Імша́ра ’мохавае балота’ (ТСБМ, Касп.), ’зараснік’ (Яруш.), імша́р (Др.-Падб.) ’месца, дзе расце толькі арэшнік’ (Жд. 2), імшары́на ’невялікі ўчастак мохавага балота сярод поля або лесу’, імша́рнік ’мохавае балота’ (парыц., Янк. Мат., 165). Рус. дыял. мша́ра, мша́рина, мша́рник, польск. mszar. Магчыма, запазычанне з польск. mszar ’мохавае балота’. Але можна дапусціць і паралельнае ўтварэнне беларускага і польскага слоў. Беларуская суфіксацыя ‑ына, ‑нік; прыстаўное і‑. Гіст. мовы (II, 137) разглядае як уласнабеларускае ўтварэнне пачатку XX ст. Гл. мох.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Брыль 1 ’казырок летняй шапкі; шляпа’ (Касп., Бяльк., Бір. Дзярж., Шн., Гарэц., Інстр. I, Тарн., Маш., БРС, КЭС, лаг., Мядзв.). Укр. бриль. Запазычанне з польск. bryl ’тс’ (якое лічыцца запазычаннем з італ. ombrello ’парасон’; Варш. сл., 1, 215). Рыхардт, Poln., 37; Фасмер, 1, 214; Рудніцкі, 208 (лічыць, што польск. bryl < укр. < італ.?); Бернекер, 93.
Брыль 2, брылёк ’невялікі выступ над жаралом печы’ (Янк. Мат., Шушк., Інстр. I), ’карніз’ (Шат.). Відавочна, метафарызацыя да брыль 1 (гл.): ’брыль, казырок’ → ’казырок, навес’ → ’навес, выступ’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бі́рка. Рус. би́рка, укр. би́рка ’тс’. Этымалогія слова не вельмі ясная. Выводзяць з ст.-рус. биръ ’подаць, налог’ (Праабражэнскі, 1, 26; Бернекер, 57). Іншыя думаюць пра запазычанне з дац., нарв. birk ’бяроза’ (Зяленін, ZfslPh, 2, 207 і інш.). Корш (AfslPh, 9, 491) і Міклашыч (Türk. El. Nachtr., 1, 15) лічылі запазычаннем з цюрк. bir ’адзін’ і iki ’два’. Параўн. ст.-бел. бирка ’бірка, жэрабя’ (XVII ст.), якое Булыка (Запазыч.) выводзіць з ст.-польск. birka. Сюды адносіцца і бірка ’палачка, ужытак замест гузіка’ (Юрч.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вато́ўка ’ватнік, ватоўка’ (БРС); ’адзежына на ваце’ (Бяльк., Нас., Касп.); ’кароткая вопратка на ваце’ (Жд., Шат.); ’верхняя жаночая вопратка кароткага памеру з купленага матэрыялу’ (Інстр. I, 76). Рус. дыял. (смал.; у рус. гаворках Літвы; гл. СРНГ) вато́вка. Зыходзячы з геаграфіі, рус. слова ўзята з бел. У бел. мове або ўтварэнне ад вато́вы ’з ваты’ (гл. БРС), або прамое запазычанне з польск. watówka ’тс’. Гэту апошнюю версію падтрымлівае і тое, што націск прыметніка вато́вы дакладна адпавядае польскаму watowy. Гл. Кюнэ, Poln., 113.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ваўчкі́ ’расліна Bidens, ваўчкі’ (БРС, Кіс.); ’Pedicularis palustris L.’ Да воўк. Расліна мае плады з шыламі, пакрытымі зубчыкамі. Параўн. іншыя назвы расліны: сабачкі, укр. собачки, стрілки, причепа, кошки і г. д. Параўн. яшчэ ў рус. мове назвы для асота, рапейніка — волчец, волчок, волчняк, волчевник (матывацыя тая ж: пустазелле з вострымі шыламі і ўчэпістымі пладамі; гл. Мяркулава, Очерки, 98). Іначай аб рус. волчец Шанскі 1, В, 153 (запазычанне са ст.-слав. вълчьцъ). Сюды і бел. ваўчкі ’адходы пры прадзенні кудзелі’ (Шатал.