Георг I (24.12.1845, Капенгаген — 18.3.1913), кароль у 1863—1913. З дынастыі Глюксбургаў. Другі сын дацкага караля Крысціяна IX. Выбраны 30.3.1863 Нац. сходам Грэцыі са згоды дзяржаў-заступніц (Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі) пераемнікам скінутага грэч. караля Атона I. У 1864 падпісаў канстытуцыю, якая ўвяла ў краіне парламентарызм. Пры Георгу I да Грэцыі далучаны Іанічныя а-вы (1864), б.ч. Фесаліі і ч. Эпіра (1881). Забіты ў Салоніках у час Балканскіх войнаў 1912—13.
Георг II (19.7.1890, Татоі, каля Афін — 1.4.1947), кароль у 1922—23, 1935—41, 1946—47. З дынастыі Глюксбургаў. Сын грэч. караля Канстанціна I, унук Георга I. Заняў прастол пасля ваен. перавароту 1922. У снеж. 1923 пасля перамогі на выбарах рэспубліканцаў эмігрыраваў у Лондан. У 1935 вярнуўся на трон пасля ініцыіраванага манархістамі спрэчнага рэферэндуму. Садзейнічаў устанаўленню дыктатуры ген. І.Метаксаса. У 2-ю сусв. вайну ў эміграцыі ў Егіпце і Вялікабрытаніі (з 1941). Вярнуўся на прастол пасля рэстаўрацыі ў Грэцыі манархіі ў выніку плебісцыту 1.9.1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУ́ЦКІ (Андрэй Рыгоравіч) (парт.псеўд.Лёкса, Хвастоў, літ.псеўд.Язэп Пралеска; 2.5.1897, г. Маладзечна Мінскай вобл. — 17.5.1934),
дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, літаратар. Скончыў Камуніст.ун-т Беларусі (1931). З 1916 у арміі, з 1919 у Чырв. Арміі. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. На 2-й канферэнцыі КПЗБ (1924) выбранычл.ЦК. У пач. 1925 актыўна падтрымліваў сэцэсію. У сак. 1928 па даручэнні ЦККПЗБ разам з С.А.Клінцэвічам удзельнічаў у ліквідацыі ў Вільні М.І.Гурына-Маразоўскага. Тройчы (1920, 1922, 1925) быў арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены ў турму. У час знаходжання ў БССР працаваў у Гістпарце пры ЦККП(б)Б, заг. сектара друку ЦККП(б)Б, в.а. рэдактара газ. «Савецкая Беларусь». У 1933 арыштаваны па справе «Беларускі нацыянальны цэнтр», у 1934 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.
Тв.:
Паноў трэба знішчаць гуртам: Апавяданні з жыцця Заходняй Беларусі. Мн., 1932.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РАЛЬ, Карл (Carol),
імя каралёў Румыніі ў 19—20 ст. з дынастыі Гогенцолернаў-Зігмарынгенаў.
Караль I (20.4.1839, г. Зігмарынген, Германія — 10.10.1914), князь [1866—81], кароль [1881—1914] Румыніі. З 1859 прускі афіцэр. У 1866 у выніку плебісцыту выбраны пераемнікам А.І.Кузы. Пасля рус.-тур. вайны 1877—78 і абвяшчэння незалежнасці Румыніі прыняў каралеўскі тытул. Садзейнічаў устанаўленню ў краіне рэжыму канстытуцыйнай манархіі. У пач. 1-й сусв. вайны праводзіў курс на нейтралітэт Румыніі, нягледзячы на заключаны ў 1883 саюз з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй.
