эксплазі́я

(фр. explosion = выбух, ад лац. explodere = выганяць з шумам)

1) выкід вулканічнага матэрыялу на паверхню Зямлі, які суправаджаецца выбухам, выдзяленнем газаў і інш.;

2) лінгв. фаза артыкуляцыі выбухнога зычнага.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г., часткова)

Ка́шаль ’раптоўныя сутаргавыя выдыхі, якія суправаджаюцца хрыпамі і шумам пры запаленні дыхальных шляхоў і інш.’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк. МГ і інш.), ка́шляць ’мець прыступ кашлю; хварэць на кашаль’. Прасл. слова. Параўн. рус. ка́шель, укр. ка́шель, польск. kaszel, чэш. kašel, славац. kašeľ, серб.-харв. ка̏шаљ, славен. kášelj і г. д. Прасл. *kaš(ь)lь. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 160–161. Звяртае ўвагу тое, што не ва ўсіх слав. мовах ёсць гэта лексема. Няма яе, напр., у балг. мове. Гэта сведчыць аб старой дыялектнай дыферэнцыяцыі слав. тэрыторыі. Слова *kaš(ь)lь выводзіцца з больш даўняй формы *kāsli̯o‑, а гэта з і.-е. *k​uās‑l‑i‑o‑, што ўтворана ад і.-е. кораня гукапераймальнага характару ’кашляць’. Роднаснымі формамі з’яўляюцца літ. kósti ’кашляць’, алб. kollë ’кашаль’, ст.-інд. kā́sate ’кашляць’, ст.-в.-ням. hwuosto, huosto і г. д. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 214–215; Бернекер, 1, 493; Траўтман, 119. Ад прасл. *kaš‑(ь)‑lь утвораны дзеяслоў; Трубачоў, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Накуве́сіцца ’наваліцца, навіснуць?’, параўн., Вот немец пракляты, вот ірад накувесіўся на нашу волаву (В. Поляк, ЛіМ, 19 лютага 1971 г.), наковёсіцца ’нахмурыцца (пра надвор’е)’, наковёсіць ’нахмурыць’: брові наковесіў (ТС), наку‑ вёзіцца ’прыстаць, прычапіцца без дай прычыны’ (парыц., Янк. Мат.). Фармальна і семантычна блізкае да серб.-харв. накве̏сит се ’нагнуцца, нахіліцца, схіліцца, скрывіцца’: Што си ми се наквесио ту више главе? (Елезовніі Г. Речник косовско-мето- хиског диалекта, 1. Београд, 1932, 437), натквесим се ’звесіцца, навіснуць над чым-небудзь ці над кім-небудзь’ (ђирићљ. Говор Лужнице. Београд, 1983, 147), якія Скок адносіць да kvečiti se Загібацца’ (Скок, 2, 252), аднак несумненная сувязь з беларускім словам дае падставы меркаваць пра агульнае паходжанне ці развіццё ў аднолькавым напрамку на кбжнай з адзначаных тэрыторый. Хутчэй за ўсё да прасл. *vesiti, гл. весіць, вісець, з экспрэсіўнай ko‑ (ky‑, k‑) прэфіксацыяй, адносна якой гл. Дебеляк, Slavistična revija, 5–7, 1954, 169 і інш.; Фасмер, 2, 271 і інш. З у накувёзіцца ў выніку азванчэння с у інтэрвакальным становішчы або збліжэння да вязаць, вязацца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Астро́г, вастро́г. Рус. остро́г ’частакол, умацаваны гарадок, турма’, укр. остріг ’пляцень з крышай’, турма’, польск. ostróg ’частакол, умацаванае месца, замак, ’турма ў царскай Расіі’ (гэта значэнне, відаць, з усходнеславянскіх моў), чэш., славац. ostroh ’адгор’е, мыс’ (параўн. рус. отрог, рус. дыял. острог ’мыс’), славен. ostròg ’умацаванае месца’. Ст.-слав., ст.-рус., ст.-бел. острогъ ’частакол, умацаванае месца’. Міклашыч (293), Гараеў (243), Мікала (IF, 6, 350), Зубаты (Studie, 1, 2, 171) адносілі да кораня слова сцерагчы, што фанетычна недакладна; Махэк₂ (420) выводзіць з ostožiti (гл. астожжа) з пазнейшай кантамінацыяй з востры. Мейе (Études, 354). Праабражэнскі (1, 666–667), Фасмер (3, 166) (дзе гл. іншую літаратуру) звязваюць з *ostr‑. Суфікс ‑g‑ яшчэ ў вярыга і інш. Па Фасмеру першапачатковае значэнне ’вострае’, адкуль, можна вывесці і ’мыс’, і гару’, і інш. Аднак больш верагодна дапушчэнне Праабражэнскага пра тое, што першапачаткова размова ішла пра плот з вострымі коллямі. Гл. астрога. Тады чэш., славац. і рус. паралелі не трэба атаясамліваць з гэтым словам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бле́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Без натуральнага румянцу; бяскроўны. Госць быў увесь бледны ад хвалявання. Бядуля. Твар.. [маці] незвычайна бледны, змораны. Якімовіч.

