Страка́ ‘пятля (вушка) у лапцях’ (глыб., паст., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), стро́кі ‘вушкі ў лапцях’ (Жд. 3, Мат. Маг.; барыс., Шатал.), “доўгія вяроўчатыя валокі, якія працягваюцца праз сярэднія вушкі і ўтвараюць па абодвух бакох пяткі пастолу вялікія петлі — строкі” (Серб. Вічын), сюды ж стро́чанікілапці (лепшага вырабу)’ (Мат. Гом.), стро́чка ‘стужка’ (Ян.). Параўн. укр. строка́ ‘рант у пасталах’, строчаки́ ‘шнуркі для прывязвання лапцей’, стрічка ‘стужка, тасёмка’, дыял. стри́чка ‘пятля для лоўлі птушак’, рус. строка́ ‘радок лыка пры пляценні лапцей’, польск. дыял. stroka, strzoka ‘паласа’, ст.-польск. stroka ‘пояс, паласа, кропка’, в.-луж. tšoka ‘шрам, след ад апёка’. Бязлай (3, 332) адносіць сюды ж славен. stróka ‘слой, нізка’ і серб.-харв. стро̏ка ‘кароста ў авечак’, štroka ‘нейкая хвароба ў свіней’. Літ. strakà ‘слой, нізка’ запазычана з славянскай. Слова роднаснае строк ‘авадзень’ (гл.), яго першаснае значэнне меркавалася як ‘укол; кропка’ (Міклашыч, 325; Траўтман, 284; Фасмер, 3, 780; Шустар-Шэўц, 1548), параўн. строк3 (гл.). Паводле ЕСУМ (5, 444, 447–448), частка ўкраінскіх слоў лічыцца запазычанай з польскай і далей з ням. Strick ‘вяроўка, завязка’, што не выключае кантамінацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

аб’е́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; ‑едзем, ‑едзеце, ‑едуць; заг. ‑едзь; зак., каго-што.

1. Праехаць вакол каго‑, чаго‑н. Як пабачыў князь, колькі Кірыла лесу аб’ехаў, аж за галаву ўзяўся. Колас.

2. Праехаць збоку, абмінаючы каго‑, што‑н. Аб’ехаць камень. □ Спярша Зося і намервалася гэта зрабіць, але праз момант нібы апомнілася, махнула нядбайна рукою і, не захацеўшы нават напаіць каня, аб’ехала людзей і схавалася за Цішкавай хатай. Гартны.

3. Едучы, пабыць усюды, у многіх месцах. Ад самае Волгі Да сівых Карпат — Паўсвета на ганку Аб’ехаў мой брат. Астрэйка. Калгасаў ці мала Аб’ехаў араты, Чаму ж так удала Патрапіў у сваты. Куляшоў.

4. Апусціцца, з’ехаць уніз. Як толькі ўбачыў [Іван], што з акон шугае полымя, так і аб’ехаў на зямлю. Дуброўскі. Павязка за ноч аб’ехала, намокла на дажджы. Мележ. Цяпер ён [мурашнік] даходзіў да другога сука. І раптам асыпаўся, аб’ехаў. Чорны. На дзіва ўсім, нахілілася і аб’ехала падкапаная гара. Бажко.

5. перан. Схуднець.

•••

На лапці не аб’ехаць — не так проста і лёгка абвесці каго‑н.

Свет аб’ехаць — пабыць усюды, у розных месцах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чачо́тка 1, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Невялікая пеўчая птушка сямейства ўюрковых. Трохі далей, якраз ля і дарогі, у кроне старой разгалістай грушы трапечуць крыльцамі і шчабечуць чачоткі. Хомчанка.

2. Хуткі, рытмічны танец з частым пастукваннем падэшваў і абцасаў аб падлогу, а таксама музыка да гэтага танца. Гралі.. [кравец і каваль] тое, што трэба было на абыходак тутэйшым людзям, — польку, кракавяка, чачотку. Чорны. // Дробнае пастукванне ног (у час танца). Марыя выбіла чачотку і, увайшоўшы ў азарт, пусцілася па кругу. Гроднеў. / у перан. ужыв. А воддаль на лазе і ліпах Чачотку салавей рассыпаў. Астрэйка. А карась чачотку выбіваюць: Зялёны панцыр цяжкіх лапухоў Спрабуюць скінуць, выскачыць жадаюць У вольны свет травы, вады глухой. Прануза.