Караль II (15.10.1893, г. Сіная, Румынія — 4.4.1953), кароль [1930—40] Румыніі. Сын Фердынанда I (правіў у 1914—27). З 1926 у эміграцыі (Парыж). Абвешчаны каралём па патрабаванні ўрада Ю.Маніу. Праводзіў аўтарытарны курс, у 1938 адмяніў дзеянне дэмакр. канстытуцыі 1923, забараніў усе партыі, устанавіў «каралеўскую дыктатуру». Пасля знешнепаліт. няўдач (уступка Бесарабіі Сав. Саюзу і Паўн. Трансільваніі Венгрыі) змушаны маршалам І.Антанеску адрачыся ад прастола на карысць сына Міхая (кароль у 1940—47), эмігрыраваў у Партугалію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРНААБНАЎЛЕ́НЦЫ,
«Партыя мірнага абнаўлення», партыя ў Рас. імперыі ў 1906—12. Займала месца на правым флангу ліберальнага лагера. Гал. яе ядро складалі дэпутаты-прагрэсісты 1-й Дзярж. думы (1906); заснавальнік і гал. ідэолаг П.А.Гейдэн. Выступала за стварэнне канстытуцыйна-манархічнай дзяржавы, за паліт. і грамадз. роўнасць для ўсіх народаў Рас. імперыі. Па многіх пунктах праграма М. супадала з кадэцкай (гл.Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя). У час выбараў у 2-ю Дзярж. думу ў ліст. 1906 у Вільні і Мінску былі створаны к-ты М., але сваіх прадстаўнікоў у Думу яны не правялі. У 3-й Дзярж. думе адзіным прадстаўніком М. ад Беларусі быў ляснічы Пружанскага пав. В.А.БІЧ, выбраны ад Гродзенскай губ. У сваіх выступленнях у Думе Біч прапаноўваў рэарганізаваць усё мясц. кіраванне Паўн.-Зах. краю, увесці земскае самакіраванне. У студз. 1912 узнік к-т прагрэсістаў у Вільні, у які пазней увайшлі і М. Пасля 1912 М. як самастойная паліт. сіла не выступалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОР ((More) Томас) (7.2.1478, Лондан — 7.7.1535),
англійскі гуманіст, пісьменнік і дзярж. дзеяч, адзін з заснавальнікаў утапічнага сацыялізму. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це, юрыд. школах Лондана. У 1504 выбраны ў палату абшчын парламента, у 1529—32 лорд-канцлер каралеўства, падтрымліваў Контррэфармацыю. У гал. творы «Утопія» (1516) даў разгорнутую крытыку сац. ўкладу Англіі, паказаў ідэальную мадэль дзярж. і грамадскага ладу, які грунтуецца на грамадскай уласнасці, усеагульнай і абавязковай працы, справядлівым размеркаванні багацця, свабодным развіцці асобы; паліт. лад Утопіі заснаваны на прынцыпах выбарнасці і старшынства, сям’я прадстаўлена ячэйкай камуніст. быту і гасп. дзейнасці. Пабудову новага грамадства звязваў з развіццём свядомасці і маральным выхаваннем народа і валадароў, рэліг. верацярпімасцю. Абвінавачаны ў дзярж. здрадзе і пакараны смерцю; кананізаваны каталіцкай царквой (1935). Утапічныя ідэі М. станоўча паўплывалі на гуманістаў розных эпох (Марэлі, Ф.Бабёф, А.Сен-Сімон, Ш.Фур’е і інш).
Тв.:
Рус.пер. — Утопия. М., 1978.
Літ.:
Горфункель А.Х. Философия эпохи Возрождения. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЯЛО́ЎСКІ (Францішак Ксаверы) (18.12.1771, г. Ляхавічы Брэсцкай вобл. — 15.9.1845),
дзяржаўны і ваен. дзеяч ВКЛ. Сын Ю.Несялоўскага. Вучыўся ў Гал. школе ВКЛ у Вільні (1785—88). З 1788 шэф 6-га рэгімента (палка) пяхоты войска ВКЛ. Удзельнічаў у вайне 1792 з Рас. імперыяй. У час паўстання 1794 вызначыўся са сваім палком у шэрагу бітваў. Трапіў у палон, адмовіўся прысягаць Кацярыне II і выехаў у Германію. У 1796 вярнуўся, у 1798 абвінавачаны ў падрыхтоўцы новага паўстання, зняволены ў Вільні. Падтрымаў план А.Чартарыйскага пра адбудову Польск. дзяржавы пад суверэнітэтам Расіі. У 1812 прызначаны Напалеонам чл. Вайсковага к-та ў Вільні, ген. брыгады, інспектар пяхоты арміі ВКЛ, паспалітага рушэння. Адступіў з напалеонаўскімі войскамі за мяжу. У 1814 пасля амністыі вярнуўся на Беларусь, прадаў родавыя маёнткі (Варончу і інш.) і з’ехаў у Польшчу. У 1830 выбраны паслом сейма Каралеўства Польскага. У час паўстання 1830—31 намеснік губернатара Варшавы, камандаваў брыгадай пры абароне горада, быў сенатарам-кашталянам. Пасля задушэння паўстання на некалькі гадоў дэпартаваны ў Волагду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМПЕ́Й Гней, па мянушцы Вялікі (Gnaeus Pompeius Magnus; 106 да н.э. — 48 да н.э.), старажытнарымскі ваенны і паліт. дзеяч. У 83 да н.