«Лексікон» (энцыклапед. слоўнік) 11/465

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«Энцыклапедычны лексікон» 11/465

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГО́ДЗІЧ Мікалай Рыгоравіч (н. 1.1.1953, в. Лышча Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (2001). Скончыў БДУ (1975), з 1975 працуе ў ім (з 1993 заг. кафедры). Даследуе мову помнікаў стараж. бел. л-ры, старабел. графіку, арфаграфію, лексікалогію, марфалогію, словаўтварэнне, інавацыйныя працэсы ў сучаснай бел. літ. мове. Аўтар прац «Складаныя прыметнікі ў старабеларускай мове» (1981), «Словаскладанне ў беларускай мове» (2000), «Асобна, разам, праз дэфіс: Слоўнік-даведнік» (1994), «Старабеларускі лексікон: Падручны перакладны слоўнік» (1997, з Г.​К.​Цівановай), «Пішам без памылак: Разам, асобна, праз дэфіс» (2002). Сааўтар манаграфіі «Беларуская мова: Змены ў сучасных славянскіх мовах» (1998) і інш.

т. 18, кн. 1, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХА́НГЕЛЬСКІ Аляксандр Сямёнавіч (24.7.1854, г. Пенза — 24.4.1926),

рускі літаратуразнавец. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1904). Скончыў Казанскі ун-т (1876), праф. гэтага ун-та (1882—1908). Асн. працы па стараж.-рус. л-ры, л-ры 19 ст. і тэатры 17—18 ст. У кн. «Нарысы з гісторыі заходнярускай літаратуры XVI—XVII стст.» (1888) пісаў пра бел. л-ру. Даследаваў барацьбу з каталіцызмам на бел. і ўкр. землях, гісторыю царк. брацтваў на Беларусі (у Вільні, Гродне, Магілёве, Брэсце, Мінску, Оршы, Пінску і інш.), славянскае кнігадрукаванне (ад Ш.​Фіёля і Ф.​Скарыны, са спісам бел. кніг 14—16 ст.), творы палемічнай л-ры («Апокрысіс» Хрыстафора Філалета, «Трэнас» М.​Сматрыцкага і інш.), зах.-рус. прапаведнікаў І.​Галятоўскага, Л.​Барановіча і інш., «Лексіс» Л.​Зізанія, «Лексікон» П.​Бярынды, «Граматыку» М.​Сматрыцкага і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 1, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЦЕ́ІНСКАЯ ШКО́ЛА ГРАВЮ́РЫ,

мастацкая школа ў бел. графіцы 17 ст.

Існавала ў 1630—54. Працягвала традыцыі Віленскай школы гравюры. Развіццё звязана з дзейнасцю друкароў Куцеінскай друкарні, гал. ролю ў яе фарміраванні адыграў С.Собаль. Кніжная гравюра (дрэварыт) стылістычна блізкая да бел. нар. лубка. Выданні мелі дэкар. тытульныя лісты, дзе часта змяшчаліся выявы людзей, былі багата ўпрыгожаны застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі з выявамі птушак, звяроў, фігур чалавека, а таксама ілюстрацыямі і гербамі. Выкарыстоўваўся літы наборны арнамент. У тонка выкананых малюнках прыкметны ўплыў мясц. флоры і фауны. Характэрная асаблівасць школы — свецкі, жанравы характар адлюстраваных сцэн. Найб. яскрава яе рысы выявіліся ў кнігах, выдадзеных Собалем, «Брашна духоўнае», «Буквар», «Часаслоў», а таксама кнігах «Дзідаскалія...» С.​Косава, «Гісторыя пра Варлаама Іасафа», «Брашна духоўнае», «Трэфалагіён», «Дыоптра», «Новы запавет», «Лексікон славенарускі» П.​Бярынды і інш. Традыцыі К.ш.г. прадаўжала Магілёўская школа гравюры.

В.​Ф.​Шматаў.

