НО́ЙМАЕР, Ньюмеер (Neumeier) Джон (н. 24.2.1942, г. Мілуокі, ЗША), амерыканскі артыст балета, балетмайстар. Вучыўся ў школе Каралеўскага балета Вялікабрытаніі. З 1969 гал. балетмайстар опернага т-ра ў Франкфурце-на-Майне, з 1973 кіраўнік балетнай трупы і гал. балетмайстар Гамбургскай дзярж. оперы. У творчасці спалучае традыцыі класічнай харэаграфіі з выразнымі сродкамі танца мадэрн. Сярод пастановак: «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева, «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (абедзве 1971), «Прыцемкі» на муз. А.Скрабіна, «Пацалунак феі», «Жар-птушка» і «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага (усе 1972), «Гамлет: тое, што падразумяваецца» на муз. А.Копленда, «Ілюзіі як «Лебядзінае возера» (абедзве 1976) і «Элегія» (1978; абедзве на муз. Чайкоўскага), «Спячая прыгажуня» (1978) Чайкоўскага, «Сон у летнюю ноч» на муз. Ф.Мендэльсона і Дз.Лігеці, «Арыэль» на муз. В.А.Моцарта, «Чацвёртая сімфонія Малера» (усе 1977), «Дама з камеліямі» на муз. Ф.Шапэна (1978), «Вацлаў» на муз. І.С.Баха (1979), «Пер Гюнт» А.Шнітке (1989), «Цяпер і потым» на муз. М.Равеля (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАТЫ́ПЫ (ад палеа... +грэч. typos адбітак, форма, узор),
друкаваныя еўрап. выданні 1-й пал. 16 ст. Сярод П. выданні А.Мануцыя, Эцьенаў, Э.Дале, братоў Трэксель і інш. Па змесце і афармленні разнастайныя. Вядома каля 70 слав. П., надрукаваных кірыліцай, у т. л. кнігі Ф.Скарыны. Служаць прадметам спец. збірання і каталагізацыі. Улік П. вядзецца ў выглядзе каталогаў асобных калекцый: «Каталог палеатыпаў б. Румянцаўскай публічнай, цяпер Ленінскай Маскоўскай бібліятэкі» М.Кісялёва (1927—29), «Каталог палеатыпаў: Са збору навук. бібліятэкі імя М.Горкага Ленінградскага ун-та» (1977).
На Беларусі ў 16—19 ст. П. зберагаліся ў царк. і манастырскіх б-ках, б-ках навуч. устаноў Віцебска, Гродна, Мінска, Магілёва, у буйных прыватных зборах. Значная колькасць П. захоўваецца ў Нац. б-цы Беларусі і Цэнтр.навук. б-цы імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі.
Літ.:
Немировский Е.Л. Славянские инкунабулы и палеотипы кирилловского шрифта в книгохранилищах Советского Союза // Сов. славяноведение. 1968. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫЯ́РШЫ РУ́КАПІС,
гістарычны зборнік 2-й пал. 17 ст. Месца ўзнікнення дакладна невядома. Захаваў 3 помнікі бел. летапісання. Пад назвай «Кройника о великих князех литовских» у зб-ку змешчаны «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» у рэдакцыі, блізкай да 2-й ч. Летапісу Красінскага (т.зв. Патрыяршы А). У канцы твора шэраг гіст. запісаў, у т. л. пра Аршанскую бітву 1514 з доўгім пералікам рус. баяр, узятых у палон. У П.р. змешчаны таксама няпоўны (без пачатку і канца) тэкст 2-га бел.-літ. летапіснага зводу «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» — пашыранай рэдакцыі, аналагічны Румянцаўскаму летапісу (т.зв. Патрыяршы Б). Завяршае зборнік Баркулабаўскі летапіс, які захаваўся ў адзіным спісе. Астатнія бел. летапісныя творы П.р. не апублікаваны, выкарыстоўваліся толькі для розначытанняў да інш. спісаў у Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907). У П.р. змешчаны таксама розныя царк.-рэліг. творы і летапісныя ўрыўкі на царк.-слав. і стараж.-рус. мовах. Да 1917 зберагаўся ў Патрыяршай б-цы (адсюль назва), цяпер у Гіст. музеі ў Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНА́ЕВА ((дзявочае Хведасюк) Людміла Іосіфаўна) (н. 14.1.1936, г. Краснае Сяло Ленінградскай вобл., цяпер у межах г. С.-Пецярбург),
