1. Стаць на ногі; падняцца з ляжачага, сядзячага становішча. — Устаць! — строга крыкнуў вартаўнік суда. Прысутныя ўсталі.Брыль.Бацька доўга яшчэ сядзеў на ўслоне каля стала. Затым устаў і палез на палаткі.Ляўданскі.Лось устаў на ногі, панюхаў лёд, прабег трушком, рассыпаючы капытамі снег.Пташнікаў.// Прачнуўшыся, падняцца з пасцелі. Маці адкінула коўдру з грудзей, заварушылася з намерам устаць.Якімовіч.— Помню, помню, маці, зараз устану! — адказаў.. [Рыгор] і злез з пасцелі.Гартны.// Паправіцца, выздаравець. [Алаіза] чуць выкачалася ад хваробы. Думала, што ўжо і не ўстане.Арабей./ Пра палеглыя расліны. Пшаніца ўстала пад дажджом.Вялюгін.//перан. Аднавіцца, адбудавацца. Глядзі! Ля нашай школы Устаў з руін Палац.Агняцвет.
2. Падняцца на абарону чаго‑н.; падрыхтавацца да барацьбы за што‑н. І ленінцы, яднаючы рады, За Леніным супроць царызму ўсталі.Астрэйка.
3. Узысці, з’явіцца на гарызонце (пра нябесныя свяцілы). На дварэ светла, толькі што ўстаў месяц.Лобан./увобразнымужыв.Нада мною Мядзведзіца ўстала, Замахнулася зорным каўшом.Ляпёшкін.
4.перан. Узнікнуць, з’явіцца; паўстаць. Прыпомніў ён падзеі мінулага дня. Цяпер яны ўсталі перад дзедам у другім святле.Колас.Калі ўсё сціхла і супакоілася — зноў устала пытанне пра дзялянку, пра дровы, а цяпер ужо ў дадатак і пра каня.Васілевіч.
•••
Устаць з зоркай — устаць вельмі рана.
Устаць з левай (не з той) нагі — быць у дрэнным настроі, злавацца без асаблівай прычыны.
Устаць з магілы — выздаравець, ачуняць пасля цяжкай хваробы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фантасты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Прасякнуты фантастыкай (у 1 знач.), заснаваны на фантастыцы, на казачных матывах. Кравец наслухаўся ад людзей самых неверагодных і фантастычных апавяданняў пра ведзьмароў і чарцей.Чорны.Дзе-нідзе тырчэлі вялізныя карчы-вываратні, падобныя .. да фантастычных жывёлін.Бядуля.Героі, кніг .. пабывалі ўжо і пад зямлёй, і на Месяцы, і на Марсе, і ў розных дзівосных краінах, і прыдумалі ўсе цудоўныя фантастычныя машыны і апараты.Якімовіч.Міхась Зарэмба марыў пра флоцкае жыццё, .. Янук заўсёды маляваў тушшу на яго грудзях фантастычныя якары і парусы.Асіпенка.
2. Які не існуе ў рэчаіснасці, выдуманы. Пра .. [Аню] хадзілі самыя фантастычныя чуткі.«Маладосць».
3. Які не грунтуецца на рэальных даных; неверагодны, нездзяйсняльны. Фантастычныя планы. □ [Мікола:] — Сцэнарый нам патрэбен дні праз тры. Так што выручайце. — Тэрміны фантастычныя. — Юнак зацягнуўся папяросай.Гаўрылкін.У Анінай галаве зноў пачалі ўзнікаць фантастычныя ідэі помсты Косцю.Карпюк.
4. Падобны на фантазію, чарадзейны, вычварны. Было штось страшнае ў гэтых пералівах чырвані і ў яе фантастычным палыханні ў глыбінях агорнутага мрокам неба.Колас.Музыка перанесла .. [Банжына] ў нейкі фантастычны свет, далёкі ад усяго таго, што трывожыла хвіліну назад.Шыцік.Сіняватыя прамяні месяца асвятлялі .. [воблакі] нейкім фантастычным святлом.Новікаў.Самаробная «амуніцыя» некаторых падводных плыўцоў мае часам вельмі фантастычны выгляд.«Маладосць».
5.Разм. Незвычайны, звышнатуральны. Ганс Лемке быў не з палахлівага дзесятка, але тут яго апанаваў страх. Людзей з такой фантастычнай вытрымкай і адвагай перамагчы цяжка.Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цячы́, цячэ; цякуць; пр. цёк, цякла, ‑ло; незак.
1. Ліцца струменямі, патокам; ліцца, струменіцца ў якім‑н. напрамку. Рака цячэ. Слёзы цякуць. Кроў цячэ. □ Цякла тут з лесу невялічка Травой заросшая крынічка.Колас.У тры ручаі, мяшаючыся з густым пылам на твары за дарогу, цяклі з-пад мокрых валасоў рагі поту.Нікановіч./убезас.ужыв.Са стрэх цякло.
2. Сыпацца, падаць струменьчыкамі (пра сыпкія рэчывы). З-пад ног сухі пясок цячэ Янтарнымі драбінкамі.Хведаровіч.Зерне цякло праз пальцы залатымі крупінкамі.Хадкевіч.
3.перан. Праходзіць, працякаць (пра час). Міналі, цяклі ночы і дні.Сачанка.
