ЛАТЫШЫ́ (саманазва латвіешы),

нацыя, асноўнае насельніцтва Латвіі (1390 тыс. чал.; 1992). Жывуць таксама ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі 2658 чал. (перапіс 1989), Зах. Еўропы, у ЗША, Канадзе, Аўстраліі. Агульная колькасць 1,54 млн. чал. (1992). Гавораць на латышскай мове. Вернікі пераважна пратэстанты, часткова — католікі, праваслаўныя.

У этнагенезе Л. удзельнічалі балцкія, фіна-угорскія і часткова слав. плямёны. Кансалідаваліся ў народнасць да пач. 17 ст. У 19 ст. фарміруецца лат. нацыя. Традыц. паселішчы Л. — невял. вёскі і хутары. Асн. заняткі — земляробства і жывёлагадоўля, на ўзбярэжжы — рыбалоўства. Найб. развітыя рамёствы — ткацтва, кавальства, ганчарства, дрэваапрацоўка, піва- і сыраварэнне. Нац. адзенне: у жанчын тунікападобная вышытая кашуля, паласатая або ў клетку спадніца з ліфам, узорысты пояс і інш.; характэрная частка лат. гарнітура — пакрывала-плед, прышпіленае на плячы або на грудзях вял. круглай спражкай-брошкай (сактас); у мужчын — кароткая вышытая кашуля, белыя паласатыя або ў клетку штаны, кафтан, капялюш і інш.

Этнакулы. сувязі бел. і лат. народаў маюць даўнія традыцыі. Яшчэ ў 13 ст. жыхары Полацкай зямлі разам з латгаламі і інш. балцкімі плямёнамі змагаліся супраць ням. рыцараў. У 16—18 ст. у склад ВКЛ, а пасля Рэчы Паспалітай уваходзілі т.зв. Польскія Інфлянты, частка Ліфляндыі, населеная пераважна каталіцкім насельніцтвам. Балцкая яго частка сфарміравала народнасць латгальцаў, якія разглядаюцца як частка лат. народа. Перасяленне Л. на У і ПнУ бел. зямель найб. інтэнсіўна ішло ў 1860—80-я г. У 1897 значныя групы Л. жылі ў Віцебскім (каля 4 тыс.), Аршанскім (да 3,7 тыс.), Полацкім (каля 1,7 тыс.) і Быхаўскім (каля 1 тыс.) паветах. У 1-ю сусв. вайну колькасць Л. на Беларусі павялічылася (больш за 20 тыс. чал.), у 1920—30-я г. зменшылася (14 тыс. чал.; перапіс 1926). У 1910-я г. ў Віцебску існавала Лат. дабрачыннае т-ва, у наваколлі Лёзна — правасл. брацтва. У 1910—20-я г. ў Віцебску дзейнічала культ.-асв. т-ва «Прометэйс». У 1920-я г. было Лат. бюро пры ЦК КП(б)Б і ЛКСМБ, консульства Латв. Рэспублікі ў Віцебску. У 1910—30-я г. сярод вернікаў-латышоў Магілёўшчыны існавала група евангельскіх хрысціян, т.зв. апусталі. Працавала 5 нац. лат. сельсаветаў, калгасы (23 у 1935), у месцах кампактнага пражывання Л. — лат. школы (24 у 1930/31 навуч. г., 12 лат., 2 бел.-лат., 1 лат.-літ. ў 1935/36 навуч. г.). Гісторыю лат. перасяленчага руху, матэрыяльную і духоўную культуру Л. на Беларусі вывучала Лат. камісія Інбелкульта (засн. ў 1927), з 1929 — лат. сектар Бел. АН, з 1933 — лат. секцыя Ін-та нацменшасцей АН Беларусі. У 1929 апублікавана «Праграма даследавання латышскіх калоній», якая прадугледжвала збіранне і вывучэнне этнагр. і фалькл. матэрыялаў. У 1929—30 праведзены экспедыцыі ў раёны кампактнага пражывання Л. на Віцебшчыне і Полаччыне. Былі выдадзены некалькі навук. прац на лат. мове па гісторыі лат. насельніцтва Беларусі. У 1930—40-я г. колькасць Л. на Беларусі значна зменшылася. Пасля Вял. Айч. вайны адбывалася міграцыя часткі Л. Беларусі ў Латвію, на тэр. Беларусі ішло перасяленне пэўнай колькасці Л. з Латвіі. У 1959 на Беларусі было 2631 Л., у 1970—2660, у 1979—2617. Мігранты з Латвіі (пасляваен.) і нашчадкі колішніх перасяленцаў на Беларусі, знаходзячыся ў пастаянных этнакульт. кантактах з мясц. насельніцтвам, захоўваюць некаторыя этнічныя асаблівасці (мову, абрады, рэлігію і інш.). З 1995 дзейнічае Саюз латышоў Віцебскай вобл. «Даўгава».

