Тухля́к1 ‘нешта смярдзючае, гніючае’ (Нас.; мёрск., Нар. лекс.), сюды ж, магчыма, і ‘лямпачка без шкла, капцілка’ (Бяльк.). Да тухлы (гл.), апошняе можа быць звязана і з тухнуць1 ‘пераставаць гарэць, кепска свяціць’.

Тухля́к2 ‘кухталь, штуршок’ (мёрск., Нар. лекс., Вушац. сл.), рус. смал. тухля́к ‘удар кулаком, тумак’. Відаць, з кухталь пад уплывам ту́хаць ‘біць, стукаць’, гл. тух.

Тухля́к3 ‘соня, сонька’ (ваўк., Федар. 4). Да тухнуць2 у значэнні ‘спаць’, сюды ж тухля́ць ‘марнець, гібець, пазбягаць працы, валяцца’ (Зайка Кос.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

палі́ць¹, палю́, па́ліш, па́ліць; па́лены; незак.

1. каго-што. Знішчаць агнём.

П. паперу.

2. што. Прымушаць гарэць (для асвятлення, ацяплення).

П. дровы.

3. што. Запальваць (крыніцу асвятлення; разм.).

П. святло.

4. у чым і што. Распальваць і падтрымліваць агонь у печы; абаграваць памяшканне, раскладваючы агонь у печы, пліце і пад.

П. у печы або печ.

П. лазню.

5. што. Апрацоўваць агнём, жарам, абпальваць (разм.).

П. цэглу.

6. каго-што. Дзеяннем чаго-н. гарачага, едкага ці халоднага выклікаць апёк, адчуванне апёку.

Сонца паліла нясцерпна.

Мароз паліць твар.

7. перан., каго-што. Трывожыць, мучыць.

Смутак паліць душу.

|| зак. спалі́ць, -палю́, -па́ліш, -па́ліць; -па́лены (да 1 і 2 знач.); наз. спале́нне, -я, н. (паводле 1 знач.).

|| наз. пале́нне, -я, н. (да 4 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Купа́ла1 ’свята 24 чэрвеня’ (Нас., Сл. паўн.-зах., Крачк., Сцяшк., Гарэц., Чач., Кліх, ТС). Укр. купала, купало, рус. купала, ст.-рус. купала ’тс’. Вядома, што, згодна з традыцыяй, купала разглядаецца як усходнеславянскі пераклад са ст.-грэч. βαπτιστής ’хрысціцель’. Іван Купала адпавядае грэч. Ἰωάννης ά βαπτιστής (Іаан Хрысціцель). Але ёсць падставы меркаваць, што лексема купала мае старажытнае, яшчэ дахрысціянскае сакральнае значэнне. Аб гэтым сведчаць шматлікія этнаграфічныя і фальклорныя даныя. У Заходнім Палессі купала мае значэнне ’касцёр, агонь’, якое можна суаднесці з бел. купець, купацьгарэць без полымя, дымець’ (гл.), kupěti/kǫpati з сакральным значэннем ’ачышчаць агнём’ (параўн. лац. pūrus ’чысты’ і ст.-грэч. πύρος ’агонь’). Тады да ліку суадносных лексем можна аднесці ст.-грэч. καπνός ’дым’ (< κϜαπνος), лац. vapor ’пара, дым, агонь’ (< *ku̯apos), прасл. kopъtь (< *kvopъtь): *ku̯op‑/kou̯p‑. Незалежна ад верагоднасці гэтай этымалогіі бел. купала ’касцёр, агонь’ звязваецца з бел. купацьгарэць’. Прадуктыўны суфікс ‑ла для назваў дзеячаў (параўн. купала) сведчыць аб анімізацыі назвы ’кастра, агню’. З гэтага пункту погляду купала адначасова ’касцёр, агонь’ і нейкі ’дух агню’ (Мартынаў, Зб. Крапіве, 210–211 з літаратурай).

