Пэ́цкаць ’мазаць, брудзіць; рабіць няўмела, неахайна’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш., Шат.), ’ляпіць глінаю, мазаць; брудзіць’ (Нас.), пе́цкаць ’брудзіць, мазаць’ (ТС), пэ́цнуць ’мазануць; стукнуць’ (ТСБМ), ’гучна ўдарыць; кінуць чым-небудзь ліпкім; упасці’ (Нас.), вытворныя: пэ́цкала, пэ́цкало ’няўмека, неакуратны ў рабоце чалавек, бракароб, партач’ (Сцяц., Сцяшк. Сл., Скарбы; любч., Нар. словатв.; міёр., З нар. сл.), пэ́цкаль ’хто любіць пэцкацца, неахайны, паскуднік’ (Шпіл., Чач., Гарэц., Шат.; брасл., Сл. ПЗБ), ’няўмека, дрэнны майстар’ (ТСБМ; маладз., Янк. Мат.; Яўс., Шат., Бяльк.; міёр., З нар. сл.). Паводле Насовіча, утворана ад гукапераймальнага пэц! ’тое, што і пац!’ (“от звука брошенной на что либо грязи или брошенного чего въ грязь”, Нас., 543); нягледзячы на фанетычныя прыкметы запазычання з польск. peckać ’вэдзгаць, перабіраць, корпацца’, параўн. рус. па́чкать ’пэцкаць’, да вышэйназванай версіі схіляецца Цвяткоў (Запіскі, 2, 75) і канстатуе, што слова не выводзіцца ад кораня *pak‑ (дапускаючы для рускага слова сувязь з пакость ’паскудства’, інакш гл. Фасмер, 3, 223); наяўнасць славен. pecati, peckati, pečkati ’даваць аплявуху; біць па вушах’ і pəčka, pəčkálo ’хто ляніва, марудна і дрэнна працуе’ ўзмацняе прышлую версію. Пра магчымую сувязь названых слоў з pečkȁ ’ядро, костачка’, што дае падставы для семантычнага пераходу ’ўздуцце, разбуханне’ > ’слабы, дрэнны’, гл. Бязлай, Etyma, 163; Куркіна, Этимология–1984, 113; гл. таксама спецыяльна Куркіна, Этимология–1988–1990, 61. Атаясамліванне з укр. пи́цькати ’дрэнна працаваць, корпацца’, якое выводзіцца праз польск. pyćkać, peckać ’тс’ з ням. patschen ’плёскаць (па вадзе)’ (гл. ЕСУМ, 4, 382), здаецца, не мае падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́нтух ’вялікі мяшок’ (Гарэц., Др.-Падб., Шн. 2, Інстр. 3), лантуг ’тс’ (Бяльк.), ланту́х ’аплецены з вяровак дарожны мех для сена каню’ (мядз., Нар. сл., Сл. паўн.-зах.), ла́нту́х ’жывот, бруха, пуза’, ’вантробы, унутранасці’, ’частка вантробаў’ (Гарэц., Яруш., Др.-Падб., Юрч.; слонім., Нар. словатв.), драг. ’вялікі жывот’, глыб., паст., гродз., лельч. ’тоўсты, непаваротлівы, трыбухаты чалавек’, ’гультай’, ’неахайны’ (Сл. паўн.-зах., Нар. сл., З нар. сл., Нар. лекс., КЭС, лаг.), лантушок, лантухі, лынтухі, ланту́шша ’ўнутранасці’ (Нас., Яруш., Юрч., Бяльк.), лях. ’коўдра, посцілка’ (Янк. Мат., Сл. паўн.-зах.). Укр. лантух ’посцілка для ссыпання ў яе збожжа’, ’вялікі мех’, рус. дан., паўд.-рус. ’мешкавіна’, ’мех’, бран., смал. ’страўнік жывёл’. Паралелі заходнеславянскіх моў сведчаць пра тое, што кожнае запазычанне адбывалася самастойна: польск. łantuch ’ануча’ < wańtuch ’грубае палатно’ < ням. Wagentuch (Брукнер, 601; Слаўскі, 4, 464), чэш.