Літ.:

Шкільтэр К. Латышскія калоніі на Беларусі: Гіст. развіццё латыш. сялянскіх гаспадарак. Мн., 1931.

І.​В.​Карашчанка.

т. 9, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ператыка́ць (перэтыка́ць) ткаць ніткамі рознага колеру. перэтыка́нье ’вытканыя па краях каляровыя дарожкі (на канцах ручніка, па краю сарочкі і г. д.)’ (ТС), перэтыка́ный ’з вытканым узорам (напр., ніз хвартуха, з чырвоных нітак)’, натка́ны, натыка́ны, заты́каны ’з вытканым узорам’, натыка́ты ’ткаць каляровым узорам’ (Уладз.), ператыка́нка ’спадніца з ператыканага палатна, ператыканая коўдра’, ператыка́ны ’саматканы (пра паўсуконны матэрыял)’ (стаўб., Нар. сл.), пірітыка́нкі ’пасцілка з узорамі’ (мсцісл., Жыв. сл.), пірітыка́нычка ’саматканая посцілка’ (Юрч. СНЛ). Рус. перетыка́ть ’ткаць, пераплятаць ніткі асновы ўтком; ткаць на палатне палоскі, узор утком іншага колеру ці іншай фактуры’, перетыка́нный ’з тканым узорам (палатно, ручнік)’; польск. przetkać, в.-луж. přetkać, přetkawać, н.-луж. pśetkaś; славац. pretkávať ’ткаць ніткамі іншага колеру’, pretkať ’праткаць, ператкаць’, славен. pretkáti ’ператкаць, выткаць, выткаць нанава’, серб.-харв. pretkȁti ’зноў выткаць; абшыць аблямоўкай’. Да пера- (гл.) і ‑тыка́ць, якое з’яўляецца прасл. ітэратывам (*tykati) да першаснага прасл. *tъktʼi ’ткаць’, звязанага генетычна з *tъknǫti; *tъktʼi узыходзіць да і.-е. *tek‑ ’плесці, віць’ > ’ткаць’. А семантыка прасл. інавацыі *tъkati адлюстроўвае нейкія больш актуальныя прыкметы, напрыклад, значна большую імклівасць увядзення і прасоўвання ў зеве ўточнай ніткі дзякуючы выкарыстанню чаўнака’ (Трубачоў, Ремесл. терм., 117–118). Да ткаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пла́хта 1 ’жаночае адзенне тыпу спадніцы з дзвюх сшытых да палавіны полак’ (ТСБМ), ’вялікая хустка’, посцілка’ (Сл. ПЗБ), ’бялізна’ (Бес.), ’пялёнкі’ (Федар. 6), ’дзяруга’ (Бес.). Укр. пла́хта ’спадніца, сшытая да палавіны’, ’хустка’, ’прасціна’, ’палатно’; рус. пла́хта ’від спадніцы’, ’хустка, вышываная золатам’; ’мяшок з грубай тканіны’, ’валасяніца’; польск. płachta, płachcia ’кавалак грубага палатна’, ’від прасціны’, ’посцілка’, ’хустка’, ’тоўстая хустка, плед’, палаб. ploxtă ’абрус, прасціна’; н.- і в.-луж. płachta ’прасціна’, ’ветразь’, ’экран’, ’посцілка’: чэш. plachta ’брызент, тэнт па фуры’, ’ветразь’, славац. plachta ’тс’, ’прасціна’, ’занавеска’, славен. pláhta ’навес, тэнт’, ’гунька’, ’дзяруга’, серб.-харв. пла̏хта ’абрус’, ’прасціна’, ’чахол на мэблю’. Прасл. *plaxъta, першаснае значэнне якога цяжка вызначыць (Банькоўскі, 2, 614) — ’кавалак грубага палатна’ (?), — звязана генетычна з пла́ха, пласкі і з плашч (Міклашыч, 248; Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 112; Брукнер, 419; Фасмер, 3, 276; Бязлай, 3, 46). Булыка (Лекс. запазыч., 110) ст.-бел. плаха ’палатно’ адносіць да запазычанняў са ст.-польскай мовы — няма падстаў. Сюды ж: пла́хта устаўная частка крыла ў млыне — шчыт з тонкай дранкі’ (слуц., Нар. словатв.).

