спосаб маст. апрацоўкі дрэва, косці, каменю і інш. цвёрдых матэрыялаў шляхам выразання арнаментальных ці сюжэтных кампазіцый; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Р.м. аздабляюць прадметы побыту (мэблю, хатняе начынне, прылады працы), будынкі (гл.Разьба архітэктурная), яе тэхніку выкарыстоўваюць у стварэнні скульптуры. Самаст. від Р.м. — гліптыка.
Узнікла ў глыбокай старажытнасці з паяўленнем рэзальных інструментаў з каменю і косці, пазней — металічных; вядома ўсім народам свету. Шырока вядома Р.м. па лаку ў Кітаі і Японіі, па камені і косці ў Індыі, па ганчу ва Узбекістане. бурацкая каменная пластыка, якуцкая і халмагорская разьба па косці ў Расіі.
На Беларусі пашырана некалькі відаў Р.м. Контурная разьба выконваецца заглыбленымі лініямі на гладкім фоне, блізкая да гравіравання; выемчатая разьба (пераважна трохгранна-выемчатая) утварае ўзор, заглыблены ў гладкі фон; рэльеф ная разьба мае заглыблены фон і ўзнятыя над ім выявы або ўзор — нізкарэльефныя (барэльеф) ці высокарэльефная (гарэльеф); скразная разьба не мае фону і ўяўляе сабой ажурную кампазіцыю (у залежнасці ад размяшчэння ўзору ў адной ці некалькіх плоскасцях адрозніваюць плоскаажурную і аб’ёмна-ажурную Р.м.); аб’ёмная разьба стварае трохмерную выяву, звычайна скульптуру малых форм. Найб. старадаўняя на Беларусі контурная і аб’ёмная разьба па дрэве і косці. З часоў каменнага веку вядомы касцяныя вырабы, арнаментаваныя контурнай разьбой геам. характару, касцяныя і драўляныя фігуркі жывёл і чалавека, выразаныя вельмі схематычна і ўмоўна. Высокага ўзроўню дасягнула разьба па косці і камені ў 9—13 ст. (Шклоўскі ідал, абразкі з каменю і шыферу, ліцейныя формы). Інтэр’еры храмаў, сядзіб, палацаў, мэблю аздаблялі нізкарэльефнай разьбой па дрэве, якая ў 17—18 ст. развілася ў аб’ёмна-ажурную (гл.Беларуская рэзь). З 17 ст. вядома разьба па шкле (гл.Шкло мастацкае). Фоны абразоў упрыгожвалі разьбой па ляўкасу. Разьбой па дрэве і стука аздаблялі іканастасы, алтары, амбоны, арганы, сцены храмаў і палацаў (гл.Манументальна-дэкаратыўная скульптура). З канца 19 ст. Р.м. пашыралася ў нар. дойлідстве, аздабленні мэблі; разьбой геам. характару аздаблялі хатняе начынне, прадметы побыту, посуд, прылады працы (гл.Берасцяныя вырабы, Камянецкія прасніцы). У наш час Р.м. займаюцца многія нар. майстры, прафес. і самадзейныя мастакі. Бытавыя рэчы, посуд, вырабы сувенірнага і маст. прызначэння з дрэва, рогу, бяросты выпускаюць прадпрыемствы маст. прам-сці (гл.Мастацкіх вырабаў вытворчасць).
Літ.:
Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983;
Да арт.Разьба мастацкая. Складзень. Візантыя. Разьба па косці. 10—11 ст.Да арт.Разьба мастацкая. А.Штанг. Ваза «Поўнач». Халмагорская разьба па косці. Расія. 1977.Да арт.Разьба мастацкая. Каменная пліта з выявай ільва. Горад Ваўкавыск Гродзенскай вобл. 12 ст.Да арт.Разьба мастацкая. Фрагмент прасніцы. Камянецкі раён Брэсцкай вобл. 1920-я г.Да арт.Разьба мастацкая. Самшытавы грэбень. З раскопак Мінскага замчышча. 13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́БЫ (Pisces),
падклас сківічнаротых водных пазваночных. Вядомы з дэвону (каля 410 млн.г. назад). 5 кл.: 3 выкапнёвыя — акантоды, плакадэрмы і крылапанцырныя (Pterichthyes) і 2 сучасныя — храстковыя рыбы і касцявыя рыбы. Больш за 25 тыс. відаў (сучасных больш за 20 тыс. — каля 50% усіх відаў пазваночных), з якіх большасць (96%) складаюць касцявыя рыбы. Кісцяпёрыя Р., магчыма, далі пачатак наземным пазваночным. Пашыраны Р. паўсюдна ў марскіх і прэсных водах. Жывуць у разнастайных экалагічных умовах: пры дыяпазоне т-р ад -2,1 °C (антарктычныя воды) да 50 °C (тэрмальныя крыніцы), вытрымліваюць салёнасць да 70%. Многія Р. робяць міграцыі дзеля размнажэння, адкорму і зімоўкі. На Беларусі адзначана 58 (59) відаў з 17 сям. Р. з атр.акунепадобных, асетрападобных, вугрападобных, карпападобных, ласосепадобных, траскападобных; з іх 46 (47) відаў мясцовыя, 12 завезены з мэтай акліматызацыі і рыбагадоўлі. У Чырв. кнігу МСАП занесены 194 віды і падвіды Р., у Чырв. кнігу Беларусі — 5 відаў.
