Асу́шак ’сухая скарынка’ (БРС), асу́шчык ’тс’ (Клім.), осух ’першы кусок хлеба, адрэзаны ад бохана’ (Шатал.), асу́х ’сухі кавалак хлеба’ (Лекс. Палесся). Укр. осу́шок ’тс’. Хаця беларускія гаворкі, як паказвае Вештарт, Лекс. Палесся, 121, ведаюць значэнне ’сухая скарынка’, іншаславянскія паралелі паказваюць, што гэта, магчыма, ’асобы рытуальны хлябец’. Так, у в.-луж. wosušk, польск. osuch, osuszek, дзе гэта спецыяльны гатунак хлеба на каляды’, блізкае значэнне і ў славац. osúcht, osúšok; магчыма, таму ёсць і спецыяльныя адценні значэння ў беларускай мове. Але можна дапусціць і паралельнае ўтварэнне беларускага і ўкраінскага слоў. Структура беларускага слова ўказана правільна ў Сцяц., Нар., 29: о‑ + сух + ‑ькъ > асушак. Гл. ашушак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ашу́шкацца ’надзець на сябе многа адзежын’ (Нас., Чач., КЭС, лаг.), ошушкацца (КСТ), абшушкацца ’цёпла адзецца’ (КСП), ушушкацца (Бір. Дзярж.), нашушкацца (таўбц., жыт., петрык., брагін., Цыхун, вусн. паведамл.). Ад шушкацца ’цёпла апранацца, укрывацца’, што звязана з шушкацца ’капацца, шастаць; паволі і ціха што-небудзь рабіць’, да семантыкі параўн. копша ’занадта цёпла адзеты чалавек; той, хто капаецца, павольна працуе’, параўн. варыянты з х і ст у корані: нашухацца ’адзецца цёпла і многа’ (КСТ) і нашуштацца (нашустацца) ад шухацца, шустацца (па тэрміналогіі Махэка — «ch‑» і «st‑intensivum», параўн. чэш. ošoust, ošusta ’абарванец’ і славац. ošuchaný ’абарваны’, гл. Махэк₂, 619, 629), што можна разглядаць як вынік кантамінацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабіна лета. Рус. бабье лето, укр. бабине літо, бабське літо, польск. babie lato, чэш. babí léto, ням. Altweibersommeri г. д. Назва шырока вядома ў еўрапейскіх мовах. Здаецца, што яна асноўваецца на ўяўленні аб познім каханні старых жанчын, удоў. Гл. Леман, Altweib.; Пауль, Wörterb., 19; Клюге, 18 (там і шмат ням. дыял. форм, якія раскрываюць этымалогію); Махэк₂, 40; Галынська–Баранова, Ukr. nazwy, 61 (Качэрган, Мовознавство, 1971, 2, 87, як і Я. Галавацкі, непераканаўча лічыць, што назва адносіцца да дамашняй працы жанчын пасля жніва). З неіндаеўрапейскіх моў можна прывесці тур. gelin havasí ’цёплае, яснае надвор’е’ (дзе gelin ’нявеста, маладая’, ’нявестка’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абрыня́ць ’напухнуць, азызнуць’ (Шн.). Можна рэканструяваць як obъriněti < *obъrinъ ’волат’ (гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 2), ст.-рус. объринъ захавала толькі значэнне ’авар’, але ст.-польск. ob‑rzym ’волат’ дало ст.-польск. obrzmieć ’напухнуць’. Параўн. таксама чэш. obr, славац. obor, славен. ober ’волат’. У выніку памылковай дэкампазіцыі польск. obrzmieć > o‑brzmieć, na‑brzmieć. Апошняя форма была запазычана ў чэшскую мову з ляш. nabrnět ’напухнуць’ (Махэк₂, 406 і 67). Менш верагодна сувязь адрыняць з укр. брунька ’почка’, чэш. brnka ’паслед’, якія Трубачоў (Этымалогія, 1964, 3–4) супастаўляе з ст.-інд. bhrūná ’зародак’, лат. braũna ’луска’. Апошнія да і.-е. *bhrē̆u/bhrū̆ ’пухнуць’ (Покарны, 169).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зы́баць ’гушкаць’. Рус. зы́бить, дыял. зы́бать ’тс’, палаб. zåibi‑sǎ ’гушкаецца’ (3 ас.), славен. zíbati ’гушкаць’ (у тым ліку ў калысцы), серб.-харв. зи́бати ’гушкаць’. Ст.-слав., ст.-рус. зыбати. Прасл. zybati, верагодна, суадносіцца з арм. cup, cupʼ ’зыб’ (Сараджава, Этимология, 1976, 64–66); да і.-е. асновы *gʼūb‑ (да якой можна ўзвесці зыбаць), магчыма, адносіцца нарв. дыял. gǒp ’бездань’. Больш надзейных і.-е. паралелей яшчэ не выяўлена. Фасмер, 2, 109; Шанскі, 2, З, 114; Куркіна, Этымалогія, 1967, 140, 143; Макіенка, Вопр. географии, № 81, 75; Скок, 3, 653, дзе іншая літ-ра. Спробы этымалогіі арм. слоў: Ачаран, 3, 474–475.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казу́тка ’козлік, падобны да ўслончыка, на якім катаюцца зімой з горкі’ (віц., Нар. лекс.), ’дрожкі’ (Касп.). Два ўтварэнні, якія фармальна і тэрытарыяльна суадносяцца. Матывацыя першага зразумелая (параўн. каза ’тс’, відавочна і наяўнасць зааморфнай адзнакі). Словаўтварэнне — ад асновы коз‑ з непрадуктыўнай ‑ут‑суфіксацыяй, паралельнай да ‑ур‑, ‑ул‑; Сцяцко (Афікс. наз., 129) адзначае яе адпрыметнікавыя малюта, галюта і галута рэг. (віц.) утварэнні, што важна з пункту погляду геаграфіі. Не выключана, аднак, што неабходнай з’яўляецца рэканструкцыя прыметніка тыпу козі. Матывацыя другога слова — казутка ’дрожкі’, няясная. Калі гэта не самастойнае ўтварэнне, можна меркаваць аб пераносе назвы з невялікіх санак, саней наогул, для якіх матывацыя больш-менш зразумелая.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казіна́1 ’вельмі жорсткая, дзікая трава’ (стаўбц., Прышч. дыс.). Сувязь з назвай жывёлы відавочная: параўн. іншыя назвы для Nardus stricta: казіная, казліная барада. Структурны адпаведнік — рус. соль-ілецк., чкалаўск. козина ’волас, які выдаляецца з казінага пуху’. Словаўтваральна не вельмі ясна: па аналогіі да казінец можна было б меркаваць аб прыметнікавай утваральнай аснове і адпаведнай суфіксацыі (‑а). Што датычыць старажытнай ‑а‑суфіксацыі, то праславянскія дэрываты ад прыметнікаў з ‑а‑суфіксацыяй адзінкавыя (гл. Слаўскі, SP, 1, 60).