Купа́ла2 ’братаўка дуброўная, Melampyrum nemorosum’ (Жыв. сл., Кіс.). Сакральна звязана з Купаллем. Гл. купала1. Параўн. таксама купалка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жгаць1 ’паліць’ (Нас.). Рус. дыял. арханг., алан., наўг., смал., кастр., вяцк., перм., свярдл., с.-урал., кіраўск. жгать ’тс’, чэш., арх. žhati ’тс’, серб.-харв. жга̏ти ’пячы’, славен. žgáti ’паліць’. Параўн. рус. жечь, жгу. Ст.-слав. жещи, жьгѫ. Прасл. *žьg‑ (з тэмай ‑a‑, у той час як у жещи яна адсутнічае, а на месцы ‑ь‑ выступае ‑е‑). Лічаць, што з і.-е. *dheg​h‑гарэць’: літ. degù, ст.-інд. dāha‑h ’пажар, спёка’, авест. daχša ’пажар’ і інш. Покарны, 1, 240–241; Фасмер, 2, 38; Траўтман, 49; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 289; Махэк₂, 727; Брукнер, 663–664. Скок (3, 674–675) тлумачыць узнікненне слав. *geg‑ з *deg‑ асіміляцыяй. Корань *deg‑ адлюстраваны ў дзёгаць (магчыма, з балт.) гл. Фасмер (2, 38) лічыць менш верагодным зробленае Шэфтэловіцам (ZfIndIr, 2, 271) супастаўленне са ст.-інд. jañj ’асвятляць, гарэць’, ст.-ісл. kvekva ’запальваць’ і зробленае Зубатым (Studie, I, 1, 127) дапушчэнне, што *geg‑ звязана з лат. dzedzite ’поле пад папар’. Але Зубаты (Studie, 1, 2, 142) імкнуўся растлумачыць форму *žeg‑ паралеллю з *žegrati. Так ці іначай паходжанне кораня *žeg‑, *žьg‑ не можа лічыцца вырашаным канчаткова. Параўн. жага, жыгаць, жэгаць.

Жгаць2 (Нас.). Гл. джгаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГАДЗІ́ННІК,

прылада для вымярэння часу. Бываюць: сонечныя, вадзяныя, пясочныя, агнявыя, механічныя, электрычныя (гл. Электрычны гадзіннік), камертонныя, электронныя (гл. Кварцавы гадзіннік), атамныя (гл. Квантавы гадзіннік), наручныя, кішэнныя, настольныя, насценныя, вежавыя (напр., куранты), спецыяльныя (секундамеры, хранометры, шахматныя, праграмныя, радыёмаячныя, падводныя і інш.). Да «прылад часу» адносяць таксама таймер, рэле часу, хранограф і інш. У астр. даследаваннях выкарыстоўваюцца гадзіннікі астранамічныя.

Сонечныя гадзіннікі вядомы з 3-га тыс. да н.э. (Стараж. Вавілон), наз. гноман. Мелі стрыжань ці пласціну, цень ад якіх падала на канічны або плоскі цыферблат. У Вавілоне выкарыстоўвалі і вадзяны гадзіннік — пасудзіну са шкалой, у якую раўнамерна паступала (або з якой выцякала) пэўная колькасць вады за пэўныя адрэзкі часу. Такія гадзіннікі былі пашыраны ў стараж. Егіпце, Іудзеі, Грэцыі, Кітаі і інш. Каля 150 да н.э. грэч. механік Ктэсібій стварыў вадзяны паплаўковы гадзіннік — прататып гадзінніка, што выкарыстоўваўся да 18 ст. Сонечныя гадзіннікі (у т. л. ў выглядзе вял. збудаванняў) выкарыстоўвалі ў абсерваторыях Усходу і Індыі амаль да 17 ст. Пераносныя сонечныя гадзіннікі былі пашыраны ў Еўропе ў 16 ст. У 1736 у Нясвіжы (Беларусь) напісаны на лац. мове курс пра выраб сонечных гадзіннікаў розных канструкцый. Пясочны гадзіннік рабілі з дзвюх (часам цэлай сістэмы) лейкападобных пасудзін, праз звужэнне паміж якімі высыпаўся пясок. Яго шырока выкарыстоўвалі ў мараплаўстве (т.зв. «карабельныя склянкі»), у медыцыне (ім карыстаюцца і цяпер). Для адліку больш працяглых прамежкаў часу служылі (асабліва ў Кітаі) агнявыя гадзіннікі. Гэта былі лямпы з пэўнай колькасцю алею (маглі гарэць суткамі), канструкцыі (напр., спіралі) з пруткоў спец. саставу (маглі раўнамерна гарэць месяцамі), спец. свечкі з меткамі. Звесткі пра механічныя гадзіннікі вядомы з візантыйскіх рукапісаў 578. Першы мех. вежавы гадзіннік пабудаваны ў Мілане ў 1335, у Расіі — у 1404 (на Спаскай вежы Крамля). У 14 ст. створаны мех. гадзіннік са шпіндэльным спускам (меў дакладнасць ходу 0,5 гадз за суткі). Такія гадзіннікі былі надзейныя і праіснавалі да канца 19 ст. Каля 1510 замест гір упершыню ўжыта спружына і створаны кішэнны мех. гадзіннік (Германія). У 1675 у Англіі вынайдзены кручковы механізм — разнавіднасць анкернага спускавога механізма (гл. Анкер), які выкарыстоўваюць і ў цяперашніх ходзіках. Вынаходнік Х.Гюйгенс стварыў мех. гадзіннік з маятнікавым (1657, гл. Маятнік) і балансірным (1675, гл. Балансір) рэгулятарам, з анкерна-якарным спускам (1659). Гадзіннік з біметал. балансірам сканструяваў І.П.Кулібін (1767). З 2-й пал. 19 ст. стаў пашыраны свабодны анкерны ход, які выкарыстоўваецца і ў сучасных наручных і кішэнных гадзінніках. З канца 17 ст. ў кішэнных гадзінніках устанаўліваюць мінутныя стрэлкі, з 1760 — і секундныя. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Швейцарыі створаны матэрыялы (інвар — для маятнікаў, элінвар — для спіралей), якія практычна ліквідавалі тэмпературныя ўздзеянні на ход мех. гадзіннікаў. У пач. 20 ст. з’явіліся электрагадзіннікавыя сістэмы. У 1920—60-я г. распрацаваны асабліва дакладныя гадзіннікі: камертонныя (у іх выкарыстоўваецца эфект ваганняў камертона), кварцавыя (ваганне кварцавай пласціны), атамны (ваганне атамаў); іх дакладнасць адпаведна 10​−1, 10​−4, 10​−8 с/сут. Сучасныя мех. гадзіннікі маюць: рухавік (спружына, гіра), сістэму колаў, ход або спускавы механізм, рэгулятар, механізмы заводкі і стрэлачны; могуць мець прыстасаванні, якія паказваюць даты месяца і дні тыдня, проціўдарныя, аўтам. падзавод і інш.