чачо́тка 2, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Від бярозы з прыгожай узорнай драўнінай на разрэзе; карэльская бяроза. [Серада:] Мы яе па-культурнаму пачалі называць: авіябяроза. Бо раней — так сабе па-вясковаму: чачотка дый толькі. Брыль. // Драўніна такой бярозы. Пасучы кон[ей], ён [Нямко] заўсёды што-небудзь рабіў: то плёў лапці, .. то вымайстроўваў якую-небудзь штучку з чачоткі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АБУ́ТАК,

на Беларусі гарбарна-шавецкае рамяство (гл. Гарбарства) як самастойная галіна існуе з часоў Полацкага княства. Стараж. майстэрні па апрацоўцы скуры і вырабу абутку археолагі выявілі ў Полацку, Мінску, Пінску. Асн. тагачаснымі тыпамі абутку гараджан былі поршні, чаравікі, боты. Магнаты, гарадская знаць насілі абутак з дарагіх матэрыялаў, вытанчаных формаў, упрыгожаны спражкамі, бантамі і інш. Выпрацоўка новых формаў залежала ад маст. рысаў усяго ансамбля адзення, развівалася ў агульным еўрап. стылі. Нар. абутак выраблялі ў хатніх умовах або спец. рамеснікі — шаўцы. Ён бытаваў у вёсках і дробных мястэчках і лепш, чым абутак гараджан, стасаваўся з прыродна-кліматычнымі ўмовамі, спецыфікай працы насельніцтва. Самы стараж. тып абутку беларусаў складаўся з абгортак, прывязак і ўласна абутку. Абгорткі (анучы, завойкі) — 2 полкі белага палатна, якімі абгортвалі ногі. Абгортка ног да шчыкалатак кавалкам палатна пры хадзе басанож была пашырана сярод жанчын, асабліва ў час жніва. Прывязкі (аборы, валокі) вілі з пянькі, лёну, канапель, конскага воласу, наразалі з сырамятнай скуры. Мацавалі абгорткі па-рознаму: на Тураўшчыне і Мазыршчыне доўгія прывязкі ўтваралі своеасаблівую вяровачную панчоху, на Пн Беларусі былі кароткія і абкручваліся да шчыкалатак. Уласна абутак у мінулым — плеценыя ці скураныя вырабы. Нязначнае пашырэнне мелі дзеравяшкі. Асн. від плеценага абутку, які бытаваў да пач. 20 ст., — лапці (шчарбакі, кавярзні). Іх плялі з лазовай і вязавай кары (лыка), пянькі. Скураны абутак быў 2 відаў: шыты з аднаго кавалка скуры — пасталы і з прышытымі падэшвамі і абцасамі — боты, чаравікі. Майстэрствам вырабу ботаў у 19 — пач. 20 ст. славіліся шаўцы наваколляў Турава, Давыд-Гарадка, Петрыкава, Слуцка і інш. На святы жанчыны абувалі і чаравікі (боцікі, шнуроўкі). Валены абутак (валёнкі) набыў пашырэнне ў 19 ст., бытуе і цяпер. Гумавы абутак пачалі насіць у 1930-я г. Бахілы (глыбокія галошы) надзявалі звычайна на буркі.

Сучасны абутак падзяляюць на бытавы, вытворчы, спартыўны і медыцынскі (гл. Абутак артапедычны). Паводле канструкцыі загатовак адрозніваюць боты, чаравікі, паўчаравікі, туфлі і інш. Падзяляецца на групы: пінеткі (памер, ці даўжыня ступні, 95—125 мм), гусарыкі (120—140), маладзіцячы (145—175), дзіцячы (180—200), школьны (205—225), дзявочы (230—250), хлапечы (230—255), жаночы (215—275), мужчынскі (245—305). Паўната (абхват ступні) — ад 1 да 10 умоўных адзінак (найб. пашыраная 6 і 7).