4.перан. Праходзіць, адбывацца; ісці сваім парадкам. Доўга гутарка цякла.Гілевіч.// Развівацца ў пэўнай паслядоўнасці. Ветрык ад халодных водаў дзьмуў у твар Данілу, а думкі ўсё роўна цяклі далей.Пестрак.Калі быць — дык мастом Над імклівай вадой, — Каб каханне цякло наша Рэчкай жывой.Куляшоў.Спакойна цякло жыццё.Гурскі.// Бесперапынна плаўна гучаць. І зноў цячэ, цячэ, як рэчка, песня, Плыве ў душу, у сэрца хлапчука.Караткевіч.
5.перан. Ісці, рухацца суцэльным патокам, масай (пра вялікую колькасць людзей). Абуджаюцца вуліцы, цякуць патокі людзей.Гамолка.Цячэ праспект ракой шумлівай...Лойка.
6. Ісці ад чаго‑н., пахнуць; павяваць. Грыбны водар цёк з зямлі.Чорны.Ветры з поўдня на ўсход цякуць.Лявонны.
7. Прапускаць ваду (праз адтуліну, дзірку і пад.); мець цечу. Кацёл цячэ. Боты цякуць.
•••
Слінкі цякуцьгл. слінкі.
Цёкам цячы — моцна цячы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Рабіць чыстым, ачышчаць каго‑, што‑н., здымаючы гразь, пыл і пад. Чысціць дыван. □ Запаліўшы ліхтар, фурман чысціў скрэблам і шчоткай каня.Пальчэўскі.Хто [з партызан] чысціў зброю, хто гатаваў ежу, у зямлянках сядзець нікому не хацелася. Сонца прыпякала.Новікаў.// Здымаючы які‑н. налёт (пылу і пад.) з паверхні чаго‑н., наводзіць бляск, глянцаваць. У святочныя дні дзед важна чысціў свае боты.Лынькоў.// Ачышчаць, вызваляць ад таго, што забруджвае, загрувашчвае што‑н. Ранейшыя зімы, калі ў Мсціжах стаяла аўтакалона, дарогу чысцілі трактарам.Пташнікаў.— Мо зноў нарад у мястэчку аэрадром чысціць? — спрабаваў выказаць здагадку бацька.Паўлаў.// Выдаляць, убіраць што‑н., расчышчаючы. Чышчу снег каля хаты, Што надзьмулі вятры.Смагаровіч.
2.Разм. Здымаць лупіны, скуру, луску і пад. (з гародніны, пладоў, рыбы і інш.). Бабуля садзіцца чысціць ментузоў, а дзед з Рамірам абедаюць.Асіпенка.Свякроў і нявестка селі на ўслончык на панадворку і пачалі чысціць бульбу на вячэру.Пестрак.
3.перан.Разм. Рабіць праверку з мэтай вызвалення ад шкодных, варожых элементаў.
4.перан.Разм. Рабаваць, абкрадаць. Чысціць кішэні. Чысціць сумкі. □ [Семяняка:] — Сынок яго ў лесе хаваецца ды валасныя касы чысціць, а ён [Сядура] тут нас на вайну ўгаворвае?Лобан.У той ваколіцы шляхта мела многа лесу. Гарадскія купцы іх патроху чысцілі.Бядуля.
5.перан.Разм. Лаяць, сварыцца на каго‑н. І ў захапленні тут жанкі Так пачалі нас чысціць спраўна, Ціпун бы ім на языкі.Бачыла.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шы́рыцца, ‑рыцца; незак.
1. Станавіцца больш шырокім, павялічвацца ў шырыню; пашырацца. Днела — шырылася светлая паласа на ўсходзе.Шамякін.З-пад лемяхоў адваліліся скібы тлустай зямлі. Наперад і наперад ішоў трактар, і ўсё шырылася і шырылася ўзараная паласа.Даніленка./ Пра пачуцці, думкі і пад. — Вось хаджу я па зямлі, жыву, — і ад гэтага радасць. Яна шырыцца, яна ва ўсім, што ёсць, яна напоўніць усё.Чорны.// Разыходзіцца, раздавацца ўшырыню (пра дым, пару, полымя і пад.). Агонь рос, шырыўся. Полымя хапатліва лізала сцены, столь.М. Ткачоў.Клубчасты, кучаравы хвост дыму ўсё падаўжаўся, шырыўся і, здавалася, нерухома застываў у марозным паветры.Колас.// Далёка разносіцца, разыходзіцца; нарастаць (пра гукі, песню, гамонку і пад.). А гоман шырыўся і мацнеў.Крапіва.Падхоплены дзесяткамі галасоў, крык шырыўся.Лынькоў.А песня над садам расла, шырылася, сілу набірала.Кірэйчык.// Шырока распасцірацца, цягнуцца на вялікую адлегласць. На ўскраінах шырацца і высяцца аграмадзіны-муры.Бядуля.
2.перан. Павялічвацца, расці ў колькасці, аб’ёме і пад. Нашы сілы растуць, шырацца, Над Дзвіной стаім, над Прыпяццю На варце.Танк.Праміналі дні і ночы, Працы шырыўся разгон.Астрэйка./ Пра весткі, чуткі і пад. А пагалоска не сціхала, а наадварот — шырылася, бо неўзабаве зноў дайшла да Васіліны.Хадкевіч.// Станавіцца больш масавым. Дэманстрацыя шырылася і расла.Чорны.[Партызанскі рух] усё шырыўся і шырыўся.Шамякін.На нашай будоўлі з кожным днём шырыцца рух за камуністычную працу.«Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА ЗА МЯЖО́Й.
