Зу́ндаль ’маўклівы чалавек’ (Жд. 3), ’вялікі і лянівы чалавек’ (Касп.). Параўн. рус. перм. зе́ндель ’лянівы, маларухомы чалавек’. Рус. забайк. зундогло́, зунтогло́ ’брахун; цяльпук’ не сюды (СНРГ, 12, 24: з бурацк.). Параўн. прозвішча Зу́нда (ад апелятыва *зунда ’?’, Бірыла, Бел. антр., 2, 161). Няясна. Магчыма, з ням. Sünde, ідыш zind ’грэх’, Sünder, zindler ’грэшнік’. Параўн. яшчэ ням. Gesindel ’зброд’, ідыш іранічн. gezindl ’група людзей’, прычым трэба ўлічваць, што ў яўр. дыялектах значныя хістанні галосных.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Казе́ка ’мошка; вош’ (Нас.). Утворана ад асновы каз‑ (гл. каза 1), словаўтварэнне няяснае: суфікс ек‑а (звычайна рэдка сустракаецца) або трансфармацыя іншых вытворных ад гэтай жа асновы. Матывацыя: наяўнасць зааморфных прыкмет (рожкі, вусікі; паводзіны насякомых); калькаванне або субстытуцыя іншых тэрмінаў ад заонімаў. Слова выглядае як бел. інавацыя: смал. казека ’вош’ нельга аддзяліць ад бел. слова, а ўкр. козяка, якое СРНГ (14, 58) параўноўвае з смал. і бел. словамі, сюды наогул не адносіцца.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рэ́жа 1, рэж, рыж ’палатно для рыбалоўных сетак з буйнымі вочкамі’ (мін., гом., ЛА, 1), ре́жа ’тс’ (Нар. лекс.). Сюды ж рэжо́ўка ’двухпалотная рыбалоўная сетка з буйнымі і дробнымі вочкамі’ (ПСл, ТС), рэжу́ха ’тс’ (ТС). Укр. режь ’крыло рыбалоўнай сеткі’, рус. режь, режа ’рэдкая рыбалоўная сетка’. Прасл. *rědia. Да рэдкі (Фасмер, 3, 461).
Рэ́жа 2 ’даўгі капец бульбы’ (ЛА, 2). Фанетычна змененае рэя 3 (гл.), дзе адбыўся пераход ‑j‑ > ‑ž‑, магчыма, пад уплывам рэж (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Свя́сла ‘нізка лыка’ (калінк., Сл. ПЗБ; калінк., рэч., ЛА, 4), свя́слы, свясло́ (лоеў., хойн., ЛА, 4). Укр. дыял. свʼя́сла ‘звязка прадметаў’, рус. свя́сло ‘перавясла’, ст.-рус. съвясло ‘звязак, пучок’. З *съвязсло, ад *vęzati ‘вязаць’ з суф. ‑сло, як у вясло, гл. вязаць (Фасмер, 3, 584). ЕСУМ (5, 199) дапускае непасрэдны працяг прасл. *sъvęzslo. Сюды ж, відаць, балг. свесло́ ‘звязка гронкаў вінаграду або кукурузы’, гл. Выгленаў, БЕ, 1970, 2–3, 216–218; БЕР, 6, 540.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скелз ‘адхон, скос’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.). Метатэза е і л у склез (гл.) або вычляненне назоўніка з прыслоўя польск. skiełzem ‘крыва, у бок’, якое ад ст.-польск. skiełznąć się ‘выслізнуцца, саслізнуцца’, параўн. Карскі, Белорусы, 149; Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 71. Сюды ж ске́лзы ‘цуглі’ (Ласт.), ске́лзаць ‘зацугляць’ (Сцяшк. Сл.), вытворныя ад ке́лзаць (гл.), для якіх Карскі (Белорусы, 145) дапускаў вывядзенне з польск. kieł ‘кол’, што вельмі сумніўна. Польск. kiełzać ‘слізгацца’ роднаснае коўзацца, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скры́дла ‘крыло’ (Байк. і Некр.; воран., Шатал.), скры́длы мн. л. ‘тс’ (Сцяшк., Інстр. 