Пла́хта 2 ў выразе: пла́хтой ’спосаб укладкі дошак для прасушкі ў выглядзе трохвугольніка — адна на адну’ (бяроз., Шатал.; Сл. ПЗБ). Да пла́ха 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раба́к 1 ’гліст’ (ТСБМ, Сцяшк., Сержп. Казкі; ашм., астрав., смарг., лях., баран., беласт., Сл. ПЗБ), ’чарвяк, вусень’ (воран., нясвіж., ЛА, 1; Бес., Сцяшк. Сл.; ашм., воран., смарг., іўеў., Сл. ПЗБ; віц., Жыв. НС), рабо́к ’вусень’ (Сцяшк.), роба́к ’вусень’ (бяроз., ЛА, 1), светлю́шчы роба́к ’светлячок’ (беласт., Ніва, 1979, 16 снеж.), ст.-бел. робак ’чарвяк’ (Ст.-бел. лексікон), хробакъ ’тс’ (Вярхоў, З жыцця, 64). Укр. роба́к, польск. robak ’тс’, харв. robak ’чарвяк, які грызе вінаградную лазу’. Выводзяць з *xrěb‑, *xrob‑ (гукаперайманне), параўн. польск. chrobak ’хрушч’, чэш. chrobák ’жук’, ’лічынка чарвяка’, ’чарвяк’, chrobot ’шоргат’, ’хруст’, ’трэск’, якое тоеснае *skreb‑, *skrob‑, з суфіксам ‑ak (Брукнер, 459, Трубачоў, ЭССЯ, 8, 99); параўн. таксама чэш., славац. chrobák ’чарвяк, матыль’, для якіх Махэк₂ (206) рэканструюе форму *rabākos з узмацняльным ch. Харвацкую форму Скок (3, 150) узводзіць да rob ’працаўнік’. Няясна. Усходнеславянскія формы, хутчэй за ўсё, запазычаны з польскай, параўн. у “Алфавите иностранных речей” (XVII ст.): робак, червь (Кохман, Polonica, 49).

