Даба́д ’лебедзь’ (Касп.). Трубачоў (Слав. языкозн., V, 178) мяркуе, што, відаць, гэта старое слова з цёмнай формай і, магчыма, праславянскае (праславянскі дыялектызм бел. мовы). Форма яго не дае ўпэўненасці ў тым, што яно звязана з прасл. *elbedь, *olbǫdь ’лебедзь’ (магчыма, паводле Трубачова, там жа. тут назіраецца табуістычная змена слова). Нягледзячы на тое што слова яўна дэфармаванае, можна меркаваць, што тут, магчыма, адбыліся фанетычныя змены (асіміляцыя): даба́д < лаба́д, а гэта ўжо значна бліжэй да магчымых прасл. форм; параўн. чэш. labuť, дыял. labudek, славац. labuť, labuď, labuda, польск. łabędź, серб.-харв. лабуд, славен. labod (параўн. Махэк₂, 316). Калі бел. дыял. дабад сапраўды з ранейшага *лаба́д ’лебедзь’, то гэта можа быць каштоўным сведчаннем таго, што ўсх.-слав. гаворкі мелі змешаны характар, г. зн. што ў іх маглі сустракацца элементы зах.-слав., а нават і паўд.-слав. тыпу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Недацёпа асудж. ’дурны чалавек’ (міёр., З нар. сл.), недоцёпа экспр. Здагадлівы чалавек’ (ТС), укр. недотепа ’няздольны, няўмелы чалавек’, рус. недотёпа ’няўклюда’ і ’памылка пры тканні — прапушчаная ці выцягнутая нітка ў аснове’ (пск., СРНГ). З неда- ’недастаткова’ і цепсці ’біць, трапаць’ або цяпаць ’стукаць’, якія ў экспрэсіўным ужыванні могуць мець і іншыя пераносныя значэнні, у тым ліку ’разумець, цяміць, кеміць’, параўн. укр. дотеп ’досціп’, дотёпний ’дасціпны’; калі дапусціць наяўнасць падобнага, незафіксаванага ў беларускай мове слова, то з не і *дацёпа ці *дацяпа, параўн. расцяпа ’разява’; рус. недотяпа ’няўмека’; ткацкі тэрмін у рускай мове сведчыць аб магчымай крыніцы слова ў сферы тэрміналогіі з пераходам канкрэтнага значэння ў экспрэсіўнае, што здараецца вельмі часта, тады развіццё значэння ад ’недастаткова выцягнуты’, ’нестаранна зроблены’ (параўн. цёпкаць ’выцягваць ніткі з тканіны’) да ’няўклюдны’ і ’дурны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калыглу́з ’балаваны хлопец, свавольнік’ (Бяльк.), ’расхлябаны чалавек’ (Жд. 2), калыглас ’гарэза, вісус’ (Касп.); Насовічам адзначана форма колыглаз з яўнай народнай этымалагізацыяй, параўн. ілюстрацыю: «У гстого колыглаза по коллю вопи ходзюць», параўн. яшчэ смал. колыглаз: «Что с ним поделаешь — он такой колыглаз — ему хоть глаз коли!» (СПНГ, 14, 207). Цыхун (Бел.-польск. ізал., 149) прыводзіць форму калыгвуз, мяркуючы аб сувязі бел. лексемы і польск. kalauz ’вядучы, завадзіла’ ў тым плане, што крыніца запазычання лексем была аднолькавай. Слаўскі не разглядае гэтай лексемы, няма яе і ў слоўніку Карловіча, а Варшаўскі слоўнік разглядае як запазычанае з тур. kelaguz, kelavuz і да т. п. ’камандзір, правадыр’. Геаграфія бел. слова сведчыць хутчэй аб запазычанні з польск. перыферыйнага дыялекту, а не з турэцкай мовы непасрэдна, апрача таго, неабходна лічыцца з уласна беларускай гісторыяй слова (гл. вышэй заўвагу адносна народнай этымалогіі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калёўка ’спецыяльны рубанак для выстругання дошак і планак з фігурнымі краямі (багетаў, карнізаў і інш.)’ (БРС, ТСБМ; драг., Жыв. сл.; Касп., Клім., Мат. Гом.), ’фігурны профіль дошкі або бруска, які атрымліваецца струганнем’ (ТСБМ, Мат. Гом.). У рус. мове адзначана калёвка ’жалабок, канаўка (у сталярнай справе)’, колёвки ’паглыбленні, выемкі, канаўкі ў налічніках; розныя ўпрыгожанні на іх’. На рус. слова звярнуў увагу яшчэ Матцэнаўэр (LF, 8, 41), які лічыў, што яно запазычана з франц. cale ’клін, падстаўка’, супраць Фасмер (2, 166). Ён лічыць асноўнай формай дзеяслоў калевать ’выдзёўбваць, выразаць (карніз, жалабок)’, для якога ў якасці крыніцы запазычання мяркуецца (aus) kehlen у тым жа значэнні. З пункту погляду рэаліі такая этымалогія можа быць прынята; аднак няясным застаецца шлях запазычання. Лінгвагеаграфія выразу (калі толькі бел. слова не запазычана параўнальна позна з рус. мовы) сведчыць аб магчымым польскім пасрэдніцтве.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кло́пат 1 ’неспакойная думка пра што-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Сержп. Грам., Гарэц., Сцяшк., КЭС, лаг., Ян.). Гл. клапаціцца. Насуперак Кюнэ (Poln. 64) не з’яўляецца пранікненнем з польск. kłopot.