Станаўленне бел. школьніцтва за мяжой звязана з арганізацыяй нац.-культ. жыцця і прысутнасцю свядомай нац. інтэлігенцыі. Першыя масавыя перасяленні беларусаў (канец 19 — пач. 20 ст.) не былі адзначаны дзейнасцю бел. школ. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі ў Латвіі пры Мін-ве асветы дзейнічаў Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі, арганізацыяй і падтрымкай бел. школ займаліся т-ва«Беларуская хатка», Беларускіх вучыцялёў таварыства, працавалі бел. гімназіі ў Дзвінску, Люцыне, Рызе (прыватная), больш за 60 бел. школ у Дзвінскім, Люцынскім пав. і Рызе. У Літве справы школьніцтва вялі Мін-вабел. спраў, Беларускі прафесіянальны вучыцельскі саюз і т-ва «Беларуская хатка» ў Вільні, Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне і інш.
Дзейнасцю бел. школ Вільні і Віленскага краю кіравала Беларуская школьная рада (да пач. 1921 было закладзена каля 200 бел.пач. школ), на аснове якой у крас. 1921 створана Таварыства беларускай школы. Працавалі Віленская беларуская гімназія, дзесяткі школ. У 1921—39 у Зах. Беларусі ў выніку палітыкі паланізацыі бел. школ амаль не засталося. З 500 школ, што існавалі тут напярэдадні польск. акупацыі, да 1936 засталося 16, у 1939 не стала ніводнай. Былі закрыты бел. гімназіі ў Клецку, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах, а Віленская рэарганізавана ў Бел. філіял польск. гімназіі.
У 2-ю сусв. вайну па розных прычынах у Германіі і Аўстрыі апынулася каля 500 тыс. беларусаў (гл.Дыяспара беларуская, Эміграцыя). У 1945—50 пры Беларускіх лагерах для перамешчаных асоб працавалі дзіцячыя сады, пач. школы, гімназіі, курсы па ліквідацыі непісьменнасці. Дашкольным выхаваннем былі ахоплены дзеці ад 3 да 6 гадоў, у Зах. Германіі сады існавалі ў лагерах Ватэнштэт (1945—48), Вайдэн, Міхельсдорф, Шляйсгайм (1946), Мітэнвальд, Майнлёз, Фогенштраўс, Віндзішбергердорф, Остэргофен (1947), Гібельштат (1948), Бакнанг і Розенгайм (1949). У праграму заняткаў уваходзілі экскурсіі, гульні, спевы, дэкламаванне вершаў, чытанне і пераказ апавяданняў. Пач. школы для дзяцей 7—11 гадоў ствараліся ва ўсіх лагерах, дзе былі значныя бел. асяродкі. Першыя адкрыліся восенню 1945 у лагерах Гослар, Ватэнштэт, Рэгенсбург, працавалі яны і ў лагерах Мітэнвальд (1947—49), Віндзішбергердорф (1947—49), Міхельсдорф (1946—49), Остэргофен (1946—49), Гановер (1946—50), Бакнанг (1949—50). Выкладаліся бел. і ням. мовы, арыфметыка, геаграфія, гісторыя, прыродазнаўства, закон Божы, шмат увагі надавалася эстэт. і фіз. развіццю. Працавалі Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, гімназіі імя М.Багдановіча (Ватэнштэт, 1945—50), імя У.Ігнатоўскага (Майнлёз, 1947—49), у Остэргофене (1947—49). У Аўстрыі на ваен. ф-цы ў Швадорфе ў 1944 працавала школа для дзяцей. У Верхняй Аўстрыі былі 2 бел. школы — у Кірхсгайме і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701-А Рыд. У сувязі з дазволам перамешчаным асобам выбіраць месца сталага пражывання, у пач. 1950-х г. у асн. завяршыўся выезд беларусаў у інш. краіны свету. На новых месцах пасялення пры бел. грамадска-культ. цэнтрах і дамах ствараліся суботнія і нядзельныя школы. Найб. былі ў ЗША (гарады Саўт-Рывер, 1952; Нью-Брансуік, 1954; Нью-Йорк, 1954; Кліўленд, 1956; Чыкага, 1957; Нью-Джэрсі, 1954; Дэтройт, 1958), Канадзе (Таронта, 1957, 1961), Вялікабрытаніі (Лондан, 1957; Манчэстэр, 1958; Брадфард, 1963). Школы для бел. дзяцей дзейнічалі ў Вялікабрытаніі пры англіканскай царкве (1962) і Хрысц. аб’яднанні бел. работнікаў; у 1961—75 у Лондане працавала сярэдняя школа-інтэрнат імя Кірылы Тураўскага пры Бел. каталіцкай місіі. У Аўстраліі ў г. Мельбурн пры дапамозе Бел.цэнтр.к-та нядзельная школа была адчынена ў 1957, некат. час працавалі школы ў гарадах Сідней, Адэлаіда, Перт. Для падтрымкі школ пры грамадскіх арг-цыях існавалі школьныя фонды, у т. л.Бел. школьны фонд у ЗША (1956), фонд бел. падручнікаў у Канадзе (1973). Навучальную літ-ру для бел. дапаўняльных школ (чытанкі, лісткі з песнямі, нотамі, граматычныя практыкаванні і інш. школьныя канспекты) выдавалі ў Нью-Йорку Бел. выдавецкі фонд, выдавецкая суполка імя Ф.Скарыны, бел. парафіі св. Кірылы Тураўскага, св. Ефрасінні Полацкай (Саўт-Рывер), Жыровіцкай Божай Маці (Нью-Брансуік) і інш. З 1970-х г. беларуская школа за мяжой перажывае цяжкасці, зменшылася іх колькасць, новае пакаленне беларусаў у асн. стала англамоўнае. