.

Гіст. ядро Антверпена на правым беразе р. Шэльда: познагатычныя збудаванні з багатым дэкорам (сабор Онзе-ліве-Враўэкерк, 1352—1616; замак Стэн, перабудаваны ў 1520—21, шматлікія дамы і цэрквы ў стылях готыкі і барока). На пл. Гротэ-маркт помнікі фламандскага рэнесансу: ратуша (1561—65, арх. К.​Флорыс), дамы гільдый, Дом П.​П.​Рубенса (1611—18), каралеўскі палац (1743—45) — усе ў стылі барока. На месцы гар. сцен 16 ст. паўкальцо бульвараў, за іх мяжой — новыя жылыя раёны з эклектычнымі забудовамі ў стылях мадэрн і функцыяналізму.

Літ.:

Герман М. Антверпен. Гент. Брюгге: Города старой Фландрии. Л., 1974.

Ф.​С.​Фешчанка (гаспадарка).

Антверпен. Від на сабор Онзе-ліве-Враўэкерк. 1352—1616.
Антверпен. «Вялікі рынак» з будынкамі гільдый (16 ст.).

т. 1, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАВЕ́ДНІКІ,

1) тэрыторыя сушы або акваторыя, у межах якой увесь прыродны комплекс поўнасцю выключаны з гасп. дзейнасці і ахоўваецца дзяржавай; від запаведных тэрыторый. Участкі зямлі, яе нетраў і воднай прасторы ў межах З. аддаюцца ў карыстанне грамадскім ці дзярж. органам. Асн. задачы З.: зберажэнне эталонных або найб. тыповых для вызначанай геагр. зоны прыродных ландшафтаў, рэдкіх і каштоўных відаў жывёл і раслін; вывучэнне прыродных працэсаў у натуральным стане; распрацоўка пытанняў рэканструкцыі флоры, фауны і комплексу інш. прыродаахоўных праблем; культ.-асв. работа, папулярызацыя прыродаахоўных поглядаў і аховы прыроды (гл. Маніторынг, Біясферны запаведнік). Вылучаюць З. накіраванага рэжыму, прыродныя, эталонныя, біясферныя, мемарыяльныя і інш. Для аховы прыродных комплексаў З. ствараюцца ахоўныя зоны. Ахоўвае З. спец. служба (дзяржінспектары, егеры). Навук. работа ў З. мае комплексны характар, вядуцца даследаванні па праграме «Летапіс прыроды».

Першыя дзярж. З. ўзніклі ў стараж. Вавілоне, Грэцыі, Індыі і ствараліся з рытуальнымі і паляўнічымі мэтамі. Найстаражытнейшы З. на слав. землях — Белавежская пушча. Першымі дзярж. З. Расіі былі Баргузінскі запаведнік, Кедравая Падзь, Лагадэхскі запаведнік, Саянскі (1915). Самы вял. З. у свеце — Вялікі Габійскі (Манголія, пл. 5 млн. га), у Расіі — Таймырскі запаведнік. Найб. вядомыя З. — Асканія-Нова, Байкальскі запаведнік, Жувінтас, Каўказскі запаведнік, Кызылагаджскі запаведнік, Рэпетэкскі запаведнік і інш.

На Беларусі два З.: Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік (адзіны ў свеце). Стварэнне, статут, структура і рэжым З. вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах» (1994) і адпаведнай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13.3.1995. Вял. роля З. Беларусі ў зберажэнні і аднаўленні каштоўных і рэдкіх відаў жывёл (алень высакародны, бабёр, зубр, лось і інш.) і раслін, даследаванні па геабатаніцы, фларыстыцы, лесазнаўстве, фауністыцы, паляўніцтвазнаўстве, глебазнаўстве, экалогіі і інш. З. ўдзельнічаюць у міжнар. праграмах па ахове прыроды ў рамках МАБ, ЮНЕП, ЮНЕСКА.

2) Навукова-даследчыя ўстановы, за якімі замацаваны тэрыторыі, дзе вядуцца адпаведныя арганізацыйныя работы і даследаванні.