э. падтрымліваў Карнелія Сулу; разбіў яго праціўнікаў на Сіцыліі і ў Афрыцы. Пасля смерці Сулы абараняў яго рэжым; удзельнічаў у задушэнні Спартака паўстання. У 67 да н.э. атрымаў ад сената надзвычайныя паўнамоцтвы для барацьбы з піратамі ў Міжземнамор’і. З 66 да н.э. камандаваў рым. войскамі ў вайне супраць Мітрыдата VI Еўпатара, пасля перамогі пашырыў усх. правінцыі Рыма. У 60—53 да н.э. разам з Цэзарам і Ліцыніем Красам увайшоў у т.зв. 1-ы трыумвірат. У 55 да н.э. консул, пазней намеснік Іспаніі. Пасля 53 да н.э. далучыўся да аптыматаў. У 52 да н.э.выбраны «консулам без калегі». Выступіў супраць Цэзара, у 48 да н.э. разбіў яго войска каля Дырахія (Эпір). Пасля свайго паражэння каля Фарсалы (Фесалія) уцёк у Егіпет. Забіты паводле загаду егіп. цара Пталамея XIII Дыяніса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМПІДУ́ ((Pompidou) Жорж) (5.7.1911, Манбудыф, Францыя — 2.4.1974),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Францыі. Скончыў Вышэйшую нармальную школу (пед.ін-т) і Свабодную школу паліт. навук у Парыжы. Выкладаў у ліцэях Марселя і Парыжа. У 2-ю сусв. вайну да капітуляцыі (1940) Францыі лейт. франц. арміі. У 1944 саветнік па пытаннях інфармацыі і асветы ў часовым урадзе Ш. дэ Голя. У 1946—54 чл.Дзярж. савета, адначасова (1946—49) нам.ген. камісара па турызме. З 1954 супрацоўнік банка Ротшыльдаў, з 1956 яго ген. дырэктар, адначасова на кіруючых пасадах у інш.фін. і прамысл. аб’яднаннях. З 1958 нач. канцылярыі прэм’ер-міністра Францыі дэ Голя. Выбранычл. Канстытуцыйнага савета Францыі (распрацаваў канстытуцыю і эканам. праграму аднаўлення 5-й рэспублікі). У 1962—68 прэм’ер-міністр Францыі. Удзельнічаў у ажыццяўленні Эвіянскага пагаднення 1962 аб статусе Алжыра. У 1969—74 прэзідэнт Францыі. Некалькі разоў наведваў СССР, у т. л. Беларусь (11—12.1.1973 у Заслаўі Мінскай вобл. вёў перагаворы з Л.І.Брэжневым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ З’ЕЗД БЕЛАРУ́САЎ СВЕ́ТУ.
Адбыўся 8—10.7.1993 у Мінску. 996 дэлегатаў ад бел. арг-цый з Беларусі і бел. суполак з замежжа. Арганізаваны Згуртаваннем беларусаў свету (ЗБС) «Бацькаўшчына». Мэта: аб’яднанне беларусаў свету і арганізац. афармленне сусв.бел. супольнасці як новай грамадскай структуры на карысць нац. адраджэння і будаўніцтва самастойнай бел. дзяржавы. З’езд прыняў дэкларацыю аб прынцыпах дзярж. будаўніцтва Беларусі, заяву па вайсковым пытанні, рэзалюцыю аб падтрымцы дзейнасці ЗБС «Бацькаўшчына», пастанову аб Радзе прадпрымальнікаў бел. дыяспары і інш. Далей з’езд працаваў як кангрэс ЗБС «Бацькаўшчына», на якім выбраны новы кіруючы орган — Вял. рада з прадстаўнікоў бел. арг-цый Беларусі і замежжа (97 чал.), а таксама прэзідэнт ЗБС (Р.Гарэцкі) і старшыня Рады (Г.Сурмач). У адпаведнасці з праграмай з’езда праведзены сустрэчы яго ўдзельнікаў з грамадскасцю Беларусі, Купалле на Стаўбцоўшчыне і ў в. Баркалабава (Быхаўскі р-н), Нарачанскі форум для дзяцей і моладзі, выстаўка твораў мастацтва з Беларусі і замежжа.
Г.І.Сурмач.
Паштоўка, выпушчаная з нагоды правядзення Першага з’езда беларусаў свету. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРАПА́ДСКІ (Іван Ільіч) (1645, г. Умань Чаркаскай вобл., Украіна — 14.7.1722),
украінскі дзярж. дзеяч. З 1674 на Левабярэжнай Украіне, у часы гетманства І.С.Мазепы (1687—1708) быў генеральным бунчужным з 1698, генеральным есаулам з 1701, старадубскім палкоўнікам (1706—08). У Паўночную вайну 1700—21, калі Мазепа з часткай укр.старшыны казацкай перайшоў на бок шведаў (1708), С. захаваў вернасць Расіі і на старшынскай нарадзе ў г. Глухаў (17.11.1708) паводле рэкамендацыі цара Пятра Iвыбраны гетманам Левабярэжнай Украіны (1708—22). Удзельнік Палтаўскай бітвы 1709. Найбуйнейшы землеўладальнік (валодаў больш як 20 тыс. двароў); праводзіў у інтарэсах старшыны далейшае запрыгоньванне ўкр. сялян (у т. л. забараніў сялянам скардзіцца на паноў), раздаваў укр. землі рус. памешчыкам. Фактычна С. дзейнічаў пад поўным кантролем царскіх улад. Яго спробы ўзмацніць самастойнасць укр. казацкай старшыны ў кіраванні Левабярэжнай Украінай былі беспаспяховымі. Адхіліўшы пратэсты С., які бараніў Сакавіцкія артыкулы 1654, Пётр I 27.5.1722 стварыў Маларасійскую калегію, якая абмежавала ўладу гетмана.