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, працэсы адраджэння выклікалі цікавасць беларусаў да нац. традыцый, культуры, і дзейнасць школы зноў актывізавалася. Працуюць (1996): бел. ліцэі ў Гайнаўцы і імя Б.Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім, Вілеская беларуская гімназія, бел. класы ў г. Рыга, Даўгаўпілс (Латвія), Вісагінас (Літва), нядзельныя школы для дарослых і дзяцей у Маскве, Рызе, Ташкенце, Новасібірску, Таліне, Кішынёве і інш.; у дзесятках школ Беласточчыны (Польшча) выкладаюць бел. мову як прадмет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯХНО́ВІЧ (Францішак Каролевіч) (псеўд.Ю.Монвід і інш.; 9.3.1883, Вільня — 3.3.1944),
бел. драматург і тэатр. дзеяч, публіцыст, празаік. Скончыў драм. школу пры Муз. т-ве ў Варшаве (1907). З 1908 у Вільні, рэпарцёр газет, выдаваў польскі гумарыстычны тыднёвік «Perkunas» («Пяркунас»). Удзельнічаў у арганізацыі 1-й бел. вечарынкі ў Вільні, паставіў з драм. гуртком «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага, дзе выступаў і як акцёр. За арт. у «Пяркунасе» трапіў пад суд, хаваўся ў Кракаве, у Галіцыі, дзе быў акцёрам польск. правінц. труп. Пасля амністыі 1913 вярнуўся ў Вільню, але быў зняволены ў Лукішскую турму. У 1916 арганізаваў у Вільні тэатр. гурток, з якім паставіў напісаную ў турме ў 1914—15 сваю першую п’есу «На Антокалі» і інш. У 1917 настаўнік у дзіцячым прытулку, супрацоўнік бел.газ. «Гоман». З чэрв. 1918 у Мінску, акцёр і рэжысёр Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, Беларускага савецкага тэатра. З сак. 1919 у Вільні, выдаваў час.«Беларускае жыццё», спрабаваў арганізаваць тэатр. З восені 1919 дырэктар і рэжысёр Бел.нар.т-ра ў Мінску, дзе ставіў свае п’есы. З ліп. 1920 у Вільні, у 1921—23 рэдагаваў газ.«Беларускі звон». У ліст. 1926 прыехаў у Мінск на акад. канферэнцыю і адкрыццё БДТ-2 у Віцебск. У 1927 арыштаваны органамі АДПУ і прыгавораны да 10 гадоў высылкі на Салаўкі. У выніку абмену на вязня польскай турмы Б.Тарашкевіча ў вер. 1933 вярнуўся ў Вільню, супрацоўнічаў у газ. «Słowo» («Слова»). У 1940—41 на нелегальным становішчы. У 1942—44 у Вільні, рэдагаваў газ. «Беларускі голас». Забіты ў сваёй кватэры. Вядомы 18 п’ес Аляхновіча: «На вёсцы», «Бутрым Няміра» (абедзве нап. 1916), «Манька» (нап. 1917, 2-я рэд. «Дрыгва», 1925), «Базылішк» (нап. 1917), «Чорт і баба», «Страхі жыцця» (абедзве нап. 1918), «Дзядзька Якуб», «Цені» (нап. 1919), «Птушка шчасця», «Няскончаная драма» (абедзве нап. 1920), «Заручыны Паўлінкі» (1921), «Шчаслівы муж», «Пан міністр» (нап. 1922), «Круці не круці — трэба памярці» (1943) і інш. Яны адметныя сцэнічнасцю, фалькл. паэтыкай, напружанасцю і дынамізмам дзеяння, займальнай інтрыгаю, разнастайнасцю характараў, меладраматызмам. Гэта яркае тэатр. відовішча з музыкай, танцамі, песнямі. Некаторыя створаны па літ. творах («Бутрым Няміра» паводле легенды В.Ластоўскага «Каменная труна», «Лес шуміць» паводле аднайм. палескай легенды У.Караленкі, «Птушка шчасця» паводле камедыі К.Марашэўскага, «Заручыны Паўлінкі» створаны як заканчэнне купалаўскай «Паўлінкі»). Яго п’есы жанрава разнастайныя: сац. і бытавая драма, сатыр. і быт. камедыя, меладрама, фарс. У многіх адлюстравана мяшчанскае асяроддзе і яго трагедыя. У драме «Цені» — творы бел. дэкадансу — філас. канцэпцыя пра бездапаможнасць чалавека перад лёсам. Цэнтр. месца ў творчасці Аляхновіча займае «Няскончаная драма» (у многім аўтабіяграфічная, падзеі адбываюцца ў Вільні ў час акупацыі герм. войскам). У ёй аўтар супрацьпастаўляе два погляды на бел. ідэю, бел. адраджэнскі рух. У камедыі «Пан міністр» стварыў вобразы псеўдабеларускага дзеяча, кар’ерыста Філімона Пупкіна і настаўніка-адраджэнца Міколы Светляка. П’еса «Круці не круці — трэба памярці» — сцэнічны гратэск з вобразам смерці, алегорыяй тэрору ў часы сталінізму. Пісаў таксама аповесці, апавяданні, абразкі, вершы. У дакумент. аповесці-ўспамінах «У капцюрох ГПУ» (1937, пер. на 7 моў) упершыню ў бел. л-ры паказаў антычалавечую сутнасць сав. канцлагернай сістэмы. Аповесць «Страшны год» (1944) узнаўляе перажытае аўтарам у 1940—41. Кн. «Беларускі тэатр» (1924) пра гісторыю нац. сцэнічнага мастацтва ад старажытнасці да пач. 20 ст. П’есы Аляхновіча шырока ставіліся ў Зах. Беларусі, трупай У.Галубка. З 1994 зноў з’явіліся на бел. сцэне.