Дэталі верху і нізу абутку злучаюцца ніткамі, шпількамі, цвікамі, вінтамі, клеем (пераважна сінтэтычным), вулканізацыяй, ліццём. Вонкавыя дэталі верху робяць з натуральнай ці штучнай скуры, тэкстыльных матэрыялаў; дэталі нізу — са скуры, гумы (порыстай, няпорыстай, скурападобнай), пластмасаў (напр., поліурэтану) і інш. Абутак павінен мець цеплаахоўныя ўласцівасці, быць водаўстойлівым, паветра- і паранепранікальным. Тэхналогія вырабу абутку ўключае раскрой матэрыялаў на дэталі, іх апрацоўку, выраб загатовак верху і фармаванне іх на калодцы, прымацаванне нізу да верху, аддзелку. Прамысловы раскрой робяць разакамі на электрагідраўл. ці мех. прэсах, спец. аўтаматах. З дапамогай ЭВМ разлічваюць аптымальныя варыянты ўкладкі дэталяў на матэрыяле. Дэталі верху скошваюць, загінаюць, апрацоўваюць; дэталі нізу выраўноўваюць па таўшчыні, фрэзеруюць, скошваюць, шліфуюць. Дэталі верху злучаюць у плоскія загатоўкі, якім надаюць аб’ёмную форму: увільгатняюць (часам награваюць), расцягваюць удоўж і ўпоперак, зацягваюць і прымацоўваюць загатоўкі да вусцілкі. Затым змацоўваюць верх і ніз і робяць канчатковую апрацоўку (абразанне залішняга матэрыялу, афарбоўку, паліраванне і інш.). Гл. таксама Абутковая прамысловасць.

М.​Ф.​Раманюк (гістарычная частка).

Да арт. Абутак. Скураны абутак 12—13 ст. з раскопак Полацка, Мінска, Гродна.
Да арт. Абутак. Асноўныя дэталі мужчынскага рантавага паўчаравіка: 1 — падэшва; 2 — рант; 3 — цвёрды насок; 4 — верх; 5 — асноўнае палатно; 6 — прасцілка; 7 — вусцілка; 8 — укладная паўсцілка; 9 — абцас; 10 — заднік; 11 — набойка; 12 — берац; 13 — саюзка; 14 — насок.

т. 1, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

По́ршні мн. л. ’абутак з кавалка ялавай або свіной сырамятнай скуры’ (ТСБМ, Анім.), рус. по́ршни, по́рушни ’абутак, зроблены з загнутага кавалка скуры з поўсцю’, ’гатунак абутку з адрэзанага кавалка скуры, сандалі’, по́рошень ’тс’. Не зусім ясна. Фасмер пагаджаецца з Сабалеўскім (Фасмер, 3, 337), выводзячы слова ад порт > порчни > поршни (гл. порт); Вахрас (Наим. об., 161) збліжае рус. і бел. поршни/поршні з порхлый/порхлы ’рыхлы, мяккі’, што падаецца семантычна далёкім, аднак уключае названыя словы ў шырокае гняздо прасл. *pъrxъ ’россып: бухматасць’. Малаверагодным падаецца старажытнае германскае запазычанне, бо падабенства (гл. Лявіцкі, 2, 98) прасочваюцца ў ням. Borste ’шчацінне, шчэць’, дзе другую частку слова можна звязаць з Riester ’кавалак скуры для рамонту абутку’, дац. ros ’абрэзкі’, нарв. дыял. rus ’шкарлупінне, скурка’, ст.-ісл. holdrosa ’мяса са скурай’, ням. rauh ’шурпаты, грубы, неапрацаваны’, англ. rough ’тс’, ст.-англ. rūh ’пакрыты валасамі’. Тады поршні — утварэнне з прыстаўкай по- ад *‑rug‑/*‑rъg > *‑ruz‑/*‑rъz‑ > *‑rus‑/*‑rъs‑. Паводле Краўчука (Бел.-укр. ізал., 37), рус. по́ршни ’від прымітыўнага абутку’ разам з бо́ршни ’чаравікі з аднаго кавалка скуры без падэшваў і абцасаў’ праз рус. смал. борсни́ ’скураныя пасталы’, бел. барснілапці з пяньковых вяровак’ узыходзяць да барсаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АДЗЕ́ННЕ,

штучнае покрыва цела чалавека; у шырокім сэнсе ўключае галаўныя ўборы, абутак і інш. Яго агульны выгляд залежыць ад прыродна-кліматычных умоў, відаў і спосабу гасп. дзейнасці, нац. традыцый, узроўню развіцця вытв. сіл, маёмасна-прававых адносін, этычных поглядаў і патрабаванняў. У гісторыі грамадства выконвала і выконвае функцыі магічную, абрадавую, адрознення паводле полу, узросту, сямейнага становішча, саслоўнай, этн. і рэліг. прыналежнасці, паводле роду заняткаў і службовага становішча, найперш утылітарную і эстэтычную. Нясе ў сабе і маст. вобраз, таму выступае як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і залежыць ад маст. стылю эпохі.