Літ.:

Заповедники и национальные парки мира. М., 1969;

Заповедники Белоруссии: Исслед. Вып. 1—6. Мн., 1977—82;

Заповедники СССР: [Справ.]. М., 1980;

Биосферный заповедник на Березине. Мн., 1993;

Березинский биосферный заповедник. Мн., 1996.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 6, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВЕ́ЛА (італьян. novella літар. навіна),

малы эпічны від л-ры, які суадносіцца з апавяданнем, але адрозніваецца ад яго вострым цэнтраімклівым, нярэдка парадаксальным сюжэтам, адсутнасцю апісальнасці і кампазіцыйнай строгасцю. Паэтызуючы выпадак, Н. найб. поўна раскрывае ядро сюжэта — цэнтр. перыпетыю, зводзіць жыццёвы матэрыял у фокус адной падзеі.

Літ. Н. ўзнікла ў эпоху Адраджэння ў Італіі («Дэкамерон» Дж.​Бакачыо), потым у Англіі, Францыі і Іспаніі (Дж.​Чосер, Маргарыта Наварская, М.​Сервантэс). Росквіт Н. прыпадае на эпоху рамантызму (Л.​Цік, Г. фон Кляйст, Э.Т.​А.​Гофман, П.​Мерымэ, Э.​По). У канцы 19 — пач. 20 ст. да Н. звярталіся Гі дэ Мапасан, О.​Генры, Л.​Пірандэла, С.​Цвэйг, Р.​Акутагава і інш. У мадэрнісцкай л-ры ўзоры Н. даў Ф.​Кафка. У рус. л-ры прадстаўлена А.​Чэхавым, Л.​Андрэевым, І.​Буніным; прадуктыўна развівалася ў 1920-я г. (І.​Бабель, У.​Іванаў, А.​Грын, М.​Зошчанка, В.​Каверын і інш.). Замежная навелістыка апошніх дзесяцігоддзяў прадстаўлена імёнамі Х.​Л.​Борхеса, Х.​Картасара, Г.​Бёля, Ф.​О’Конара, І.​Зінгера, Дж.​Чывера і інш.

У бел. л-ры пра Н. можна гаварыць хутчэй як пра разнавіднасць апавядання. Цікавыя прыклады навелістычнага асэнсавання рэчаіснасці прыпадаюць на гады агульнага маст. ўздыму — пач. 20 ст., 1920-я г., перыяд Вял. Айч. вайны: «Малады дубок» і «Сяргей Карага» Я.​Коласа, «Прысяга над крывавымі разорамі» Цёткі, «Літоўскі хутарок» М.​Гарэцкага, «Парфір Кіяцкі» і «Вялікае сэрца» К.​Чорнага, «Над Бугам» і «Астап» М.​Лынькова, «Двое Жвіроўскіх» М.​Зарэцкага, «Кнак» П.​Галавача, «Над Кроманню» Я.​Нёманскага, «Ілька» В.​Каваля, «Прыгранічны манастыр» Р.​Мурашкі. Прыкметныя поспехі ў бел. навелістыцы дасягнуты ў 1950—80-я г.: яркія ўзоры Н. стварылі Я.​Брыль («Галя»), Я.​Скрыгай («Наталя»), В.​Выкаў («Адна ноч»), Б.​Сачанка («Дзік-бадзяга»), В.​Адамчык («Кароль Нябожа») і інш. У апошнія дзесяцігоддзі да жанру Н. звярталіся І.​Пташнікаў («Тры пуды жыта»), А.​Кудравец («Елачка»), А.​Жук («Жонка героя»), В.​Гігевіч («Райка»), У.​Арлоў («Місія папскага нунцыя»), Г.​Марчук («Хаос») і інш.

С.​Л.​Андраюк.

т. 11, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРТЫ́ЎНАЯ ГІМНА́СТЫКА,

практыкаванні і спаборніцтвы на гімнастычных снарадах, у апорных скачках і ў вольных практыкаваннях; від спорту. У праграму гімнастычнага мнагабор’я ўваходзяць адвольныя практыкаванні: для мужчын — у апорных скачках, у вольных практыкаваннях, на кані, кольцах, брусах і перакладзіне; для жанчын — на брусах рознай вышыні, бервяне, у апорных скачках і вольных практыкаваннях.