Раба́к 2 ’андарак з ільну’ (ст.-дар., мін., ДАБМ, камент., 934), ’спадніца з порту’ (шальч., Сл. ПЗБ). Ад рабы́ (гл.). Сюды ж рабаццё ’паласатая тканіна’ (ігн., Сл. ПЗБ), рабі́зна, рабакі́ ’тс’ (ЛА, 4).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каба́т ’жаночая цёплая камізэлька; безрукаўка’ (БРС, Бяльк., Гарэц., Грыг., Інстр. I, Касп., Малч., Мат. АС, Мат. Гом., Мядзв., Нас., Некр., Рам., Серб., Сержп. Грам., Шн. 3, Ян., Янк. 3., Яруш.), ’рознае адзенне’ (Жыв. сл.), ’сукенка’ (Касп.), ’безрукаўка’ (капыл., КЭС), ’дзіцячая кофтачка на падбіўцы’ (Шатал.). Укр. кабат ’куртка, кафтан’, рус. кабат ’куртка, кофта’, рус. зах.-бран. кабат ’ліф, верхняя частка сарафана’, польск. kabat ’кафтан’, в.-луж. kabat ’кафтан’, чэш. kabát ’паліто’, славац. kabat (у розных значэннях, напр. ’спадніца’ (Kalal)). У паўдн.-слав. мовах запазычана іншым шляхам, пра што сведчыць фанетыка слова: балг. кавад, кават, кавак, серб.-харв. ка̏ва̄д, якія з перс. kabā ’кафтан’ пры пасрэдніцтве с.-грэч., н.-грэч. моў, гл. БЕР, 2, 119. Відаць, перс. форма з’яўляецца крыніцай і для зах.-еўрап. слоў, аднак няясным застаецца шлях запазычання. Для бел. слова таксама існуе праблема непасрэднай мовы-крыніцы. Рус. кабат вядома на поўначы і на сумежжы з беларускай тэрыторыяй. Яно можа разглядацца як пранікненне з бел. гаворак. Некаторыя значэнні польскага слова (’верхняя вопратка’ і, напрыклад, паводле WIEP-ill. kabat ’кафтан, пераважна жаночы’), а таксама распаўсюджанае слова на беларускай тэрыторыі дазваляюць меркаваць, што крыніцай запазычання быў польскі перыферыйны дыялект. На карысць гэтага наяўнасць слова ў сумежных літоўскіх гаворках са значэннямі ’сукенка без рукавоў’ (kabãčius) і ’жаночы кафтанны (kóbotas).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тро́йка, ‑і, ДМ тройцы; Р мн. троек; ж.

1. Лічба 3. Напісаць тройку. // Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобус, трамвай маршруту № 3 і пад.), якія нумаруюцца лічбай 3.

2. Разм. Адзнака аб паспяховасці ў пяцібальнай сістэме са значэннем пасрэдна. Клава думала .. пра тыя тры валы, якія яна недабрала на экзаменах. Усяго тры балы. Гэта тройка па пісьму і чацвёрка па хіміі. Кавалёў. Звычайна за вучнем замацоўваецца ў школе стандарт — троечнік, чацвёрачнік, выдатнік: А ў Тамары былі пяцёркі і тут жа тройкі. Ермаловіч.

3. Ігральная карта, дошчачка даміно з трыма ачкамі. Казырная тройка.

4. Трое коней, запрэжаных поруч у адзін экіпаж. Скача полем тройка коней, Поўны сані ездакоў: Дзед Мароз, Зіма ў кароне І Сняжыначкі з бакоў. Галіноўская. Грукочучы па мёрзлай зямлі, праляцела тройка сытых коней, запрэжаных у доўгую лінейку. Шамякін. // Экіпаж з трыма запрэжанымі ў яго коньмі. Ляціць тройка па дарозе, толькі пыл курыць ды званок пад дугою звініць. Якімовіч.

5. Група з трох чалавек, кіруючая група, створаная для выканання пэўнай работы. Тройка па барацьбе з паводкай. Аператыўная тройка. □ ЦК ЛКСМБ строга патрабаваў ствараць невялікія групы — тройкі, пяцёркі, якія маглі лепш захоўваць канспірацыю. Дзенісевіч. [Андрэй:] — Паны вязуць нарабаванае дабро... Сялян нашых абабралі... Нам дзве гадзіны назад прыслала тройка загад — спусціць з рэек гэты цягнік... Чарот.

6. Касцюм (мужчынскі або жаночы), у які ўваходзіць пінжак (жакет), штаны (спадніца) і камізэлька. Пашыць тройку.

7. Разм. Тры рублі.

•••

На тройках ехаць гл. ехаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

full

I [fʊl]

1.

adj.

