лінейка 1, ‑і, ДМ ‑нейцы; Р мн. ‑неек; ж.

1. Прамая лінія на паперы, дошцы і пад., якая дапамагае пісаць роўнымі радкамі, рабіць патрэбны нахіл літар. Сшытак у лінейку.

2. Планка для вычэрчвання прамых ліній. // Вылічальны, вымяральны інструмент такой формы. Маштабная лінейка. ▪ Юрку трэба было яшчэ купіць гатавальню, чарцёжную дошку, лагарыфмічную лінейку. Карпаў.

3. Адна з дарог унутры лагера, якая падзяляе яго на прамавугольныя ўчасткі — кварталы. [Пеця:] — Накінуўшы плашч-палатку, я хадзіў па лінейцы, якую толькі што сам старанна падмёў. Шамякін.

4. Строй у адну шарэнгу. Пастроіцца ў лінейку. // Збор (вайсковы, піянерскі, школьны), на якім удзельнікі выстраены ў шарэнгі. Вячэрняя лінейка. ▪ Зноў горны іграюць, На збор заклікаюць, Хутчэй на лінейку ідзём. Журба.

•••

Як па лінейцы — аб чым‑н. вельмі роўным, прамым, гладкім. Адсюль дарога была роўная, як па лінейцы, і была відаць далёка-далёка. Краўчанка.

лінейка 2, ‑і, ДМ ‑нейцы; Р мн. ‑неек; ж.

Уст. Доўгі мнагамесны адкрыты экіпаж з падоўжнай перагародкай, у якім сядзяць бокам да напрамку руху. Грукочучы па мёрзлай зямлі, праляцела тройка сытых коней, запрэжаных у доўгую лінейку. Шамякін. Ззаду ехала чарада карэт, фаэтонаў і проста лінеек. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)