Адзенне ўзнікла ў сярэднім старажытнакаменным веку і прайшло складаны шлях эвалюцыі. Як сац. з’ява і як прадмет мастацтва ўвасабляла ўяўленні розных гіст. эпох аб ідэальным чалавеку, яго ўнутр. сутнасці і фіз. абліччы. Так, адзенне стараж. грэкаў з іх ідэалам доблеснага і прыгожага воіна-атлета толькі злёгку падкрэслівала гарманічнасць фігуры; адзенне сярэднявечча згодна з хрысціянскімі догмамі пра грахоўнасць цела хавала яго пад цяжкімі бясформеннымі тканінамі; у эпоху Адраджэння, калі нормай прыгажосці стаў прызнавацца чалавек, адзенне стала больш зручным, як бы выяўляла гармонію ўнутр. і знешняга ў чалавеку; у перыяд Асветніцтва, калі эталонам прыгожага была прырода, а ўзорам для пераймання антычнасць, адзенне набыло натуральныя спакойныя формы. Спалучэнне ў адзіным маст. стылі кампанентаў адзення і прадметаў, што яго дапаўняюць, стварае ансамбль, які наз. касцюмам. Касцюмы падзяляюцца на 3 асн. тыпы: драпіраваны (з абгорнутага вакол цела кавалка тканіны, замацаванага непасрэдна на фігуры), накладны (надзяваецца праз галаву і як бы накладаецца на плечы), раслінны (мае спераду разрэз зверху данізу).