На Беларусі унікальным помнікам сярэдневяковай тэхнікі з’яўляецца вежавы гадзіннік касцёла езуітаў у Гродне, створаны ў 2-й пал. 17 ст. Гэта найстарэйшы маятнікавы гадзіннік з вядомых на тэр. СНД. У яго механізме выкарыстаны анкерны ход, які ажыццяўляецца пад дзеяннем грузу (60 кг), што апускаецца з вышыні 15 м за 36 гадз. Першая ў Рас. імперыі гадзіннікавая ф-ка пабудавана ў 1789 у в. Беражань Горацкага павета (гл. Беражанская гадзіннікавая мануфактура). Масавая вытв-сць наручных гадзіннікаў у СССР пачалася ў 1930, на Беларусі — у 1956 (гл. Мінскі гадзіннікавы завод «Прамень»). З 1975 мінскі з-д «Электроніка» выпускае электронныя наручныя гадзіннікі з лічбавай індыкацыяй на вадкіх крышталях; СКБ «Няміга» распрацоўвае гэтыя гадзіннікі і ажыццяўляе іх серыйнае асваенне; электронныя гадзіннікі выпускае таксама пінскі з-д «Камертон» (з-ды і бюро ўваходзяць у НВА «Інтэграл»). Дэталі да гадзіннікаў пастаўляе Віцебскі з-д гадзіннікавых дэталей.

Літ.:

Пипуныров В.Н. История часов с древнейших времен до наших дней. М., 1982;

Завельский Ф.С. Время и его измерение. 5 изд. М., 1987;

Шполянский В.А., Чернягин Б.М. Электрические приборы времени. М., 1964;

Мясников Л.Л., Булыгин А.С. Атомные часы и система времени. Л., 1972.

У.​М.​Сацута.

Узоры сучасных (2-я пал. 1990-х г.) наручных гадзіннікаў.
Старажытныя гадзіннікі: а — экватарыяльны сонечны; б — гарызантальны сонечны; в — агнявы, з гаручай спіраллю; г — агнявы масляны (час вызначаўся па ўзроўні масла); д — вадзяны, або клепсідра (1 — паплавок, 2 — лейка з вадой, 3 — стопар для рэгулявання патоку вады); е — камплект з чатырох пясочных гадзіннікаў.
Схема сучаснага наручнага механічнага гадзінніка: 1 — завадны вал; 2 — завадны рычаг; 3 — спружына заваднога рычага; 4, 6, 7, 8, 9 — колы (барабаннае, псеўдацэнтральнае, прамежкавае, секунднае, анкернае); 5 — барабан са спружынай; 10 — анкерная вілка; 11 — балансір; 12, 13, 14, 15 — колы (фрыкцыйнае, гадзіннае, вэксальнае, пераводнае); 16 — муфта; 17 — завадны трыб; 18 — пераводны рычаг.