Тв.:
Калісь. Вільня, 1919;
Страхі жыцця. Вільня, 1919;
Цені. Мн., 1920;
Птушка шчасця. Вільня, 1922;
Шчаслівы муж. Вільня, 1922;
У лясным гушчары. Рыга, 1932;
Няскончаная драма // Полымя. 1992. № 5;
Пан міністар // Беларуская драматургія. Мн., 1994. Вып. 1;
У капцюрох ГПУ. Мн., 1994;
Круці не круці — трэба памярці // Тэатр. Беларусь. 1995. № 4.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Пг., 1922. Т. 3, вып. 3. С. 366—371;
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992. С. 358—364;
Крывіцкі Л. Францішак Аляхновіч // Ніва. 1990. № 2—3;
Сабалеўскі А. Адметны след // Спадчына. 1990. № 3;
Яго ж. На адраджэнцкай хвалі // Полымя. 1992. № 5;
Бяляцкі А.«Як я памру...» // Маладосць. 1990. № 10;
Глыбінны У. Тэатр у гады нямецкай акупацыі // Тэатр. Беларусь. 1994. № 4;
Ковель У.А. Наватарскія тэндэнцыі ў беларускай драматургіі пачатку XX ст. (на прыкладзе п’есы Ф.Аляхновіча «Страхі жыцця») // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1994. № 4;
Яго ж. Жыцця няскончаная драма // Тэатр. Беларусь. 1995. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РКІ (Максім) (сапр.Пешкаў Аляксей Максімавіч; 28.3.1868, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 18.6.1936),
рускі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Ганаровы акадэмік АНБССР (1932). З 1878 працаваў служкай, грузчыкам, пекарам, дворнікам і інш. З 1884 жыў у Казані, удзельнічаў у нелегальных народніцкіх гуртках. У 1888—89 і 1891—92 вандраваў па Расіі. За ўдзел у арганізацыі падп. друкарні ў 1901 высланы з Ніжняга Ноўгарада. Удзельнічаў у Снежаньскім узбр. паўстанні 1905. У 1906 выехаў у Амерыку, потым — у Італію, жыў на в-ве Капры (1906—13). У 1913 вярнуўся ў Расію. Узначальваў выд-ва «Всемирная литература» (1918—24). У 1924—31 жыў у Сарэнта (Італія). З 1931 у СССР. Засн. шэраг часопісаў, кніжных серый, у т. л. «Жыццё выдатных людзей», «Бібліятэка паэта» і інш. Ініцыятар 1-га з’езда (1934) і 1-ы старшыня Саюза сав. пісьменнікаў. Зрабіў вял. ўплыў на фарміраванне ідэйна-эстэт. прынцыпаў сав. л-ры.
У друку ўпершыню выступіў з апавяданнем «Макар Чудра» (1892). У яго ранняй творчасці спалучаліся рамантызм і рэалізм. У алегарычных творах («Песня пра Сокала», 1895, «Песня пра буравесніка», 1901) адлюстраваліся погляды Горкага на рэвалюцыю. Шырокі рэзананс меў зб. «Нарысы і апавяданні» (т. 1—3, 1898—99). У рэаліст. творах (раманы «Фама Гардзееў», 1899; «Трое», 1900—01, і інш.) паказаў Расію напярэдадні 20 ст. У драме «Мяшчане» (паст. 1902), п’есах «На дне» (1902), «Дачнікі» (1904), «Дзеці сонца» (1905), «Варвары» і «Ворагі» (1906) адлюстраваў перадрэвалюцыйныя працэсы ў рас. грамадстве. У рамане «Маці» (1907) спачувальна паказаў нарастанне рэв. руху ў Расіі. Аповесці «Лета» і «Гарадок Акураў» (1909), «Жыццё Мацвея Кажамякіна» (1910—11) пра рус. сялянства і мяшчанства. Патрыятычнымі настроямі прасякнуты «Казкі пра Італію» (1911—13), цыкл апавяданняў «Па Русі» (1912—17). У публіцыстычнай кн. «Несвоечасовыя думкі» (асобнае выд. 1918) крытыкаваў узяты У.І.Леніным курс на рэвалюцыю, сцвярджаў пра яе дачаснасць і разбуральныя вынікі. Напісаў аўтабіягр. трылогію («Дзяцінства», 1913—14; «У людзях», 1916; «Мае універсітэты», 1923), раман «Справа Артамонавых» (1925), п’есы «Ягор Булычоў і іншыя» (паст. 1932), «Дасцігаеў і іншыя» (1933), «Васа Жалязнова» (1936, 1-я рэд. 1910), у якіх зноў звярнуўся да паказу жыцця Расіі да 1917. Аўтар літ. партрэтаў «Леў Талстой» (1919), «У.Г.Караленка» (1923), «Сяргей Ясенін» (1927) і інш. Апошні твор — няскончаны раман-эпапея «Жыццё Кліма Самгіна» (ч. 1—3, 1927—31, ч. 4, 1937) у надзвычай згушчанай, насычанай форме адлюстраваў падзеі перадрэвалюцыйных дзесяцігоддзяў.