Вытокі бел. адзення ў культуры ўсх.-слав. плямёнаў. Умерана кантынентальны клімат вымагаў закрытага, цёплага адзення. Тканіны выраблялі з лёну (радзей канапель) і воўны, упрыгожвалі нашываннем, натыканнем, вышываннем ці набіўным узорам. Баярства шыла адзенне пераважна з прывазных тканін (парча, аксаміт, тафта, камка); аздобаю служыла вышыўка шоўкам і жэмчугам. Амаль усе віды адзення былі накладныя. Аснову мужчынскага гарнітура складалі кашуля з поясам і нагавіцы, жаночага — кашуля (даўжэйшая за мужчынскую) і паясное адзенне тыпу панёвы; верхняя вопратка — світа (зімой падшытая футрам). Мужчыны насілі шапкі з футра, сукна ці лямцу, дзяўчаты — вянец, замужнія жанчыны — чапец, а паверх — убрус. Абуваліся ў пасталы, поршні ці боты (жаночыя часта вышывалі). Гэтыя асаблівасці перайшлі ў адзенне насельніцтва ВКЛ, дзе ў 13—16 ст. сфарміравалася бел. народнасць. У касцюме беларусаў адчуваецца блізкасць да касцюма літоўцаў і палякаў, а таксама рускіх і інш. еўрап. народаў. Выпрацоўка ў Зах. Еўропе асн. спосабаў і прыёмаў крою, удасканаленне кравецкага рамяства прывяло адзенне да істотных змен. Адзенне магнатаў, шляхты і гар. знаці развівалася ў рэчышчы зах.-еўрап. моды. Важнымі часткамі іх мужчынскага гарнітура былі атласны жупан, зверху кунтуш, падпяразаны доўгім поясам, воўчае (вільчура) і бабровае футра, жаночае — ферэзія, чамара, аблямаваныя карункамі або футрам собаля, куніцы, лісы, кабат з рукавамі. Спрашчэнне адзення арыстакратаў пачалося з канца 18 ст. Народнае адзенне больш яскрава, чым адзенне інш. слаёў грамадства, выяўляла маральныя нормы і эстэт. густы. Нар. касцюм уздзейнічаў на касцюм вышэйшых класаў і сам зазнаваў яго ўплыў. У ім найлепш захаваліся традыцыі нац. адзення. У 14—16 ст. бел. касцюм узбагаціўся новымі відамі (андарак, гарсэт) і прынцыпамі афармлення (спосабы завязвання наміткі). Ён меў характэрныя прыкметы касцюма готыкі і рэнесансу, а з найб. спецыфічных — тэндэнцыі да агульнай строгасці ансамбля, перавагі белага колеру, спалучэння белага з чырвоным у каларыстыцы, геам. узораў у арнаментыцы. Бел. касцюм у гэты час набыў сваю завершанасць, утылітарны і маст. вобраз. Яго развіццё ў 17 — сярэдзіне 19 ст. ішло па шляху мадыфікацыі асобных элементаў адзення, насычэння колеравай гамы, пераасэнсавання арнаментальных матываў, замацавання рэгіянальных адметнасцяў. У перыяд фарміравання бел. нацыі захоўвалася выразнае этнагр. аблічча бел. нар. адзення. Касцюм сялян той пары — класічны ўзор бел. нар. мастацтва. Даўнімі традыцыямі было вызначана, якое адзенне насіць у будні ці святы, надзяваць на вяселле ці на радзіны, падчас радасці ці жалобы. У традыц. комплекс мужчынскага адзення ўваходзілі кашуля, нагавіцы і камізэлька. Кашулю насілі навыпуск, падпяразвалі поясам, калошы абгортвалі анучамі і запраўлялі ў скураныя пасталы, лапці, боты, зімой — у валёнкі. Галаўнымі ўборамі былі саламяны капялюш (брыль) ці валеная магерка, зімой заечая ці аўчынная аблавуха. Мужчынскае адзенне мела сціплае аздабленне, у ім пераважаў белы колер. Найб. ўзлёту фантазіі і майстэрства бел. адзенне дасягнула ў жаночым касцюме, своеасаблівасць якога вызначае адметнасць нац. касцюма беларусаў увогуле. Жаночая кашуля кроілася з прамавугольных кавалкаў ільняной тканіны. Найб. ўвага аддавалася ўпрыгожанню рукавоў, што звязана з маст. тэктонікай і пластыкай касцюма, а таксама з верай у магічную сілу чырвонага рамбічнага арнаменту. Разнастайнае паясное адзенне жанчыны: многія віды спадніц (андарак, саян, палатнянік, летнік), а таксама панёвы, фартухі. Малюнак спадніцы і панёвы — клетка, падоўжныя або папярочныя палосы ў чырвоным, сіне-зялёным ці серабрыста-белым каларыце. Фартух гарманіраваў з кашуляй. У жаночае, асабліва святочнае, убранне ўваходзіў і гарсэт у выглядзе безрукаўкі. Шылі яго звычайна з крамных тканін (аксаміт, парча, шоўк), аздаблялі вышыўкай, аплікацыяй, нашыўкамі тасёмак, стужак, гузікаў. Касцюм мог дапаўняцца разнаколерным поясам з кутасамі. Галаўныя ўборы залежалі ад узросту і сямейнага становішча жанчыны. У дзяўчат гэта былі перавязкі накшталт вузкіх ручнікоў (скіндачка, шлячок), вянкі. Замужняй жанчыне не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Жаночыя галаўныя ўборы падзяляюцца на ручніковыя (намітка, сярпанка, хустка), рагацістыя (галовачка), каптуровыя (каптур, чапец, падвічка). Самы пашыраны і адмысловы — намітка. Будзённым абуткам жанчыны былі лапці, святочным — пасталы і чорныя хромавыя чаравікі. Верхняя мужчынская і жаночая вопратка мала адрознівалася. Яе шылі з валенага нефарбаванага сукна (світа, сярмяга, бурка, бурнос), аўчыны (кажух, кажушок). Насілі таксама бравэрку, каптан, кабат. Пранікненне ў вёску прамысловых вырабаў «размывала» жанравыя межы традыц. нар. касцюма. У 20 ст. многія віды і састаўныя часткі традыц. адзення выйшлі з ужытку. Нар. адзенне аднатыпнае на ўсёй тэр. Беларусі, але ў ім вылучаюць 4 асн. комплексы (залежна ад таго, з чым насілі кашулю ў жаночым касцюме): са спадніцай і фартухом; са спадніцай, фартухом і гарсэтам; са спадніцай, да якой прышыты ліф-гарсэт, і фартухом; з панёвай, фартухом, гарсэтам. Першыя 2 вядомыя ўсюды, 2 другія — ва ўсх. і паўд.-ўсх. раёнах. Комплексы маюць шэраг лакальных разнавіднасцяў, якія вылучаюцца як нар. строі. Найб. вывучаны строі Зах. і Усх. Палесся, Падняпроўя, Цэнтр. Беларусі, Панямоння, Паазер’я (пра кожны строй гл. адпаведны артыкул). Паасобныя матывы традыц. адзення выкарыстоўваюць мадэльеры пры распрацоўцы сучаснага касцюма.

