По́шлы1 ’нізкі ў маральных адносінах, пазбаўлены духоўных інтарэсаў і запатрабаванняў’ (ТСБМ). З рус. по́шлый ’тс’ < по + ходить, шел (Праабражэнскі, 2, 119; Фасмер, 3, 349).

По́шлы2 ’дужы, моцны’ (Крыўко, вусн. паведамл.; ушац., Пан.), параўн. таксама няпо́шлы ’малы, худы, кволы’ (Пан.), недапо́шлы ’кволы’, абнепашле́ць ’зрабіцца слабым, нядужым’, рус. дыял. по́шлый ’поўны, тоўсты чалавек’, ’сыты, тлусты (пра жывёлу)’, ’спелы, узмужнелы, у гадах’. Даль тлумачыць яшчэ як до́шлый, г. зн. той, хто дасягнуў фізічнай і духоўнай кандыцыі, што сведчыць пра зыходнае дайшо́ў, гл. ісці, хадзіць. Параўн. нядошлы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)