Горкі першы з рус. пісьменнікаў звярнуў увагу на бел. л-ру, даў высокую ацэнку творчасці Я.Купалы і Я.Коласа. Пераклаў на рус. мову верш Я.Купалы «А хто там ідзе», які назваў нацыянальным гімнам беларусаў. Цікавіўся бел. фальклорам. З 1896 у сваяцкіх адносінах з сям’ёй А.Я.Багдановіча. У 1929 у час вяртання на радзіму на ст. Негарэлае яго сустракалі Я.Купала, Ц.Гартны, А.Александровіч, у 1931 — К.Крапіва, П.Галавач і інш. На бел. мову творы Горкага перакладалі Т.Гардзялкоўская, К.Чорны, М.Гарэцкі, Э.Самуйлёнак, П.Глебка, К.Крапіва, М.Лынькоў, А.Куляшоў, Я.Брыль, Э.Агняцвет, З.Астапенка, С.Баранавых, В.Вітка, Ю.Гаўрук, А.Зарыцкі, М.Лобан, М.Машара, Я.Скрыган, Т.Хадкевіч, У.Хадыка, А.Якімовіч. П’есы Горкага неаднаразова ставіліся і на сцэнах бел. т-раў.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—25. М., 1968 — 76;
Архив А.М.Горького. Т. 1—14. М., 1939—76;
Бел.пер. — Зб. твораў. Т. 5—13, 16—20, 23—24. Мн., 1935—38 (т. 1—4, 14—15, 21—22 не выд.);
Архіп і Лявонка. Вільня, 1910;
Зброднік. Канавалаў, Чалкаш. Мн., 1930;
Справа Артамонавых. Мн., 1941;
Маці. Мн., 1941;
Дзяцінства. Мн., 1949;
У людзях. Мн., 1952;
Мае універсітэты. Мн., 1953;
Казкі. Мн., 1968.
Літ.:
Летопись жизни и творчества А.М.Горького. Вып. 1—4. М., 1958—60;
Десницкий М.В. А.М.Горький: Очерки жизни и творчества. М., 1959;
Михайловский Б., Тагер Е. Творчество М.Горького. 3 изд. М., 1969;
Богданович А. Страницы из жизни Максима Горького... Мн., 1965;
Ивашин В.В. М.Горький и белорусская литература начала XX в. Мн., 1956;
Ларчанка М. Славянская супольнасць. Мн., 1963;
Максім Горкі і Беларусь: Зб.арт. і ўспамінаў. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁСІК (Язэп) (Іосіф) Юр’евіч (18.11. 1883, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 1.4.1940),
бел. грамадскі і паліт. дзеяч, мовазнавец, пісьменнік, педагог. Акад.АН Беларусі (1928). Дзядзька Я.Коласа. Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі (1898—99), скончыў Ноўгарад-Северскае гар. вучылішча (1902). Працаваў выкладчыкам Бабруйскай с.-г. школы, настаўнічаў у мяст. Грамяч Ноўгарад-Северскага пав. Чарнігаўскай губ. За ўдзел у рэв. выступленнях 1905 арыштаваны (у 1907 уцёк з турмы). У 1911 паўторна арыштаваны. Пакаранне адбываў у г. Кірэнску і Бадайбо Іркуцкай губ., дзе пасябраваў з А.Гаруном. Падтрымліваў сувязь з газ.«Наша ніва». Са ссылкі вярнуўся пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Стаў адным з лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Увайшоў у Беларускі нацыянальны камітэт, рэдагаваў яго газ.«Вольная Беларусь» (1917—18). На з’ездзе бел.нац. арг-цый і партый выбраны ў Выканаўчы к-тЦэнтр. рады бел. арг-цый, пазней увайшоў у Вялікую беларускую раду. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. У час акупацыі Беларусі герм. і польск. войскамі працаваў у Мінску. Уваходзіў у Раду БНР, Народны сакратарыят Беларусі, адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.4.1918 разам з інш. кіраўнікамі падпісаў ад імя Рады БНР тэлеграму на імя кайзера Германіі Вільгельма П, у якой яны заяўлялі, што будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Пасля расколу БСГ адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У чэрв. 1918 узначаліў Раду БНР. У 1919 і 1920 супрацоўнічаў з газ. «Звон» і «Беларусь» (апошнюю некаторы час рэдагаваў). Пасля расколу Рады БНР (13.12.1919) стаў старшынёй Найвышэйшай рады БНР. Пасля грамадз. вайны адзін з першых заявіў аб прызнанні сав. улады. Ад паліт. дзейнасці адышоў. Займаўся навук., культ.