т. 9, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВІНЕ́ЦКІ Епіфаній (? — 20.11.1657),

рускі філолаг-педагог, пісьменнік, перакладчык. Паводле некат. звестак, ураджэнец Беларусі. Вучыўся, верагодна, у Кіеўскай брацкай школе (да 1632) і за мяжой. З 1639 выкладаў у Кіева-Магілянскім калегіуме, з 1649 у манастырскай школе ў Маскве. Аўтар трактата на рус. мове «Грамадзянства звычаяў дзіцячых» (апубл. 1919) пра свецкае выхаванне дзяцей. Падтрымліваў ідэю Сімяона Полацкага пра адкрыццё вышэйшай школы ў Маскве, быў прыхільнікам пашырэння школьнай адукацыі. Напісаў шэраг прадмоў да царк. кніг, 50 пропаведзей, прысвечаных тагачасным грамадска-паліт. і маральным праблемам. Перакладаў царк.-багаслоўскія творы Іаана Златавуста, Грыгорыя Багаслова, Іаана Дамаскіна, а таксама кнігі па медыцыне, геаграфіі, гісторыі і інш. Аўтар прац «Лексіконъ латинский з Калепина преложенный, на славенский», «Лексікон словеналатинскій» (разам з А.​Карэцкім-Сатаноўскім), «Книга лѣксиконъ греко-славено-латинский», у якіх выкарыстоўваў элементы жывых слав. моў, у т. л. бел. лексіку. Яму належаць тлумачэнні тэрмінаў Свяшчэннага пісання (т. зв. «Філалагічны слоўнік»).

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 14, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛІЧ (Говараў, Нікіфараў) Аляксандр Іванавіч (1783, г. Трубчэўск, Расія — 9.9.1848), расійскі філосаф, эстэтык, псіхолаг. Скончыў Пецярбургскі пед. ін-т (1808), вучыўся ў Германіі (1808—13). Выкладаў у Царскасельскім ліцэі і Пед. ін-це (з 1819 ун-т). Абвінавачаны ў бязбожжы і амаль што ў рэв. прапагандзе, у 1837 звольнены з работы. Імкнуўся стварыць арыгінальную антрапал. канцэпцыю «чалавеказнаўства». Лічыў, што філасофія і нават багаслоўе патрабуюць антрапалагічнага абгрунтавання. У сваіх працах падкрэсліваў аб’ектыўную абумоўленасць мыслення, ролю пачуццяў у працэсе пазнання, стадыяльнасць яго развіцця (гіпотэза — паняцце — ідэя), сувязь мыслення з фізіялогіяй, абгрунтаваў антрапал. філасофію гісторыі, што ўключала і сац. утопію. Выступаў супраць матэрыялізму, але высока ацэньваў метадалогію доследных навук. Яго «Лексікон філасофскіх прадметаў» (т. 1, 1845) — адзін з першых у Расіі даведнікаў па філасофіі. Галіч прапагандаваў эстэтыку рамантызму, вызначаў яе як «філасофію прыгожага» («Спроба навукі прыгожага», 1825). У псіхалогіі спрабаваў спалучаць ідэаліст. і прыродазнаўча-навук. трактоўкі душэўнага жыцця («Карціна чалавека...», 1834).

Тв.:

История философских систем. Кн. 1—2. СПб., 1818—19.

В.​В.​Краснова.

т. 4, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ МУЗЕ́Й Існаваў у Магілёве з 15.11.1867 пры Магілёўскім губ. стат. к-це, развіццю якога спрыяў губернатар А.С.Дамбавецкі. У 1878 музей меў гістарычны, этнаграфічны і геаграфічны (геалагічны) аддзелы. Пад 1898 было каля 1500 экспанатаў, у т. л. калекцыя манет 10—19 ст. (больш за 500 экз.), кальчуга і ўпрыгожанні з раскопак Анэлінскага кургана Быхаўскага пав., рукапіснае Евангелле 15 ст., акты Магілёўскага магістрата 1577—1756, «Лексікон славянароскі», надрукаваны ў 1654 у Куцеінскай друкарні, грамата 1767 караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага аб пацвярджэнні Мсціславу магдэбургскага права, троннае крэсла Кацярыны II з Магілёўскага дарожнага палаца, сані Напалеона, кінутыя ім у час уцёкаў з Расіі, атлас 1823 з планамі гарадоў Магілёўшчыны, мадэлі сялянскага двара Рагачоўскага пав. і ветрака, батлейка з Быхаўскага пав., прылады працы і побыту сялян, прадметы саматужнай і заводскай вытворчасці, нар. адзенне, дзіцячыя цацкі, узоры глеб, гербарыі і інш. Музейны матэрыял вывучалі і сістэматызавалі гісторыкі-краязнаўцы М.В.Фурсаў, Е.Р.Раманаў, С.​Ю.​Чалоўскі. Калекцыі музея сталі асновай Магілёўскага гіст. музея (гл. ў арт. Магілёўскі абласны краязнаўчы музей).

Л.​Ф.​Кандрацьева.