1) по́ўны; цэ́лы

a full cup — по́ўны ку́бак

He ran a full mile — Ён бег цэ́лую мі́лю

2) сы́ты, пад’е́ўшы

3) (пра бра́та, сястру́) ро́дны

4) кру́глы

a full face — по́ўны, кру́глы твар

5) шыро́кі

a full skirt — шыро́кая спадні́ца

6) по́ўны; мо́цны

a full voice — мо́цны, гу́чны го́лас

2.

adv.

1) цалко́м; зусі́м по́ўна

2) якра́з, про́ста

The ball hit him full on the nose — Мяч уда́рыў яго́ про́ста ў нос

3) ве́льмі, на́дта

full well — ве́льмі до́бра

full of —

а) напо́ўнены, по́ўны

б) заня́ты

He is full of his own affairs — У яго́ по́ўна сваі́х спра́ваў

II [fʊl]

v.t.

валя́ць (сукно́)

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

ЛІТО́ЎЦЫ (саманазва летувяй),

народ, асн. насельніцтва Літвы (2924 тыс. чал.; 1992). Жывуць таксама ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі 7,6 тыс. чал. (перапіс 1989), Латвіі, ЗША і інш. Агульная колькасць 3,45 млн. чал. (1992). Гавораць на літоўскай мове. Вернікі пераважна католікі.

Літоўская народнасць пачала складвацца ў 12—13 ст. Пасля ўтварэння Вялікага княства Літоўскага пачаўся працэс паступовага зліцця этнічных груп Л. у агульную народнасць, якому спрыяла прыняцце каталіцтва ў Літве (Аўкштайціі і ў балцкіх арэалах на Беларусі) у 1387 і ў Жамойці ў 1413. У ходзе гэтага працэсу асіміляваны некат. балцкія плямёны (прусы, яцвягі, земгалы і інш.). У 16—18 ст. Л. ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Пасля яе 3-га падзелу (1795) Літва далучана да Рас. імперыі. Кансалідацыя Л. у нацыю завяршылася ў 2-й пал. 19 ст. Традыц. тып паселішчаў Л. у канцы 19 — пач. 20 ст : на З — хутары, на У — вёскі. Нац. адзенне: у жанчын — тунікападобная кашуля, стракатая безрукаўка, часам са шнуроўкаю на грудзях, паласатая або ў клетку спадніца, фартух і ўзорысты тканы пояс; у мужчын — кашуля, шарсцяная куртка. паласатыя або ў клетку штаны, пояс.

