РАМАНО́ВІЧ (Яўгенія Міхайлаўна) (н. 6.7.1922, в. Дараганава Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1954). Скончыла БДУ (1948). У 1952—91 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследуе бел. дыялекталогію, гісторыю бел. мовы, сучасную бел. літ. мову. Адзін з аўтараў «Хрэстаматыі па гісторыі беларускай мовы» (ч. 1—2, 1961—62), «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963), «Нарысаў па беларускай дыялекталогіі» (1964), кн. «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69), «Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (т. 1—5, 1993—98). Дзярж. прэмія СССР 1971 за ўдзел у комплексе прац па бел. лінгвагеаграфіі. Дзярж. прэмія Беларусі 2000 за цыкл работ «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак».
Тв.:
Бібліяграфічны ўказальнік літаратуры па беларускаму мовазнаўству. Мн., 1960 (разам з М.А.Жыловіч, А.К.Юрэвіч);
П.А.Бузук. Мн., 1969 (разам з А.К.Юрэвіч);
Беларускае мовазнаўства: Бібліягр. ўказ. (1825—1965 гг.). Мн., 1967 (у сааўт.);
Беларускае мовазнаўства: Бібліягр. паказ. (1966—1975). Мн., 1980 (разам з А.Д.Васілеўскай);
Беларускае мовазнаўства: Бібліягр. паказ., 1976—1985. Мн., 1993 (з ёй жа).
М.Н.Крыўко.
т. 13, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Пу́халь ’пухліна’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Хутчэй за ўсё, адваротны дэрыват ад пухліна, характэрны для поўначы Беларусі прадуктыўны суфікс ‑іна ўспрымаецца як паказчык адзінкавасці (параўн. топаль > топьліна ’адно дрэва таполі’), экспрэсіўнасці (параўн. горла > гьрляціна, асудж.) ці адцягненага дзеяння (параўн. ругань > руганіна), (гл. Крыўко, Нар. словатв., 152–165) і можа быць адкінуты. Гл. таксама пухло, пухнуць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
По́шлы 1 ’нізкі ў маральных адносінах, пазбаўлены духоўных інтарэсаў і запатрабаванняў’ (ТСБМ). З рус. по́шлый ’тс’ < по + ходить, шел (Праабражэнскі, 2, 119; Фасмер, 3, 349).
По́шлы 2 ’дужы, моцны’ (Крыўко, вусн. паведамл.; ушац., Пан.), параўн. таксама няпо́шлы ’малы, худы, кволы’ (Пан.), недапо́шлы ’кволы’, абнепашле́ць ’зрабіцца слабым, нядужым’, рус. дыял. по́шлый ’поўны, тоўсты чалавек’, ’сыты, тлусты (пра жывёлу)’, ’спелы, узмужнелы, у гадах’. Даль тлумачыць яшчэ як до́шлый, г. зн. той, хто дасягнуў фізічнай і духоўнай кандыцыі, што сведчыць пра зыходнае дайшо́ў, гл. ісці, хадзіць. Параўн. нядошлы (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́ім ’скупы’ (міёр., З нар. сл.), каімка, каіміна ’скупы і люты чалавек’ (міёр., З нар. сл.; Нар. словатв.). На думку Крыўко (З нар. сл.), ад уласнага біблейскага імя Каін. Гэта фармальна пацвярджаецца матэрыяламі слоўніка Насовіча. Рус. каін ’пракляты, які не раскаяўся, акаянны’. Народная этымалогія звязвае з каяцца. Трансфармацыі семантыкі і формы ў слове адбыліся ў выніку кантамінацыі зыходнай лексемы з гукава і сэнсава блізкай. Так, звяртае на сябе ўвагу ўжо разгледжанае намі каём, каёміна (гл.) ’шустры, бойкі’, рус. паўн., усх. окаём ’нягоднік, неслух, ашуканец’, ярасл. окоём ’хлус, нягоднік’, ’скнара, скупы’. Што датычыцца ўжывання ўласнага імя як апелятыва, то гэта з’ява добра вядомая, параўн. для той жа тэрыторыі адам ’скупы’. Апошняя паралель таксама сведчыць у карысць каім < Каін.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кажушы́на ’назва вопраткі, паўкажушок’ (Радч.). Укр. кожушина ’больш лёгкі кажух’, рус. зах.-бран. (па тэрыторыі агульнае з бел.) кожушина ’паўкажушок з аўчыны, кажух’, серб.-харв. (павеліч. kòžušina) засведчана ў помніках XVIII ст. балг. кожушина ’вялікі кажух’; гэта ж форма са значэннем ’шалупінне цыбулі’ ў загадках: серб.-харв. «U našega dedušine trideset i dve kozušine, pʼopet mu se rebra vide»; балг. радом. «Стар деда с девет кожушини». Паўд.-слав. паралелі дэманструюць некалькі іншую семантыку, аднак галоўнай перашкодай для канстатацыі архаічнасці прыведзенага слова з’яўляецца прадуктыўнасць суфікса, яго рэгулярны характар, і калі для ўсх.-слав., як і для паўдн.-слав. лексем, сепаратныя сувязі відавочныя, то меркаваць аб роднаснасці паўн. і паўдн. слоў у гэтым выпадку вельмі цяжка. Што датычыцца семантыкі, параўн. яшчэ рус. дом і домина, бел. хата і хаціна; вялікі фактычны матэрыял (і некаторая літаратура) прыведзены ў артыкуле М. Н. Крыўко «Слова з суфіксам ‑ін‑а (‑ын‑а) і яго вытворнымі ў гаворцы вёскі Манякова Міёрскага раёна» (Нар. словатв.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аціля́кавацца ’надта марудзіць, абыякава адносіцца да справы’ (Янк. Мат.), ацялякаваць, ацялякавацца ’марудзіць’ (КСП), ацілягавацца ’марудзіць, нядбайна адносіцца да працы’ (КЭС, лаг.), ацялягвацца ’рабіць нешта павольна’ (мядз., Цыхун, вусн. паведамл.), аціляка ’марудная, павольная ў справе асоба’ (міёр., Крыўко, вусн. паведамл.). Магчыма, запазычанне з літоўскай мовы, параўн. atsilìkti, atsiliẽkti ’адстаць, адставаць’, зваротны прыставачны дзеяслоў ад lìkti, liẽka ’аставацца, астацца’, крыніцай запазычання магла быць форма 3‑й ас. адз. л. atsiliẽka (адносна апошняй формы гл. Атрэмбскі, Gramatyka, 209), параўн. аціляка, з пазнейшым расшырэннем адыменнай дзеяслоўнай асновы суфіксам ‑ва‑, параўн. прастарэка ’балбатун’ — прастарэкаваць ’гаварыць лухту, балбатаць’, варыянтнасць у корані слова тлумачыцца фанетычна: а замест і ў выніку прыпадабнення складоў, г замест к як вынік азванчэння ў інтэрвакальным становішчы, параўн. дыял. стага́н, ’шклянка’ і інш. У карысць такой версіі сведчаць і лінгвагеаграфічныя даныя, аднак яны не пярэчаць і іншай версіі: ацялякавацца ад целекаваты, у сваю чаргу ўтворанага ад вядомага з гаворак на беларуска-літоўскім паграніччы і паўночна-ўсходніх польскіх гаворак цяляк (cielak) цяля; дурнаваты, няразвіты хлопец’, раней таксама ’пастух цялят; гультай, разява’. Больш праблематычнай здаецца сувязь з полац. цюлёгаць ’квэцаць, рабіць абы-як’ (Садоўскі, вусн. паведамл.), польск. ciulać ’марудна і абы-як рабіць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)