Даўж. ад некалькіх міліметраў да 20 м і больш, маса ад 1,5 г да 14 тон. Цела двухбакова-сім. (акрамя камбалападобных), разнастайнай формы. Канечнасці ў выглядзе няпарных і парных плаўнікоў (часам адсутнічаюць). Скура ўкрыта лускою, зрэдку з касцявымі пласцінкамі або голая. Шкілет храстковы або касцявы. Сэрца двухкамернае, адзін круг кровазвароту. Дыхаюць жабрамі, некат. (дваякадыхальныя) маюць дадатковыя органы дыхання, т.зв. «лёгкія». Галаўны мозг невял., прымітыўны. Кішэчнік слаба дыферэнцыраваны на аддзелы, часта ёсць піларычныя прыдаткі — сляпыя вырасты, якія адкрываюцца ў сярэднюю кішку; у іх ідзе дадатковае ператраўліванне корму. Большасць Р. мае плавальны пузыр. У многіх відаў добра развіты нюх, дотык, зрок, слых. Некат. маюць эл. органы. Спецыфічныя для Р. органы бакавой лініі ўспрымаюць водныя ваганні. У глыбакаводных Р. ёсць органы свячэння. Паводле спосабу жыўлення Р. — планктафагі, бентафагі, дэтрытафагі, фітафагі і драпежнікі. Размнажэнне — пераважна шляхам адкладвання ікры, ёсць жывародныя (сярод храстковых). Р. — адна з асн. крыніц харч. бялку, займаюць важнае месца ў харчаванні чалавека і яго гасп. дзейнасці. Агульны гадавы адлоў Р. ў свеце складае каля 75 млн.т (з прэсных вод — каля 10 млн.т). Узнаўленне некат. Р. падтрымліваецца развядзеннем на рыбаводных заводах, у сажалках і рыбагадавальніках. У многіх краінах вядзецца аквакультура і марыкультура. Пашырана акварыумнае рыбаводства (гл.Акварыум, Акварыумныя рыбы), аматарскі лоў і рыбалоўны спорт. Навука аб Р. — іхтыялогія.
Літ.:
Никольский Г.В. Частная ихтиология. 3 изд. М., 1971;
Яго ж. Экология рыб. 3 изд. М., 1974;
Жизнь животных. Т. 4. 2 изд. М., 1983;
Wheeler A. The World encyclopedia of fïshes. London, 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБО́Р,
1) афіцыйны сход епіскапаў і інш. прадстаўнікоў хрысц. цэркваў, які склікаецца з мэтай распрацоўкі палажэнняў веравучэння, богаслужэння, дысцыплінарных норм і мер барацьбы з ерасямі. Па традыцыі першым С. лічыцца сустрэча апосталаў у Іерусаліме. Бываюць памесныя, на якіх збіраюцца іерархі асобных краін ці рэгіёнаў, і ўсяленскія саборы. У каталіцызме памесны С. наз.сінодам.
2) Гал. храм горада ці манастыра, дзе богаслужэнне праводзіць вышэйшая асоба (патрыярх, архіепіскап і інш), таксама храм, прызначаны для сумеснага богаслужэння духавенствам з некалькіх цэркваў. Саборны храм у епархіяльным горадзе наз. кафедральным. Архітэктура С. звычайна вызначаецца ’манументальнасцю форм, адлюстроўвае асн. тэндэнцыі пануючага арх. стылю. Сярод найб. яскравых узораў саборнай архітэктуры: Канстанцінопальскі Сафійскі сабор (532—537), С. ў гарадах Вормс, Майнц, Трыр, Шпаер (Германія), Саламанка (Іспанія; усе раманскі стыль), Светыцхавелі(Грузія, 1010—29), Ланскі сабор, Кёльнскі сабор, Парыжскай Божай Маці сабор, Рэймскі сабор, Шартрскі сабор, С. ў Мілане (Італія), Кентэрберы (Вялікабрытанія; усе готыка), Рыжскі Домскі сабор (раманагатычны стыль з рысамі барока), Рымскі сабор святога Пятра, С. Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі (Італія, абодва рэнесанс), св. Хрыстафора ў Гаване, св. Гала ў г. Санкт-Гален (Швейцарыя), Успенскі ў Смаленску (усе барока), Ісакіеўскі сабор і Казанскі сабор у Пецярбургу, св. Паўла ў Лондане, кафедральны ў Вільнюсе (усе класіцызм) і інш. Вылучаюцца помнікі стараж.-рус. і сярэдневяковага дойлідства — Наўгародскі Сафійскі сабор, Уладзімірскі Дзмітрыеўскі сабор, саборы Крамля Маскоўскага, Пакроўскі С., што на Рове ў Маскве (гл.Васіля Блажэннага храм) і інш.
На Беларусі С. вядомы з 11 ст.Найб. значныя з іх: Полацкі Сафійскі сабор (11—17 ст.), Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, Пружанскі сабор Аляксандра Неўскага, Пакроўскі С. у Віцебску (усе класіцызм), Барысаўскі Васкрасенскі сабор (псеўдарус. стыль) і інш. У Мінску кафедральным правасл. С. з’яўляецца Святадухаўскі сабор (у будынку Мінскага касцёла і кляштара бернардзінак). Гал. храмы манастыроў: Успенскі С. Жыровіцкага Успенскага манастыра, Крыжаўзвіжанскі сабор і Спаса-Праабражэнская царква Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра і інш. Зрэдку С. наз. храм, які мае некалькі прыдзелаў (алтароў).
3) У іканаграфіі С. — кампазіцыйна пабудаваная выява некалькіх асоб ці мноства святых, Сіл нябесных, аб’яднаных паводле прынцыпу іх узаемасувязі. Напр., С. апосталаў, С. архангела Міхаіла, С. бел. святых (пасля кананізацыі С. Новапакутнікаў Мінскай епархіі напісаны і асвячоны аднайм. абраз; 1999, іканапісец П.Жараў), а таксама складаныя іканапісныя сюжэты (напр., С. архангела Міхаіла, С. Маці Божай, С. Іаана Прадцечы).
Літ.:
Соборы мира: Пер с англ М., 1998.
Г.А.Лаўрэцкі.
