АНА́ФАРА (грэч. anaphora літар. вынясенне ўверх),

адзінапачатак, стылістычная фігура ў вершаскладанні — паўтарэнне аднолькавых гукаспалучэнняў, слоў ці выразаў у пачатку вершаваных радкоў або суседніх строфаў (адпаведна выдзяляюць гукавую, лексічную і сінтаксічную анафару). Павышае эмацыянальнасць паэт. выказвання, узвышае яго тон, кампазіцыйна арганізуе, яднае асобныя радкі і часткі тэксту. Прыклад лексічнай анафары:

Зноў навіслі цёмны хмары,
Зноў туманы неба крыюць,
Зноў па свеце ходзяць мары,
Зноў крапчэй нам віхры выюць...
(Цётка. «Бура ідзе»)

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРЫ́ЛЬ ((Avril) Філіп) (21.7.1654, г. Ангулем, Францыя — студз. 1698),

французскі падарожнік. Як манах-езуіт пасланы для місіянерства ў Кітай. Праз Турцыю і Іран дабраўся да Астрахані (1685—86), адтуль да Масквы. Не атрымаўшы дазволу на выезд у Кітай, высланы праз Беларусь у Польшчу. Зноў вярнуўся ў Расію і зноў не атрымаў дазволу на праезд у Кітай. Вярнуўся ў Францыю, у 1692 выдаў кнігу пра свае падарожжы, у якой апісаў жывёльны свет Беларусі, пасяленні палонных з Рэчы Паспалітай, у т. л. з Беларусі, «паміж Волгай і Масквой».

Літ.:

Пирлинг П. Французский иезуит в Москве в XVII столетии // Рус. старина. 1902. № 9.

В.​П.​Грыцкевіч.

т. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЦІСЛА́Ў ГЛЕ́БАВІЧ (? — паміж 1161 і 1167),

князь мінскі і полацкі. Сын мінскага кн. Глеба Усяславіча. У 1151 абраны вечам на полацкі пасад пасля выгнання з Полацка Рагвалода Барысавіча. У 1158 супраць Р.Г. ўзняўся мяцеж, але князь вял. падарункамі ўлагодзіў палачан. Разам з братамі Усеваладам і Валадаром ён рушыў на Рагвалода Барысавіча, што ўмацаваўся ў Друцку, але заключыў з ім мір і дадаў яму «воласці». У час новага паўстання ў Полацку ў 1158 Р.Г. уцёк у Мінск да брата Валадара. Хутка быў абложаны ў горадзе Рагвалодам, але паразумеўся з ім. У 1161 Р.Г. названы князем мінскім, зноў быў абложаны Рагвалодам у Мінску і зноў заключыў з ім мір.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАШЭ́ТНІКАЎ (Фёдар Паўлавіч) (28.7.1906. с. Сурска-Літоўскае Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 13.12.1988),

расійскі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1974). Правадз. чл. АМ СССР (1953). Вучыўся ў Ін-це выяўл. мастацтваў у Маскве (1929—34). У 1937—38 супрацоўнічаў з час. «Крокодил». Выкладаў у маскоўскіх маст. (1953—57) і пед. (1956—62) ін-тах. У 1974—87 віцэ-прэзідэнт АМ СССР. Аўтар жанравых карцін «Прыбыў на канікулы» (1948), «Зноў двойка» (1952), твораў на гіст., батальныя, публіцыстычныя тэмы «За мір!» (1950), «В’етнамская маці» (1968), «Апалон—Саюз» (1982), партрэтаў «Першыя героі Савецкага Саюза» (1976), «А.​В.​Ляпідзеўскі» (1979), трыпціха «Таямніцы абстракцыянізму» (1960), ілюстрацый да кніг. Майстар востравыразных графічных і скульпт. шаржаў. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951.

Тв.:

Тайны абстракционизма. М., 1963.

Ф.Рашэтнікаў Зноў двойка. 1952.

