МІРНААБНАЎЛЕ́НЦЫ,

«Партыя мірнага абнаўлення», партыя ў Рас. імперыі ў 1906—12. Займала месца на правым флангу ліберальнага лагера. Гал. яе ядро складалі дэпутаты-прагрэсісты 1-й Дзярж. думы (1906); заснавальнік і гал. ідэолаг П.​А.​Гейдэн. Выступала за стварэнне канстытуцыйна-манархічнай дзяржавы, за паліт. і грамадз. роўнасць для ўсіх народаў Рас. імперыі. Па многіх пунктах праграма М. супадала з кадэцкай (гл. Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя). У час выбараў у 2-ю Дзярж. думу ў ліст. 1906 у Вільні і Мінску былі створаны к-ты М., але сваіх прадстаўнікоў у Думу яны не правялі. У 3-й Дзярж. думе адзіным прадстаўніком М. ад Беларусі быў ляснічы Пружанскага пав. В.А.БІЧ, выбраны ад Гродзенскай губ. У сваіх выступленнях у Думе Біч прапаноўваў рэарганізаваць усё мясц. кіраванне Паўн.-Зах. краю, увесці земскае самакіраванне. У студз. 1912 узнік к-т прагрэсістаў у Вільні, у які пазней увайшлі і М. Пасля 1912 М. як самастойная паліт. сіла не выступалі.

М.​М.​Забаўскі.

т. 10, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)