КАНЮШЫ́НА (Trifolium),

род двухдольных кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных абласцях Паўн. паўшар’я, некат. віды ёсць ў гарах Паўд. Амерыкі і трапічнай Афрыкі. На Беларусі 15 дзікарослых. Найб. вядомыя К.: гібрыдная, або ружовая (T. hybridum), лутавая, або чырвоная (T. pratense), паўзучая, або белая (T. repens). 8 інтрадукаваных: К. александрыйская, або егіпецкая, бурсіма (T. alexandrinum), бледна-жоўтая (T. ochroleucum), валасістагаловая (T. trichocephalum), каўказская (T. caucasicum), мяса-чырв. (T. incarnatum) і інш. Растуць на лугах, пашах, у лясах, акультураныя часам дзічэюць. К. лубінавая (T. lupinaster) і чырванаватая (T. rubens) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Шмат-, двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з узыходнымі, прамастойнымі або распасцёртымі аблісцелымі сцёбламі, стрыжнёвымі, цыліндрычнымі ці верацёнападобна патоўшчанымі каранямі (у некаторых відаў карэнішча). На дробных карэньчыках утвараюцца каранёвыя клубеньчыкі, у якіх месцяцца клубеньчыкавыя бактэрыі, што засвойваюць азот паветра. Лісце чаргаванае, трайчастае ці пальчата-складанае з 5—9 суцэльна-крайнімі лісцікамі з прылісткамі. Кветкі дробныя, двухполыя, зігаморфныя (матыльковага тыпу), рознага колеру, у галоўчатых цыліндрычных, шарападобных і інш. суквеццях. Плод — дробны струк. Кармавая (мае шмат пратэіну), сідэральная (азотфіксавальная — павялічвае ўрадлівасць глебы), лек., меданосная і дэкар. расліна.

Г.​У.​Вынаеў.

Канюшына: 1 — чырванаватая; 2 — лубінавая.

т. 8, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЙКА,

старажытны духавы язычковы музычны інструмент класа аэрафонаў. Вядома ў бел., рус., укр. народаў (на Беларусі наз. таксама дудка, ражок, пішчык, чаротка). Ж. — важны канструкцыйны элемент дуды. Канструкцыя Ж. пры захаванні вызначальнай адзінкі — адзінарнага язычка-пішчыка — дапускае варыянтнасць інш. элементаў. Мясц. разнавіднасці Ж. адрозніваюцца матэрыялам (дрэва, саломіна, гусінае пяро, чарот, рог), колькасцю адтулін (4—12, ёсць і без іх), адсутнасцю або наяўнасцю раструба, прынцыпамі вырабу і мацавання язычка (наразны або прывязаны), памерамі (100—360 мм). Гучанне моцнае, рэзкае, крыху гугнявае. Ігралі на Ж. сола і ў ансамблі са скрыпкай, цымбаламі, гармонікам паасобку і ў розных камбінацыях (часам і з барабанам). У рэпертуары жалеечнікаў песенныя і танц. мелодыі, вясельныя маршы, часам пастухоўскія сігнальныя найгрышы. Інструмент быў пашыраны ва ўсёй Беларусі ў музыкантаў-прафесіяналаў і аматараў, у т. л. пастухоў. У пач. 20 ст. ўведзена В.Андрэевым у аркестр рус. нар. інструментаў. З сярэдзіны 19 ст. выцясняецца кларнетам. У наш час трапляецца рэдка. Ж. апета ў бел. нар. песнях і ў прафес. паэзіі (першы зб. вершаў Я.​Купалы наз. «Жалейка», 1908).

І.​Дз.​Назіна.

Жалейкі: 1 — жалейка; 2 — (злева направа) чаротка і пішчыкі; 3 — дужа язычковая.

т. 6, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАЧЭ́ННЕ,

пакрыццё вырабаў, асобных частак прылад, канструкцый, збудаванняў тонкім слоем золата з дэкаратыўнымі, ахоўнымі і ахоўна-дэкаратыўнымі мэтамі. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай і гадзіннікавай вытв-сці, паўправадніковай тэхніцы, ужытковым мастацтве і інш.