Культ. ўзаемаўплыў беларусаў і Л. быў асабліва актыўны ў часы ВКЛ. У той перыяд арэал рассялення Л. быў больш шырокі за сучасны і ахопліваў прылеглыя да літ. мяжы тэр. сучаснай Гродзенскай вобл. Гістарычна і тапанімічна зафіксаваны месцы кампактнага пражывання Л. далей на У: у вёсках з назвай Літва ў верхнім Панямонні ці з характэрна літ. назвамі тыпу Бакшты, Жвірблевічы на Міншчыне і інш. Па-за межамі асн. арэала Л. рассяляліся па тэр. Беларусі ў выніку міграцый, асабліва пры перамяшчэннях паміж уладаннямі аднаго феадала, які меў падданых і ў Літве, і на Беларусі. Адначасова і карэнная тэр. Л. была аб’ектам слав. міграцыі, асабліва моцнай каля Вільні. Л. складалі меншасць насельніцтва ВКЛ. Да 2-й пал. 16 ст. яны не мелі ўласнай пісьмовасці. Шматлікая арыстакратыя літ. паходжання мела тэндэнцыю да абеларушвання, з 17 ст. — да паланізацыі. Тая ж тэндэнцыя назіралася і сярод гар. насельніцтва. Моцны культ. ўплыў беларусаў адчувалі Л. — сяляне дзукі. Да канца 19 ст. гэта прывяло да суцэльнай беларусізацыі Віленскага краю. У канцы 1870 — пач. 1890-х г. адзначана перасяленне Л. на ўсх. і паўн.-ўсх. землі Беларусі. У 1897 кампактныя групы Л. жылі ў Лідскім (17 285 чал.), Ашмянскім (8754), Гродзенскім (2814), Аршанскім (каля 1400), Сенненскім (каля 800), Чавускім (каля 500), Барысаўскім (больш за 400) паветах. Яны займаліся пераважна земляробствам, ткацтвам. Напярэдадні 1-й сусв. вайны толькі на У Беларусі жыло каля 10 тыс. Л. У час вайны ў выніку міграцыі і эвакуацыі з этн. Літвы павялічылася колькасць Л.-гараджан. У 1919—20 існавала Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Паводле перапісу 1926 Л. у БССР было 6564 чал., у т. л. да 2 тыс. гараджан (Віцебск, Барысаў, Гомель, Мінск); да 65% іх жыло ў Барысаўскім, Дубровенскім, Крупскім, Лёзненскім, Мсціслаўскім, Полацкім, Сенненскім, Ушацкім, Чавускім р-нах. У месцах кампактнага рассялення Л. у 1920—30-я г. існавалі нац. калгасы (6 у 1934); у 1928—39 існаваў Малькаўскі літ. нац. сельсавет. Дзейнічалі нац. школы: 2 у 1925—26, 12 у 1929, 10 у 1931—32, 13 у 1934—35, 9 у 1936, а таксама нац.-змешаныя: 1 літ.-латышская і 1 бел.-літоўская (1936). З 1928 існавала літ. секцыя Бел. асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (з 1932 СП БССР). З 1927 у Інбелкульце (з 1929 АН Беларусі) працавала кафедра гісторыі Літвы, з 1929 — літ. сектар АН, з чэрв. 1933 — літ. секцыя Ін-та нацменшасцей АН БССР. Пры ЦК КП(б)Б існавала Літ. бюро. У Мінску і Віцебску працавалі літ. рабочыя клубы. У 1927—37 у Мінску выдавалася газ. на літ. мове «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»), радыёстанцыя «Савецкая Беларусь» трансліравала перадачы на літ. мове. З 1932 існаваў літ. сектар пры Белдзяржвыдавецтве, выдаваліся падручнікі і л-ра на літ. мове. У 1937—38 нац. арг-цыі скасаваны, многія Л. рэпрэсіраваны; колькасць Л. у БССР зменшылася. На тэр. Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. дзейнічала літ. культ.-асв. т-ва «Раніца», існавалі літ. школы, нар. чытальні; з 1930 пры Віленскім акруговым к-це КПЗБ (з 1931 пры ЦК КПЗБ) дзейнічала Літоўскае бюро ЦК КПЗБ. У пасляваен. час, пераважна ў 1950-я г., з месцаў кампактнага пражывання Л. на Беларусі адбывалася міграцыя ў Літ. ССР, дзе ўтварыліся своеасаблівыя грамадска-культ. асяродкі: т-ва «Гервечай», што аб’ядноўвае ўраджэнцаў в. Гервяты (Астравецкі р-н) і клуб «Бяржынас» («Бярэзнік») які аб’ядноўвае ўраджэнцаў в. Малькава (Дубровенскі р-н) і наваколля; пэўная колькасць Л. перасялілася на Беларусь.

У 1970 Л. на Беларусі было 8092 чал., у 1979—6993. Большасць з іх жыве ў Гродзенскай вобл. (Астравецкі і Воранаўскі р-ны). У гэтых раёнах у 1957 створана 8 школ з выкладаннем літ. мовы, цяпер дзейнічаюць 2 сярэднія школы ў Воранаўскім і Астравецкім р-нах, 1 школа з літ. класамі ў Браслаўскім р-не. У в. Рымдзюны (Астравецкі р-н) будуецца Літ. грамадска-культ. цэнтр. З 1994 існуе Рэсп. абшчына Л. Беларусі, у склад якой уваходзяць суполкі Воранаўскага, Астравецкага і Браслаўскага р-наў, а таксама Гродзенскае аб’яднанне Л. «Тэвіня». Нягледзячы на актыўныя працэсы этнакульт. збліжэння, літ. насельніцтва ў многім захоўвае асаблівасці побыту і культуры.

І.​В.​Карашчанка.

