птушка сям. дзятлавых атр. дзятлападобных. Пашыраны ў Еўропе і Зах. Азіі. Жыве ў лісцевых і мяшаных лясах. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца пераважна на Палессі; занесены ў Чырв. кнігу. Нар. назвы зялёная жаўна, жаўна.
Даўж. да 37 см, маса да 250 г.Афарбоўка жаўтавата-зеленаватая. спіна ярка-зялёная, надхвосце бліскуча-жоўтае. Ад дзюбы па баках галавы і шыі ідуць чорныя «вусы», у самцоў яны з чырвонымі стракацінамі. Брушка бледна-зеленаватае, зрэдку з цёмнымі стракацінамі. У маладых птушак стракаціны шматлікія, цёмныя. Гнёзды ў дуплах дрэў. Нясе 5—9 яец. Корміцца мурашкамі, жукамі-вусачамі, златкамі, дрэвагрызамі, караедамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЮКІ́, сарычы (Buteo),
род драпежных птушак сям. ястрабіных атр. сокалападобных. 25 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыкі. На Беларусі 2 віды: К. звычайны (Buteo buteo) і К. касматаногі, або зімняк (B. lagopus).
Пералётныя птушкі. Селяцца ў месцах, дзе лес чаргуецца з адкрытай прасторай (лугі, балоты, высечкі).
Даўж. да 66 см, маса да 1,3 кг. Крылы шырокія, дазваляюць лунаць у палёце. Хвост кароткі, закруглены. Афарбоўка зменлівая; спіна аднатонная, бурая, рыжая ці шэрая, ніз цела паласаты ці плямісты. Гняздуюцца на дрэвах, абрывах берагоў рэк. Нясуць 2—5 яец. Кормяцца грызунамі, насякомымі, паўзунамі, птушкамі. 2 віды і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЬКІ́ (Regulus),
род птушак атр. вераб’інападобных. 5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі 2 віды: жоўтагаловы каралёк і чырвонагаловы К. (R. ignicapillus) — рэдкі залётны від. Жывуць пераважна ў яловых лясах.
Самыя маленькія пеўчыя птушкі, даўж. да 11 см, маса да 7 г. Ў К. чырвонагаловага афарбоўка спіны шаравата-зялёная, брушка светла-шэрае; праз вока ідзе чорная палоска; бровы белыя, шапачка аранжава-чырвоная. Гняздо К. шарападобнае, з адкрытым верхам, на выш. 4—12 м ад зямлі. Нясуць 6—10 яец двойчы за год. Кормяцца насякомымі і лічынкамі.
Да арт.Каралькі. Каралёк чырвонагаловы. 1 — самец; 2 — самка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ТАЧНЫ СОК,
вадкасць, што выдзяляецца цытаплазмай жывой расліннай клеткі і запаўняе яе вакуолі. Складаецца з вады і розных рэчываў, звычайна ў выглядзе калоідных раствораў. У спячым насенні і спорах раслін К.с. абязводжваецца, пры прарастанні — абвадняецца. У маладых клетках К.с. менш, чым у старых. Склад К.с. спецыфічны для сям., відаў раслін, залежыць ад умоў вырошчвання, узросту расліны і асобных клетак. У ім ёсць вугляводы (вінаград, груша, цукр. буракі), інулін (вяргіня, тапінамбур), пекціны (цытрусавыя, яблыня), амінакіслоты, дубільныя рэчывы і інш.Афарбоўка К.с. залежыць ад пігментаў. Абумоўлівае асматычныя ўласцівасці і тургар клетак, служыць ёмістасцю для вады, метабалітаў і канчатковых прадуктаў абмену.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГЛАГАЛО́ЎКІ (Phrynocephalus),
род яшчарак сям. агам. Каля 45 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Еўропе, Азіі (ад Каспійскага м. да Кітая). Большасць відаў жыве ў пясчаных, гліністых або камяністых пустынях і паўпустынях.
Самая буйная — К. вушастая (Ph. mystaceus), самая маленькая — К. пясчаная (Ph. interscapularis).