Літ.:

Маслова Г.С. Народная одежда русских, украинцев и белорусов в XIX — начале XX в. // Восточнославянский этнографический сборник. М., 1956;

Беларускае народнае адзенне. Мн., 1975;

Каминская Н.М. История костюма. М., 1977;

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;

Яго ж. Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;

Раманюк М., Ліцвінка В., Раговіч У. Песні і строі Піншчыны. Слонім, 1994.

М.​Ф.​Раманюк.

Адзенне: 1 — княжацкае 11-12 ст.; 2 — баярскае 12-13 ст.; 3 — гараджан 12-13 ст.; 4-5 — магнатаў 16—17 ст.; 6 — сялян 15 ст.
Да арт. Адзенне. 1—2 — селянін і сялянка. Паводле Норбліна (канец 18 — пач. 19 ст.); 3—4 — дзяўчына і жанчына з Піншчыны. Паводле Рабцэвіча (канец 18 — пач. 19 ст.).
Да арт. Адзенне. 1 — селянін. Паводле А.​Рыгельмана (канец 18 ст.); 2 — сялянка з цэнтральнай Беларусі. Паводле К.​Вуйціцкага (пач. 19 ст.); 3—4 — селянін з Палесся і жанчына з-пад Кобрына. Паводле Ю.​Крашэўскага (1-я чвэрць 19 ст.).
Да арт. Адзенне. К.​Русецкі. Жняя. 1845.
Да арт. Адзенне. І.​Рэпін. Беларус. 1892.

Да арт. Адзенне. Партрэт Лізаветы Соф’і Радзівіл. Невядомы мастак. 1-я пал. 17 ст.

Беларускае народнае адзенне. Строі Цэнтральнай Беларусі і Панямоння: пухавіцкі (1), ляхавіцкі (2), капыльска-клецкі (3), слуцкі (4), вілейскі (5), мастоўскі (6), навагрудскі (7), ваўкавыска-камянецкі (8—9).
Беларускае народнае адзенне. Строі заходняга і ўсходняга Палесся: дамачоўскі (10), маларыцкі (11), кобрынскі (12), пінска-івацэвіцкі (13), мотальскі (14), давыд-гарадоцка-тураўскі (15), турава-мазырскі (16), калінкавіцкі (17), брагінскі (18).
Беларускае народнае адзенне. Строі Прыдняпроўя і Наддзвіння: магілёўскі (19—20), краснапольскі (21), буда-кашалёўскі (22), неглюбскі (23), лепельскі (24), дубровенскі (25), астравецка-дзісенскага рэгіёна (26—27).

т. 1, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

хле́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да хлеба (у 1, 2 знач.). Хлебныя запасы. Хлебная ніва. □ Саша набраў хлебных крошак, ссыпаў іх на ліст фанеры і папрасіў маці: — Хачу на балкон, пакарміць верабейчыкаў. Даніленка. // Уласцівы хлебу; такі, як у хлеба. Хлебны смак. □ Жнівень прыйшоў і сюды — на пшанічныя ўзгоркі і ў даліны з багатым ільном, — калгасны жнівень з вострым хлебным пахам і з песенным сакатаннем жняярак, гулам камбайнаў і гружаных аўтамашын. Брыль. // Прыгатаваны з хлеба. Хлебны квас. / у знач. наз. хле́бная, ‑ай, ж. — Вось гэта рэч! — казаў дзядзька, наліваючы самагонкі ў кілішкі. — Свайго вырабу, хлебная. Корбан. // Прызначаны для хлеба, яго прыгатавання, выпечкі. Хлебныя дрожджы. Хлебная лапата. □ Пачэсны кут займае ў светлых хатах Заквашаная хлебная дзяжа. А. Александровіч.

2. Звязаны з захаваннем, продажам хлеба (у 1, 2 знач.). Хлебны магазін. Хлебная манаполія. □ [Маці:] — А калі выручыш [Дзімка] грошы, купіш якую кулідку хлеба, — на тым тыдні хлебныя карткі ж адмянілі. Капыловіч.

3. Багаты хлебам, ураджайны. Хлебны год. Хлебны край. □ Час быў не надта хлебны, гэта Святлана помніць добра. Лось.