т. 9, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пла́ха 1 пла́шка, плашча́к, плахты́на, плу́ха, плушка ’палавіна расколатага уздоўж дрэва’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Янк. 3., Шушк., Яруш., Маш., Некр., Гарэц., Янк. 1, Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС, Варл.) ’вялікая трэска’ (шчуч., шальч., чэрв., Сл. ПЗБ), ’маснічыны’ (Сцяшк. МГ), пла́шычка ’плаха’ (Юрч. СНЛ). Укр. харк. пла́ха ’шырокая дошка; палена, плаха’, рус. пла́хта ’дошка’, ’аполак’, ’масніца’, ’палка’, ’пень’, ’зрубанае і ачышчанае ад сукоў дрэва’. Усх.-слав.-польск. ізалекса, роднасная прыметніку плоскі (Праабражэнскі, 2, 70; Фасмер, 3, 275) < прасл. *ploskъ ’плоскі’, у якім карэннае ‑o‑ атрымала экспрэсіўнае падаўжэнне (Махэк₃, 462), параўн. таксама польск. płocha ’бёрда’, чэш. plochý ’плоскі’, славац. plošina ’раўніна’, ’пляцоўка, платформа’. Яму адпавядаюць лат. plaskains, plāskains, літ. plókščias (< plāšk‑tjas) ’плоскі’ — у такім выпадку можна дапусціць існаванне ў прасл. мове формы *plaskъ, параўн. польск. płaski, plaskaty ’роўны, гладкі’, ляш. plʼaskaty, чэш. splaskovati ’сплюшчваць’, ’спадаць (пра пухліну)’, бел. пласка ’брыца, Echinochloa L.’, пласкі ’пакаты’. Дапускаецца роднаснасць са ст.-в.-ням. flah ’плоскі’ (Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 112), са ст.-грэч. πλάξ ’паверхня, плошча’, ’дошка’ (Голуб-Ліер, 378). Сюды ж плаха, пла́хта ’вілападобная частка сахі, на якую набіты жалезныя сашнікі’ (Выг., Бес., Янк. 3., Тарн., Сл. ПЗБ, Дэмб. 2, Смул.; Сержп. Земл.), ’рама, аснова драўлянай бараны’ (Сл. ПЗБ; Дэмб. 2; чэрв., Хрэст. дыял.), а таксама пла́шка ’палова капусты’ (Вешт.; калінк., Сл. ПЗБ), пла́харэм ’плазам’ (ТС). У слав. мовах назіраецца чаргаванне зычных асновы sk, k і x (Брукнер, 419), а таксама падкрэсліваецца генетычная тоеснасць форм *plaskъ > з *plax‑ъta (Фасмер, 3, 276).

Пла́ха 2, пла́шка, пла́хта, пла́шачка, плашчы́на, прыпла́шнык ’доўжань, века вялікай бакавой адтуліны ў вуллі-калодзе’ (лун., Шатал.; паст., Сл. ПЗБ; Нікан.; віц., гродз., брэсц., гом., ЛА, 1), ’драўляны каркас лежака’ (паст., Сл. ПЗБ). Да пла́ха 1.

Пла́ха 3, пла́шышча ’шырокі кавалак поля’, ’пласт сала’ (ТС; светлаг., SOr, 39, 352; Юрч. СНЛ), плахві́на ’пляц’ (ТС): пла́ха ’элемент узору на тканіне ў форме прамавугольніка’ (брагін., З нар. сл.), пла́шкі ’узор у 4 ніты’ (Уладз.); пла́хі ’плахта, несшываная спадніца’ (Ян.). Да прасл. *plaxa (Банькоўскі, 2, 614) > плаха 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спусці́цца, спушчуся, спусцішся, спусціцца; зак.