т. 13, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБО́ (Франц Аляксеевіч) (17.6.1856, г. Адэса, Украіна — 13.3.1928),

расійскі жывапісец-баталіст. Вучыўся ў Рысавальнай школе ў Адэсе (з 1865) і ў АМ у Мюнхене (1877—83). Жыў пераважна ў Пецярбургу. У 1904—12 выкладаў у Пецярбургскай АМ. З 1913 у Германіі. Працаваў пераважна ў панарамным жывапісе. Аўтар грандыёзных паводле маштабаў твораў, якія вызначаюцца дакумент. дакладнасцю адлюстравання гіст. падзей: панарамы «Штурм аула Ахульга» (каля 1896, не захавалася), «Абарона Севастопаля» (1902—04, адкрыта ў 1905 у Севастопалі; у 1941—42 пашкоджана пры абароне горада, адноўлена і зноў адкрыта ў 1954), «Барадзінская бітва» (1911, адкрыта ў 1912 у Маскве; адрэстаўрыравана і зноў адкрыта ў 1962). Пісаў таксама станковыя карціны: «Атака Новачаркаскага палка ў баі на рацэ Шахэ» (1907), «Барадзінскі бой» (1913, з К.​Бекерам) і інш.

Літ.:

Федорова О. Ф.​Рубо. М., 1982.

Ф.Рубо. Фрагмент панарамы «Барадзінская бітва». 1911.

т. 13, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ХАВІЦКАЯ ЦУКЕ́РАЧНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала з 1910 у мяст. Ляхавічы Слуцкага пав. (цяпер г. Ляхавічы Брэсцкай вобл.). Мела аддзяленні: варыльнае, карамельнае, сушыльнае, упаковачнае. Працавала больш за 50 чал. Разбурана ў 1-й сусв. вайну, адноўлена і зноў разбурана ў Вял. Айч. вайну. У пасляваенны час пераабсталявана ў кансервавы з-д.

т. 9, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЬЦІСО́Н,

у беларусаў традыц. мясны выраб. Адвараныя, дробна парэзаныя, пасоленыя свіныя вантробы (лёгкія, печань, сэрца, ныркі), а таксама галавізна, прыпраўленыя часнаком, перцам і інш. спецыямі, перамешваюць, кладуць у тоўстыя свіныя кішкі ці страўнік і зноў вараць ці падпякаюць у печы. Потым на 1—1,5 сут прыціскаюць гнётам. Ядуць халодным.

т. 14, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАКСЕ́РКС III Ох,

персідскі цар [358—338 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў, сын Артаксеркса II. Стаў царом пасля знішчэння старэйшых братоў. Імкнуўся аднавіць цэласнасць і магутнасць Ахеменідаў дзяржавы, жорстка душыў паўстанні ў М.​Азіі, Фінікіі, на Кіпры. У 341 да н.э. зноў далучыў да сваёй дзяржавы Егіпет. Забіты сваім прыбліжаным еўнухам Багоем.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНДЭ́Я (Vendée),

гістарычная вобласць у Зах. Францыі, на Пд ад вусця Луары. У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 была цэнтрам паўстанняў раялістаў (1793—96, 1799/1800; гл. Вандэйскія войны). Мясц. сяляне падтрымлівалі дваранства і асабліва духавенства. У 1815 і 1832 яны зноў змагаліся за права на трон Бурбонаў. У пераносным значэнні Вандэя — сімвал контррэвалюцыі.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ БАРЫСАГЛЕ́БСКІ (КАЛО́ЖСКІ) МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 15—20 ст. у Гродне. Узнік пры Гродзенскай Барысаглебскай царкве. У 1480 пры першым вядомым ігумене Каліксце гродзенскі мешчанін І.​Сергіевіч завяшчаў манастыру фальварак Панямонь, Г.​Хадкевіч — штогадовую даніну ў 20 бочак мукі. Каля 1500 вял. кн. Аляксандр падараваў манастыру сад на беразе Нёмана, а кцітар (стараста з міран) каралеўскі пісар Б.​Багавіцінавіч — фальварак Чашчаўляны (Чашчэвічы). У сярэдзіне 16 ст. манастыр заняпаў і ў ім не было манахаў. У канцы 16 ст. адрадзіўся і стаў уніяцкім. Сярод уніяцкіх ігуменаў быў вядомы пісьменнік-палеміст Леў Крэўза. З сярэдзіны 17 ст. тут вядомы цудатворны абраз Маці Божай Каложскай (эвакуіраваны ў 1915, месца яго знаходжання невядома). У пач. 18 ст. пры ігумене Воўку-Ланеўскім манастыр зноў заняпаў, а ігумен Яхімовіч аддаў усю зямельную маёмасць гродзенскім кармелітам. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр стаў зноў праваслаўным, у сярэдзіне 19 ст. ён пераведзены ў будынкі закрытага Гродзенскага кляштара бернардзінак. Спыніў існаванне ў 1-ю сусв. вайну.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 5, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)