Да арт.Сабор. П.Жараў. Сабор Новапакутнікаў Мінскай епархіі.Успенскі сабор у г. Уладзімір (Расія).Сабор святога Паўла ў Лондане.Сабор у г. Бразілія. 1970.Сабор-крэпасць у г. Трыр (Германія).Крыжаўзвіжанскі сабор у г. Полацк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́ФЫ (грэч. Skythai),
агульная назва плямён паўн.-іранскай моўнай групы, якія насялялі Паўн. Прычарнамор’е ў 7 ст. да н.э. — 3 ст.н.э. Паводле розных меркаванняў С. — выхадцы з Сярэдняй Азіі ці Сібіры. У 7 ст. да н.э. яны перасяліліся ў Паўн. Прычарнамор’е, выцесніўшы адтуль кімерыйцаў. С. рабілі паходы ў М.Азію, заваявалі Мідыю, Сірыю, Палесціну, панавалі ў Пярэдняй Азіі, адкуль у пач. 6 ст. да н.э. іх выцеснілі мідыйцы. Асн. іх месца рассялення — тэр. паміж Донам і Дунаем, стэпавы Крым. Паводле Герадота, пануючымі былі царскія С., што жылі паміж Дняпром і Донам; паміж Інгулам і Дняпром жылі С.-земляробы, правабярэжжа Ніжняга Дняпра і Крым займалі С.-качэўнікі. С. валодалі ганчарным, кавальскім, ювелірным майстэрствам; гандлявалі з грэч. гарадамі Паўн. Прычарнамор’я збожжам, футрам, жывёламі, рабамі. Паліт. аб’яднанню С. садзейнічала вайна ў 512 да н.э. з перс. царом Дарыем I (гл.Дарый). Саюз плямён набыў рысы дзяржавы. Улада цара была спадчыннай, але абмежавана саюзнай радай і нар. сходам. Да 340-х г. да н.э. цар Атэй завяршыў аб’яднанне С. ад Азоўскага мора да Дуная. Адм. і гандлёва-эканам. цэнтр іх дзяржавы размяшчаўся ў Ніжнім Падняпроўі каля сучаснага г. Нікапаль. У 4—3 ст. да н.э.вядомы іх т.зв. царскія курганы (Чартамлык, Салоха, Тоўстая магіла, Мелітопальскі, Куль-Аба і інш), у якіх выяўлены бронзавыя шлемы, панцыры, шчыты, лукі, коп’і і інш. У 3 ст. да н.э. пад націскам сарматаў сталіца С. перанесена ў Крым, дзе на р. Салгір (каля г. Сімферопаль) узнік Неапаль скіфскі. Дзяржава С. дасягнула росквіту ў 2 ст. да н.э., калі яны падпарадкавалі Ольвію і ўладанні Херсанеса. У выніку паражэння ў 108—107 да н.э. ў вайне з Мітрыдатам Скіфія была аслаблена, але ў 2-й пал. 1 ст.н.э. зноў узмацнела. Скіфскае царства ў Крыме існавала да 2-й пал. 3 ст. і знішчана готамі. У эпоху Вялікага перасялення народаў С. канчаткова растварыліся сярод мноства плямён. У 4—3 ст. да н.э. на Пд Беларусі ў выніку кантактаў са С. з’явіліся бронзавыя наканечнікі стрэл з трыма і дзвюма лопасцямі. Рэчы скіфскага тыпу знаходзяць на Беларусі пры раскопках помнікаў зарубінецкай культуры. Зрэдку сустракаюцца на помніках мілаградскай культуры, напр. гарадзішча і бескурганны могільнік каля в. Асарэвічы Брагінскага р-на (наканечнікі скіфскіх стрэл і акінак з загнутымі ўгару канцамі наверша).
Літ.:
Смирнов А.П. Скифы. М., 1966;
Граков Б.Н. Скифы. М., 1971;
Хазанов А.М. Социальная история скифов. М., 1975;
Яго ж. Золото скифов. М., 1975;
Шелов Д.Б. Северное Причерноморье 2000 лет назад. М., 1975;
Брашинский И.Б. В поисках скифских сокровищ. Л., 1979;
Куклина И.В. Этногеография Скифии по античным источникам. Л., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУЛЬПТУ́РА МАЛЫ́Х ФОРМ, дробная пластыка,
скульптурныя творы невял. памераў, якія выконваюць пераважна дэкаратыўныя (часам рытуальныя) функцыі; разнавіднасць скульптуры. Пашырана ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Вырабляецца таксама мастацкай прамысловасцю і нар.-маст. промысламі з керамікі, металу, косці, каменю, шкла, пластмасы і інш. Да С.м.ф. належаць жанравыя статуэткі, настольныя партрэтныя выявы, разнастайныя віды цацак, а таксама манеты, медалі, гемы. Творы дробнай пластыкі выкарыстоўваюць у стварэнні пэўнага эстэт.-эмацыянальнага асяроддзя, вызначаюцца выразнасцю кампазіцыйных вырашэнняў, выяўленнем пластычных і дэкар. магчымасцей матэрыялу. С.м.ф. зарадзілася ў эпоху палеаліту і звязана з вераваннямі і працоўнай дзейнасцю (знаходкі ў пячоры Мас-д’Азіль у Францыі, Вілендорф у Аўстрыі, Мальце і Бурэце ў Сібіры і інш.). На тэр. Беларусі вядома з эпохі неаліту: касцяныя і драўляныя фігуркі людзей, качак, коней са стаянак Крывіна (гл.Галоўск), Асавец. Да жал. веку адносяцца гліняныя фігуркі жывёл мілаградскай культуры з гарадзішчаў Гарошкаў, Мохаў. З прыняццем хрысціянства вял. пашырэнне ў 11—13 ст. набылі каменныя і касцяныя абразкі з рэльефнымі выявамі святых. Узоры быт. пластыкі вядомы з 12—13 ст. С.м.