-асв., літ. працай. З 1921 выкладаў у БДУ, у Белпедтэхнікуме. У 1922 выбраны правадз.чл. Ін-та бел. культуры, у 1928 — акадэмікам АН Беларусі. Удзельнічаў у рабоце Тэрміналагічнай камісіі (з пач. 1930 яе старшыня), быў дырэктарам Ін-та навук. мовы. Адзін з ініцыятараў Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926), на якой выступіў з асн. дакладамі. Выдадзены ім у 1922 падручнік «Практычная граматыка беларускай мовы» названы ў прэсе «контррэвалюцыйным», і ў ліст. 1922 Л. арыштаваны. Абараніў яго тагачасны нарком асветы БССР У.М.Ігнатоўскі, і Л. быў вызвалены. У 1930 Л. арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і пастановай СНКБССР пазбаўлены звання акадэміка (адноўлены ў 1990). 10.4.1931 яго саслалі ў г. Камышын Саратаўскай вобл. Жыў у г. Нікалаеўскі, дзе выкладаў у педтэхнікуме. У 1934 амнісціраваны без права вяртацца ў Мінск. З 1935 жыў на Браншчыне, з 1937 працаваў у педтэхнікуме г. Аткарск Саратаўскай вобл. У чэрв. 1938 зноў арыштаваны, у 1940 асуджаны на 5 гадоў лагераў за «антысавецкую аптацыю». Паводле афіц. версіі памёр у саратаўскай турме ад сухотаў. Рэабілітаваны ў 1958 і ў 1988.
Л. належыць шэраг літ. твораў: «Ня ўсе ж разам, ягамосьці!», «Геркулес і селянін», «Па-валачобнаму» і інш. Яго літ. талент высока ацаніў М.Гарэцкі, асабліва «Апавяданне без назвы». У 1921 Л. падрыхтаваў да друку зб.маст. прозы «Родныя вобразы» (выданне забаронена). У публіцыстыцы Л. 1917—20 асн. месца займалі праблемы незалежнасці Беларусі, яе нац. адраджэння, гісторыі і будучыні, нац. пытанне (брашура «Аўтаномія Беларусі», арт. «Вольная Беларусь», «Нацыянальны ўціск», «Праціўнікам беларускага руху», «Нашы патрэбы») і інш. Вытокі бел.нац. культуры даследаваў у арт. «Культурны стан Беларусі к моманту Лютаўскае рэвалюцыі» (1924). Напачатку Л. быў прыхільнікам аўтаноміі Беларусі ў складзе Рас. федэрацыі. Пасля разгону Усебел. з’езда 1917 і падпісання Брэсцкага міру 1918 Л. перайшоў на пазіцыі незалежнай Бел.дэмакр. рэспублікі. Пісаў артыкулы і нарысы па гісторыі Беларусі «1517—1917 (да юбілею 400-лецця беларускага друку») (1917), «Гісторыя Вялікага княства Літоўска-Беларускага» (1918), «Літва-Беларусь» (1921). Аўтар артыкулаў «Памяткі старасвецкай беларускай мовы і пісьменства» (1918), «Графіка, правапіс і мова ў тэстаменце кн. Саломерацкага і ў двух другіх дакументах з папер Саломерацкіх XVI ст.» (1929), прац па бел мове «Беларуская мова. Пачатковая граматыка», «Беларуская мова: Правапіс» (абедзве 1924), «Сінтаксіс беларускае мовы», «У справе рэформы нашае азбукі» (абедзве 1925), «Спрашчэнне правапісу», «Граматыка беларускае мовы: Фанетыка» (абедзве 1926), «Граматыка беларускае мовы; Марфалогія» (1927).
Тв.:
Асноўны матыў у творчасці Максіма Багдановіча // Полымя. 1991. № 12;
Творы: Апавяданні, казкі, арт.Мн., 1994;
Бітва пад Грунвальдам у апісанні кронікі Быхаўца, Длугоша, Бельскага і інш. // Спадчына. 1996. № 4.