Кло́пат 2 ’квактанне’ (Сл. паўн.-зах., Яруш.). Утварэнне на ‑otъ ад гукапераймальнага дзеяслова. Гл. клопалка.

Клопат 3 ’у жорнах дошчачка ад жалабка, якая прыціскаецца да чатырохграннай часткі корбы і пры вярчэнні механічна рэгулюе перадачу зерня на камень’ (Нар. словатв., Выг., Кліх, Дразд.). Укр. клопіт ’тс’, польск. kłopot ’тс’. Да прасл. klopotъ ’стук, шум’, але ў значэнні ’частка жорнаў’ толькі польскае, беларускае і ўкраінскае. Паколькі рускія дыялекты (апрача заходніх) практычна не ведаюць гэтага слова, можна меркаваць аб тым, што яно ўзнікла як тэхнічны тэрмін на польскай моўнай глебе і адтуль распаўсюдзілася на беларускі і ўкраінскі арэалы (Смулкова, Бел.-польск. ізал., 117).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аспа́ласць ’санлівасць, вяласць, неахайнасць’ (Нас., Др.-Падб., Гарэц.), аспала, аспалы (Нас.). Укр. оспалий, оспалість, польск. ospały, ospałość, чэш. ospalý, ospalost, славац. ospalý, ospalosť, паморск. u̯ospałi ’санлівы, вялы’, ’санлівасць, вяласць’. Ст.-бел. оспалый ’санлівы, вялы’ (з 1593 — Булыка, Запазыч., 231, дзе таксама: оспалость, оспальство, оспальца, оспале; параўн. Гіст. лекс., 96). Унутраная форма слова ясная: аспаласць і інш. утворана ад аспалы, якое ў сваю чаргу — дзеепрыметнік ад дзеяслова *аспаць. Паколькі, аднак, такі дзеяслоў у беларускай мове не фіксуецца, не без падстаў оспалый разглядаецца як паланізм. Але і ў польскай мове не зафіксаваны такі дзеяслоў. Між тым у старачэшскай ён быў вядомы (пач. XV ст.). Таму, магчыма, што крыніцай дзеепрыметніка для польскай была чэшская мова, адкуль слова магло трапіць у беларускую непасрэдна або праз польскае ці ўкраінскае пасрэдніцтва. Назоўнік утварыўся на беларускай глебе ці быў таксама запазычаны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асёлка ’радуга’ (Касп.), осело́к (ДАБМ, 902). Укр. оселка ’тс’. Безумоўна звязана з вясёлка, укр. веселка ’тс’. Аднак вакалізм пачатку ў паўднёвабеларускай і ўкраінскай формах сведчыць аб тым, што простым усячэннем пачатковага в‑ форму гэту вытлумачыць нельга. Магчыма, асёлка ’радуга’ кантамінацыйна звязана з асялок прылада для вастрэння’ (ад якой адлятаюць іскры, як, магчыма, маланкі, ва ўяўленні нашых продкаў, ад радугі). Магчыма, кантамінацыя тут адбывалася з о́сілкі ’(паўкруглая) ручка вядра’. Нельга выключыць і тое, што форма асёлка адлюстроўвае неабходнасць лічыць сучасную сувязь вясёлка — вясёлы пазнейшай, магчыма, народнаэтымалагічнай, а старажытную назву радугі звязваць з словамі тыпу ст.-іран. asman ’неба’. Трэба, нарэшце, указаць на магчымую сувязь асёлкі ’радугі’ з асілкамі (гл.) або праз іскры, звязаныя з уяўленнямі пра каменную прыроду асілкаў (параўн. іх рэбры), або праз вобраз змяі (з якой звязана і радуга і асілкі). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́білка ’рухомая рамка ў кроснах, у якую ўстаўляецца бёрда’ (Касп., Воўк-Лев., Татарк., ТС), на́білкі (Байк. і Некр.; Шат.; Янк. 1; Тарнацкі, Studia; Гарэц., Бяльк.), набілкі (Др.-Падб., Янк. і, ТС), на́біліца (ТС), набіліца (Касп.), набіліцы (БРС, Байк. і Некр.; Шат.; докш., Янк. Мат.; полац., Хрэст. дыял.; Воўк-Лев., Татарк.), набіліцы (Янк. і, Грыг., Маш., Мядзв., Кліх, Бір. Дзярж., Др.-Падб., Тарнацкі, Studia; ТС; Бяльк.), набыліца (Дразд.), на́белкі (Бяльк.). Параўн. укр. на́білки, рус. набилки і на́белки. Хутчэй за ўсё ад біла (гл.), якое ў розных слав. мовах абазначае ў тым ліку дэталь у кроснах, якая служыць для прыбівання нітак пры тканні, параўн. чэш. bidlot н.-луж. bidlo і інш., а таксама біла, было ’набіліцы’ (в.-дзв., бяроз., Шатал.), тады набілкі, набіліцы абазначае тое, што накладваецца, надзяецца на білы, вертыкальныя рухомыя часткі дэталі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жа́бка 1 памянш. да жа́ба 1–4 (гл.).