2), скры́дла, скры́дло, скры́длы, скры́для ‘крыло’, ‘рагач у калаўроце’ (паст., смарг., гродз., шальч., Сл. ПЗБ), скрыдэ́лка памянш. (лаг., КЭС), скры́далкі ‘плаўнікі’ (рас., Шатал.), сюды ж скра́дла ‘крылле’: пявун як замахае сваім скрадлам (Мат. Гом.). З польск. skrzydło ‘крыло’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 83). Ст.-бел. скридло, скрыдло кан. XVI — пач. XVII ст., з ст.-польск. (Булыка, Лекс. запазыч., 204). Гл. крыло.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Слабіна́ ‘нетрывалае, слабое месца’ (ТСБМ), ‘воля, свабода, безнагляднасць’, ‘нядужы, хілы чалавек’ (Яўс.), сла́бінка ‘слабасць, недахоп’ (Нар. Гом.), сюды ж слабе́нё (słabienio) ‘бакавая частка жывата да клуба’ (Арх. Федар.). Параўн. укр. слабина́ ‘слабасць’, ‘пахвіна ў жывёлы’, рус. слабина́, в.-луж. słabina, н.-луж. słabina, чэш. slabina, славац. slabina, серб.-харв. сла̀бина, балг. слабина́, макед. слабина ‘пахвіна’. Прасл. *slabina ‘слабіна’, вытворнае ад *slabъ (гл. слабы), параўноўваюць з літ. pa‑slẽpenes ‘пахвіна’ (Голуб-Копечны, 335; БЕР, 6, 828).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Спры́ндзіцца ‘згінуць, загінуць’ (Скарбы; шчуч., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), ‘згарнуцца, скруціцца’ (Сцяшк. Сл.), сюды ж spryndziło dziasna (Арх. Федар.) з няясным значэннем. Параўн. прындзіцца (гл.). Несумненна, экспрэсіўнае ўтварэнне з шырокім спектрам значэнняў, што абцяжарвае вызначэнне зыходнага. Запісанае Развадоўскім спіры́нджыць у складзе кляцьбы са значэннем ‘каб цябе спёрла!’, суаднесенае з літ. sprę́sti ‘рашаць’, прызнаецца Лаўчутэ (Балтизмы, 149) недастаткова аргументаваным балтызмам. Магчыма, экспрэсіўны варыянт з назалізацыяй да спры́ціцца ‘згінуць, памерці’ (Сцяшк. Сл.), гл. спрыта.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трафе́й ‘ваенная здабыча як вынік перамогі’ (ТСБМ), трафэ́й ‘тс’ (Некр. і Байк.). Праз рускую мову з франц. trophée < нар.-лац. trophaeum < ст.-грэч. τρόπαιον ‘помнік перамогі з даспехаў ворага, складзеных разам на полі бітвы’, што да ст.-грэч. τρέπω ‘паварочваю, мяняю’, у тым ліку ўдачу ў баі (Фасмер, 4, 107; Голуб-Ліер, 490; Сной₃, 807). Сюды ж, відаць, і трафіе́й ‘аказія’ (беласт., Сл. ПЗБ) пад уплывам польск. trafić się ‘трапіцца, сустрэцца’, гл. трафіць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тружда́нне ‘непакой, клопат, турботы’, тружда́ць ‘непакоіць, турбаваць’, тружда́цьца ‘працаваць’, ‘непакоіцца, турбавацца’ (Нас.), тружда́нне ‘цяжкая праца, пакуты’, тружда́цца ‘цяжка працаваць, пакутаваць’ (Юрч. СНС), ст.-бел. труждатися ‘працаваць’ (ГСБМ). Запазычана, відаць, праз ц.-слав. са ст.-слав. троужданиѥ: земноѥ троужданиѥ ‘праца на зямлі, земляробства’, троуждати ‘турбаваць, дакучаць’, троуждати сѧ ‘працаваць’ (СССл.). Магчыма, метатэза ў народнай мове, гл. труджанне. Сюды ж тружда́ннік ‘той, хто цяжка працуе; пакутнік’, тружданніца ‘тая, хто цяжка працуе; пакутніца’ (Юрч. СНС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)