Руно́ 1 ’шэрсць авечкі’ (ТСБМ), ’воўна з адной авечкі’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс., ТС), ’воўна з ягнят і маладых авечак’ (малар., Сл. Брэс.), ’неразабраная воўна з авечкі’, ’пух у качкі’ (ТС), ру́на ’шэрсць’ (Касп.), ’воўна з адной авечкі’, ’скрутак воўны’ (Сл. ПЗБ, Нас.), ст.-бел. руно ’адзінка колькасці воўны’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. ру́но, рус. руно́, польск. runo, чэш. rouno, славац. rúno, славен. rúno, серб.-харв. ру́но, балг. ру́но, макед. руно, ст.-слав. руно. Прасл. *runo [< *rou̯‑no] ’воўна на целе авечкі; скура авечкі з воўнай’ — вытворнае з суфіксам ‑no ад таго ж кораня, што і рваць < прасл. *rъvati з карнявым вакалізмам, як у літ. ráuti ’рваць, вырываць, скубці’, лат. raût ’вырываць, дзерці’. Прасл. *runo першасна — ’тое, што вырвана, выскубана’ > ’воўна, выскубаная з авечкі’, бо калісьці воўну бралі, выскубаючы яе з авечкі. Параўн. лац. vellus ’авечая воўна’ ад vellō ’рву, вырываю, скубу’ (Борысь, 527–528; Міклашыч, 284; ESJSt, 13, 783; Глухак, 534).

Руно́ 2 ’густая рунь’ (ТС), ру́на (ру́но) ’пушыстая зелень на засеяным полі’ (Нас.), укр. ру́но ’усходы’, рус. руно́ ’пучок хмелю з карэннаму. Гл. рунь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свіне́ц ‘цяжкі мяккі легкаплаўкі метал сінявата-шэрага колеру’ (ТСБМ): свінец волаво чыстае (Сержп. Прымхі). Рус. свине́ц, укр. свине́ць, ст.-рус., рус.-ц.-слав. свиньць, славен. svínəc, балг. свине́ц ‘волава’ (з рус. — БЕР, 6, 550). Прасл. *svinьcь. Роднаснае літ. švìrnas ‘свінец’, лат. svins ‘волава’. Сувязь з грэч. χυαυος ‘сіняе рэчыва’, іран. *spana‑ ‘жалеза’ лічыцца сумніўнай, гл. Фасмер, 3, 577; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1160; Сной₁, 624; Новое в рус. этим., 203–205. Насуперак гэтаму Данка і Вітчак (ABSl, 21, 83–91) лічаць яе верагоднай, выводзячы зыходнае *svinъ ‘волава’ з і.-е. *k̑wn̥:s ‘нейкі карысны камень’, ‘нейкі метал’, якому адпавядае грэч. мікен. ku‑wa‑no ‘шкло блакітнага колеру’, фрак. σπινος ‘каштоўны камень’, хец. kuwanna ‘медзь’, іран. s(p)ana ‘жалеза’, ст.-перс. *âsana‑ ‘тс’. У Беларусі назва распаўсюдзілася пад рускім уплывам, народная назва — волаво (гл. волава), параўн. свінец як волово (ТС). Рус. о́лово ў народнай мове адпавядае цын (Нас.), цына (Ласт.). Параўн. аднак ст.-бел. свинья ‘адзінка вымярэння колькасці свінцу і волава’ (Ст.-бел. лексікон), што, відаць, сведчыць пра народнаэтымалагічнае асваенне старой назвы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ска́радзь, скарада́ ‘жмінда, скнара’ (Касп.), скарэ́да ‘тс’ (Сержп., Растарг.), ска́ріда ‘нягодны; сквалыга’ (Бяльк.), ст.-бел. скаредный ‘агідны, брыдкі’, ‘благі, кепскі’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. дыял. ска́рідь ‘погань’, рус. ска́ред, ска́реда ‘сквапны, сквалыга’, польск. szkarada ‘брыда’, чэш. škareda ‘пачвара’, славац. škaredý ‘агідны, брыдкі’, в.-луж. škerjeda ‘бруд, гідота’, н.-луж. škarjeda ‘тс’, серб.-харв. ска̏редан ‘брыдкі, непрыстойны’, балг. скаре́ден ‘эканомны, скупы’, радоп. ска́радлиф ‘лютаежлівы, капрызны ў ядзе’, макед. скареден ‘непрыстойны’, ст.-слав. скарѧдъ ‘брудны, агідны’, якія працягваюць прасл. *skarędъ; апошняе мае паралелі ў ст.-інд. ava‑skaras ‘экскрэменты’, apa‑skaraḥ ‘тс’, ст.