ф. 14—16 ст. характарызуецца цеснай сувяззю з маст. ліццём (крыжы і абразкі, знойдзеныя ў Магілёве, Мінску і інш.). З 16—17 ст. пашырана медальернае мастацтва, развіццю якога спрыяла дзейнасць Віленскага манетнага двара. У 19—пач. 20 ст. рысамі стылю мадэрн вызначаліся Керамічныя статуэткі і дэкар. вазы В.Бубноўскага. У анімалістычным жанры працаваў жывапісец Г.Вейсенгоф, у рэаліст. манеры выкананы партрэты-барэльефы Я.Драздовіча (Я.Пачопкі, М.Машары, А.Грыневіча і інш.), амаль ва ўсіх цэнтрах ганчарства выраблялі гліняныя цацкі (майстры В. і П. Ланеўскія, І.Данілевіч), у многіх — дэкар. пасудзіны (майстры В.Кузьміцкі, Ф.Дзудзакевіч, А.Петрашкевіч, Я.Ступкевіч). Мела пашырэнне драўляная цацка. У 1940-я г.нац. каларытам вылучаліся работы М.Філіповіча. У 2-й пал. 20 ст. ствараецца сюжэтная пластыка ў фарфоры, шамоце, гліне (мастакі У.Андрыянаў, М.Бяляеў, Г.Гаркуноў, М.Звярко). У анімалістычным жанры працавалі Л.Багданаў, Ф.Зільберт, Т.Мацвеенка, Т.Паражняк. Багаццем пластычных вырашэнняў вылучаецца гутная пластыка нар. майстроў Р.Багінскага, Т.Лінкевіча, С.Раўдвеэ. У традыцыях нар. глінянай скульптуры працуе М.Пушкар. Своеасаблівыя дэкар. пласты, плакеткі, сувенірныя медалі ствараюць М.Байрачны, А.Зіменка, Л.Талбузін. У кераміцы працуюць М.Балюк, Т.Васюк, М.Кляцкоў, А.Концуб, У.Церабун і інш. С.м.ф. стала вядучай у творчасці самадз. майстроў-разьбяроў А.Міхеенкі (Полацк), А.Пупко (Івянец), В.Альшэўскага і М.Ерафеева (Мінск), Г.Асіпковай (Чашнікі), Б.Васількова (Гомель), С.Жыголкіна (Віцебск), С.Шаўрова (Орша). Гл. таксама Скульптура драўляная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІЯЦЮ́РА (франц. miniature, італьян. miniatura ад лац. minium кінавар, сурык, якімі ў старажытнасці размалёўвалі рукапісныя кнігі),
мастацкі твор малых памераў.
У выяўленчым мастацтве адну з асн. галін складае кніжная М. (ілюмінацыйнае мастацтва) — выкананыя ад рукі ілюстрацыі і элементы дэкар. афармлення (ініцыялы, застаўкі і інш.) у рукапісных кнігах.
Кніжная М. вядома са старажытнасці ў Егіпце («Кніга мёртвых», 2-е тыс. да н.э.), Іране (Ісфаханская школа мініяцюры і інш.), Індыі (Магольская школа мініяцюры і інш.). Вытокі еўрап. ілюмінацыйнага мастацтва адносяцца да позняй антычнасці («Іліяда» Гамера, каля 500). Найб. росквіту дасягнула ў эпоху сярэдневякоўя (візант. рукапісы 13—14 ст., арм. евангеллі кілікійскай школы мініяцюры, М. братоў Лімбург у Францыі, пач. 15 ст., і інш.). Пасля вынаходніцтва кнігадрукавання кніжная М. змянілася гравюрай.
На Беларусі кніжная М. вядома з 10—13 ст. (аздобы Супрасльскага рукапісу, Аршанскага, Тураўскага евангелляў і інш.). У 14 ст. развіваўся тэраталагічны стыль, найб. выразны ў ініцыялах Мсціжскага евангелля і ў Полацкім евангеллі. У 2-й пал. 14—16 ст. ўзмацніўся зах.-еўрап. ўплыў, з’явіліся свецкія сюжэты, гіст. і быт. сцэны (Лаўрышаўскае, Жыровіцкае, Шарашоўскае евангеллі і Радзівілаўскі летапіс). У 17 ст. на М. ўплывала гравюра друкаваных кніг. Вядомы імёны перапісчыкаў кніг і мастакоў Паповіча Бярозкі з Навагрудка, Юрыя Алелькі (ці Алелькавіча) са Слуцка, Стэфана Кахановіча з Супрасля, Васіля Амельяненскага з Віцебска, Яўстафія з Гродна, Парфёна з Пінска.
М. ў жывапісе развівалася пераважна партрэтная. Яна адметная асабліва тонкай манерай выканання. Партрэты на пергаміне, слановай косці, метале ці фарфоры часта змяшчаліся на медальёнах, табакерках, ордэнах і інш. Паводле стылю і тэхнікі звязаны з кніжнай М. і з агульным развіццём рэаліст. мастацтва.
Як асобны жанр жывапісу склалася ў эпоху Адраджэння. Вял. майстэрствам вызначаюцца партрэтныя М. 16 ст. Дж.Кловіо (Італія), Ф.Клуэ (Францыя), Г.Гольбейн Малодшы (Германія), Н.Хіліярд, А.Олівер (Англія), у 17 ст. — Ж.Петыго (Швейцарыя), С.Купер (Англія) і інш. Дасягнула росквіту ў 18 — пач. 19 ст. (творчасць Р.Кар’еры ў Італіі, Ж.А.Фраганара, Ж.Б.Ізабэ ў Францыі, Г.Ф.Фюгера ў Аўстрыі, У.Баравікоўскага, А.Рыта ў Расіі і інш.). У 20 ст. пашырылася лакавая мініяцюра (гл.Лакі мастацкія, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Холуйская мініяцюра). Вядомы мініяцюрныя партрэты Пятра I, рус. імператрыц Ганны Іванаўны і Кацярыны I, выкананыя выхадцам з Беларусі Р.Мусікійскім, а таксама партрэты А.Міцкевіча, А.Сапегі. На Беларусі ў 19 ст. партрэтныя М. рабіў В.М.Ваньковіч. У наш час у лакавай М. працуюць Г. і А.Осіпавы, В. і А.Ражковы і інш.
