ШПІ́ЦЫ,

група дэкаратыўна-пакаёвых сабак. Узніклі ў паўд. раёнах Германіі ад стараж. тарфяных сабак. Адрозніваюць Ш. воўчых, ці вольф-Ш. (выш. 43—55 см), сярэдніх (29—36 см), мініяцюрных (23—28 см) і карлікавых (да 22 см). Пашыраны ў свеце, на Беларусі гадуюць сабакаводы-аматары.

Канстытуцыя сухая, у карлікавых Ш. — далікатная. Моцны касцяк, сухая мускулатура. Галава невял., клінападобная. Вушы невял., стаячыя, трохвугольныя. На тулаве шэрсць доўгая і прамая, падшэрстак густы; на шыі доўгія валасы ўтвараюць грыву. Хвост пушысты, кальцом ляжыць на спіне. Афарбоўка аднародная шэрая, белая, рыжая, чорная, карычневая; двухколерная — у карлікавых Ш.

т. 17, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)