т. 4, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вінакур ’вытворца спірту’ (БРС, КТС). Укр. винокур, рус. винокур, польск. (з «Літвы» ў Карловіча) winokur ’тс’. Усх.-слав. утварэнне ад віно і курыць (гл.) ’выпальваць’. Тут віно ўжыта не ў першасным значэнні ’віно вінаграднае’, а ў другасным ’алкаголь, спірт, гарэлка’. Прынамсі, у XIX — пач. XX ст. спіртныя напіткі выраблялі вінакурныя заводы. Такім жа чынам утворана і чэш. vinopal < víno + páliti, pálenka ’самагон’, польск. gorzelany, gorzelnik, gorzeć ’паліць, гарэць, выпальваць’. Сюды ж вінаку́рны, вінаку́раны, вінакурства (БРС, КТС), а таксама новатвор (калька з рускай мовы) вінакурэнне (КТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пераго́раць ’перагараваць’ (лях., Сл. ПЗБ), ’агораць, справіцца з чым-небудзь’ (Нар. Гом.) трэба разглядаць разам з аго́раць ’што-небудзь зрабіць, набыць з цяжкасцю’, горны ’гаротны, сумны’ (БРС), якія да прасл. *gorati: серб.-харв. пре́гор ’перажыванне, гора, смутак, журба’, ’забыццё журбы’; чэш. horatiгарэць’, ст.-польск. gorać ’палаць, палымнець’, польск. gora ’агонь на пашы, які распальваюць пастухі’, рус. гора́ть ’знішчацца агнём’. Форма *gorati — даволі старая ступень вакалізму кораня побач з *gorěti і *‑garati, параўн. літ. garúoti ’выпарвацца; моцна жадаць’ побач з літ. gorúoti ’моцна жадаць; працаваць да поту’ (Трубачоў, Эт. сл., 7, 31).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

запалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., каго-што.

1. Прымусіць гарэць, загарэцца. Запаліць лямпу. □ Шура чыркнуў запалку і паднёс трапяткі жоўты агеньчык спачатку да кнота Валодзевай свечкі, пасля запаліў сваю. Арабей. // Наўмысля падпаліць. — Нашу вёску запалілі! — заплакаў хлопец. Чорны. // таксама без дап. Падпаліць паліва (у печы). Запаліць у печы.

2. перан. Выклікаць у каго‑н. уздым пачуццяў, энергіі і пад.; натхніць. Расказаць пра.. [Кліма] трэба з пачуццём, каб запаліць сэрцы ўсіх салдат. Жычка.

3. перан. Прымусіць з’явіцца, узнікнуць (пра пачуццё, настрой і пад.). Жывы, новы, яскравы агеньчык запаліла вясна ў сэрцы хлебароба. Бялевіч. Выкрасаць каменем іскры патрэбен спрыт, а запаліць агонь у сэрцы чалавека паэтычнымі творамі — спрыту мала, патрэбна гарэнне самога паэта. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пату́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. патух, ‑ла; зак.

1. Перастаць гарэць, свяціць. Агонь у будынку бліснуў яшчэ раз і патух. Чорны. Знікла палоска вячэрняй зары на небасхіле — ці то яна патухла зусім, ці хмаркі закрылі яе. Хадкевіч. // Перастаць дзейнічаць, функцыяніраваць (пра вулкан, домну і пад.).

2. перан. Перастаць блішчаць; стаць цьмяным, бляклым (пра вочы). Дыхаць цяжка, грудзі ўспухлі, Точыць смага, прага піць. Толькі вочы не патухлі — Зіхацяць жаданнем жыць. А. Александровіч. Загадчык аблана пазяхнуў, і вочы яго зноў патухлі і прыплюшчыліся. Шамякін. // перан. Знікнуць, прапасці, спыніцца. Але мая радасць хутка патухла, бо я ўспомніў, што Грыша вельмі скупы і не дачакаешся ад яго ніякай папругі. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падпалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., што.

1. Паднёсшы агонь да чаго‑н., прымусіць гарэць; выклікаць гарэнне. Падпаліць дровы. Падпаліць салому.

2. Наўмысна знішчыць агнём што‑н., учыніць пажар. Гадзін за дзве да захаду сонца, адыходзячы, салдаты з двух канцоў падпалілі вёску, а самі зніклі. Чорны. А ў гэтую самую ноч на Пасеках было відна, хоць іголкі збірай... Нехта падпаліў новыя будовы Ліпніцкага. Чарот.

3. Даць падгарэць чаму‑н., падсмаліць што‑н. Падпаліць хлеб. Падпаліць сала.

4. і ў чым. Раскласці агонь (у печы, пліце і пад.), каб згатаваць ежу або ацяпліць памяшканне. Падпаліць печ. Падпаліць пліту. □ Назбірае бабка трэсак, падпаліць у печы і грэецца перад агнём. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)