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ваўчо́к ’дзіцячая цацка’ (БРС). Рус. волчо́к ’тс’ (з XVI–XVII стст.?). Ад волк, воўк (цацка выдае гукі, нібы выццё); параўн. і чэш. назву гэтай цацкі vlk (Шанскі, 1, В, 153; гл. таксама Фасмер, 1, 346–347, які прыводзіць як паралель лат. vilks ’воўк’ у назвах розных інструментаў і ўказвае, што і ў ням. мове розныя інструменты носяць назву ’воўк’). Менш пераконвае Гараеў, 54 (гл. і Праабражэнскі, 1, 94): сувязь з дзеясловам волочиться. У бел. мове ваўчок, відавочна, запазычанне з рус.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Выхава́нне (БРС, Нас., Яруш., Гарэц., Байк.). Запазычанне з польск. wychowanie ’тс’ (Кюнэ, Poln., 115), дзе яно з’яўляецца калькай франц. éducation (Унбегаўн, RÉS, 12, 45). З польск. wychowanka запазычана таксама бел. выхава́нка ’прыёмная дачка, выхаванка’, а бел. выхава́нец ’прыёмны сын, выхаванец’ з’яўляецца калькай польск. wychowaniec ’тс’ (Кюнэ, там жа). Улічваючы даўняе выкарыстанне (параўн. у Ф. Скарыны выхование — Воўк–Левановіч, Мова выданняў, 282) і шырокае распаўсюджанне гэтых слоў, нельга прыняць пункт гледжання Крукоўскага (Уплыў, 127) аб калькаванні рус. воспитанник, воспитанница ў бел. выхаванец, выхаванка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гада́ць ’гаварыць, расказваць’ (Нас.), га́даць ’пляткарыць’ (КЭС). Рус. дыял. (смал.) гада́ть ’гаварыць’, укр. дыял. (лем.) гада́ти ’гаварыць, размаўляць’ (гл. Рудніцкі, 522, 781). Запазычанне з польск. gadać ’тс’ (а гэта да прасл. *gadati, гл. Слаўскі, 247–248). Толькі ў польск. мове, калі не лічыць славен. дыял. gadati ’балбатаць, плявузгае’, слав. *gadati атрымала значэнне ’размаўляць, гаварыць’ (з XV ст.). Можна ставіць пытанне: ці бел. гада́ны ’гавораны, казаны’ (Нас.), якое Насовіч (там жа) выводзіць ад гада́ць, не адлюстроўвае непасрэдна польск. gadany (ад gadać)?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Галі́ць ’брыць’, галі́цца ’брыцца’ (БРС, Касп., Нас., Сцяшк. МГ). Укр. голи́ти, голи́тися. У рус. мове голи́ть ’брыць’, голи́ться ’брыцца’ вядома толькі з паўднёвых гаворак у Даля (гл. СРНГ, 6, 294). Можна ставіць пытанне: ці не запазычаны бел. і ўкр. словы з польск. golić, golić się ’тс’? Вырашальным тут павінна з’явіцца адносная храналогія адпаведных слоў. Тэарэтычна мяркуючы, значэнне ’брыць’ магло развіцца ва ўсх.-слав. мовах самастойна. Але адсутнасць яго ў рус. (акрамя паўднёвых дыялектаў) наводзіць на думку, што гэта ўсё ж такі запазычанне.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гарбу́з ’гарбуз’ (БРС, Шат., Касп., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ). Укр. гарбу́з ’тс’, рус. арбу́з, гарбу́з ’кавун’, гарбу́з ’гарбуз’, польск. harbuz, arbuz ’кавун’, серб.-харв. ка́рпуза, балг. карпу́з ’кавун’. Запазычанне з усх. моў. У аснове ляжыць кыпч. χarbuz (параўн. тур., крым.-тат. karpuz), якое паходзіць з перс. χarbūza. Фасмер, 1, 83–84. Гл. яшчэ Слаўскі, 1, 403; Брукнер, 168. Аб двух храналагічна розных запазычаннях гэтага слова ў польск. мове гл. у Слаўскага, там жа. Адносна лексемы гарбу́з як назвы стравы гл. Сцяц. Нар., 41.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)