-ісл. skarn н. р. ‘гной’, ‘памёт’, лац. mūskerda ‘мышыны кал’ і г. д. Іншыя версіі і літ-py гл. Фасмер, 3, 634; Глухак, 553; БЕР, 6, 729; ЕСУМ, 5, 266 (скаре́да ‘скнара’ лічыцца русізмам). Сумніўна Жураўскі (Гіст. лекс., 92), які ст.-бел. скаредный ‘агідны, брыдкі’ лічыць паланізмам пры наяўнасці стараж.-рус. скарѧдъ, скарѣдъ ‘агідны’, серб.-ц.-слав. скарѣдъ ‘тс’. Гл. таксама шкарадзь. Магчыма, сюды ж карадлівы ‘чуллівы, крыўдлівы’ (Нас.), асабліва кара́дзіцца (гл.), сярод значэнняў якога ‘прыкідвацца бедным, сквалыжнічаць’. Гл. Мяркулава, Этимология–1973, 56.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слюз 1, слюс, слюш ‘слізь’, ‘плесня’ (беласт., віл., воран., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), слюз ‘слізь’ (ТС; рас., Шатал.), ‘слізкае гнойнае рэчыва на сапсутым мясе ці сапрэлым целе’ (Варл.), ‘слімак’ (лельч., Нар. лекс.), слюж ‘смоўж, слімак’ (Жыв. св.), сюды ж слю́зкі ‘слізкі’ (ТС), слю́знуць ‘прэць, гніць’ (Варл.), слю́за ‘слізь’ (бяроз., Сл. ПЗБ), слюзь, слюсь ‘тс’ (в.-дзв., шчуч., ашм., Сл. ПЗБ). Укр. слюз ‘слізь’, рус. слюз ‘тонкая скурка, скурачка’, слуз ‘тс’, ст.-рус. слузъ ‘слізь; макрота’, польск. śluz ‘слізь , серб.-харв. slȗz, slȗza ‘слізь; макрота’, славен. slȗz ‘слізь’, балг., макед. слуз ‘тс’, ст.-слав. слоузъ ‘страўнікавы сок’. Прасл. *sluzъ параўноўваюць з літ. šliū̃žes ‘санны след’, šliužaĩ ‘канькі’, šliauũti ‘паўзці, слізгацца’, швейц.-ням. slûche ‘цягнуцца’, гал. sluiken ‘падкрадвацца’, што да і.-е. *sel‑, якое, на думку Глухака (565), узыходзіць да гукапераймання (імітатыву). Паводле Борыся (Czak. stud., 43), зыходным для назоўнікаў з розным вакалізмам з’яўляецца дзеяслоў *sliziti ‘выдзяляць з сябе, сачыць вільгаць, вільготную клейкую субстанцыю’, гл. слізь, сляз, слізіць. Гл. таксама SEK, 4, 312; Глухак, 564; ЕСУМ, 5, 312. Гл. склізкі, слізкі.

Слюз 2 ‘шлюз’ (ТС), ст.-бел. слюза ‘тс’ (Ст.-бел. лексікон). Гл. шлюз.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Снадзь, сна́дзіва ‘інструмент’ (Стан.), сна́дзіцца ‘аснашчацца’, сюды ж (відаць, наватвор) аснада ‘забеспячэнне прыладамі, прыстасаваннямі’ (Ласт.). Параўн. стараж.-рус. снадь ‘паверхня, верхняя частка’, серб.-ц.-слав. снадь ‘павярхоўны’. Прасл. *snadь ‘аплецены, спрадзены ці вытканы верхні слой, паверхня чаго-небудзь’, што ўяўляе архаічны дэрыват з суф. *‑dь без матывацыі на славянскай глебе, параўн. лат. snāt ‘злёгку скручваць, сплятаць’, snāte ‘ільняная покрыўка’, гл. Борысь у SEK, 4, 337. Сюды ж ст.-бел. снать (снатъ) ‘відавочна, напэўна, відаць’ (Ст.-бел. лексікон), аналагічна снадбы: а потрафило бы повстати людем против нас снадбы живо были нас пожерли (Псалтыр XVI ст.; Карскі 2–3, 495), што можна суаднесці з ст.-польск. snad, snadź ‘можа’ (што лічыцца няпэўным багемізмам, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 325), сучасным польск. snadź ‘відавочна, напэўна, праўдападобна’, н.-луж. snaź ‘можа, можа быць, верагодна, магчыма’, в.