Звадыяш ’зводнік, падбухторшчык’, дыял. зваду́н, звод ’тс’ (Касп.). Параўн. рус. сводня, сводник ’асобы, што выступаюць пасрэднікамі’ (у тым ліку, паводле Даля, ’злачынных сувязей’), укр. звідник ’абманшчык’ (Грынч.), уст. дыял. зводи́тель ’спакуснік’, польск. дыял. zwodzijasz, zwodzijaś ’птушка ляляк, Caprimulgus europaeus, якая водзіць людзей па лесе’, ’падманшчык’ (1 красавіка — dzień św. Zwodzijasa) (Карловіч), ст.-польск. zwodzicz, zwodca ’баламут, падманшчык’ (Рэчак). Параўн. бел. звада ’спрэчка’ (Мікуцкі, Полымя, 1971, 8, 251), звадзіць ’пасварыць’ (Багушэвіч, Мар. дыс., 176). Паводле Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1969, 9, 149), да кораня вад‑ (гл. вадзіць). Аднак у словатворчых адносінах дакладней Сцяцко (Афікс. наз., 32–33): звадыяш ад зводнік. Сувязь з вадзіць пазнейшая. Зважаючы на бел.-польск. пашырэнне, хутчэй тут запазычанне, верагодна, з польск. у бел. Ад зводзіць з суфіксам ‑ун утворана звадун, што тыпова для бел. словаўтварэння. Звод можа быць рэфлексам старога ўтварэння з аблаўтам ад sъved‑ti (рус. свести) у спецыфічным значэнні, адкуль потым адназоўнікавы дзеяслоў зводзіць, але магчыма і больш новае, другаснае ўтварэнне ад гэтага дзеяслова, утворанага на базе звод з шырокім значэннем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зда́рыцца ’адбыцца’. Укр. уст. зда́ритися ’ўдавацца’ (Жэлях.), польск. zdarzyć się ’адбыцца’, н.-луж. zdariś se ’ўдавацца’, чэш. zdařiti se, славац. zdariť sa. Традыцыйнае тлумачэнне ад darъ < dati (Бернекер, 1, 179; Брукнер, 649; Голуб-Копечны, 434) з улікам чэш. разм. прывітання na zdar ’на шчасце, на здароўе’ выклікае семантычныя цяжкасці — перш за ўсё значэнне прэфікса, складаны шлях утварэння zdar (da‑ti > darъ > dariti > sъdariti > sъdarъ?), няпоўную вытлумачальнасць семантыкі ў цэлым. На гэта звярнуў увагу Зубаты (I, 1, 131–138), прапануючы сувязь з іншым *dar‑, якое прадстаўлена ва ўдар, ударыць (паводле Фасмера, 4, 149, да драць, гл.), што падтрымлівае Махэк₂, 110–111. Гэта, аднак, не рашае праблемы. Магчыма, трэба шукаць яе рашэння ў суадносінах з карнямі, што маюць значэнне ’тварыць’. Магчыма, zьdariti (’стварыцца’ >) ’адбыцца’ < zьdarъ ’стварэнне’ < zьdati ’тварыць’ (< ’будаваць’ < ’ляпіць’). Пра корань гл. здань. Іншае тлумачэнне праз суадноснасць з і. е. *dher‑, *dherǝ‑ ’трымаць’ (Покарны, 1, 253), прадстаўленым літ. derė́ti ’быць патрэбным’, darýti ’рабіць’, лат. derêt, darît ’тс’; семантычны ход: ’атрымацца’ > ’адбыцца’ ці ’зрабіцца’ > ’адбыцца’. Патрэбны далейшыя даследаванні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зяле́паць ’ціўкаць, пішчаць (пра куранят)’ (ашмян., Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. желіпнути ’гучна закрычаць’, желіпати ’есці’. Магчыма, прасл. дыялектызм zelp‑a‑ti. Параўн. літ. želpùoti ’балбатаць’, якое, паводле Бугі (Фрэнкель, 1296), роднаснае санскр. jálpati ’мармытаць, гаварыць’. Параўн. у Покарнага (1, 428) і.