Казіна́2 ’неўрадлівая, забалочаная сенажаць, дзе расце вельмі жорсткая дзікая трава’. (Яшк., Прышч. дыс.). Да папярэдняга слова; аб такім тыпе словаўтварэння параўн. і казінец4.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́йдуб1, кайдоб ’бочка’ (Мат. Гом.), кайдуб, кайдуп, кайдоб, кайдупчык, кайдопчык (палес., З нар. сл., Нар. сл.), кайдуб ’драўляны корпус ручнога млына’ (кобр., Выг.). Усе формы да kadьlbъ, гл. аб этымалогіі кадоўба. Што датычыцца фанетыкі, можна меркаваць, што тут ‑й‑ на месцы ‑ў‑, параўн. форму каўдуб; ў у выніку метатэзы з другой часткі слова. Менш верагодна думаць пра з’яўленне ўстаўнога ‑й‑ у кайстра1 ’кастра’.

Ка́йдуб2 ’вельмі гразкае месца’ (Клім.), ’вытаптанае месца на лузе’ (Яшк.), лексема дэманструе пераход: назва посуду > назва рэаліі геаграфічнага рэльефу. Падрабязней гл. кадоўба, з літаратуры параўн. Талстой, Геогр., 219, дзе разглядаецца такі тып семантычнага пераходу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Карча́га1 ’пень, вывернуты з карэннем, корч’ (ТСБМ), да корч з прадуктыўным ва ўсходнеславянскіх мовах суфіксам ‑ага (SP, 1, 64).

Карча́га2 ’амфара, гляк’ (ТСБМ) ’плецены сасуд з саломы, які мае форму караткашыйнага графіна’ (Касп., Нік. Очерки), укр. корчага ’сасуд з вузкім горлам’, рус. корчага, ст.-рус. кърчага, ст.-слав. кърчагъ, чэш. křčah, балг. кърчаг, серб.-харв. кр̀чаг. Прасл. kъrčaga можна тлумачыць як вытворную ад kъrkъ ’шыя’ і суфікса (j)aga‑ ’сасуд, які мае горла’ (параўн. назву сасуда гарлач) (Трубачоў, ЭИРЯ, 2, 1962, 39). Гэта версія мае яўныя перавагі перад версіяй аб цюрскім паходжанні слова (тур. korčak ’кішка, мех, бурдзюк’) (Фасмер, 2, 341).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касе́ц ’касец’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк., Бяльк.). Рус. косе́ц ’тс’, укр. дыял. коси́ць ’тс’, чэш. дыял. kosec ’касец’, ’жнец’, славац. kosec (такая ж форма сустракаецца ў дыялектах славац. мовы), польск. дыял. kosiec. Параўн. далей серб.-харв. ко̀сац ’касец, жнец’, славен. kósec ’касец’. Прасл. форма *kosьcь ’касец’, ’жнец’; утворана ад прасл. дзеяслова *kositi ’касіць, жаць’ пры дапамозе суф. *‑ьcь, які ўтвараў у прасл. мове nomina agentis. Фармацыі гэтага тыпу, як можна бачыць з агляду матэрыялу ў Трубачова, Эт. сл., 11, 181, адсутнічаюць у некаторых слав. мовах (у прыватнасці, балг., в.-луж.), што яшчэ раз сведчыць аб дыялектным характары прасл. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)