ЭРЫЎГЕ́НА, Іаан Скот Эрыўгена (Johannes Scotus Eriugena), Іеругена (Jerugena),
Эрыгена (Erigena; каля 810 — каля 877), сярэдневяковы філосаф, прадстаўнік рэалізму. Паводле паходжання ірландзец, у 835—840 пераехаў у Францыю, знаходзіўся пры двары Карла Лысага і займаўся перакладамі з грэч. на лац. мову твораў Псеўда-Арэапагіта, Максіма Спавядальніка і інш., а таксама іх тлумачэннем. Яго светапогляд засн. на платанізме і неаплатанізме. Лічыў, што Бог стварае і прадвызначае толькі дабро, грэх жа — адыход чалавека ад Бога; індывіду дадзена не толькі свабода волі, але і асабістая адказнасць, якой трэба кіравацца («Аб боскім прадвызначэнні», 851). Аб’ядноўваў Бога і свет у адзіным паняцці «існага» («прыроды»). На яго думку, у сваім развіцці прырода паслядоўна праходзіць 4 ступені. Яна выступае як стваральная і няствораная (Бог); як створаная і стваральная (сын Бога, логас, боскі розум); як створаная і нестваральная (свет рэчаў); як няствораная і нестваральная (Бог як мэта сусв. працэсу). Адстойваў прымат розуму над аўтарытэтам Свяшчэннага Пісання. Пры высвятленні анталагічнага статусу агульных паняццяў зыходзіў з таго, што універсаліі існуюць рэальна ў індывідууме. Як адзін з заснавальнікаў рэалізму Э. вядомы на Беларусі з канца 17 — пач. 18 ст., калі ў бел. філас. думцы знайшла адлюстраванне барацьба наміналізму (К.Вяжбіцкі) з рэалізмам (В.Тылкоўскі).
Тв.:
Рус. пер. — О божественном предопределении (фрагменты) // Знание за пределами науки. М., 1996.
Літ.:
Бриллиантов А.И. Влияние восточного богословия на западное в произведениях Иоанна Скота Эриугены. М., 1998.
Т.І.Адула.
т. 18, кн. 1, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)