АНТВЕ́РПЕН,
Анвер (флам. Antwerpen, франц. Anvers), горад у Бельгіі. Адм. ц. аднайменнай правінцыі. Другі па велічыні пасля Бруселя горад краіны; 467,8 тыс. ж. (з прыгарадамі больш за 700 тыс. ж., 1992). Размяшчаецца за 88 км ад Паўночнага м. на р. Шэльда, даступнай для марскіх суднаў, і Альберта-канале. Тунэлі пад ракой злучаюць часткі горада. Буйнейшы ў Еўропе гандл.-фінансавы цэнтр. Гал. кірункі эканомікі — знешнегандл. і фін. аперацыі, міжнар. транзітныя перавозкі. Антверпен — трэці пасля Ротэрдама і Марселя марскі порт Еўропы (грузаабарот за год больш за 90 млн. т). Вузел перасячэння чыгунак, аўтадарог, нафта- і прадуктаправодаў. Гал. прамысл. горад краіны. Прам-сць звязана з абслугоўваннем партовай гаспадаркі і апрацоўкай прывазной сыравіны, асабліва нафты (магутнасць нафтаперапр. з-даў да 36 млн. т за год). Развіты машынабудаванне, трактара- і аўтазборка, радыёэлектроніка і інш., каляровая металургія, хім., тэкст., вытв-сць алмазнага інструменту. АЭС. Антверпен — найбуйнейшы ў свеце цэнтр агранкі алмазаў і гандлю брыльянтамі. Антверпенская алмазная біржа мае ў абароце каля 70% апрацаваных алмазаў свету.
Упершыню ўпамінаецца ў 7 ст. З 1291 горад. З 1315 у Ганзейскім саюзе гарадоў. З 16 ст. буйны гандл. і фін. цэнтр Зах. Еўропы. У 1579 далучыўся да Утрэхцкай уніі. У 1585 захоплены іспанцамі, у 1794 — французамі. Паступова страціў эканам. значэнне. З 1814 у складзе Нідэрландаў, з 1830 — гандл. порт Бельгіі.
Гіст. ядро Антверпена на правым беразе р. Шэльда: познагатычныя збудаванні з багатым дэкорам (сабор Онзе-ліве-Враўэкерк, 1352—1616; замак Стэн, перабудаваны ў 1520—21, шматлікія дамы і цэрквы ў стылях готыкі і барока). На пл. Гротэ-маркт помнікі фламандскага рэнесансу: ратуша (1561—65, арх. К.Флорыс), дамы гільдый, Дом П.П.Рубенса (1611—18), каралеўскі палац (1743—45) — усе ў стылі барока. На месцы гар. сцен 16 ст. паўкальцо бульвараў, за іх мяжой — новыя жылыя раёны з эклектычнымі забудовамі ў стылях мадэрн і функцыяналізму.
Літ.:
Герман М. Антверпен. Гент. Брюгге: Города старой Фландрии. Л., 1974.
Ф.С.Фешчанка (гаспадарка).
т. 1, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)