Вінакур ’вытворца спірту’ (БРС, КТС). Укр. винокур, рус. винокур, польск. (з «Літвы» ў Карловіча) winokur ’тс’. Усх.-слав. утварэнне ад віно і курыць (гл.) ’выпальваць’. Тут віно ўжыта не ў першасным значэнні ’віно вінаграднае’, а ў другасным ’алкаголь, спірт, гарэлка’. Прынамсі, у XIX — пач. XX ст. спіртныя напіткі выраблялі вінакурныя заводы. Такім жа чынам утворана і чэш. vinopal < víno + páliti, pálenka ’самагон’, польск. gorzelany, gorzelnik, gorzeć ’паліць, гарэць, выпальваць’. Сюды ж вінаку́рны, вінаку́раны, вінакурства (БРС, КТС), а таксама новатвор (калька з рускай мовы) вінакурэнне (КТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)