ХОЛАБАЗІДЫЯМІЦЭ́ТЫ (Holobasidiomycetidae),
падклас базідыяльных грыбоў (па класіфікацыі, заснаванай на марфалогіі базідый). 2 групы парадкаў (гіменаміцэты, гастэраміцэты), 600 родаў, больш за 10 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 160 родаў, больш за 1,2 тыс. відаў. Пераважна глебавыя сапратрофы (напр. вясёлка, порхаўка, рагацік), мікарызаўтваральнікі (напр. падасінавік, падбярозавік, труфель), дрэваразбуральнікі (напр. гняздоўка, губавыя грыбы, дамавыя грыбы), паразіты раслін (напр. апенька восеньская, танатэфорус агурковы). Многія ўтвараюць буйныя пладовыя целы, у т. л. ядомыя (напр. баравік, грыбная капуста, шампіньён). Характэрная асаблівасць — наяўнасць цэльнай, аднаклетачнай, цыліндрычнай або булавападобнай базідыі з 4, радзей 2 спорамі на верхавінцы.
С.Л.Бельская.
т. 17, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)