адлюстрава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. адлюстроўваць — адлюстраваць і адлюстроўвацца — адлюстравацца.

2. Адбітак прадмета на гладкай люстранай паверхні. Адлюстраванне лодкі ў возеры нічым не адрознівалася ад рэальнай лодкі на паверхні. В. Вольскі. Пазаўчора я аглядаў у вадзе нейкай пушчанскай сажалкі сваё даволі журботнае адлюстраванне. Брыль. // Адбітак у нашай свядомасці з’яў аб’ектыўнай рэальнасці. Ленінская тэорыя адлюстравання. □ Матэрыялізм — прызнанне «аб’ектаў у сабе» або па-за розумам; ідэі і адчуванні — копіі або адлюстраванні гэтых аб’ектаў. Процілеглае вучэнне (ідэалізм): аб’екты не існуюць «па-за розумам»; аб’екты ёсць «камбінацыі адчуванняў». Ленін.

3. Тое, што ўвасабляецца, выяўляецца ў мастацкіх вобразах, малюнках і пад. У вершах, апавяданнях і байках, з якімі К. Крапіва выступіў у друку, шырокія масы працоўных убачылі адлюстраванне сваіх поглядаў, думак і пачуццяў. Казека.

4. Тое, што з’яўляецца вонкавым выяўленнем чаго‑н.; адбітак. Хоць Дзядзюля і не разбіраўся лішне ў тонкасцях тых адлюстраванняў, якія кладзе душа на твар, усё ж ён.. падумаў, што гэтая жанчына ўжо, мусіць, глыбока ведае цану з’явам свету. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)