У скульптуры М. — поўнааб’ёмныя або рэльефныя выявы з косці, металу, цвёрдых парод дрэва, каменю і інш.Гл.Гліптыка, Гема, Інталія, Камея, Нэцке.
У літаратуры — невялікі кампазіцыйна завершаны твор, у якім кандэнсуецца значны змест, выяўляецца тэндэнцыя да сцісласці і шырыні абагульнення. М., асабліва паэтычная, блізкая да афарыстычнага выказвання. Напр., у М.Танка: «Ад гора — усё ў свеце няміла, // Ад шчасця — час хутка мінае, // Ад хмелю — марнуюцца сілы, // Ад славы — сяброў убывае... // Вось тут і спыніся на нечым // У гэтым жыцці, чалавеча!». Жанравыя прыкметы выразна змешваюцца ў празаічных М. — лірычных замалёўках, абразках, паэт. рэфлексіях у прозе (творы М.Гарэцкага, З.Бядулі, Я.Брыля, Ф.Янкоўскага, Б.Сачанкі). Эмацыянальны, суб’ектыўна-лірычны пачатак тут арганічна ўзаемадзейнічае з эпічна-канкрэтным (напр., у А.Карпюка). Такія М. маюць жанравыя рысы эсэ. Вершаваныя М. — пераважна лірычныя творы, складаюцца звычайна з 2—6 радкоў. Сустракаюцца ў М.Багдановіча, У.Дубоўкі, Л.Геніюш, Р.Барадуліна, Я.Сіпакова, Ю.Свіркі, Р.Тармолы, А.Разанава і інш. Да М. адносяць і такія ўстойлівыя формы паэзіі, як карацелька, рубаі, прыпеўкі, каламыйкі, фрашкі. Драматургічная М. — сціслая сцэнка, найчасцей камедыйна-сатыр. твор, у якім дзейнічаюць 2—3 персанажы.
У музыцы — невялікая муз. п’еса для фп. (пераважна) і інш. інструментаў ці выканальніцкіх складаў. Характэрныя рысы: малы маштаб, лаканічнасць формы (звычайна простыя 1-, 2- і 3-часткавыя), тонкая дэталізацыя прыёмаў пісьма, аб’яднанне асобных п’ес у цыклы. У творчасці бел. кампазітараў шырока прадстаўлена ў вак., інстр., харавой, арк. і камернай музыцы: «24 прэлюдыі» для фп. П.Падкавырава, фп. цыкл «Фрэскі» Л.Абеліёвіча, «Ступенькі» (дзіцячы альбом для скрыпкі з фп.) Г.Вагнера, сюіты «Казка» і «Кантрасты» С.Картэса, «Мікракосм» і «Дзіцячы куток» Л.Шлег, а таксама мініяцюры Я.Глебава, Я.Дзягцярыка, І.Лучанка, Р.Суруса, Э.Тырманд і інш.Бел. кампазітары, выкарыстоўваючы традыцыі муз. рамантызму, з якім звязаны росквіт жанру М. (Ф.Шуберт, Р.Шуман, Ф.Мендэльсон, Ф.Шапэн), а таксама рус. і сав. класікаў (П.Чайкоўскі, А.Лядаў, А.Скрабін, С.Пракоф’еў, Дз.Шастаковіч), уносяць у развіццё жанру М. рысы нац. своеасаблівасці («Лубок» для фп. А.Друкта, хар. цыклы на нар. тэксты «Дажынкі» Г.Гарэлавай і «Снапочак», «Вясельныя» А.Мдывані, «Скамарохі» для баяна А.Залётнева). Нярэдка муз. М. імкнецца да апасродкаванай сувязі з жывапісам («Акварэль» для цымбалаў В.Войціка, фп. цыкл «Вясковыя замалёўкі» В.Кузняцова і інш.).
У тэатры, цырку, на эстрадзе М. — кароткая п’еса, вадэвіль, інтэрмедыя, скетч, размоўная, харэагр. ці муз. сцэнка, эстрадная ці клоўнская рэпрыза і інш. На Беларусі ў галіне М. працуюць мінскія т-р «Хрыстафор», нар.т-р эстрадных мініяцюр «Карусель».
Да арт.Мініяцюра. Бітва паміж войскамі Святаполка Яраполчыча і Яраслава Мудрага на р. Альта. Іл. да «Радзівілаўскага летапісу». Канец 15 ст.Мініяцюра з Жыровіцкага евангелля. 15 ст.Да арт.Мініяцюра. Р.Мусікійскі. Партрэт Пятра I. 1723.Да арт.Мініяцюра. Партрэт Накіб-хана, Індыя. Магольская школа. Пач. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЙЗА́Ж (франц. paysage ад pays мясцовасць, краіна),
від, адлюстраванне якой-небудзь мясцовасці; адзін з асн. жанраў (і асобны твор) выяўл. мастацтва. Адлюстроўвае рэальную або ўяўную мясцовасць, эмац. адносіны чалавека да прыроды, светапогляд мастака. Часта з’яўляецца фонам у творах інш. жанраў (партрэт, нацюрморт, бытавы, батальны і інш.). У працэсе развіцця П. вылучыліся яго асобныя віды: ландшафтны, гарадскі, вясковы, марына, арх., індустрыяльны, гіст. і інш.
