ХІТРЫДЫЯМІЦЭ́ТЫ (Chytridiomycetes),

клас сапраўдных грыбоў; пераважна аднаклетачныя і мікраскапічныя формы. 4 парадкі, 90 родаў, больш за 500 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 20 відаў, у большасці з парадку хітрыдыяльных. Трапляюцца як сапратрофы ў вадзе, вільготным наземным асяроддзі, паразітуюць на грыбах, беспазваночных жывёлах, раслінах, выклікаюць хваробы с.-г. культур.

Вегетатыўнае цела накшталт плазмодыя або клетка са слабаразвітым бяз’ядзерным міцэліем, функцыі якога — прымацаванне да субстрату і паглынанне пажыўных рэчываў. Клетачная абалонка мае хіцін. Размнажэнне бясполае аднажгуцікавымі зааспорамі, што фарміруюцца ў зоаспарангіях, маюць разнастайную форму і будову; палавое — гаметагамія, аагамія, саматагамія.

С.​І.​Бельская.

т. 17, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)