Ліставое З. — наклейванне на падрыхтаваную паверхню вырабаў або збудаванняў тонкіх (0,1—0,3 мкм) лістоў золата. Вядома з 3-га тыс. да н.э. (Егіпет), у Кіеўскай Русі пашырылася з 10—11 ст. Ужывалася для аддзелкі палацаў і храмаў. У паліграфіі выкарыстоўваецца для спец. мастацкага друкавання і ціснення пераплётаў. Парашковае З. — нанясенне на выраб, пакрыты клейкім лакам, тонкага слоя залатога парашку. Агнявое З. — пакрыццё метал., звычайна медных, лістоў амальгамай (сплаў золата і ртуці) з наступнай адгонкай ртуці нагрэвам. Другі яго спосаб — нанясенне лаку, у якім ёсць золата, на фарфора-фаянсавыя вырабы. Пры абпальванні лак выгарае, а залатое покрыва застаецца. З. плакіроўкай — гарачая пракатка лістоў золата з лістамі інш. металу або валачэнне метал. пруткоў, абкручаных лістамі золата. Гэтым спосабам вырабляюць біметал для карпусоў гадзіннікаў і інш. Гальванічнае З. (выкарыстоўваецца з сярэдзіны 19 ст.) робіцца пераважна ў цыяністых залатых электралітах метадам электралітычнага асаджэння. З. катодным распыленнем пашырана пры вытв-сці фотаэлементаў і інш. З. наз. таксама пакрыццё прадметаў рэчывамі залацістага колеру.

т. 6, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЕ́ДРЭ ((Niedre) Яніс) (24.5.1909, г. Ціхвін Ленінградскай вобл. — 8.12.1987),

латышскі пісьменнік, літ.-знавец. Засл. дз. культуры Латвіі (1959). Канд. філал. н. (1948). Вучыўся ў Латв. ун-це (1928—30), Рыжскім камерцыйным ін-це (1931—33). Друкаваўся з 1927. Першыя раманы «Вікінгі» (1931), «Віхура над Даўгавай» (1932) аб мінулым лат. народа. У кн. апавяданняў «Ератык у Латгаліі» (1932), «У камерах пяці карпусоў» (1941), «33 апавяданні» (1959), гіст.-біягр. трылогіях «Сяло Пушканы» (1947—61), «Ветэран» (1968—72, Дзярж. прэмія Латвіі 1972), гіст. раманах «Веснавыя воды» (1959), «За акном расце дзядоўнік» (1966), «Я быў, я ёсць, я буду» (1972), «У тую раніцу на золку» (1975), «І вятры гуляюць на папялішчы...», «Не кожнаму давяраюць самае цяжкае» (абодва 1978) і інш. трагічныя і драм. старонкі жыцця і барацьбы лат. народа за незалежнасць, праблемы міру і вайны, узаемасувязь чалавека і прыроды, экалогіі і маралі. Аўтар навук. даследаванняў «Латышскі фальклор» (1948), «Латышская літаратура» (т. 1—2, 1952—53), кн. мемуараў «Дзень за днём» (1965). Быў знаёмы з Я.​Купалам, П.​Броўкам, М.​Лыньковым. На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі У. і А.​Васілевічы.

С.​С.​Панізнік.

т. 11, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ ЧАСЦІ́Ц,

уласцівасць мікрааб’ектаў, якая абумоўлена іх спінам і характарызуе ступень сіметрыі або асіметрыі часціц у прасторы.

Часціца з ненулявой масай спакою і спінам s можа знаходзіцца ў адным з 2s + 1 квантавых станаў, якія адпавядаюць рознай арыентацыі спіна адносна зададзенага напрамку. Палярызацыйны стан часціц ёсць суперпазіцыя ўсіх квантавых станаў. Калі каэфіцыенты суперпазіцыі вядомыя, то часціца цалкам палярызавана (чысты стан). Напр., фатон, які мае спін s = 1 і нулявую масу спакою, характарызуецца 2 спінавымі станамі (паралельна і антыпаралельна выбранаму напрамку). Аднолькавасць уласцівасцей часціц па ўсіх напрамках азначае яе бясспінавасць (s = 0) і немагчымасць палярызацыі. Часціцы са спінам 1 (ці больш) маюць дадатковую характарыстыку — выстраенасць, якая сведчыць пра адсутнасць сферычнай сіметрыі і вінтавой восі ў прасторы. Выяўленне незахавання прасторавай цотнасці (1956—57) у слабых узаемадзеяннях дало магчымасць атрымаць палярызаваныя часціцы і ядры ў рэакцыях распадаў. Прадказана натуральная П.ч. у пучку электронаў і пазітронаў пры руху ў магн. полі. Эксперыменты з палярызаванымі пучкамі часціц выкарыстоўваюцца для праверкі сіметрыі фундаментальных узаемадзеянняў, вызначэння спектраскапічных характарыстык ядз. узроўняў, вымярэння магн. дыпольных і эл. квадрупольных момантаў узбуджаных станаў ядра, для праверкі ядз. мадэляў і ўстанаўлення механізмаў ядз. працэсаў.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 12, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЬКО́Ў (Мікола) (12.6.1911, г. Люцын, цяпер г. Лудза, Латвія — 7.1.1995),