Адлюстраванне прыроды вядома з эпохі неаліту. Матывы П. вядомы ў насценных размалёўках і рэльефах Стараж. Усходу (Егіпет, Вавілонія), мастацтве Стараж. Грэцыі і Рыма, краін Д. Усходу. У 7—8 ст.самаст. значэнне набыў у мастацтве Кітая, у 12—13 ст. стаў адным з вядучых жанраў. У еўрап. мастацтве сярэднявечча элементы П. пераважна пазначалі месца дзеяння, выконвалі сімвалічную ці дэкар. ролю ў адлюстраванні рэліг.-міфалагічнай прасторы. У эпоху Адраджэння цэнтр. вобразам у П. стала адлюстраванне зямнога свету як адухоўленай з’явы, у якой касмічнае пераважае над тапаграфічна-канкрэтным. Мастакі вывучалі натуру, распрацоўвалі прынцыпы перспектыўнай пабудовы прасторы (Джарджоне, Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Тыцыян у Італіі, М.Груневальд, А.Дзюрэр, Л.Кранах у Германіі, А.Альтдорфер, П.Брэйгель, Х. ван дэр Гус у Нідэрландах, Эль Грэка ў Іспаніі і інш.). У канцы 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маньерызму ўзмацніліся эмацыянальнасць і падкрэсленая ідэалізацыя прыроды (А.Карачы ў Італіі); у мастацтве барока пераважала адлюстраванне стыхійнага буяння прыроды, падкрэсленая надуманасцю і наяўнасцю фантаст. элементаў (П.П.Рубенс у Фландрыі, А.Маньяска ў Італіі). Як самаст. жанр П. вылучыўся ў 2-й пал. 17 ст. ў творчасці Я. ван Гоена, Я. ван Ройсдала, С. ван Ройсдала, Рэмбранта ў Нідэрландах, К.Ларэна, Н.Пусэна ў Францыі і інш. і стаў носьбітам высокага этычнага зместу. У 18 ст. пашырыўся тонкалірычны (Ф.Гвардзі) і відавы гарадскі (Каналета, Б.Белота) П. У П. 1-й пал. 19 ст. пераважалі тэндэнцыі рамантызму (К.Д.Фрыдрых, Л.Рыхтэр у Германіі, У.І.Кох у Аўстрыі, У.Цёрнер у Вялікабрытаніі). Зацвердзілася розніца паміж накідам, эцюдам і завершаным П.-карцінай, з’явіліся элементы пленэру, сістэма валёраў і інш. Станаўленне і росквіт рэаліст. П. адбыўся ў 19—20 ст. ў творчасці К.Каро, Г.Курбэ, Ж.Ф.Міле (Францыя), Дж.Констэбла (Вялікабрытанія), А.Менцэля (Германія), І.Айвазоўскага, А.Бенуа, Л.Бродскай, І.Грабара, А.Дайнекі, А.Куінджы, І.Левітана, Г.Ніскага, В.Паленава, М.Рэрыха, А.Саўрасава, В.Сярова, І.Шышкіна (Расія), М.Сар’яна (Арменія), А.Жмуйдзінавічуса (Літва) і інш. Плённа развіваўся ў творчасці мастакоў інш. стыляў і кірункаў. непасрэднасць пленэрных П. імпрэсіяністаў (П.Банар, К.Манэ, Э.Манэ, К.Пісаро, А.Сіслей у Францыі), драматычна выразныя, эмацыянальна завостраныя П. экспрэсіяністаў (О.Какошка ў Аўстрыі), эмац., дэкар.-плоскасныя П. постімпрэсіяністаў (П.Гаген, П.Сезан у Францыі, В. ван Гог у Нідэрландах) і інш.
У бел. мастацтве элементы П. вядомы з 15 ст. (мініяцюры Радзівілаўскага летапісу). Значнае месца адведзена П. ў гравюрах выданняў Ф.Скарыны («Навухаданосар цар вавілонскі здабывае Іерусалім», 1518; «Руф, прабаба цара Давідава падбірае каласы за жняцы», 1519), жывапісным творы «Бітва пад Оршай» (каля 1515). У графіцы 2-й пал. 16—17 ст. П. набыў самаст. гучанне: гравюры з адлюстраваннем гар. панарам Гродна, Полацка, Вільні, Бабруйска, Брэста, Рэчыцы, Нясвіжа, Трокаў, Коўна, Клецка (у т. л. Т.Макоўскага), замкаў і палацаў (гравюры М.Цюнта), акварэль «Аблога Полацка 29.8.1579» С.Пахалавіцкага і інш. У жанры П. шмат працаваў А.Тарасевіч (12 аркушаў «Поры года», 1672). У 17—18 ст. элементы П. трапляюцца ў іканапісе («Праабражэнне», 1648; «Пакроў», 1649; «Успенне, 1650; клеймы абраза «Параскева з жыціем», 1659; «Пакланенне вешчуноў» басценавіцкага майстра, 1723—28; «Мікола», 1751), манум. жывапісе (размалёўкі Аршанскага Куцеінскага Богаяўленскага манастыра, 17 ст; фрэскі касцёлаў кармелітаў у Бельчыцах, Мсціславе і Магілёве, 18 ст.) і дэкар.-прыкладным мастацтве (у шпалерах Нясвіжскай, Карэліцкай і Слонімскай мануфактур). Як самаст. жанр П. пачаў складвацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. і да сярэдзіны 19 ст. эвалюцыяніраваў ад класіцызму праз рамантызм да праяў рэалізму. У 19 — пач. 20 ст. да П. звярталіся К.Альхімовіч, В.Бялыніцкі-Біруля, А. і І. Гараўскія. С.Жукоўскі, В.Ваньковіч, Я.Дамель, Н.Орда, Ю.Пэн, К.Русецкі, Ф.Рушчыц, Я.Сухадольскі, І.Трутнеў і інш. У 20 ст. ў П. развіваўся пераважна рэаліст. кірунак. Сярод найб. значных прадстаўнікоў І.Ахрэмчык, Бялыніцкі-Біруля, В.Волкаў, І.Гембіцкі, Я.Драздовіч, Я.Зайцаў, У.Кудрэвіч, Л.Лейтман, С.Лі, М.Сеўрук, М.Станюта, А.Тычына (1920—50-я г.), А.Бархаткоў, У.Басалыга, Я.Батальёнак, Г.Вашчанка, В.І.Вярсоцкі, В.Грамыка, М.Данцыг, М.Ісаёнак, К.Качан, А.Кроль, У.Лагун, З.Літвінава, А.Малішэўскі, А.Марачкін, Л.Марчанка, У.Маскоўскіх, П.Масленікаў, Г.Паплаўскі. У.Пасюкевіч, М.Селяшчук, Г.Скрыпнічэнка, В.Сумараў, І.Рэй, В.Цвірка, Л.Шчамялёў (1950—90-я г.) і інш.