расійская спартсменка і трэнер (веславанне на байдарках). Засл. майстар спорту СССР (1964). Скончыла школу трэнераў пры Дзярж. ін-це фіз. культуры (1963, С.-Пецярбург). Педагог-выхавацель. Чэмпіёнка XVIII і XIX Алімп. гульняў (1964, Токіо; 1968, Мехіка) па веславанні на байдарцы-адзіночцы (к-1) на дыстанцыі 500 м, XX Алімп. гульняў (1972, г. Мюнхен, Германія) — на байдарцы-двойцы (к-2) з К.Курышка; бронз. прызёр на к-2 (з А.Серадзінай). Чэмпіёнка свету 1966 на к-1 і на байдарцы-чацвёрцы (к-4); 1970 на к-1; 1971 на к-1 і к-4; 1973 на к-4. Чэмпіёнка Еўропы 1961 на к-2 (з Н.Грузінцавай); 1965 на к-1 і к-4; 1967 на к-1, к-2 (з Серадзінай) і к-4. 19-разовая чэмпіёнка СССР (1960—62, 1964—68, 1970—73) на к-1, к-2 і к-4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАРАЛІ́НСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у в. Каралін (цяпер у межах г. Пінск Брэсцкай вобл.). Пабудаваны ў традыцыях новаітальян. фартыфікацыйнай сістэмы. У плане — падоўжаны чатырохвугольнік (75 × 37 × 46 × 75) з бастыёнамі на вуглах. Курціны і чатырохвугольныя з брустверамі бастыёны былі вымураваны з каменю (з боку поля бастыёны значна большыя). З ПдУ замак ахоўвалі стромкі бераг і воды р. Піна. Унутры валоў ішоў падземны скляпеністы праход вышынёй 2,1 м і шырынёй 90 см. У 2-й пал. 17 ст. замкам валодаў маршалак ВКЛ Ян Дольскі, потым — кн. Вішнявецкія. У ліп. 1660 у час аблогі П.К.з. разбураны рас. войскамі, у 1704 — войскамі шведскага караля Карла XII. У пач. 19 ст. яшчэ былі цэлыя 2 бастыёны і курціна. Пазней замак знік пад гар. забудовай. Рэшткі П.К.з. адлюстраваны на планах Пінска канца 18 ст., на малюнках Н.Орды 19 ст.
Літ.:
Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991. С. 159—160.
М.А.Ткачоў.
Руіны Пінскага Каралінскага замка 3 малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯНЕ́РЫ ( ад франц. pionnier першапраходзец, пачынальнік) (ваен.), 1) пачынальнікі чаго-н.; першаадкрывальнікі ў навуцы, тэхніцы, мастацтве.
2) Сучасная назва асабовага складу інж. часцей франц., герм., брыт., амер. і некат. інш. армій. У рас. арміі ў 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. піянеры роты і конна-піянерныя эскадроны разам з падраздзяленнямі мінёраў і сапёраў уваходзілі ў склад піянерных батальёнаў, палкоў і брыгад інжынерных войск, у т. л. тых, што дыслацыраваліся на тэр.ВКЛ. Напр., падраздзяленне Літоўскага асобнага корпуса Літоўскі піянерны батальён, якое размяшчалася каля мяст. Бранск Беластоцкай вобл. (цяпертэр. Польшчы), налічвала больш за 1 тыс. асабовага складу (гл. таксама Літоўскага піянернага батальёна выступленне 1825). П. прызначаліся для дарожных, маставых і палявых фартыфікацыйных работ. У Расіі ў 1829—44 піянерныя падраздзяленні і часці перайменаваны ў сапёрныя.
3) Члены піянерскіх арганізацый.