1. Сысці, перамясціцца зверху ўніз. [Лабановіч і Садовіч] прайшлі жалезны мост, спусціліся з высокага насыпу і пайшлі берагам. Колас. [Баніфацый] спусціўся з Касцельнай гары і доўга хадзіў па парку, чакаючы світання. Чарнышэвіч. Калі Рыта спусцілася з ганка і пайшла па алейцы, Вігдароўскі вынырнуў са змроку і ўзяў яе пад руку. Навуменка. // Перамясціцца ніжэй, знізіцца; апусціцца. Ужо адвячорак. Нізка спусцілася сонца. Шамякін. // Злезці адкуль‑н. уніз. — Трэба праверыць, — ледзь чутна прашаптаў Юрка і асцярожна спусціўся на зямлю. За ім злез і Сяргей. Курто. Фёдар спыніў каня, хацеў дапамагчы Апанаску сысці, але той сам спачатку абмацаў нагой утулку кола — стаў на яе ботам, а потым спусціўся на зямлю і толькі цяжка дыхаў — як усё роўна мяхі, падымаліся і апускаліся грудзі. Даніленка. // Сысці на ніжэйшае месца; апынуцца дзе‑н. [Колька:] — Мама, давай спусцімся да самай вады, пройдзем па беразе, га? Кулакоўскі. Прачытаўшы ліст Колі Высоцкага, .. [Клава] спусцілася на карчомны двор пашукаць сабе работы. Чорны. // Папасці ў сярэдзіну, у глыбіню чаго‑н. У шахту, у забой Спусціўся ён [Максім] глыбока. Куляшоў. Калі .. [Алёшка] спусціўся ў кацельную, то знясілены лёг на ложак і доўга ляжаў, без руху, без думак. Лынькоў. // Ссунуцца (пра што‑н. адзетае, абутае). Панчохі спусціліся. Спадніца спусцілася. // перан. Апусціцца да ўзроўню каго‑, чаго‑н. [Стругач:] — Сёння, бадай, трэба паехаць. Час ужо. Заседзеўся. Трэба спусціцца ў нізы. Прокша.

2. на што і без дап. Сесці, прызямліцца (пра птушак, насякомых, лятальныя апараты). Самалёт спусціўся на аэрадром. □ Сказала [крыжанка]: — Разбойнік Ідзе па гушчарах, Дзе знойдзе бяззбройных, Усіх выпішчае.. Спусціўся ўстрывожаны шпак: — І мой падабраў маладняк! Калачынскі. // перан. Наступіць, насунуцца (пра ноч, імглу, туман і пад.). А калі спусціцца поўнач, Раптам з прыціхшай даліны.. Спеў даляціць салаўіны. Танк. Спусціўся вячэрні змрок, здавалася б, самы час для лёту качак, а іх усё не відаць. Ігнаценка. // Працяглы час ісці, ліць (пра дождж, снег і пад.). У жніўні спусціліся на зямлю цяжкія ліўні. Кірэйчык.

3. Звіснуць, навіснуць. Густы чуб чорных .. валасоў спусціўся на лоб. Бядуля. А Лапко нічым не выказваў свайго хвалявання, можа толькі бровы яго трохі ніжэй спусціліся над вачыма. Колас.

4. Размясціцца па нахіленай плоскасці. Купайся, цягні падвалокі: Да ціхай азёрнай затокі Спусціўся з гары Маленькі пасёлак Суёкі. Маляўка.

5. Ідучы, выйсці куды‑н. Маленькая працэсія спусцілася на дарогу, мінула мосцік праз ручай, які шумна бег у рэчку, і пайшла па Галёнах. Васілеўская. // перан. Цягнучыся, вывесці куды‑н. За вёскай дарога спусцілася ў лагчыну, дзе сінеў ланцужок невялікіх сажалак. Беразняк.

6. Разм. Прыйсці ў заняпад, разарыцца. [Пан Бірыла:] — Мне трэба гаспадарку трымаць, каб не спусціцца з яе. Чорны. // Страціць ранейшыя пазіцыі, становішча. Што Славіку ранейшы брыгадзір усяляк дапамагаў, каб мы [механізатары] не спусціліся ніжэй рэкордных паказчыкаў, мне тады таксама не вельмі падабалася. Даніленка.

7. Сарвацца з чаго‑н., што ўтрымлівае. Курок сам спусціўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)