-е. корань *ghel‑ з падаўжэннем ‑b‑, ‑bh‑: с.-в.-ням. gelpfen ’крычаць, спяваць, прасіць’. Махэк₂ (200) адносіў сюды чэш. chlubiti se, польск. chlubić się ’ганарыцца’, дзе дапускаў змену ch < g; паводле Покарнага, сюды літ. gulbinti ’хваліць’, рус. (без падаўжэння ‑b‑) галиться ’высмейваць’. Калі дапусціць, што корань меў варыянт gʼhel‑ (як *gʼhel‑ ’блішчаць’, прадстаўлены ў зялены, зала, золата, магчыма, меў варыянт *ghel‑, што даў жоўты), ён мог быць падоўжаны ‑p‑ і даць *gʼhel‑p, адкуль зялепаць і інш. Іншая магчымасць — дапушчэнне старажытнага сінкрэтызму свячэння і гучання ў значэнні кораня gʼhel‑ ’блішчаць’ (гл. зялёны), да гэтага схіляюць словы зялепуха, зеляпан (гл.), што захоўваюць, відаць, сувязь з зялёны. Супрун, Baltistica XX (1), 1984, 65–67. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перагуза́ць ’зноў перавязваць снапы’ (Нас.). Да пера- і гуза́ць (гл.), апошняе звязваецца з прасл. *ǫz‑/*ęz (ЭСБМ, 3, 112). Аднак, улічваючы першаснасць пачатковага г‑ трэба зыходзіць з прасл. *guzъ, варыянта назалізаванага *gǫzъ, якія адлюстроўваюць больш старажытныя і.-е. адносіны *gongʼ‑/*gou̯gʼ‑, параўн. ст.-грэч. γογγύλος ’круглы’, літ. gū̀žis ’галоўка капусты’ (Трубачоў, Эт. сл., 1, 91–92), курд. guz‑ ’азадак, ягадзіцы’. Семантыка лексемы перагуза́ць, такім чынам, суадносіцца не з *vęzati ’вязаць’, а з *guzъ ’камель дрэва, ніжняя частка снапа’, параўн. здро з *guz‑d‑ro, як укр. гуз‑но ’зад (чалавека)’, рус. гузло́, гу́з‑но, гуз‑но́ ’ніжняя, задняя частка чаго-небудзь’ і інш. шматлікія лексемы з коранем гуз‑ з гэтым жа значэннем, палес. гузды́р (Выг.) ’ніжняя частка снапа’ < прасл. *gǫzyrь ’задняя частка чаго-небудзь’. Параўн., аднак, славен. prézati ’звязваць’, якое Супрун (ЭСБМ, 1, 123) звязвае з *перазаць (гл. аперазаць); магчыма, з *per‑ǫz‑ati з пратэзай, гл. гуж 1, тады сувязь з гуз — другасная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́за ’жывот, трыбух; чэрава’ (рас., чэрв., кір., ПА; Шат.; ашм., Стан.; Шымк. Собр.), púza ’тоўсты жывот’ (Варл.), пу́зо ’тс’ (ТС), пу́за ’жывот; губа, нарост; закругленне ляза на сякеры’ (добр., Мат. Гом.), сюды ж пузе́нь ’вялікі жывот’ (Ян.), пузинё, пузиня́ ’таўсцячок; птушаня, якое толькі што вылупілася’ (Нас.), пуза́тый ’які мае вялікі жывот’ (Нас.), пуза́тая ’цяжарная’ (Нас.; Жд. 1; Шымк. Собр., Мат. Гом.), пуза́ты ’з тоўстым жыватом’ (Шат., ТС), пуза́ч ’брухаты чалавек’ (Нас., Мат. Маг., Янк. 1, Мат. Гом., ТС), пузе́й ’тс’ (ТС, бяроз., Шатал.), пуза́цець ’станавіцца чараватым’ (Нас., Шат.), укр., рус. пу́зо ’жывот, чэрава’, польск. дыял. puzo (з усх.