2. Афарбаваны ў светлы, няяркі колер. Стомленыя вочы падслепавата жмурыліся на бледную палоску блізкага світанку. Лынькоў. Кіламетры два мы плылі непраходным купчастым балотам, на якім раслі тоненькія бярозкі і бледныя асіны. Бядуля. // Слабы, няяркі. Бледнае святло фары няярка асвятляла дарогу. Краўчанка. // Які свеціць няяркім святлом. Па-асенняму бледнае сонца асвятляла вёску. Хадкевіч. Па спалавеламу небу рассыпаліся бледныя зоры. Алешка.

3. перан. Нецікавы, бедны, няяркі. Бледныя вобразы. Бледная мова. □ На бледным фоне местачковай штодзённасці праявы рыжскага рабочага жыцця выступалі багатымі яскравымі прасветамі. Гартны.

4. Як састаўная частка некаторых батанічных і інш. назваў. Бледная паганка. Бледная немач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

камі́сія, ‑і, ж.

1. Група асоб як орган, што ўтвараецца напастаянна або часова для выканання пэўных задач. Выбарчая камісія. Следчая камісія. Прыемная камісія. □ Трывожыліся не на жарты члены рэвізійнай камісіі, спяшаліся да кааператыва, правяралі замкі, накладвалі пячаці. Лынькоў. Ад імя камісіі Іван Паўлавіч зачытаў вынікі экзаменаў і павіншаваў вучняў са сканчэннем школы. Васілевіч.

2. Орган дзяржаўнага кіравання, які выконвае пэўныя функцыі. Дзяржаўная планавая камісія.

3. Дагавор, паводле якога адзін бок абавязваецца за ўзнагароду зрабіць пэўныя здзелкі ад свайго імя па даручэнню і за кошт другога боку.

•••

Канфліктная камісія — камісія, якая вырашае спрэчкі і канфлікты паміж адміністрацыяй і работнікамі прадпрыемства, паміж прадпрыемствамі і інш.

На камісію — для продажу за пэўную ўзнагароду (здаць, прыняць).

[Ад лац. commissio — даручэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

капо́т 1, ‑а, М ‑поце, м.

1. Уст. Жаночае хатняе плацце шырокага пакрою з рукавамі і разрэзам спераду. На сляпой цяпер быў старамодны капот у доўгіх жоўтых палосах, на нагах — сандалі. Бядуля. // Доўгі кафтан. Абрам у доўгім чорным капоце, які блішчэў на грудзях ад заношанасці, стаяў сярод майстэрні і на пальцы сукаў суравую нітку. Пестрак.