4. перан. Разм. Выгодны, даходны. Хлебная пасада. □ Лапці, світкі зрэбныя — З нашых сёл якраз, На заробкі хлебныя Ездзілі ў Данбас... Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПЛЯЦЕ́ННЕ МАСТА́ЦКАЕ,

выраб рэчаў утылітарнага і дэкар. характару злучэннем палос эластычнага матэрыялу пад прамым ці косым вуглом; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народных мастацкіх промыслаў. Адрозніваюць П. ручное і машыннае. Матэрыялы для П. — лаза, салома, чарот, карані дрэў, лыка, мачала, бяроста, лучына, стружкі, дубцы арэшніку, ядлоўцу, рабіны, скура, ніткі і інш. У 1970—80-я г. шырока ўжываюцца і сінтэт. матэрыялы. Пашырана ў многіх народаў, папярэднічала ткацтву. Шырока вядома маст. пляценне народаў Усходу, а таксама пляценне карункаў у Расіі.

На Беларусі вядома з неаліту (выяўлены рэшткі сплеценых з лыка сетак, адбіткі плеценых вырабаў на гліне). Найб. захаваліся вырабы 19—1-й пал. 20 ст. Пашырана было пляценне з лазы. На Палессі з яе плялі агароджы (пляцень), сцены гасп. пабудоў. Простай, спіральнай, крыжовай, раброва-крыжовай тэхнікамі П. выраблялі лазовыя палукашкі для вазоў і саней, рыбалоўныя снасці (каробкі, бучы, венцеры), посуд на збожжа, агародніну (кашы, кашолкі, сявенькі, карзіны), мэблю (крэслы, калыскі, падстаўкі пад вазоны, карабы на бялізну) і інш. Разнастайным камбінаваннем тэхнік П. вызначаецца мэбля, кузавы выязных вазкоў. Каркас вязалі з тоўстых прутоў, якія скрыжоўваліся пад розным вуглом і ўтваралі розныя геам. фігуры, потым яго перапляталі тонкімі дубцамі, нярэдка чаргуючы белыя, ачышчаныя ад кары, з неакоранымі, таніравалі лазу ў больш цёмны колер, абпальвалі на агні, аздаблялі выпаленымі ўзорамі. Вырабамі мэблі з лазы славіліся майстры Магілёва, Гомеля, Суража (Віцебскі р-н), кузаваў — Давыд-Гарадка (Столінскі р-н), Лахвы (Лунінецкі р-н). З саламяных жгутоў, пераплеценых лазой, выраблялі шыяны, карабы, сявенькі, кублы, гарцы; з саломы плялі шкатулкі, цацкі, сумкі, капелюшы (гл. Саломка мастацкая). З сасновай лучыны (дранкі) выраблялі посуд на садавіну і гародніну, карабы для пераноскі сена (Паазер’е), з бяросты — заплечныя кашалі для збору грыбоў, сумкі, вярэнькі (Палессе), ёю ж апляталі ганчарны посуд для малака і малочных прадуктаў (берасцянкі). З рагозу (пераважна на Палессі) выраблялі лёгкія, эластычныя сумкі і кашолкі. Дробныя вырабы: каробачкі для рукадзелля, карзінкі, сумачкі, фруктоўніцы — плялі з карэньчыкаў хваёвых дрэў, арэшніку. З лыка, вяровак плялі лапці, са скуры дэталі конскай вупражы, бізуны. Узоры П. вызначаюцца прыгожым шахматным, спіральным, дыяганальным малюнкам. Вял. пашырэнне мела П. з тэкстыльных матэрыялаў: нітак, шнуроў, вяровак і інш. Найб. простым прыёмам з’яўляецца віццё (суканне) — злучэнне дзвюх ці болей пасмаў у шнур. Суканыя шнуры і вяровачкі выкарыстоўваліся як дэкар. элементы на адзенні (разнастайныя нашыўкі), абрусах, ручніках (для кутасоў, махроў). З каляровых нітак вілі шнуркі для завязак на адзенні і паяскоў. Плоскія пляцёнкі з трох (у выглядзе касы) і больш нітак выкарыстоўвалі для вырабу паясоў, завязак, шнуркоў, нашывак на адзенне. Больш складаны від пляцення засн. на выгінанні суцэльных нітак у петлі, якія пераплятаюцца паміж сабой удоўж і ўпоперак (вязанне). Разнастайныя рэчы утылітарнага і маст. характару вырабляліся ў тэхніцы вузельчыкавага П. — завязвання вузлоў рознай канфігурацыі. З дапамогай чаўнака (ігліцы) і дошчачкі вязалі рыбацкія сеткі (Паазер’е). Такім чынам сплеценыя сеткі, нацягнутыя на раму, прызначаныя для абрусаў, сурвэтаў, пакрывалаў, аздаблялі вышыўкай насцілам ці крыжыкам з каляровых шарсцяных нітак. З развіццём прамысловасці П. захоўваецца як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і займае значнае месца ў маст. прамысловасці рэспублікі. Сурвэткі, абрусы, лазовыя кошыкі на садавіну і гародніну, цукерачніцы, хлебніцы, саламяныя капелюшы, шкатулкі і інш. плеценыя вырабы выпускаюць ф-кі маст. вырабаў. Некат. вытв. аб’яднанні вырабляюць мэблю з лазы. Шырокую папулярнасць набыло вузельчыкавае П. — макрамэ. Найб. вядомыя бел. майстры П.: Т.​Агафоненка, К.​Арцёменка, А.​Белановіч, С.​Галанчанка, В.​Гаўрылюк, Л.​Главацкая, М.​Кулак, Н.​Ліцюк, Л.​Лось, У.​Лук’янец, Г.​Сапун, Л.​Скрыпнічэнка, В.​Сташкевіч, Т.​Федаркова і інш.