-луж. snadż ‘тс’, чэш. snad, дыял. snaď ‘магчыма, хіба, пэўна’, славац. snáď ‘магчыма, відаць, верагодна’, каш. snod, snad ‘зараз, адразу’, што ўяўляюць акасцянелую форму назоўніка ў функцыі прыслоўя, значэнне якога развілося на базе семантыкі ‘павярхоўны’ (Борысь, там жа). Гл. таксама Фасмер, 3, 696; ЕСУМ, 5, 332. Гл. снасць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суке́нка ’верхняе жаночае адзенне’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Варл., Сцяшк., Касп., Шымк. Собр., Сл. ПЗБ, Сцяц. Сл., Бяльк.), су́кня ’сукенка’ (ТСБМ, Касп. Сержп., Мат. Гом.), ’адзенне з фабрычнага сукна (асабліва мужчынскае)’ (Нас., Байк. і Некр.), ’выхадная, святочная сукенка’, ’шлюбная сукенка’ (Сл. ПЗБ), ’суконная спадніца для дарослых’, ’сукенка для малых’ (ТС), ’сукенка, часцей з шарсцяной тканіны’ (Скарбы, Сцяц.; навагр., Нар. сл.); ст.-бел. су́кня ’вопратка; верхняе мужчынскае адзенне; верхняе жаночае адзенне’ (Ст.-бел. лексікон), лічыцца запазычаным са ст.-польск. suknia (Булыка, Лекс. запазыч., 110); сукенка, відаць, больш позняе запазычанне, гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 71, параўн. народнае польскае sukienka ’зімовае жаночае суконнае паліто, унізе расклёшанае, з футраным каўнерам, падшытае аўчынай’ (T. Karwicka. Ubiory ludowe w Polsce. Wrocław, 1995, 151). Польск. *suknia < прасл. *sukъńa ’верхняе жаночае або мужчынскае адзенне, зробленае з сукна’ < прасл. *sukъno ’сукно’ з суф. *‑ja; гл. Борысь, 586. Аналагічна і чэш. sukně, славац. sukňa, в.-луж. suknja ’жаночая спадніца’, н.-луж. suknja ’мужчынскі халат’, славен. suknja ’паліто’, серб.-харв. су̏кна ’жаночая спадніца, адзенне’, балг. дыял. су́кня, су́кно ’доўгае жаночае шарсцяное адзенне’, што ставіць пад сумненне запазычанасць зыходнага сукня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сукма́н ’бурка, світка’ (Сцяшк., Скарбы, Бес.), ’адзенне з сукна’ (Шат.), ’суконнае верхняе адзенне’ (у мясцовасцях са шляхецкім насельніцтвам) (Малчанава, Мат. культ., 153), сукма́ны ’світкі’ (гродз., Сл. ПЗБ), сукма́нка ’кароткая жаночая верхняя вопратка’ (гродз., Сл. ПЗБ), ’адрэзак суконнай тканіны’ (Сл. рэг. лекс.). Ст.-бел. сукманъ ’світка, сярмяга’ (Ст.-бел. лексікон) Булыка (Лекс. запазыч., 115) праз стараж.-рус. сукманъ узводзіць да чув. səkman < цюрк. čekman; Жураўскі (Цюркізмы, 94) лічыць запазычаннем праз польскую непасрэдна з турэцкай. Параўн. укр. сукма́н, сукма́на ’бурка, світка’, рус. сукма́н ’суконны кафтан або сарафан’, ст.-рус. сукманъ (1671 г.) ’сукно’, польск. sukman(a) ’світка, сярмяга’, балг. сукма́н ’шарсцяная спадніца’, чукма́н ’тс’ (лічацца прабалгарскімі словамі). Этымалогія спрэчная. Мяркуецца, што слова спрадвечнаславянскае і роднаснае скаць, сука́ць, сукно; у словаўтваральных адносінах спасылаюцца на рус. дурма́н, польск. lochman; гл. Фасмер, 3, 799 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 470–471. На думку іншых даследчыкаў (Радлаў, 4, 799; Расянен, ZfslPh, 20, 448; Каліма, RLS, 133; Брукнер, 525), слова запазычана праз чув. səkman, səxman з цюркскай групы моў. Гл. яшчэ Анікін, 510 (са ст.-цюрк. sökmän ’мянушка, якую давалі асілкам і героям’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суп 1 ’вадкая страва-адвар (з мяса, рыбы і пад.) з дабаўленнем гародніны, круп і пад.’ (ТСБМ, Сцяшк.; шальч., Сл. ПЗБ), ’булён’ (мёрск., Сл. ПЗБ), ’крупнік, крупеня’ (Бяльк.), су́пік памянш. (свісл., Сл. ПЗБ). Новае запазычанне з рус. суп ’тс’, дзе з франц. soupe ’суп’ (адкуль таксама англ. soup, гал. sоер, ням. Suppe ’тс’), што з гала.-раманск. suppa, якое, як мяркуюць, узыходзіць да германскіх моў, параўн. гоц. supôn ’прыпраўляць спецыямі’; гл. Фасмер, 3, 804.

