палачнікі (Phasmoptera, або Phasmida, або Phasmodea),
атрад насякомых. Каля 2,5 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць на раслінах.
Даўж. да 35 см (самыя вял. з насякомых). Самкі буйнейшыя за самцоў. Форма цела палачкападобная (адсюль адна з назваў) або лістападобная (у лістацелаў). Крылаў у большасці відаў няма. Вочы добра развітыя. Ногі хадзільныя. Ротавы апарат грызучы. Расліннаедныя. У развіцці — партэнагенез, ператварэнне няпоўнае. Паводзіны і афарбоўка П. маюць прыстасавальнае значэнне: у нерухомым стане яны падобныя на галінкі, сцёблы, кавалкі кары, лісце. Здольныя доўга знаходзіцца ў стане «васковай гнуткасці» (каталепсія). Уласціва аўтатамія, страчаныя ч. цела лёгка ўзнаўляюцца.
С.Л.Максімава.
Да арт.Прывідавыя. Палачнікі: 1 — гіганцкі інданезійскі; 2 — індыйскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСОСКАПАДО́БНЫЯ (Gobiesociformes),
атрад касцістых рыб. Вядомы з міяцэну (каля 22—20 млн.г. назад). 1 сям. — прысоскавыя, або марскія качачкі (Gobiesocidae), каля 40 родаў, каля 100 відаў. Пашыраны ў прыбярэжнай зоне трапічных і ўмераных вод усіх акіянаў, у прэсных водах Цэнтр. Амерыкі. У Чорным м. трапляюцца звычайная, або аднаколерная, рыба-прысоска (Lepadogaster lepadogaster), таўстарылая прысоска, або качачка (L. decandollei), і двухплямістая прысоска, або караткапёрая качачка (Diplecogaster bimaculatus). Вядуць прыдонны спосаб жыцця.
Даўж. да 30 см. Цела кароткае, голае, укрытае сліззю. Афарбоўка маскіровачная. На брушку прысмоктвальны дыск з відазмененых брушных плаўнікоў, якія зрасліся; пры дапамозе дыска П. прымацоўваюцца да камянёў, раслін і інш. Кормяцца дробнымі доннымі беспазваночнымі. Лічынкі пелагічныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУГАЧЫ́ (Bubo),
род птушак сям. савіных атр. совападобных. 12 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі і Антарктыды. Жывуць у лясах, стэпах, пустынях, у гарах да выш. 4700 м. Актыўныя ўначы. На Беларусі 1 від — П. звычайны (B. bubo), рэдкая аселая і вандроўная птушка. Трапляецца часцей на Палессі ў лясах. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 75 см, размах крылаў да 180 см, маса да 3,2 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне рыхлае, рыжавата-жаўтаватае ці белаватае з падоўжнымі і папярочнымі плямкамі, зверху цёмнае, знізу светла-жоўтае, пёравыя «вушкі» чорныя ці з папярочным малюнкам. Радужына вачэй чырванавата-аранжавая або карая. Дзюба і кіпцюры чорныя. Ногі моцныя, пальцы апераныя. Драпежнікі. Адкладваюць да 6 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЦЦІ (італьян. putti, мн. л. ад putto літар. дзіця),
выявы маленькіх хлопчыкаў, часам крылатых; улюблёны дэкар. матыў у мастацтве Адраджэння, а таксама 17—18 ст. П., якія спалучалі рысы ант. эротаў і хрысц. анёлаў, сведчылі пра зацвярджэнне ў мастацтве пачуццёвага, свецкага пачатку. Выявы П. сустракаюцца ў застаўках некат. выданняў Ф.Скарыны (Прага, 1518—19). Найб.пашыраны ў скульпт. аздабленні інтэр’ераў бел. храмаў 18 ст. (лепка, разьба па дрэве); гал. і бакавыя алтары Праабражэнскага касцёла ў в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на, інтэр’еры касцёлаў аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага р-на, бернардзінцаў і езуітаў у Гродне, францысканцаў у Пінску, Троіцкай царквы ў в. Вольна Баранавіцкага р-на і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУШЫСТАБЯРО́ЗАВЫЯ ЛЯСЫ́,
фармацыя карэнных лісцевых лясоў на пераходных і нізінных балотах, у дрэвастоі якіх пераважае бяроза пушыстая (гл.Бяроза). На Беларусі займаюць 276,4 тыс.га (4,6% агульнай пл. лясоў, 27,6% бярозавых лясоў). Вылучаюць 6 тыпаў П.л.: асакова-травяны, асаковы, балотна-папарацевы, вярбовы, асакова-сфагнавы, падвейна-сфагнавы. Пашыраны адносна раўнамерна, буйныя масівы на забалочаных нізінах — Верхнебярэзінскай, Дзісенскай, Цэнтральнабярэзінскай, Палескай. Растуць на патэнцыяльна багатых тарфяна-балотных глебах, але ў сувязі з пераўвільготненасцю і слабай аэрацыяй маюць нізкую прадукцыйнасць. Дрэвастоі чыстыя пушыстабярозавыя або з дамешкам хвоі, вольхі чорнай, елкі, дасягаюць тэхн. спеласці ў 60 гадоў. У падлеску пераважаюць вербы (попельная, чарнеючая, размарыналістая), крушына ломкая, рабіна, парэчкі чорныя, каліна, жасцёр слабіцельны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫ́РНІК (Elytrigia),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя тропікаў. На Беларусі 2 віды П.: паўзучы (E. repens) і сярэдні (E. intermedia). Трапляюцца на лугах, лясных палянах, узлесках, палях і агародах.