Гімнастычныя практыкаванні ўваходзілі ў сістэму фіз. выхавання з часоў Стараж. Грэцыі. Практыкаванні на гімнастычных снарадах, апорныя скачкі выкарыстоўваліся ў сістэме фіз. выхавання ў еўрап. краінах з канца 18 — пач. 19 ст. Спаборніцтвы праводзяцца з 2-й пал. 19 ст. Міжнар. федэрацыя гімнастыкі створана ў 1881. З 1896 С.г. ўваходзіць у праграму Алімп. гульняў (жанчыны ўдзельнічаюць з 1928). Чэмпіянаты свету адбываюцца з 1903 (у жанчын — з 1934). Найб. пашырана С.г. на Беларусі, у Германіі, ЗША, Кітаі, Расіі, Украіне, Японіі і інш.

На Беларусі С.г. развіваецца з канца 19 — пач. 20 ст. Заняткі гімнастыкай з 1889 уваходзілі ў вучэбныя праграмы настаўніцкіх семінарый (г. Маладзечна, Нясвіж, Полацк, мяст. Свіслач); як элемент агульнафіз. падрыхтоўкі — у школьныя праграмы. У 1909 у г. Гродна створана гімнастычнае т-ва «Сокал». У 1910—14 у г. Вільня, Гродна, Магілёў, Слуцк і інш. праходзілі гімнастычныя святы вучнёўскай моладзі. На пачатак 1914 мелася каля 50 спарт. і гімнастычных арг-цый. I Усебел. зімовае гімнастычнае свята праведзена ў 1933. Найб. інтэнсіўна С.г. развівалася з 1950-х г. З пач. 1960-х г. складалася бел. жаночая гімнастычная школа (трэнеры Р.​С.​Ваткін, В.​Дз.​Дзмітрыеў, Р.​Л.​Кныш і інш.). Пазней склалася і мужчынская бел. гімнастычная школа. На Беларусі праводзіліся міжнар. спаборніцтвы па С.г., у т. л. чэмпіянат Еўропы (1971). Мужчынская зборная каманда Беларусі — чэмпіён (2001) і бронз. прызёр (1999) чэмпіянатаў свету, чэмпіён (1994) і бронз. прызёр (1996) чэмпіянатаў Еўропы. Сярод бел. гімнастаў найб. вызначыліся І.​Іванкоў, М.​Мілігула, В.​Шчэрба, А.​Кан, А.​Малееў, В.​Рудніцкі, У.​Шчукін і інш.; сярод гімнастак — Т.​Аржаннікава, С.​Багінская, С.​Баітава, А.​Валчэцкая, Н.​Кім, В.​Корбут, А.​Кошаль, Т.​Лазаковіч, Л.​Петрык, А.​Піскун і інш. А.​М.​Петрыкаў.

т. 15, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАВЕСТА́ЦЫЯ (ад франц. travestir пераапранаць),

сінкрэтычная форма нар. смеху, заснаваная на пераводзе ідэальнага, афіцыйна-высокага і сур’ёзнага ў нізкі, матэрыяльна-цялесны план; від камічнага. Асн. выяўленчы сродак Т. — амбівалентная гратэскавая вобразнасць (гл. Амбівалентнасць), першапачатковыя формы якой сфарміраваліся ў нар. культуры антычнасці, сярэдневякоўя і рэнесансу, развівалася ў мастацтве барока, бурлеска, асобных плынях рамантызму і мадэрнізму. У бел. культуры выявілася ў аўтэнтычных формах тэатралізаваных абрадаў, традыц. жанрах фальклору, дэкар.-прыкладным, тэатр. і цыркавым мастацтвах. Наглядныя формы Т. — маска і пераапрананне, імітацыя пярэваратня (каза, мядзведзь, воўк і інш.), тэатралізацыя гратэскавых аксюмаранаў (кароль у вобразе жабрака, разумны дурань і інш.). Гэтыя і інш. формы Т. характэрны для тэатралізаваных абрадаў каляндарнага (калядныя, масленічныя, велікодныя, купальскія, русаллі) і сямейнага (хрысціны, вяселле) цыклаў, карагодаў, гульняў («Жаніцьба Цярэшкі», «Прарок», «Чорт», «Яшчур»), сюжэтна-ролевых жанраў нар. танцаў («Юрка», «Бычок», «Мікіта», «Журавель» і інш.). Гратэскавы свет Т. раскрывае адноснасць і тэатральнасць афіц. іерархіі, аўтарытэты і каштоўнасці пераносіць у камічны план. Гратэскавыя формы Т. шырока выкарыстоўвалі скамарохі. У 17—18 ст. Т. была асн. формай камічных інтэрмедый у школьным т-ры, якія кантраставалі з драм. сюжэтамі асн. часткі спектакля. Камізм дасягаўся каламбурамі і наўмысным скажэннем семантыкі латыні і польскай мовы «прастаком» з народа. Прыём пераносу «высокага» стылю афіц. іерархіі ў смехавы аспект выкарыстоўваўся і ў т-ры батлейка. Эфект Т. ствараўся праз дасціпнае выкарыстанне традыц. для нар. смеху камізму здвоеных персанажаў, сэнсавым збліжэннем героя і яго дэманічна-камічнага дублёра-трыкатэра. Пазней прыёмы Т. развівалі паўпрафес. калектывы — выканаўцы нар. драмы «Цар Максімілян» і жывой батлейкі. У 20 ст. яны дапасаваны да сцэнаграфіі і тэатр. стылістыкі мадэрнісцкага і постмадэрнісцкага т-ра. Вобразныя сродкі фалькл. Т. арыгінальна выявіліся ў бел. л-ры (гл. Травесція); яе рысы захаваліся ў асобных сатыр. жанрах л-ры, выяўл., цыркавога, эстраднага, тэатр., прыкладнога і інш. відаў сучаснага мастацтва.