т. 9, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЦЕ́ІНСКАЯ ДРУКА́РНЯ,

цэнтр бел. кірылічнага кнігадрукавання ў 17 ст. Дзейнічала ў 1630—54 пры Аршанскім Куцеінскім Богаяўленскім манастыры. Засн. С.Собалем, які да 1632 яе ўзначальваў. Пасля ад’езду Собаля 4 гады не працавала. Потым друкарню ўзначаліў ігумен І.Труцэвіч. Карысталася падтрымкай магілёўскага і аршанскага мяшчанства. Выдавала навуч.-асветніцкую, царк.-палемічную і свецкую л-ру на царк.-слав. і старабел. мовах. У ёй выдадзены «Брашна духоўнае» (1630), «Малітваслоў», «Буквар» (абодва 1631), «Часаслоў», «Новы запавет і Псалтыр», часткова дадрукаваны кіеўскі «Апостал» (усе 1632). З 1636 выдала яшчэ 14 кніг: «На ойча наш выклад» Іаана Златавуста» (1636), «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і «Дзідаскалія...» С.​Косава (абедзве 1637), «Псалтыр» (1642), «Актоіх Іаана Дамаскіна» (1646), «Трэфалагіён» (1647), «Дыоптра» (1651), «Лексікон...» П.​Бярынды (1653) і інш. Усяго ў ёй выдадзена 20 кніг. Выданні вылучаліся своеасаблівым графічным афармленнем (гл. Куцеінская школа гравюры). Яны распаўсюджваліся на Беларусі, Украіне, у Літве, Расіі. У 1655 друкарскае абсталяванне перавезена ў Іверскі Валдайскі манастыр пад Ноўгарадам, у 1655 — у Васкрасенскі манастыр пад Масквой, у 1676 — на Друкарскі двор (Масква).

Літ.:

Зернова А.С., Горбунов Т.С. Книгопечатание в Белоруссии XVI—XVII вв. // 400 лет русского книгопечатания, 1564—1964. М., 1964. Т. 1.

Ю.​М.​Лаўрык.

т. 9, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́АКСАА (Jaaksoo) Андрэс (н. 12.5.1945, пас. Койгі, Эстонія),

эстонскі пісьменнік, перакладчык. Скончыў Тартускі ун-т (1965). З 1969 працаваў у перыяд. друку, выд-вах, б-цы, Інфарм. цэнтры эст. дзіцячай л-ры, з 1999 у выд-ве «Steamark» («Знак свету»), Дэбютаваў як літ. крытык у 1962. Аўтар кніг «Дзень апошні, дзень першы» (1980), «Дзіцячы пісьменнік Яан Раннап» (1985), «Астрыд Ліндгрэн» (1997), «Джані Радары» (1998), энцыклапедый «Эстонскія савецкія дзіцячыя пісьменнікі» (1977), «Хто ёсць хто і што ёсць што ў эстонскай дзіцячай літаратуры» (1987), «Кароткі лексікон дзіцячай літаратуры Балтымарскага рэгіёна» (1998), даведнікаў па эст. дзіцячай літаратуры, выдання «Дзіцячая літаратура на эст. мове: Мастацкая літаратура. 1940—1987» (1989) і інш. Укладальнік на бел. мове анталогіі казак эст. пісьменнікаў «Скарбы старога Тоамаса» (1978). Пераклаў на эст. мову зб. «Вянок дружбы» (1986), казкі «Каза ў арэхах» Я.​Коласа (1984), «Журавель і чапля» Цёткі (1986), кнігі «Бацькі і дзеці» І.​Шамякіна (1974), «Тартак» І.​Пташнікава (1976), «Надпіс на яблыку» М.​Танка (1981), «Калі далёка ты...» А.​Грачанікава (1983), «Курган» Я.​Купалы (1986), а таксама асобныя творы Р.​Барадуліна, П.​Броўкі, Я.​Брыля, Г.​Бураўкіна, В.​Быкава, З.​Бядулі, А.​Вярцінскага, Н.​Гілевіча, У.​Караткевіча, К.​Кірэенкі, А.​Кудраўца, Е.​Лось, П.​Марціновіча, Н.​Мацяш, І.​Мележа, Г.​Пашкова, А.​Разанава, Я.​Сіпакова, П.​Ткачова, В.​Хомчанкі, І.​Чыгрынава і інш. На бел. мову яго апавяданні пераклалі Я.​Скрыган, С.​Шупа.

т. 18, кн. 1, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)