Літ.:
Федоров-Давыдов А. Русский пейзаж XVIII — начала XIX в. М., 1953;
Яго ж. Советский пейзаж. М., 1958;
Яго ж. Русский пейзаж конца XIX — начала XX в. М., 1974;
Мальцева Ф. Мастера русского реалистического пейзажа. Вып. 1—2. М., 1953—59;
Виноградова Н.А. Китайская пейзажная живопись. М., 1972;
Калитина Н. Французская пейзажная живопись, 1870—1970. Л., 1972;
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Беларускі пейзажны жывапіс: [Альбом]. Мн., 1982;
Никулина О.Р. Природа глазами художника. М., 1982.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Пейзаж. С. ван Ройсдал. Рачны пейзаж. 1646.Да арт.Пейзаж. І.Левітан. Вясна — вялікая вада. 1897.Да арт.Пейзаж. В.Цвірка. Прыпяць. Вясна. 1966.Да арт.Пейзаж. В.Грамыка. Раніца туманная. 1974.Да арт.Пейзаж. В.Вярсоцкі. Ліпеньскія навальніцы. 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
паро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Група свойскай жывёлы аднаго віду і агульнага паходжання, якая адрозніваецца ад іншых груп пэўнымі прыкметамі. Бельгійская парода коней. □ — Надышоў час укамплектаваць ферму авечкамі танкаруннай пароды.Стаховіч.Макарыха выцягнула з воза пеўня, развязала ногі і крылы, апусціла на зямлю. — Во, на развод прывезла, галанскай пароды.Асіпенка.// Разнавіднасць жывёл, якія сваімі асаблівасцямі ці агульнымі прыкметамі адрозніваюцца ад іншых жывёл. Парода сумчатых з’яўляецца адной з самых старадаўніх і яшчэ цяпер захавала некалькі відаў, да якіх належыць, напрыклад, вядомы аўстралійскі кенгуру.Маўр.//Разм. Пародзістасць. Ды пароды дужае Быў армейскі конь, Не сканаў асуджаны Куляю на скон.Куляшоў.
2. Разнавіднасць раслін. Дзесяткі парод дрэў, лісцяных і хвойных, разложыстых і вастраверхіх, то шарэнгамі, то купкамі спускаліся па схілах узгоркаў да рэчкі.Хадкевіч.// Сорт, гатунак раслін. Вывесці новую пароду вішань.
3.Разм. Катэгорыя людзей з якімі‑н. характэрнымі рысамі. Стары.. быў з пароды тых вясковых людзей, якія ніколі табе не пакажуцца адразу.Карпюк.Мы з пароды мужнай, працавітай, Гартавалі нас цяжкія бітвы.Панчанка.// Вонкавы выгляд, склад цела чалавека. Гэта быў мужчына вельмі мажны, высокі, з вялікімі рукамі, з буйнымі рысамі твару, непаваротлівы і, нават, здавалася, нясмелы, як гэта звычайна бывае ў людзей такой пароды.Скрыган.
4.Разм. Род, сям’я, радня. [Андрэй:] — Уся ваша парода корзунаўская такая.П. Ткачоў.Два маленькія худзенькія хлапчукі, зусім не падобныя на свайго асілка-бацьку. Толькі чорныя такія ж. «Штось цыганскае ў іх народзе», — гаварылі ў вёсцы.Шамякін.
5.Уст. Прыналежнасць да якой‑н. сацыяльнай групы; сацыяльнае паходжанне. Дваранская парода. □ [Сцяпан:] — Прыйдзе звод на кожнага, хто ў кулацкай народзе ходзіць.Лынькоў.
6. Мінерал або сукупнасць мінералаў, якія з’яўляюцца састаўной часткай зямной кары. Горкая парода. Цвёрдыя пароды.// Мінерал, які змяшчае ў сабе які‑н. больш каштоўны карысны выкапень.
7. О Бітумінозныя пароды — асадкавыя горныя пароды (пяскі, пясчанікі, вапнякі і інш.), у якіх ёсць прыродны бітум. Мацярынская парода — верхні слой горных парод, на якім пад уздзеяннем біялагічных і біяхімічных працэсаў, а таксама пад уплывам дзейнасці чалавека адбываецца ўтварэнне глебы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
салі́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Моцны, добра зроблены. Салідная пабудова. □ Слухаючы гаворку пра зямельныя ўчасткі, салідныя катэджы і плантацыі агрэсту альбо трускалак, Кірыла з’едліва ўсміхаўся.Паслядовіч.
2. Які вылучаецца грунтоўнасцю, глыбінёй, сур’ёзнасцю. Салідная адукацыя. Салідны вопыт работы. □ Работа выглядала саліднай, усё гучала ў ёй пераканаўча і па-навуковаму.Арабей.Адным словам, я [Генадзь Залужны] зрабіўся сапраўдным патрыётам Поўначы і меў намер зноў вярнуцца туды, але затым, каб паступіць у інстытут, набрацца ведаў, атрымаць салідную спецыяльнасць і толькі тады, ну, можа, на апошніх курсах інстытута, ажаніцца.Радкевіч.