Літ.:

Беларусы. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі. Мн., 1995;

Сахута Я. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Пляценне мастацкае. Саламяны посуд. 1-я пал. 20 ст. Цэнтральная Беларусь.
Да арт. Пляценне мастацкае. Т.​Агафоненка. Маска «Казёл». 1978.
Да арт. Пляценне мастацкае. Посуд з сасновай лучыны. Вёска Шахноўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобл. 1982.

т. 12, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кало́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Невялікая калода; тое, што і калода (у 1 знач.). Мой бацька і дзядзька Язэп наняліся.. зваліць у гаі пару дзесяткаў дубоў і парэзаць на кароткія калодкі для клёпак. Бядуля. Зелянюк сеў пры стале на калодку і ўзіраўся ў старога. Зарэцкі.

2. Кусок дрэва, выструганы ў форме ступні, які выкарыстоўваецца пры пашыве абутку; капыл. Пацягнуць загатоўку на калодку. Выплятаць лапці па калодцы.

3. звычайна мн. (кало́дкі, ‑дак). Масіўныя драўляныя кайданы, якія надзявалі раней на ногі, рукі і шыю арыштанта для папярэджання ўцёкаў. Надзець калодкі на ногі.

4. Сярэдняя частка кола, у якой умацоўваюцца спіцы. Колы па калодкі западвалі ў чорную гразь. Лобан.

5. Драўляная або металічная аправа, у якую ўстаўляецца або на якую насаджваецца асноўная частка інструмента. Калодка рубанка.

6. Металічны або драўляны брусок у тормазным прыстасаванне які прыціскаецца да вобада кола або тормазнага шківа для тармажэння.

7. Планка, пры дапамозе якой прымацоўваюцца да адзення ордэны, медалі. // Вузкая палоска ордэнскай стужкі, якую носяць замест ордэна, медаля. На грудзях Яўмена Іванавіча былі пярэстым радком калодкі ўсіх яго ордэнаў і медалёў. Ермаловіч.

8. мн. (кало́дкі, ‑дак). Абл. Род скуранога абутку на драўлянай падэшве; дзеравяшкі. Калодкі часта слізгалі, ад пастаяннага напружання хутка пачалі ныць калені. Быкаў.

•••

Класці галаву на калодку гл. класці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ашукаць, абмануць, абманіць, падмануць, абдурыць, паддурыць, правесці, падвесці, абвесці, звесці, абысці, схітраваць, схітрыць, абхітрыць, перахітрыць, аблічыць, абважыць; абгуляць, падседзець, скруціць, абкруціць, аблытаць, апутаць, нагрэць, абалваніць, абжуліць, зжульнічаць, ачмурыць, ачмуціць (разм.) □ увесці ў зман, абвесці вакол пальца, абкруціць вакол пальца, падвесці пад манастыр, пусціць пыл у вочы, пусціць пылу ў вочы, абуць у лапці

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)