ПЯСЧА́НКІ, пясчанкавыя (Gerbillinae),

падсямейства хамяковых атр. грызуноў. Каля 15 родаў, 102 віды. Пашыраны пераважна ў пустынях Азіі, Афрыкі, Паўд.-Усх. Еўропы. Жывуць калоніямі, у норах. Многія віды — шкоднікі с.-г. культур, пашаў, могуць разбураць насыпы дарог і інш. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў клешчавага сыпнога тыфу, скуранога лейшманіёзу, чумы і інш. інфекц. хвароб.

Даўж. да 20 см, маса да 100 г. Вушы кароткія, закругленыя. Хвост даўжэйшы за цела, укрыты кароткімі густымі валаскамі, на канцы кутасік. Афарбоўка пясчана-жоўтая ці карычневая, знізу белая. Кормяцца раслінамі і насякомымі. Нараджаюць 5—6, зрэдку да 12 дзіцянят.

Э.​Р.​Самусенка.

Пясчанкі: 1 — вялікая; 2 — персідская.

т. 13, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)