3. Які заслугоўвае давер, з добрай рэпутацыяй, аўтарытэтам. Салідная ўстанова. □ Нізкі, тоўсты, з адрастаючым жывоцікам,.. [Сабалеўскі] хутчэй нагадваў прыказчыка ці коміваяжора саліднай гандлёвай фірмы, чым пасла беднага беларускага сялянства ў польскім Сейме.Машара.// Які карыстаецца аўтарытэтам, павагай; вядомы (пра чалавека). Салідны архітэктар. □ [Чарнавус:] А я вас, Аляксандр Пятровіч, цяпер ужо зусім разумею. Да гэтага дня я думаў, што маю справу калі не з салідным вучоным, дык, па крайняй меры, з сумленным чалавекам.Крапіва.
4. Важны, паважны, самастойны (пра чалавека). Тут сядзіць і пан Длугожыц. .. Усё яго аблічча паказвае на арыстакратычнасць яго рода. Ён салідны і павольны, ва ўсім захоўвае меру і пачуццё свае годнасці.Колас.// Уласцівы такому чалавеку, характэрны для яго. Салідны тон.// Які надае важнасць, мае значны памер (пра рэчы). Аранжавы непаседа паварочваецца да нас і, здаецца, вось-вось замурлыча і паварушыць даволі-такі саліднымі вусамі.Брыль.[Іне] падабаліся яго густыя чорныя бровы, чысты ружаваты твар і даволі салідны чуб.Ваданосаў.
5. Мажны, вялікі (пра фігуру чалавека). Завуч наш быў чалавек саліднай камплекцыі, і на ўсіх худых і тонкіх меў свой від.Ермаловіч.— А вы хто такі, уласна, будзеце? — пытаўся дырэктар, акідваючы позіркам салідную, міжвольна выклікаючую павагу, постаць Яўмена Фаміча.Краўчанка.
6. Не вельмі малады, сталы. Салідны ўзрост. □ З вамі на прадвесні Я, салідны дзядзя, Пеў бы, здэцца, песні, У піянератрадзе.Крапіва.
7. Значны па велічыні, памеру, сіле і пад. Салідны капітал. □ Праз тыдзень я [Мікола Бароніч] пад’ехаў да рэдакцыі амаль на новай машыне, а рэдактару аддаў рахунак на салідную суму.Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Казі́ная барада1 ’трава сівец, Nardus stricta’ (карэл., астр., Сл. паўн.-зах.), казліная барада ’тс’ (астрав., Сл. паўн.-зах.). Матывацыя празрыстая, аднак вобраз мог быць складаным: тут і колер, і падабенства формы, і функцыянальнае падабенства (уласцівасцей). Аб складанасці гэтага тыпу намінацыі сведчыць і адсутнасць дакладных адпаведнікаў на шырокай тэрыторыі, хоць сама структура вядомая ў розных славянскіх і неславянскіх мовах як назва раслін. Так. ва ўкр. мове ёсць лексема бородка для Nardus stricta (Макавецкі. Sł. botan., 238), аднак такая інфармацыя падаецца са слоўніка (траўніка і кветніка) Залесавай і Пятроўкай. У гэтай крыніцы шмат памылак і няпэўнасцей. Рус. адпаведнікаў быццам бы няма, таму бел. лексема ад каза, казіны для Nardus stricta з’яўляецца наватворам.
Каз́іная барада2 ’расліна Valeriana officinalis’ (Сержп. Прымхі, 204). Рус.козья борода ’тс’ вядома з запісаў Анепкава з паметай «заходняе». Паколькі іншых адпаведнікаў няма, то гэта інавацыя. Этымалагічная праблема зводзіцца да тлумачэння матывацыі назвы: сувязь з назвай жывёлы фармальна відавочная, аднак няма надстаў меркаваць аб пераносе па знешняму падабенству. Магчыма, тут перанос назвы з іншай расліны, дзе яна добра матывуецца. У рус. гаворках такую назву носяць розныя віды Tragopogon; матывацыя празрыстая (зааморфныя прыкметы расліны), аднак паміж Tragopogon і Valeriana няма знешняга або функцыянальнага падабенства. Сярод іншых слав. назваў для Valeriana паслядоўна сустракаюцца дэрываты ад асновы kozbl‑: укр.козляк, рус.дыял.козлик (для Valeriana celtica), польск.kozłek, ст.-польск.kozieł і kozlik ’Valeriana’, чэш.мар.kozelec і чэш., ст.-чэш.kozlik. Махэк (Jména rostl.) прыводзіць рус.козелок, козельцовый корень ’Valeriana’, аднак СРНГ іх не падае. На поўдні слав. свету яны таксама невядомыя. Пералічаныя лексемы разглядаюцца як утвораныя ад назвы жывёлы; матывацыя — спецыфічны пах карэнішча расліны (так Махэк, Jména rostl., 224; Слаўскі, 3, 33). Параўн. укр.смердунка ’Valeriana’. Этымалогію гэтых лексем нельга непасрэдна выкарыстаць для тлумачэння бел.казіная барада. Я на, аднак, дазваляе нам дапусціць думку, што дэрываты ад kozьl- на паўн.-слав., а магчыма, і на паўд.-слав. тэрыторыі для Valeriana або іншых пахучых раслін былі вядомы больш шырока, параўн. серб.-харв.kozlačica ’Thalictrum’, kozjačica Thymus’. Што датычыць валяр’яну, то для гэтай расліны назва, утвораная ад заоніма. не магла быць асноўнае паколькі прасл. назвай лічыцца *odolenъ < odoleti: адвар з кораня валяр’яну, ужываўся як прэвентыўны сродак супраць мору і пошасці, гл. Махэк, там жа. Дэрываты ад kozbl‑ маглі ўжывацца паралельна, характарызуючы расліну на моцнаму паху карэнішча.