славац.) lajntuch ’прасціна’ < ням. Leintuch (< Lein ’лён’ і Tuch ’сукно’ (Голуб-Ліер, 279). Рус. лантух, паводле Фасмера (2, 458), паходзіць з ням. Plantuch, Blahentuch (< Plane ’брызент’ ці Blahe ’парусіна’) або, магчыма, з ням. Leintuch ’палатно’. У бел. мове лантух (< ням. Leintuch) першапачаткова азначала ’коўдра, посцілка’. У посцілцы маглі насіць сена, засцілаць салому, на якой спалі, сядзелі на возе, пасля значэнне развіваецца ў напрамку: ’мяшок, у які напіхвалі сена, салому (сяннік)’ > ’мех, вялікі мех’, параўн. ст.-бел. вантухъ (Булыка, Лекс. запазыч., 153) > ’пяхцёр’, параўн. віл., рагач. рапту́х, рэптух (Сл. паўн.-зах.). Пазней шляхам пераносу значэння з’явіліся ’жывот, трыбух; унутранасці’ > ’гультай’. Чартко (Бел. лінгв. зб., 149) бел. лантух ’чалавек, жывёла з тоўстым жыватом’ выводзіць са ст.-бел. вантухъ ’тоўстая посцілка’, якое з с.-в.-ням. Wagen ’воз’, tuoch ’сукно’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кавярзе́нь1 (звыч. у мн. л. кавярзні) ’лапаць’ (Бяльк., БРС, Касп., Мат. Маг.; віц., Нар. сл.; ТСБМ), кавярзеньчык ’лапатак’ (Бяльк., Яруш.). Рус. дыял. каверзни, коверзни (коверзень) ’летнія лапці, лапці з трыснягу; стаптаныя лапці; вяровачныя, падплеценыя вяроўкай і да т. п/; пск., наўг., цвяр. — адзіны арэал з бел. Аб старажытнасці ўтварэння меркаваць цяжка, паколькі назва магла быць вузкалакальнай, пашыраючыся з часам у выніку экспансіі рэаліі. Паводле Вахраса (Наим. об., 78), больш старажытнай формай неабходна лічыць рус. верзень, вьрзьнь. Здаецца, што кавярзень, кавярзні неабходна выводзіць ад кавярзаць ’плесці лапці’, якое з коверзати ’тс’, вытворнага ад верзати ’плесці і да т. п.’; словы гэтыя, відаць, ужываліся паралельна. Што датычыць фанетыкі (ко‑ і ка‑ як у дзеясловах, так і ў назоўніках), то гэтыя факты неабходна тлумачыць або ўздзеяннем акаючых гаворак (Вахрас, там жа, 78), або тым, што словы былі ўтвораны па розных мадэлях. Адносна меркавання Малчанавай, Маг. культ., 177, што падобны тып лапцей і тэрмін прыйшлі да беларусаў ад рускіх старавераў, якіх многа пражывала ў Віцебскай губерні, можна адзначыць, што кавярзень ’лапаць’ сустракаўся ў Смаленскіх інтэрмедыях XVII–XVIII стст., гл. Шакун, З дасл., 140, і што кавярзаць ’плесці, няўмела плесці і да т. п.’ вядомыя на больш шырокай тэрыторыі. Магчыма, пра спрадвечна славянскі характар разглядаемых слоў сведчыць і славен. kvŕga ’звіліна, нарасць’, серб.-харв. kvȑga ’нарасць’, якое Куркіна (Этимология–72, 79–80) параўноўвае з рус. каверза і пад. Параўн. яшчэ серб.-харв. kavr̀gati ’неаднолькава і няроўна прасці’, якое і Пятлёва (Дыс., 28) прапануе разглядаць як ка‑вргати. Звяргае на сябе ўвагу серб.-харв. kávrga ’назва невялікага чалавека’ і асабліва ’посуд з ліпавай кары для крыніцы’.