Жа́бка 2 ’падкоўка на абутку’ (зэльв., Жыв. сл., 141). Улічваючы геаграфію, магчыма, з польск. żabka ’тс’. У слав. мовах, у тым ліку польск. żabka, укр. жа́бка, серб.-харв. жабица ’стрэлка ў капыце, нарасць на назе каня’, балг. дыял. жаба ’мускул на назе’. Аналагічны перанос у іншых мовах (англ. frog ’жаба’ — ’стрэлка ў капыце’, грэч. βάτραχος ’жаба’ — ’частка капыта’, якуцк. баӷа ’жаба’ — ’стрэлка пад капытом’; Пякарскі), таму апошняе да жа́ба 1, а адсюль па падобнасці перанос на ’падкоўку’.

Жа́бка 3 ’гатунак школьнага пяра’ (ТСБМ). Ад жа́ба 1 па знешняму выгляду.

Жа́бка 4 ’каменьчык, які кідаецца на водную паверхню, а ён падскоквае’ (КЭС). Рус., укр. жабка, польск. żabka, чэш. žabka, серб.-харв. жа̏бице, славен. žábica ’тс’. Відаць, паводле жабячых (да жа́ба 1) падскокаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Заўсёды, дыял. заўсягда́, заўсягды (Сл. паўн.-зах.). Рус. тамб., варонеж. завсегды́, дыял. завсегда, завсёгды, завсе́гды, завсегды, укр. за́вжди, дыял. завсігди, польск. дыял. zawszegdy, zawszedy, серб.-харв. за́свагда, за̀свакад(а) ’тс’. Ст.-рус. завсегда (XV–XVI стст.). Параўн. польск. zawsze ’заўсёды’, балг. за́все ’назаўсёды’, рус. всегда і інш. З za + vьsь‑gъda з тым, што другі элемент, можа, меў форму *vьse, а трэці — gъdy, дзе za прыназ. (гл. за). vьsь займеннік (гл. увесь), а кампанент gъd‑ азначаў у шэрагу прыслоўяў і прыназоўнікаў час (гл. яшчэ тады) і, магчыма, суадносіцца з год (гл.) ці шэрагам і.-е. слоў, што маюць знач. ’калі’: ст.-інд. kadā́, літ. kadà, лат. kad, ст.-прус. kaden. ESSJ SG, 2, 748–750; Фасмер, 1, 362–363; Траўтман, 111; Тапароў, I–K, 117–119; Шанскі, 2, З, 21, Шуба, Прыслоўе, 60.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)