род кветкавых раслін сям. амарантавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Афрыкі, Амерыкі, часткова Азіі. На Беларусі культывуецца Ц. серабрыстая (C. argentea) і яе формы: Ц. серабрыстая грабеньчатая, або пеўнікавы грабеньчык, і серабрыстая перыстая.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 60 см. Сцёблы прамастойныя, галінастыя. Лісце чаргаванае, ад лінейнага да яйцападобнага. Шматлікія кветкі дробныя, бліскучыя, белыя, жоўтыя, ружовыя або чырв. ў коласападобных ці мяцёлчатых суквеццях, якія часта зрастаюцца разам і ўтвараюць «пеўнікавы грабеньчык». Плод — каробачка. Выкарыстоўваюць для зімовых букетаў, некат. віды спажываюць у ежу. Дэкар. расліны.