грамадскі і культ. дзеяч бел. эміграцыі, журналіст, бібліёграф. Вучыўся ў Дзвінскай дзярж. бел. гімназіі. За сувязь з бел. эсэрамі ў Латгаліі ў 1926 асуджаны латв. ўладамі на 5 гадоў турмы. Пасля вызвалення займаўся пераважна журналістыкай, у т. л. выдаваў у Дзвінску (Даўгаўпілсе) бел. вучнёўскі час. «Школьная праца». У час акупацыі Беларусі ням.-фаш. войскамі працаваў інструктарам на чыгунцы. З 1944 у Германіі, дзе арганізаваў і ўзначальваў Бел. дапамогавы к-т (1945?, заснаваў разам з С.Каўшом і В.Тумашам), Бел. бібліягр. службу (снеж. 1946, лагер для перамешчаных асоб у г. Ольдэнбург). З 1948 чл. Рады БНР у эміграцыі. У 1949—50 рэдагаваў час. «Баявая ўскалось». З чэрв. 1951 жыў у Нью-Йорку (ЗША). З вер. 1952 адзін з кіраўнікоў Саюза бел. журналістаў у ЗША. Уваходзіў у Крывіцкае (беларускае) навуковае таварыства. Адзін з заснавальнікаў (1955) і сакратар Гал. управы К-та незалежнай Беларусі. Укладальнік «Паказьніка беларускіх выданьняў на чужыне за 1945—50 гг.» (Нью-Йорк, 1952), рукапісных даведнікаў («Хто ёсць хто на эміграцыі», «Беларуская прэса на эміграцыі» і інш.) і «Слоўніка замежных словаў беларускай мовы».

А.​С.​Ляднёва.

т. 12, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНО́ГІ (Petromyzones),

падклас (атрад) пазваночных кл. кругларотых. 3 сям., 7 родаў, каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных марскіх і прэсных водах. Прахадныя М. жывуць у моры, на нераст мігрыруюць у рэкі; у жылых ручаёвых М. жыццёвы цыкл адбываецца ў прэснай вадзе. На Беларусі 3 віды: М. рачная (Lampetra fluviatilis), М. ручаёвая еўрапейская (L. planeri) — у бас. рэк Зах. Буг, Зах. Дзвіна, Нёман; М. ўкраінская (L. mariae, або Eudontomyzon mariae) — у бас. рэк Дняпро і Нёман. Бел. мясц. назвы: верацёнка, відун, вугрыца, вярцёлка, мянёга і інш.

Даўж. да 1 м, маса да 3 кг. Цела вугрападобнае, голае. Шкілет храстковы. Спінных плаўнікоў 1 або 2. Шчэлепных адтулін па 7 э кожнага боку. Вочы развітыя, ёсць цемянное вока, здольнае рэагаваць на святло. Рот лейкападобны, на дне прысмоктвальнага дыска; на языку і дыску рагавыя зубы. Сэрца двухкамернае. Многія віды — эктапаразіты рыб. Угрызаюцца ў цела рыбы, смокчуць кроў, выядаюць мышцы і вантробы. Кормяцца таксама беспазваночнымі, лічынкі — водарасцямі, дэтрытам. Пасля нерасту гінуць. З ікры вылупляецца пескарыйка, якая праз 3—4 гады ператвараецца ў дарослую М. Ядомыя. Другарадны аб’ект промыслу.

Міногі: 1 — рачная; 2 — украінская; 3 — ручаёвая.