Літ.:
Гарэцкі М. Язэп Лёсік // Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры Мн., 1995;
Мяснікоў А. Нацдэмы: Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́ВІЦКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫР,
мужчынскі правасл. манастыр у в.Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. Размешчаны на ўзвышаным беразе р. Шчара. Упершыню згадваецца ў 1587, засн. на месцы з’яўлення Жыровіцкага абраза Маці Божай (напачатку была пабудавана драўляная, потым мураваная царква). У 1609 манастыр стаў уніяцкім, з 1613 належаў ордэну базыльян і ў 17—19 ст.наз.Жыровіцкі манастыр базыльян. Першым грэка-каталіцкім ігуменам быў І.Кунцэвіч. У 1613—18 Д.Солтан, Я.Мялешка і Л.Сапега падарылі манастыру ворныя землі вакол Жыровіч. Тут адбываліся кангрэгацыі (з’езды) базыльян (1629, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694). Пры манастыры існавала школа для свецкіх асоб. Не пазней як з 1709 тут дзейнічалі ніжэйшыя і філас. школы, якія ператвораны Адукацыйнай камісіяй у 3-класнае вучылішча. У пач. 19 ст. манастыру належалі фальваркі Боцькаўшчына, Яцукі, частка в. Квасевічы і палавіна в. Ахонава (усяго 376 рэвізскіх душ), у Жыровічах — 19 валок 12 маргоў зямлі. У 1810—28 тут знаходзілася кафедра Брэсцкай уніяцкай епархіі, у 1828—39 — Літ. уніяцкай епархіі. У 1828 на базе пав. вучылішча створана Літ. духоўная семінарыя. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр зноў стаў праваслаўным. У 1842 амаль усе яго зямельныя ўладанні перададзены ў казну, манастыр залічаны да 2-га класа. Да 1845 тут знаходзілася кафедра Літ.правасл. епархіі і духоўная семінарыя. З сярэдзіны 19 ст. да 1915 дзейнічала Жыровіцкае духоўнае вучылішча. У манастыры былі вял.б-ка з рэдкімі рукапісамі (у т. л.Жыровіцкае евангелле) і архіў. З 1945 (з перапынкам у 1963—89) у манастыры дзейнічае Мінская духоўная семінарыя. У 1960—90 на тэр. манастыра часова жылі насельніцы закрытых жаночых манастыроў — Гродзенскага Раства Багародзіцы і Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага. Узначальвае манастыр намеснік у сане епіскапа. Сучасны арх. ансамбль склаўся ў 17—18 ст. На працягу 1629—1828 былі пабудаваны мураваныя Успенскі сабор, Крыжаўзвіжанская і Яўленская цэрквы, званіца, семінарыя (новы будынак узведзены ў 1956), жылы манастырскі корпус, гасп. пабудовы, пасаджаны пладовы сад, зроблена сажалка; комплекс часткова абнеслі мураванай сцяной з брамамі. Ансамбль нерэгулярнай планіроўкі, мае маляўнічую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю і выразны шматпланавы сілуэт. У яго архітэктуры спалучаюцца рысы барока, ракако і класіцызму. Ядро кампазіцыі — Успенскі сабор, злучаны крытымі пераходамі з будынкам семінарыі (на Пн) і з жылым корпусам (на Пд), у 1-м паверсе якога зроблены праезд на тэр. манастыра. Будынак семінарыі фарміруе парадны двор перад апсідай сабора. Каля ўсх. крыла семінарыі вял. прамавугольны гасп. двор, абкружаны 1-павярховымі карпусамі. На ПдУ ад сабора Яўленская царква. Ва ўсх.ч. манастыра на самым высокім месцы Крыжаўзвіжанская царква — верт. дамінанта ансамбля. Успенскі сабор, пабудаваны ў 1629—80 як гал. храм манастыра, уяўляе сабой мураваную 3-нефавую крыжова-купальную базіліку (даўж. 55 м, выш. каля 40 м) з паўкруглай апсідай. Да яго прымыкаюць 3 цёплыя прыдзелы: Пакрова Прасвятой Маці Божай, Раства Іаана Хрысціцеля і св. цудатворца Мікалая. Першапачаткова сабор пабудаваны ў стылі барока з 2-вежавым гал. фасадам. Пасля рэканструкцыі 1828 храм набыў рысы класіцызму: вежы разабраны, зменена форма светлавога барабана і купала, у дэкоры выкарыстаны дарычны ордэр (4-калонны порцік з трохвугольным франтонам, фрыз з трыгліфамі). У яго інтэр’еры драўляны разны 3-ярусны іканастас у стылі барока (ракавіны, гірлянды, херувімы, арнамент у выглядзе вінаграднай лазы і лістоў аканта). Плошчу перад саборам фарміруе квадратная ў плане 2-ярусная званіца, звязаная з саборам адзінай падоўжнай планіровачнай воссю. Яе архітэктура заснавана на класічнай ордэрнай сістэме. Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная ў 1769 як уніяцкі храм-кальварыя ў стылі ракако, адназальная, са званіцай над уваходам, без вылучэння апсіды ў самаст. аб’ём. Яе гал. фасад адметны стройнасцю і лёгкасцю 3-яруснай кампазіцыі. 3-і ярус — 4-гранная вежачка з фігурнай барочнай галоўкай. Падобная вежачка і над алтарнай часткай. Яўленская царква, пабудаваная ў 1796 у стылі барока ў цэнтры манастыра, — бязвежавы адназальны храм. Яе гал. 2-ярусны фасад выходзіць за межы асн. аб’ёму. Семінарыя, пабудаваная з паўн.-ўсх. боку сабора ў 17—18 ст. у стылі барока, — П-падобны трохпавярховы будынак з мансардавым дахам, вырашаны ў манум. формах, мае сім. планіровачнае і аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне. Жылы корпус, што прымыкае да сабора пры дапамозе надбрамнага пераходу, — выцягнуты 2-павярховы аб’ём галерэйнай планіроўкі. Гаспадарчы корпус — 1-павярховае П-падобнае ў плане збудаванне; з паўн.-зах. фасадам семінарыі ён утварае вял.гасп. двор. У спрошчаным арх.-дэкар. вырашэнні корпуса прасочваюцца матывы барока (фігурны тарцовы шчыт) і класіцызму (карнізныя сухарыкі, франтоны).