-слав.). Параўноўваюць з літ. pùžas ’круглы, пукаты; малы, але тоўсты’, таксама ’ёрш’ і ’вялікі чалавек з тоўстым чэравам’ (Буга, РФВ, 67, 243), ням. Bauch ’чэрава’ (Махэк, Recherches, 15) ці рус. пу́чить (Шанскі-Баброва, 261). Несумненная сувязь з пуздро́, пузы́р (гл.), так Фасмер, 3, 403; Бязлай, 3, 140 і інш. Да семантыкі параўн. Абаеў (Этимология–1984, 18), які дапускае “ідэафанічную” сугучнасць з асец. a‑buz‑yn ’уздувацца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пялёстак ’асобны лісток з вяночка кветкі’ (ТСБМ, Гарэц., Др.), мн. л. пялёсткі перан. ’губы’: пялёсткі развесіць іран. ’ныць, румзаць’ (Даніл. Сл.). Няясна. Магчыма, метатэза з рус. лепесто́к ’асобны лісток з вяночка кветкі’; аднак не выключана сувязь з пе́лесць ’вуха (канец) у ночвах або карыце; пласт’ (Нас.), з унутранай формай ’пластоў перыферыйная плоская частка прадмета’, сюды ж, магчыма, польск. мазав. pieleść ’хвост бабра’ (1472), якое Банькоўскі (2, 551) ідэнтыфікуе з бел. пелесць (пра “хвост” ночваў) і чэш. дыял. pelest (пра “хвост” ложка, печы, карыта), якія разглядаюцца як “рэліктавыя” словы няяснага паходжання (гл. таксама Махэк₂, 443). Борысь (SFPS, 23, 106) з далучэннем паўднёваславянскіх фактаў, параўн. балг. радопск. пе́лест, пелестьо́ ’выступаючая частка хаты, дзе сушаць адзенне, плады і інш.’ рэканструюе *pelestъ, *pelʼustь ’канец, край чаго-небудзь’, якое абагульняецца як ’выступаючая ці прыпаднятая частка чаго-небудзь’ (БЕР, 5, 139). Параўн. і пе́лясць ’біла ложка’ (Сцяшк. Сл.), пе́лішчы (piéliščy) ’папярочныя канцы начовак, карытаў і чаўноў’, пе́люшцы ’закраіны ў начоўках’ (ТСБМ, Варл.). Гл. таксама Куркіна, Этимология–1991–1993, 32–45. Гл. пялюстка, пелюсць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рагаза́ 1 ’усе рэчы, што не прылягаюць шчыльна адна да адной’, ’сукаватая палка, ламачына, сук’, ’беспарадак’ (Нас., Гарэц., Бяльк.), ’рагаццё’ (Юрч.), ’няўмека’ (Сцяшк. Сл.), раго́зіна ’сукаватая палка’ (Сцяшк.), раго́за ’нешта калючае, зачэпістае’, ’сварлівы чалавек’ (КЭС), рагазу́лька ’раскірака’, ’нешта раздвоенае’ (Гарэц.), рагазю́лі: вілакі нейкія, як рагазюлі, стаяць у вачах (Наша слова, 1992, 19 лют.), ст.-бел. рагоза ’дрэнны чалавек’ (Баркулабаўскі летапіс), сюды ж рагазіць ’перашкаджаць’ (Гарэц.), рус. дыял. ра́гоза́ ’раздор’, ’сварлівы чалавек’, ра́гози́ть ’балбатаць, хлусіць, мітусіцца ўпустую’, ст.-рус. рагоза ’сварка’, рагозьнъ ’сварлівы’, рогозити ся ’абурацца’, Фасмер збліжае з серб.-ц.-слав. рогал̑евати ’непакоіць’, славен. regetáti ’квакаць’, ’трашчаць’, лат. rēdzêt ’гневацца’ (Фасмер, 3, 429). Бязлай (3, 144–145) узводзіць да *rag‑, што са змененым вакалізмам выступае ў *rog‑ (рагатаць) і reg‑ (гл. рыгаць). Гл. таксама Сной, 599. Няпэўна; для некаторых слоў нельга выключыць сувязь з рог 1 (гл.) на базе метафарычнага пераносу па форме рэаліі.