2. Адкідная металічная накрыўка ў машынах, механізмах, якая ахоўвае іх ад пылу, вільгаці і інш. Капоты на дзвюх машынах былі падняты; нешта ладзячы, шафёры корпаліся ў маторах. Шахавец. [Лёнька] падышоў да сваёй паўтаратонкі, рэзка адкінуў капот і, нырнуўшы да матора з галавою, пачаў там нешта бразгаць гайкамі і ключамі. Краўчанка.

[Фр. capote.]

капо́т 2, ‑а, М ‑поце, м.

Тое, што і капатаж.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карыста́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., чым.

1. Выкарыстоўваць для сваіх патрэб. Каля дому быў яшчэ невялікі кавалак зямлі, якім, за адсутнасцю гаспадароў сядзібы, карыстаўся адзін з суседзяў. Самуйлёнак. Кнігамі асокінскай бібліятэкі Карніцкі карыстаўся даволі часта. Паслядовіч. // Прымяняць што‑н. як прыладу, сродак. Карыстацца новым абсталяваннем. Карыстацца прагрэсіўнымі метадамі. □ У гутарцы [Казімір] любіў карыстацца мясцовымі народнымі прымаўкамі. Пестрак.

2. Выкарыстоўваць што‑н. у сваіх інтарэсах, атрымліваць выгаду, карысць з чаго‑н. Карыстацца момантам. Карыстацца людской дабратой. □ Рыначнай мітуснёй часта карысталіся і падпольшчыкі. Новікаў.

3. Мець што‑н. (аўтарытэт, павагу, права і інш.). Карыстацца папулярнасцю. □ Насця Рагіна карысталася славай прыгажуні на ўвесь сельсавет. Шамякін. Нягледзячы на тое, што Макар быў прыгожы хлопец, ён поспехам не карыстаўся. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разадрацца, утварыўшы дзірку. Рукавы на локцях прарваліся.

2. Сілай, напорам, пераадолеўшы перашкоды, прайсці, уварвацца. У зямлянку з дзвярэй прарвалася вада, яна залівала гліняную падлогу. Гурскі. // Пераадолеўшы супраціўленне, прайсці, прабіцца. — Недзе, кажуць, цэлая наша армія прарвалася з гарматамі, з танкамі. Навуменка. [Камісар:] — Сёння ўначы мы паспрабуем прарвацца па балоце. Нам памогуць. Чыгрынаў. // Пранікнуць, прайсці праз якую‑н. перашкоду (аб праменях святла, сонца і інш.). Праз хмары гатова было вось-вось прарвацца сонца. Мележ.

3. перан. Нечакана і буйна выявіцца, праявіцца (пра якое‑н. стрыманае пачуццё, стан). Хваравітая раздражненасць, якая не раз ужо спрабавала прарвацца, раптам хлынула ў Даміры цераз край. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысудзі́ць, ‑суджу, ‑судзіш, ‑судзіць; зак., каго-што.

1. Прыгаварыць да якога‑н. пакарання; вынесці рашэнне (пра суд). Прысудзіць да турэмнага зняволення. □ Нядошлага хлопчыка-сірату панскі суд у гміне прысудзіў да пакарання розгамі. Брыль. З Сурвілам [Гушка] ўжо расквітаўся, суд прысудзіў зараз жа аддаць і доўг і працэнты. Чорны. // Разм. Вынесці судовы прыгавор аб перадачы каго‑, чаго‑н. каму‑н. — Суд хату мне прысудзіў, бо сын са мною застаецца. Чорны.

2. Вынесці рашэнне аб прысваенні, уручэнні каму‑н. чаго‑н. (узнагароды, звання і інш.). Прысудзіць Дзяржаўную прэмію. □ Абедзеюм [брыгадам] можна было прысудзіць першае месца, але ў брыгадзе Данілюка ў апошні час назіраліся выпадкі недысцыплінаванасці, дык таму ёй прысуджаецца другое месца. Гаўрылкін. Міколу прысудзілі самую вышэйшую прэмію — патэфон. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)