Літ.:

Бахтин М.М. Творчество Франсуа Рабле и народная культура средневековья и Ренессанса. М., 1990;

Народны тэатр. Мн., 1983.

У.​М.​Конан.

т. 15, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЛЬВА́РАК (польск. folwark ад ням. Vorwerk хутар),

від феад. зямельнага ўладання ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай: двор феадала з комплексам будынкаў і ўгоддзяў. Стварэнне Ф. найперш было выклікана значным ростам попыту на збожжа ў краінах Зах. Еўропы ў канцы 15 — пач. 16 ст. Каб скарыстаць спрыяльную сітуацыю і павялічыць вытворчасць таварнага збожжа, урад ВКЛ пачаў рэарганізацыю гаспадаркі, адной з састаўных частак якой стала пашырэнне старых панскіх двароў і стварэнне Ф. Умовы стварэння Ф. вял. кн. Жыгімонт II Аўгуст агаварыў ва «Уставе на валокі» 1557. Паводле гэтага дакумента Ф. уяўляў сабой феад. гаспадарку (панскі двор з жылымі і гасп. пабудовамі, ворныя і інш. ўгоддзі), заснаваную на працы прыгонных сялян і арыентаваную на вытв-сць збожжа на продаж. Велічыні фальварковага і сялянскага ворыва суадносіліся як 1:7. Кожная сялянская сям’я атрымлівала зямельны надзел памерам у валоку ці яе частку, з якой выконвала дакладна вызначаныя павіннасці. Найб. поўнае ўяўленне пра Ф. даюць інвентары — вопісы феад. уладанняў. У 16 ст. Ф. сталі асновай гаспадарання ў зах. і цэнтр. Беларусі (усх. Беларусь у час актыўнага правядзення агр. рэформы была ахоплена Лівонскай вайной 1558—83, і гал. павіннасцю дзярж. сялян тут была даніна для забеспячэння гарнізонаў і войск). У выніку пераводу феад. гаспадаркі на фальваркова-паншчынную сістэму значна вырасла вытв-сць збожжа і ВКЛ стала адным з асн. яго пастаўшчыкоў у Зах. Еўропу. Заняпад фальваркова-паншчыннай сістэмы на Беларусі адбыўся ў сувязі з войнамі сярэдзіны 17—пач. 18 ст., калі ў выніку страты значнай колькасці насельніцтва і цяглай жывёлы не было магчымасці для апрацоўкі значных абшараў панскага ворыва і сяляне пераводзіліся на грашовую рэнту. Новае яе пашырэнне адбылося ў сувязі з правядзеннем Тызенгаўза рэформы. Фальваркова-паншчынная сістэма гаспадарання пачала знікаць у дзярж. уладаннях з правядзеннем агр. рэформы П.​Дз.​Кісялёва ў 1830—50-х г., канчаткова спыніла сваё існаванне пасля сялянскай рэформы 1861. Пасля гэтага тэрмін «Ф.» ужываўся пераважна ў вузкім значэнні гэтага слова як назва паселішча ці сядзібы — панскага двара з пабудовамі.