*Суп 2 ’каршун’, толькі ст.-бел. супъ, семпъ, сепъ ’сцярвятнік’ (Ст.-бел. лексікон), фіксуецца з 1518 г.; запазычанне са ст.-польск. sęp ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 143); але параўн. ц.-слав. сѫпъ ’тс’, адкуль магло быць запазычана ст.-бел. супъ. Укр., рус. суп, польск. sęp, в.-луж., н.-луж. sup, чэш., славац. sup, серб.-харв. су̑п ’тс’, балг. суп ’птушка Vulvur fulvus’. Прасл. *sǫpъ ’каршун’. Слова няяснага паходжання. Паводле Голуба–Копечнага (361), гэта варыянт з насавым галосным да *sop‑ (гл. сапці). Гл. Фасмер, 3, 804; Шустар-Шэўц, 1378–1379; Борысь, 542. Магчыма сувязь з насуплены, супіць (гл.) — з-за «насупленага» выгляду птушкі (Антропаў, Назв. птиц, 368).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сям у выразах: то там, то сям; там і сям ’у розных месцах, усюды’ (ТСБМ), сям‑там ’дзе-нідзе’ (ТС), ст.-бел. семо ’сюды’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. сям, рус. там и сям, стараж.-рус. сѣмо, сямо, само, сѣмь ’сюды’, польск. дыял. siam, sam ’тут’, в.-луж., н.-луж., чэш., славац., палаб. sem, старое серб.-харв. sjemo, semo, славен. sẹ̀m, балг. само, ст.-слав. сѣмо. Прасл. *sěmo ўтворана пры дапамозе суфікса ‑mo ад займенніка *sъ ’гэты’; a на месцы e пад уплывам *tamo ’там’; Фасмер, 3, 826; Бернекер, РФВ, 48, 224–225. Бязлай (3, 226) прасл. *sěmo (і *sěmъ) выводзіць не непасрэдна ад займенніка, а ад прыслоўя *sě ’сюды’, параўн. славен. sě ’тс’, тоеснага з літ. šè ’тут’, лат. še ’тс’, якія Фрэнкель (990) звязвае з і.-е. указальным займеннікам *ḱi‑, прасл. *sь. На роднасць разглядаемых прыслоўяў з гэтым займеннікам указвае яшчэ Міклашыч (297), з чым пагадзіліся пазней і іншыя: Махэк₂, 541; Скок, 3, 188; ESSJ SG, 2, 606–607. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1281; ЕСУМ, 5, 497; ESJSt, 13, 805.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Твары́ла 1 ’века ў пограбе’ (бых., Рам. 8–9; Мат. Гом.), твары́ло ’дзверы ў склеп’ (Сцяшк.), ’яма для захоўвання бульбы’ (Цых.), сюды ж запазычанае з польскай (Булыка, Лекс. запазыч., 94) ст.-бел. твори́дло ’форма для сыроў’ (1571 г., КГС; Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. твори́ло ’скрыня або яма, у якой гасяць вапну’, рус. твори́ло ’вапнярка’, польск. tworzydło ’мяшочак або драўляная форма, у якіх выціскаюць сыры’, ’форма, кшталт’, ’выдзеўбаная адтуліна’, ст.-чэш. trořidlo ’форма для вырабу сыру’, в.-луж. tworidlo ’пасудзіна для тварагу’, славен. torilo ’пасуда для вырабу сыру’, харв. tvòrilo ’драўляная скрынка або абруч (з ліпавага або ясеневага лубу), у які закладваюць сыр, каб надаць яму круглую форму’, ’форма, мадэль’. Прасл. *tvoridlo ’форма для вырабу сыру’ ад *tvoriti ’ствараць, фармаваць’ (Бязлай, 4, 205; гл. тварыць 1), што суадносіцца з літ. tvérti ’хапаць, ахопліваць; гарадзіць’, дыял. таксама tveriu ’агароджваю’ і ’раблю сыр’. Зыходнае значэнне ’кораб, скрынка’ пашырана да ’выдзяўбаная (выкапаная) ёмістасць’ і ’каробка, футрына (дзвярэй і пад.)’. Гл. таксама Махэк₂, 662; Шустар-Шэўц, 1565.

Твары́ла 2 (твары́ло) ’чалавек, які ўсіх смяшыць, дзівачыць’ (пруж., Чэрн.). Аддзеяслоўны назоўнік ад тварыць ’вырабляць, вытвараць’ (гл. тварыць 1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)