т. 10, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЁМНІЦТВА,

спосаб камплектавання ўзбр. сіл, заснаваны на прыцягненні на ваен. службу асоб паводле найму. Зарадзілася ў Стараж. Егіпце, калі ў войска пачалі прымаць прадстаўнікоў інш. краін. Наёмныя арміі мелі Персія, Карфаген, Стараж. Рым і інш. У эпоху феадалізму з 11 ст. асобныя феадалы, а з 14 ст. каралі і князі шэрагу краін Еўропы выкарыстоўвалі наёмнае войска для ўмацавання сваёй ўлады. З 15 ст. Н. (гл. Ландскнехты) стала пашыраным спосабам камплектавання ўзбр. сіл. Напр., у войску ВКЛ служылі наёмнікі з Германіі, Венгрыі і інш. (венг. конніца і пяхота, ням. і швейцарскія мушкецёры, рэйтары, аркебузёры і інш.). У 17—18 ст. ў Зах. Еўропе з’явіліся пастаянныя наёмныя арміі. У канцы 18 — пач. 19 ст. ў шэрагу краін уведзена ўсеагульная воінская павіннасць (у Расіі да 1874 дзейнічала сістэма рэкруцкай павіннасці). У наш час нац. ўзбр. сілы шэрагу краін (ЗША, Вялікабрытаніі і інш.) камплектуюцца шляхам Н. і вярбоўкі. У арміях і інш. узбр. фарміраваннях некат. краін (напр., Францыі) выкарыстоўваюцца замежныя наёмнікі (гл. Легіён). Кантрактная сістэма, якая па сутнасці з’яўляецца Н., значна пашырана ў шэрагу дзяржаў свету, у т. л. яе асобныя элементы ёсць ва Узбр. Сілах Беларусі.

т. 11, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКО́Е ПРА́ВА,

сукупнасць прававых норм, якія рэгулююць адносіны, што складваюцца ў галіне гандл. і ваен. мараплавання, рыбалоўства і марскога промыслу, здабычы біял. і мінер. рэсурсаў мораў, правядзення навук. даследаванняў і да т.п. Першыя зборнікі М.п. адносяцца да 11—14 ст., калі пачалі развівацца міжнар. эканам. сувязі. Вядомы зборнікі марскіх звычаяў розных краін: Наўгародская Скра, Візбійскія табліцы, Алеронскі скрутак, барселонскі «Марскі судзебнік» і інш.

Існуюць 3 галіны М.п.: нац. М.п., міжнар. публічнае М.п. і міжнар. прыватнае М.п. У Расіі і некат. краінах СНД, у т. л. на Беларусі, дзейнічаюць нормы М.п., выкладзеныя ў Кодэксе гандл. мараплавання СССР 1968, а таксама шматлікія міжнар. пагадненні ў гэтых пытаннях, удзельнікамі якіх з’яўляюцца краіны. Пад міжнар. публічным М.п. разумеецца сукупнасць міжнар. дагаворных і звычаёвых норм, якія рэгулююць адносіны паміж дзяржавамі ў сувязі з выкарыстаннем Сусветнага акіяна. У аснове сучаснага міжнар. публічнага М.п. ляжыць прынцып свабоды адкрытага мора. Міжнар. прыватнае М.п. рэгулюе адносіны дзярж органаў, фіз. і юрыд. асоб з замежнымі дзярж органамі ў сувязі з пытаннямі гандл. мараплавання. Прававыя нормы, якія складаюць гэту галіну М.п., ёсць ва ўнутр. заканадаўстве некат. дзяржаў і ў міжнар. пагадненнях.

т. 10, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЭ́НАЎСКАЯ ПЕЧ (ад прозвішча франц. металурга П.Э.Мартэна),

полымная рэгенератыўная печ для вытв-сці сталі з чыгуну і стальнога лому. Выкарыстоўваюцца таксама ў дуплекс-працэсе. Бываюць стацыянарныя (найб. пашыраны) і хістальныя.

Верхняя ч. стацыянарнай М.п. складаецца з рабочай прасторы, дзе вядуць плаўку пры т-ры да 1800 °C і вышэй, левай і правай галовак, па якіх паступае вадкае або газападобнае паліва і паветра (гл. Мартэнаўскі працэс). Чыгун, стальны лом, флюсы і інш. зыходныя матэрыялы загружаюць у рабочую прастору праз спец. вокны завалачнымі машынамі. Ў ніжняй ч. печы ёсць рэгенератары для падагрэву паветра і газападобнага паліва, шлакавікі для збірання пылу і шлакаў. У хістальных М.п. рабочая прастора спец. механізмамі нахіляецца ў бок рабочай пляцоўкі (для спуску шлаку) і разлівачнага пралёту (для выпуску металу). Умяшчальнасць М.п. да 900 т. Першая М.п. пабудавана ў 1864 у Францыі, у Расіі — у 1870 на Сормаўскім з-дзе. У 1970-я г. з пераходам на кіслародна-канвертарны працэс буд-ва М.п. фактычна спынена.

Мартэнаўская печ: 1 — рэгенератары; 2 — завалачныя вокны; 3 — сталевыпускная адтуліна; 4 — рабочая прастора; 5 — адтуліна для спуску шлаку; 6 — галоўкі; 7 — вертыкальныя каналы; 8 — шлакавік.

т. 10, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)