ЦЫЦА́НІЯ (Zizania),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых (злакавых). 2—3 віды. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы і Усх. Азіі. На Беларусі інтрадукаваны 2 віды Ц.: вадзяная, або вадзяны, ці канадскі рыс (Z. aquatica) і шыракалістая (Z. latifolia). Вырошчваюць у вадаёмах рыбных і паляўнічых гаспадарак як кармавую расліну для рыб, вадаплаўных птушак, водных жывёл; часам дзічэюць.

Водныя адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 3 м. Сцёблы тоўстыя, вузлаватыя, дыям. да 5 см. Лісце лінейнае, пляскатае. Суквецце (мяцёлка) даўж. да 50 см, верхняя частка якога мае песцікавыя, а ніжняя — тычынкавыя каласкі. Плод — зярняўка.

Дз.​І.​Траццякоў.

т. 17, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)