месцы нерасту рыб і кругларотых. Спалучаюць спрыяльныя ўмовы для пач. этапаў развіцця патомства. Прыродныя Н. фітафільных рыб — мелкія зарослыя ўчасткі вадаёмаў са стаячай ці слабапраточнай вадой, пелагафільных — участкі з хуткім цячэннем, літафільных — таксама з камяніста-галечным дном. Перамяшчэнне рыб да Н. (часам за тысячы кіламетраў ад месцаў нагулу, гл.Паўпрахадныя рыбы, Прахадныя рыбы) наз. нераставай міграцыяй. Для праходу рыбы да Н. праз плаціны і інш. перашкоды на рэках будуюць рыбапрапускныя збудаванні. Для ачысткі, паляпшэння гідралагічнага і пажыўнага рэжымаў і інш. праводзяць меліярацыю прыродных Н. Ствараюць таксама штучныя Н.: галечна-друзавыя ўчасткі і грады ў рэчышчах рэк, спец. нераставыя каналы (для ласосяў), сховішчы (напр., плеценыя кошыкі), Н. з галінак, карэнішчаў раслін і інш., замацаваныя на мелкіх месцах (стацыянарныя) ці плывучыя (маюць вял. значэнне пры моцных ваганнях узроўню вады) і інш. У сажалкавых рыбных гаспадарках робяць нераставыя сажалкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́РАСТ,
адкладанне рыбамі і кругларотымі спелых ікры і малака з далейшым апладненнем. Адбываецца пры пэўных для кожнага віду ўмовах (сезон, т-ра, салёнасць вады, глыбіня, скорасць цячэння, субстрат і інш.), адным ці некалькімі заходамі. Субстратам для Н. літафільных рыб (асятры, ласосі, галавень, жэрах і інш.) служыць камяніста-галечнікавы грунт, псамафільных (напр., гальцы, печкуры) — пясок, часам карэньчыкі раслін, фітафільных (карп, лешч, плотка, сазан, шчупак і інш.) — расліны, астракафільныя (напр., гарчакі) адкладаюць ікру ў мантыйную поласць малюскаў, пад панцыр крабаў і інш., пелагафільныя (белы амур, камбалы, таўсталобікі, чахонь і інш.) — у тоўшчу вады. У трапічных і субтрапічных рыб сезонны Н. слаба выяўлены, расцягнуты, выспяванне ікры і Н. часта парцыённыя, раз за некалькі месяцаў. Большасць рыб халодных і ўмераных шырот нерастуюць раз за год, некат. прахадныя рыбы — 1—2 разы за жыццё. У час Н. ў многіх рыб развіваецца шлюбны ўбор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́СЕЧКА ЛЕ́СУ,
прамысловая або для быт. патрэб нарыхтоўка драўніны ў лясных насаджэннях; тэхн. сродак прыроднага аднаўлення лесу. Адрозніваюць прамысл. высечкі галоўнага карыстання (спелага дрэвастою з мэтай атрымання драўніны для патрэб нар. гаспадаркі) і высечкі догляду (перыядычныя высечкі часткі дрэў у мэтах вырошчвання гасп.-каштоўных насаджэнняў, павышэння водаахоўных, водарэгулявальных, полеахоўных, аздараўленчых і інш. карысных функцый лесу).
Высечкі лесу гал. карыстання бываюць суцэльныя, паступовыя і выбарачныя. Пры суцэльных усе дрэвы на лесасецы (за выключэннем жыццяздольнага маладняку і насеннікаў) высякаюць у адзін прыём, пры паступовых — у некалькі прыёмаў на працягу некалькіх гадоў, пры выбарачных — асобныя спелыя дрэвы або групы іх. Пры высечках догляду высякаюць хворыя, горшыя дрэвы і дрэвы непажаданых па розных прычынах парод; у залежнасці ад узросту насаджэнняў адрозніваюць: высечкі асвятлення і прачысткі (праводзяць праз 2—3 гады), прарэджвання (праз 5—10 гадоў) і прахадныя (праз 10—15 гадоў). Іх спыняюць за 5—10 гадоў да правядзення высечкі лесу гал. карыстання. На Беларусі высечкі догляду, уключаючы санітарныя, штогод ажыццяўляюць на пл. 320 тыс.га, высечкі гал. карыстання праводзяць на пл. каля 30 тыс.га. Няўзгодненыя з органамі лясной гаспадаркі высечкі лесу лічацца адным з відаў ляснога браканьерства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНО́ГІ (Petromyzones),
падклас (атрад) пазваночных кл. кругларотых. 3 сям., 7 родаў, каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных марскіх і прэсных водах. Прахадныя М. жывуць у моры, на нераст мігрыруюць у рэкі; у жылых ручаёвых М. жыццёвы цыкл адбываецца ў прэснай вадзе. На Беларусі 3 віды: М. рачная (Lampetra fluviatilis), М. ручаёвая еўрапейская (L. planeri) — у бас. рэк Зах. Буг, Зах. Дзвіна, Нёман; М. ўкраінская (L. mariae, або Eudontomyzon mariae) — у бас. рэк Дняпро і Нёман. Бел.мясц. назвы: верацёнка, відун, вугрыца, вярцёлка, мянёга і інш.
Даўж. да 1 м, маса да 3 кг. Цела вугрападобнае, голае. Шкілет храстковы. Спінных плаўнікоў 1 або 2. Шчэлепных адтулін па 7 э кожнага боку. Вочы развітыя, ёсць цемянное вока, здольнае рэагаваць на святло. Рот лейкападобны, на дне прысмоктвальнага дыска; на языку і дыску рагавыя зубы. Сэрца двухкамернае. Многія віды — эктапаразіты рыб. Угрызаюцца ў цела рыбы, смокчуць кроў, выядаюць мышцы і вантробы. Кормяцца таксама беспазваночнымі, лічынкі — водарасцямі, дэтрытам. Пасля нерасту гінуць. З ікры вылупляецца пескарыйка, якая праз 3—4 гады ператвараецца ў дарослую М. Ядомыя. Другарадны аб’ект промыслу.