*Кавярзе́нь2, къвярзе́нь ’зусім няўмелы і неахайны’ (З нар. сл.). Паходзіць ад кавярзаць з адпаведным значэннем; структурна тоесным з’яўляецца каверзень ’аб дрэнным, каверзным чалавеку’ (смал.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слімаза́рны, слімазу́рны ‘запэцканы слінай; малы, хілы’, ‘марудлівы, дробязны (аб працы)’ (Нас.), слімаза́рны ‘няўдалы, нязграбны’ (Сцяшк. Сл.), ‘плюгавы’ (Янк. 2), ‘мізэрны’ (Сержп.; кам., ЖНС), слемаза́рны ‘ўбогі, варты жалю, слёз’ (Нар. Гом.), слямаза́рный ‘дробны’ (Сл. Брэс.), слімаза́рнік, слімазу́рнік ‘гадкае запэцканае дзіця’, ‘благі працаўнік, рамеснік’ (Нас.), слімаза́рнікнеахайны, апушчаны чалавек’ (Чач., Касп., Федар. 4), слімазу́рыць ‘пэцкаць’, ‘марудліва займацца нечым’ (Нас.), слімаза́ ‘плакса’ (КСП). Параўн. укр. арг. шлямаза́рник ‘вучань, што нестаранна піша’, польск. ślamazarny, szlamazarny, ślimazarny ‘павольны; расхлябаны, бездапаможны; вялы’, ślamazara ‘няўклюда, няздара, недарэка’, каш. slamaza ‘марудны, пазбаўлены энергіі чалавек’. Сцяцко (Афікс. наз., 41) слімаза́ разглядае як назоўнік агульнага роду, утвораны пры дапамозе непрадуктыўнага суф. ‑з‑(а), што характарызуе асобу па негатыўнай працэсуальнай прыкмеце, ад слі́маць ‘плакаць’ (КСП) па тыпу раўцірэўза. Да падобнай версіі паходжання каш. slamaza схіляецца Борысь (SEK, 4, 308), мяркуючы пра зыходныя формы *ślimaza, ślimaga, якія пазней зблізіліся з запазычаным ślam < ням. Schlamm ‘глей, мул, гразь’, ад якіх выводзіць польскія словы Брукнер (530). У якасці словаўтваральнай асновы прымаецца *slim‑ ‘слізь, сліна’ < прасл. *slimъ або *slima, гл. SEK, 4, 311; Бязлай, 3, 260; параўн. слім, слімень (гл.). Аднак аргатычнае ўжыванне дапускае і іншую версію паходжання слова ці, ва ўсякім выпадку, уплыў на семантыку славянскага слова з боку яўр.-ням. (ідыш) schlimasel ‘злы лёс’, як гэта меркаваў Карскі (Белорусы, 173). Шульман (Полымя, 1926, 8, 216) лічыць крыніцай беларускага сьлімазальнік ‘пэцкаль, мурза, няўдачнік’ ід. Schlimesalnik ‘тс’. Гл. таксама Альтбаўэр, JP, 17, 49 і наст. Горбач (Арго школярів, 35) украінскі аргатызм выводзіць ад ма́зати, гл. мазаць, і яўр. šlim‑mazzalnik ‘няўдачнік, бедалага’ з ням. schlimm ‘дрэнны’ і яўр. mazzal ‘доля, шчасце’. Сучасны аргатызм шлемазл ‘няўдачнік’ (гл. Евреи Гродно, Гродно, 2000, 118) < ід. Schlafnassel ‘цяжкая, заблытаная сітуацыя, пры якой індывід церпіць прыкрую няўдачу’, што з біблейскага яўр. Schla > Schlau + ід. Massel ‘шчасце’, для якога дапускаецца кантамінацыя з ням. Schlimm ‘дрэнны, паганы’ (Штэрн, Wörterbuch, 189).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)