Шматгадовыя, пераважна карэнішчавыя травы выш. 30—150 см. Сцёблы ўзыходныя, унутры полыя. Лісце чаргаванае, пляскатае або ўздоўж згорнутае, вузкалінейнае, шурпатае, шыза-зялёнае ці шараватае. Кветкі дробныя, сабраныя ў агульнае суквецце рыхлы колас. Плод — зярняўка. Некат. віды культывуюцца як кармавыя расліны, выкарыстоўваюцца ў селекцыі мароза- і холадаўстойлівых пшанічна-пырнікавых гібрыдаў. Шкоднае пустазелле П. паўзучы мае лек. ўласцівасці, ужываецца ў ежу (свежыя і высушаныя карэнішчы), выкарыстоўваецца як пашавая і сенакосная культура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯНЬКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура славянскіх плямён, якія ў 5—7 ст. насялялі тэр. лесастэпавага памежжа ад Ніжняга Падунаўя на З да Северскага Данца на У. Назва ад паселішча каля в. Пянькоўка ў Палтаўскай вобл. (Украіна). Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля. Найб.пашыраны тып помнікаў — неўмацаваныя селішчы пл. 1,5—2 га. Насельніцтва жыло ў паўзямлянках зрубнай ці каркаснай канструкцыі пл. ад 4,75 да 25 м², паглыбленых у грунт на 0,6—1,8 м, з каменна-глінянымі агнішчамі ці печамі-каменкамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могілак, трапляюцца пахаванні ў урнах; знойдзены гаршкі, бронзавыя трапецападобныя і спіральныя падвескі, пранізкі, абпаленыя шкляныя пацеркі і інш. Носьбітамі П.к. лічаць вядомых па пісьмовых крыніцах антаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРЭ́СНА, троліус (Trollius),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — П. еўрапейская (T. europaeus), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на вільготных лясных палянах, узлесках, лугах. У культуры вырошчваюцца П.: азіяцкая (T. asiaticus), алтайская (T. altaicus), кітайская (T. chinensis), Ледэбура (T. ledebourii). Большасць садовых форм і сартоў з’яўляюцца гібрыдамі П. азіяцкай, еўрапейскай і кітайскай і аб’яднаны пад назвай П. культурная (T. × culturum).
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны выш. 50—100 см. Сцёблы прамыя, малагалінастыя. Лісце пальчата-раздзельнае, пераважна прыкаранёвае. Кветкі буйныя, часта адзіночныя, жоўтыя або аранжавыя, маюць пялёсткі-нектарнікі з нектарнай ямкай пры аснове. Плод — шматлістоўка. Ядавітыя. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУ́ХА (Arabis),
род кветкавых раслін сям. крыжакветных. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і ў гарах трапічнай Афрыкі. На Беларусі 3 віды Р.: Жэрара (A. gerardii), стрэлкападобная (A. sagittata), павіслая (A. pendula). Трапляюцца ў хваёвых лясах, хмызняках, на палях, лугах. Як дэкар. расліны культывуюць Р. альпійскую (A. alpina), каўказскую (A. caucasica) і інш.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы з шараватым адценнем, пераважна апушаныя, прамастойныя, выш. 10—60 см, часам ляжачыя, лёгка ўкараняюцца. Лісце суцэльнае, густаапушанае, прыкаранёвае ў разетцы. Кветкі белыя, ружовыя, жаўтаватыя, простыя або махрыстыя, сабраныя ў невял. шчыльныя шчытка- ці парасонападобныя гронкі. Плод — стручок. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКШАПАДО́БНЫЯ (Coraciiformes),
атрад птушак. 10 сям., 49 родаў, 194 віды (існуюць інш. класіфікацыі). Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках, ва ўмераных шыротах пералётныя. Жывуць у разрэджаных лясах, некат. — у саваннах, стэпах, пустынях. Актыўныя днём. Гняздуюцца ў дуплах, расколінах скал, норах; некат. віды ўтвараюць калоніі. На Беларусі трапляюцца зімародак звычайны (занесены ў Чырв. кнігу), сіваграк, удод, шчурка залацістая.
Даўж. да 165 см, маса да 4 кг. Апярэнне шчыльнае, яркаафарбаванае, з метал. адлівам. Дзюбы разнастайныя, пераважна доўгія. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, зімародак — рыбай. Манагамы. Птушанятныя птушкі. Адкладваюць да 10 (звычайна 2—6) яец.
А.М.Петрыкаў.
Ракшападобныя: 1 — шчурка залацістая; 2 — шыракарот усходні; 3 — воран паўночны рагаты; 4 — насарог вялікі індыйскі.