ПАЛЕАТЫ́ПЫ (ад палеа... + грэч. typos адбітак, форма, узор),
друкаваныя еўрап. выданні 1-й пал. 16 ст. Сярод П. выданні А.Мануцыя, Эцьенаў, Э.Дале, братоў Трэксель і інш. Па змесце і афармленні разнастайныя. Вядома каля 70 слав. П., надрукаваных кірыліцай, у т.л. кнігі Ф.Скарыны. Служаць прадметам спец. збірання і каталагізацыі. Улік П. вядзецца ў выглядзе каталогаў асобных калекцый: «Каталог палеатыпаў б. Румянцаўскай публічнай, цяпер Ленінскай Маскоўскай бібліятэкі» М.Кісялёва (1927—29), «Каталог палеатыпаў: Са збору навук. бібліятэкі імя М.Горкага Ленінградскага ун-та» (1977).
На Беларусі ў 16—19 ст. П. зберагаліся ў царк. і манастырскіх б-ках, б-ках навуч. устаноў Віцебска, Гродна, Мінска, Магілёва, у буйных прыватных зборах. Значная колькасць П. захоўваецца ў Нац. б-цы Беларусі і Цэнтр. навук. б-цы імя Я.Коласа Нац. АН Беларусі.
Літ.:
Немировский Е.Л. Славянские инкунабулы и палеотипы кирилловского шрифта в книгохранилищах Советского Союза // Сов. славяноведение. 1968. № 1.
Л.І.Збралевіч.
т. 11, с. 546
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)