В.​Ф.​Голубеў.

т. 16, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гляк ’гаршчок з вузкім горлам’ (БРС, Шат., Касп.), глёк ’тс’ (Бяльк., Нас., Байк. і Некр.). Укр. глек, рус. гляк, глек, глёк, гилёк, ст.-рус. гълъкъ, голкъ, голькъ. Вельмі няяснае слова. Раней рэканструявалі прасл. формы тыпу *glьtъ і звязвалі гэта слова з прасл. glьjь ’глей’ (гл.). Так Бернекер, 1, 310; Трубачоў, Ремесл. терм., 217–218. Але Фасмер (1, 412) указвае на тое, што формы гэтага слова перашкаджаюць параўнанню з глей. Таму некаторыя даследчыкі мяркуюць, што гэта слова, магчыма, не спаконвечнае ў славян, і шукаюць крыніцу запазычання. Так, Гаўлава (гл. Этимология, 1966, 96 і наст.) думае, што ў даным выпадку да славян прыйшло культурнае слова з Міжземнамор’я. Параўн. грэч. лексемы, якія, як мяркуюць, маглі быць запазычаны ў слав. мовы: грэч. γαυλός ’збан’, γυλλάς ’від чашы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ацо́ўкнуць ’пачаць кіснуць, быць нясвежым (пра малако)’ (Сцяц.), ацоўкнуць, сцоўкнуць (слонім., Арх. Бяльк.), ацоўклае ’якое пачало кіснуць, але яшчэ не скісла (малако)’ (Сцяц., Арх. Бяльк.), цоўклое і цаўклое (малако) (КСТ). Хутчэй за ўсё рэгіянальны наватвор ад соўкнуць ’сунуць, стукнуць, піхнуць’ (семантыка, звязаная з ’біць, стукаць, піхаць, сунуцца’, тыповая для назваў пракіслага малака, параўн. осовуватэ ’абрызглае (пра малако)’ (драг., Вешт., дыс., магчыма, ад соваць); да фанетыкі параўн. цок сок’, цыроп ’сіроп’ (Сцяшк.). Менш верагодна ад цоўт (цовт) ’від печыва’ (Сцеп., 169); адпаведныя яму словы ў іншых славянскіх мовах могуць мець значэнне ’грудка, камяк’, параўн. укр. цовта ’груда’, чэш. calta masla (на сценках посуду); пра іх паходжанне гл. Махэк₂, 80; Брукнер, 55, і асабліва Хінцэ, ZfSl, 8, 733; тады ацоўклае < ацоўтлае ’малако, якое зрабілася камянямі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мальга́ ’дробная рыбка’ (брасл., бярэз., докш., Сл. ПЗБ), мальгва́, мыльгва́, мальгве́ча ’рыбныя маляўкі’, ’маладняк увогуле’, ’дробная неўрадлівая бульба, плады, ягады’, ’малеча, дзеці’ (Нас., Бяльк.; Яшк., З жыцця; слаўг., Яшк., Мат. Маг.), мальгоўка ’маляўка’ (Нас.), мальва́ ’тс’ (Ян., Растарг.), ма́льгва ’дробязь, глупства’ (Бяльк.). Укр. мільга́, паўн.-жытомірск. мо̂лʼга́ ’верхаводка, Alburnus alburnus L.’, ’малькі’. Рус. мальва́, мальга́ ’дробная рыба’, ’дзеці, малеча’, ’малодшы сын’, ’дробныя грошы’, мальга́вка, мальгва́ ’дробная рыба’. Усходнеславянскі балтызм. Параўн. літ. malė ’дробныя рыбкі’, лат. male ’рыба Blicca argyroleuca’ (Мюленбах-Эндзелін, 2, 557). Утвораны пры дапамозе суфікса ‑ʼга (напр., сіньга́ ’від рыбы’) і суфікса ‑ва (напр., дзятва́, братва́) або ў выніку кантамінацыі лексем мальга́ і мальва́. Параўн. таксама бел. моль 3, молька, рус. моль, мольва, мольга́, молява ’малькі’, ’дробная рыбка’, моль ’моль’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)