Расійскія піянеры. 1, 2 — афіцэр і радавы літоўскага піянернага батальёна (пач. 19 ст.); 3 — радавы конна-піянернага батальёна (1820-я г.); 4 — радавы конна-піянернага батальёна (1840-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́НЧЫШЧАЎ (Васіль Васілевіч) (1702—29.8.1736),
расійскі мараплавец. Са старадаўняга шляхецкага роду Магілёўшчыны. Скончыў Маскоўскую школу матэм. і навігацыйных навук (1718). У 1733 лейтэнант і кіраўнік аднаго з паўн. атрадаў 2-й Камчацкай экспедыцыі па апісанні берагоў Паўн. Ледавітага ак. ад вусця р. Лена да вусця р. Енісей. У 1735 на парусна-вяслярнай дубель-шлюпцы «Якуцк» прайшоў па р. Лена з Якуцка да вусця, з правядзеннем інструментальнай здымкі гэтай ч. ракі. У 1736 даследаваў усх. бераг п-ва Таймыр і ўздоўж яго падняўся на Пн да 77°29′паўн. ш., адкрыў в-аў Пятра і ўсх. групу а-воў Самуіла (цяпер — Камсамольскай Праўды). На зваротным шляху П. памёр ад цынгі. У плаваннях П. прымала ўдзел яго жонка Марыя Прончышчава — першая рас. палярная падарожніца. Імем П. названы ч.ўсх. берага п-ва Таймыр, краж паміж вусцем рэк Алянёк і Анабар. У гонар М.Прончышчавай — бухта ў м. Лапцевых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЦІ́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,
баявая аперацыя Мінскага і Палескага партыз. злучэнняў па знішчэнні чыг. моста цераз р. Пціч у Капаткевіцкім р-не Палескай вобл. (цяпер Петрыкаўскі р-н Гомельскай вобл.) З ліст. ў Вял.Айч. вайну. Партызаны неаднаразова перапынялі рух на чыг. магістралі Брэст—Гомель і, каб надоўга вывесці дарогу са строю, Мінскія падп. абком КП(б)Б і штаб партыз. злучэння распрацавалі план аперацыі пад кодавай назвай «Рэха на Палессі» з удзелам 11 партыз. атрадаў (1300 чал.). Мост ахоўвалі 2 узводы ням. салдат у 4 дзотах з мінамётамі і гарматамі, непадалёку размяшчаўся гарнізон праціўніка (750 чал.). Партызаны падарвалі чыг. палатно на З і У ад моста, каб перашкодзіць падыходу падмацавання акупантам. У час абстрэлу гарнізона і дзотаў група падрыўнікоў падарвала мост. Праціўнік адступіў. Партызаны пры адыходзе пасля бою знішчылі групу падмогі ворагу. Рух на чыгунцы быў спынены на 18 сутак, а з улікам Сінкевіцкай аперацыі 1942 больш як на 3 тыдні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОП (Ropp) Эдвард фон
(14.12.1851, маёнтак Ліксна, цяпер Даўгаўпілскі р-н, Латвія — 25.7.1939),
рэлігійны і грамадска-палітычны дзеяч Літвы і Беларусі. Маці паходзіла з роду Плятэраў. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1875), Ковенскую рымска-каталіцкую духоўную семінарыю (1886), удасканальваў тэалаг. адукацыю ў Інсбрукскім і Фрайбургскім ун-тах. У 1889—1907 ксёндз, канонік, біскуп (з 1904 віленскі). Праціўнік атаясамлівання каталіцызму з польскасцю, спрыяў увядзенню літ. і бел. моў у царк. жыццё. Заснавальнік Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі. Дэп. 1-й Дзярж. думы (1906). У 1907—17 пад наглядам паліцыі жыў у маёнтку Нішча Віцебскай губ. З ліп. 1917 арцыбіскуп Магілёўскай рымска-каталіцкай архіепархіі з рэзідэнцыяй ў Петраградзе, у 1919 арыштаваны ўладамі, адпраўлены ў Польшчу, дзе працягваў рэліг. і грамадскую дзейнасць. Да 1931 фармальна лічыўся арцыбіскупам магілёўскім.
Літ.:
Смалянчук А. Біскуп Эдвард Роп // Бел.гіст.часоп. 1994. № 3;
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСА́НАЎ (Уладзімір Аляксандравіч) (15.11.1875, г. Арол, Расія — 1913),
расійскі даследчык Арктыкі. Скончыў Арлоўскую духоўную семінарыю (1897), Парыжскі ун-т (1907). За ўдзел у студэнцкім рэв. руху ў Кіеўскім ун-це ў 1901 сасланы ва Усць-Сысольск (цяпер Сыктыўкар). У 1903 эмігрыраваў у Францыю. У 1908 прымаў удзел у франц., а ў 1909 — у рус. экспедыцыях на Новую Зямлю. У 1910 і 1911 кіраваў экспедыцыямі на гэты архіпелаг, пехатой перасек в-аў Паўночны, на маторна-ветразевых суднах плаваў вакол а-воў Паўночны і Паўднёвы. Правёў шэраг тапаграфічных, геал., і гідралагічных работ. У 1912 кіраваў экспедыцыяй на боце «Геркулес» па даследаванні вугляносных раёнаў Шпіцбергена, затым адправіўся на У і прапаў без вестак. У 1934 на астравах каля зах. ўзбярэжжа п-ва Таймыр знойдзены драўляны слуп з надпісам «Геркулес. 1913» і некат. рэчы ўдзельнікаў экспедыцыі. Імем Р. названы бухта і паўвостраў на Новай Зямлі, ледавік на Паўн. Зямлі, востраў у праліве Вількіцкага, гара ў Антарктыдзе.