Даўж. 7—25 см. Галава кароткая, закругленая. Тулава пляскатае, часам моцна расшыранае. Лускавінкі па краях пальцаў утвараюць зубчыкі. Хвост здольны закручвацца на спіну. Афарбоўка цела — пал колер грунту. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, павукамі. Адкладваюць яйцы, К. тыбецкая (Ph. theobaldi) яйцажывародная. К. вушастая вызначаецца наяўнасцю ў вуглах рота вял. скурных складак з махрамі па краях. якія нагадваюць вушы (адсюль назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАНЦІ́НЫ (Trichechus),
род водных млекакормячых атр. сірэн. Вядомыя з плейстацэну Паўн. і міяцэну Паўд. Амерыкі. 3 віды, 2 падвіды. Пашыраны каля берагоў Цэнтр. Амерыкі, у р. Амазонка і яе эстуарыі, каля атл. берагоў трапічнай Афрыкі і бас.р. Нігер. Жывуць на марскіх мелкаводдзях, у вусцях і нізоўях рэк. Трымаюцца групамі. Усе віды і падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 5 м, маса да 400 кг. Афарбоўка ад шэрай да чорна-шэрай. У адрозненне ад большасці млекакормячых маюць 6 шыйных пазванкоў. Верхняя губа раздвоеная. Замест разцоў рагавыя пласціны. На ластах 3 сярэднія пальцы з пазногцепадобнымі капыткамі Хваставы плаўнік закруглены. Расліннаедныя. Нараджаюць 1 дзіцяня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЫ́ШКІ (Cercopithecus),
род ніжэйшых вузканосых малпаў падсям. мартышкавых. 23 віды. Пашыраны ў Афрыцы на Пд ад Сахары. Жывуць у трапічных лясах, трымаюцца пераважна на дрэвах, групамі.
Даўж. цела да 87 см, хваста да 100 см; маса да 9 кг. Валасяное покрыва сярэдняй даўжыні, густое і мяккае. Афарбоўка ад аліўкавай да зялёнай, можа быць шараватая або амаль чорная. Галава акруглая, тваравы аддзел укарочаны, нос не выдаецца. Заднія канечнасці даўжэйшыя за пярэднія. Першы палец задняй канечнасці проціпастаўлены астатнім. Кормяцца лісцем, кветкамі, пладамі, дробнымі жывёламі. Нараджаюць 1, зрэжу 2 дзіцяняці. Утрымліваюцца ў няволі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРЭ́НАВЫЯ, мурэны (Muraenidae),
сямейства рыб атр. вугрападобных. Каля 18 родаў, больш за 120 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных морах. Жывуць каля берагоў у расколінах камянёў, падводных гротах і пячорах. Найб. вядомыя М. родаў гімнаторакс (Gymnothorax), лікадонтыс (Lycodontis), мурэна (Muraena).
Даўж. ад 10 см да 3 м. Цела змеепадобнае, скура голая. Афарбоўка яркая, разнастайная, з плямамі і палосамі. Грудныя плаўнікі адсутнічаюць. Зубы шматлікія, доўгія, вострыя. Драпежнікі, кормяцца рыбамі, галаваногімі малюскамі, ракападобнымі. У развіцці праходзяць стадыю лептацэфала (кароткае тупое рыла, закруглены хваставы плаўнік, слабая пігментацыя). Аб’ект промыслу. У некаторых відаў М. мяса ядавітае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКТА́РНІЦЫ, нектарніцавыя,
нектаркі (Nectariniidae),
сямейства пеўчых птушак атр. вераб’інападобных. 8—11 родаў, 104—116 відаў. Пашыраны ў Паўд. Азіі, Аўстраліі і Афрыцы. Жывуць у лясах, садах, зарасніках кустоў, гарах. Робяць сезонныя міграцыі, звязаныя з масавым цвіценнем раслін, удзельнічаюць у іх апыленні. 1 від у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 25 см, маса да 20 г. Дзюба доўгая, тонкая, часта выгнутая, краі наддзюб’я злёгку зазубраныя. Афарбоўка самцоў яркая, з метал. адлівам, самак — зеленавата-шэрая. У некат. відаў самцы і самкі афарбаваны аднолькава, у цьмяныя колеры. Кормяцца насякомымі, павукамі, пладамі, нектарам кветак (адсюль назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІМФАЛІ́ДЫ (Nymphalidae),
сямейства насякомых атр. матылёў. Самае шматлікае і пашыранае сярод дзённых матылёў. Больш за 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва разнастайныя ў тропіках. На Беларусі 36 відаў (4 падсям., 11 родаў); шырока вядомы крапіўніцы. пераліўніцы, перламутраўкі, шашачніцы і інш. Трапляюцца на лугах, лясных палянах, узлесках, садах, парках.
Размах крылаў да 18 см (на Беларусі — да 7 см). Афарбоўка пераважна яркая, стракатая. Вусікі булавападобныя або расшыраныя на канцы Пярэднія ногі ўкарочаныя, без кіпцюркоў. Вусені ўкрыты шыпападобнымі скуранымі вырастамі. Кормяцца лісцем дрэў, кустоў, травяністых раслін. Кукалкі вуглаватыя, часта з метал. бляскам, звісаюць уніз галавой.