Рагаза́ 2 ’рагоз’ (Мат. Гом.), ragozá (Арх. Федар.). Гл. рагоз.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рапярці́ць ’вучыць, як рабіць; настаўляць, павучаць’, сюды ж зваротныя з істотным зрухам семантыкі рапярці́цца, нарапярці́цца ’збірацца пайсці, паехаць куды-небудзь’ (віл., Жыв. сл.), рапярці́ць (ріпярці́ць) ’рыхтавацца, збіраць’, рапярці́цца ’рыхтавацца, збірацца’ (Юрч.). Параўн. рус. дыял. (урал.) реперти́ться ’харахорыцца, задзірацца’, у якім Куркіна (Этим. иссл., 6, 29) хоча бачыць словаскладанне прыслоўя *jarě (гл. я́ры) і дзеяслова *pertiti, вытворнага ад *perti (гл. перці 1), што можа патлумачыць значэнне ’павучаць, настаўляць’. Што датычыць значэння ’збірацца, рыхтавацца’, то тут магчыма супастаўленне з рус. дыял. (уран.) подрепети́ть ’падрыхтаваць’, подрепети́ться ’навесці парадак, прыбраць’, якія Куркіна (там жа) збліжае з балг. дыял. ерепе́тим се ’харахорыцца, важнічаць, надувацца’, рус. дыял. ерепеси́ть ’дасягаць, дабівацца чаго-небудзь неадчэпнымі просьбамі, прыстасаваннямі’, ере́пестить ’з лаянкай, пануканнямі прымушаць працаваць’, для якіх узнаўляецца прасл. дыял. *jarěpętiti sę, што з прыслоўя *jarě ’р’яна, з запалам’ і дзеяслова *pętiti (гл. пяць 2, пну), гл. Трубачоў, Этимология–1970, 371; ЭСCЯ, 8, 172. Для апошніх нельга выключыць сувязь з рэпетава́ць ’злавацца; крычаць’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ру́хнуць 1 ’абваліцца, упасці пад дзеяннем уласнага цяжару’; перан. ’перастаць існаваць, знікнуць’ (ТСБМ). Рус. ру́хнуть, польск. runąć ’упасці, зваліцца, распасціся; раптоўна рушыць з месца, рынуцца’, ст.-польск. ’грукнуць, загрымець, зарыкаць, зараўці’, ст.-чэш. runúti ’упасці, зваліцца’, балг. ру́хна ’упасці з шумам, разваліцца’. З прасл. *ruxnǫti < *ruxati, *rušiti ’прымушаць рухацца, надаваць рух, піхаць, штурхаць, варушыць, перакульваць, звальваць’ (Борысь, 527), гл. рушыць.

Ру́хнуць 2 ’сказаць невыразна і зняважліва’ (мсцісл., Юрч. Сін.). Магчыма, ад рух (гл.), параўн. бу́хнуць ’сказаць нечакана і неабдумана’, бра́знуць ’сказаць неасцярожна’ (Юрч. Сін., 189–190), аднак, больш верагодна з рухаць 2 (гл.).

Ру́хнуць 3 ’кінуцца’: рухнулі свінья (саліг., Нар. словатв.), ’крануць, зрушыць’, ’хутка пайсці, рынуцца’, рухну́ць ’тс’ (ТС); рухну́цца ’рушыцца, крануцца’ (там жа). Да рухнуць 1 (гл.). Версія пра сувязь не з рухаць, рушыць, а з гукапераймальным рухаць (рюхаць) ’падаваць гукі (пра свіней)’ (гл. рухаць 2, рохаць) (Нар. словатв., 112) непераканаўчая.

Ру́хнуць 4 ’прапасці (пра зімовую дарогу)’ (круп., Нар. сл.; ТС), рухну́ць ’тс’ (ТС). Канкрэтызацыя значэння ’перастаць існаваць, знікнуць’ слова рухнуць 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скры́пка 1 ‘смычковы музычны інструмент’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Байк. і Некр., Др.-Падб., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ). Рус. скри́пка, укр. скри́пка, польск. skrzypce ‘скрыпка, ліра’. Звязана з скрыпе́ць (гл.; Фасмер 3, 658; Борысь, 555). Інакш аб словаўтварэнні Шанскі (КЭСРЯ, 413): ад скрипа — варыянт ж. р. да скрип ‘выклічнік, што азначае скрыпенне’ з суф. ‑к(а). Варбат (Этимология–1981, 20) выводзіць ад *skripati ‘хутка рухацца’, што звязана з хуткімі рухамі смычка, параўн. ням. Geige ‘скрыпка’ і дыял. geigen ‘рухаць узад і ўперад, туды-сюды’.

Скры́пка 2 ‘венцер, рыбалоўная прылада ў выглядзе конуса або рэшата для зімняй лоўлі’ (чач., Жыв. НС; кір., Нар. сл.; Браім, Рыбалоўства), бучы або крыпкі ‘пляцёныя або зробленыя з лучыны конусы, якія апускаюцца ў палонкі’ (Меер Крыч.). Відаць, ад скрыпка 1 паводле знешняй формы; параўн., аднак, скрыпіца ‘кошык’ (гл.), што выяўляе сувязь з крыпаць ‘блытаць’ (гл.), г. зн. ‘плясці’, параўн. скрыпа́ны ‘неўпарадкаваны’ (ігн., Сл. ПЗБ), скрыпа́цца ‘зблытацца’ (там жа), гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)