слу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Публічна разглядацца (пра якую‑н. судовую справу). Слухаецца справа аб разводзе. // Публічна заслухвацца (пра чыю‑н. інфармацыю, паведамленне і пад.) з мэтай разбору, ацэнкі і пад. Пасяджэнне Сарнаркома, на якім слухаліся даклады пра пабудову энергахімічнага камбіната на Яснаўскім балоце, адбылося роўна цераз шаснаццаць дзён пасля гэтага. Галавач. У 1954 годзе на Другім Усесаюзным з’ездзе пісьменнікаў слухаўся садаклад П. Антакольскага, М. Аўэзава і М. Рыльскага. Палітыка.

2. Рабіць так, як хто‑н. раіць, вучыць. [Кулеш:] — Мяне сам пан камендант запрашае садзіцца,.. кожнай парады слухаецца. Шамякін. «Ах, Радзівон, Радзівон, не слухаўся, не сцярогся...» Да сэрца падступае балючая жаласць і злосць. Мележ.

3. Падпарадкоўвацца каму‑, чаму‑н. Слухацца настаўніка. Слухацца загаду. □ [Мікалай Мікалаевіч:] — Парабкі разбрыліся, нікога не слухаюцца, нічога не хочуць рабіць. Грахоўскі. Але ўсё ж.. [лейтэнант] мусіў слухацца ротнага і нават больш. Быкаў. // перан. Рухацца, дзейнічаць, падпарадкоўваючыся задуме, жаданню, волі чалавека (пра часткі цела, механізмы і пад.). Трэба было ісці, а ногі не слухаліся, не краталіся з месца. Васілёнак. Рука ад хвалявання дрыжыць, і гузікі не слухаюцца пальцаў. Галавач. [Кудлач:] — Самалёт каменем падаў, не слухаўся ручкі ўпраўлення. Алешка.

4. Зал. да слухаць (у 1–4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смалі́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які змяшчае ў сабе смалу; у якім многа смалы. Смалісты корч. Смалістыя стружкі. □ Цімохава хата была моцная, ёмкая, пабудаваная з тоўстага сасновага дрэва, гладка спушчанага пад склюд, смалістага, здаровага. Колас. Да вёскі дарогу.. [карэспандэнту] паказвалі свежыя смалістыя слупы, што выстраіліся ад самай станцыі. Шахавец. Пад соснамі смалістымі ў бары Курган высокі Лукашу сябры насыпалі. Танк.

2. Які мае адносіны да смалы, уласцівы смале. Смалісты пах хвоі. □ Нават лёгкі подых ветру нёс востры смалісты водар прасохлага на сонцы бярвення. Дуброўскі. // Насыпаны пахам смалы. Бор, напоўнены мяккім, Смалістым паветрам, Не звініць, Не шуміць, Не пяе... Свірка.

3. Які складаецца з хваёвых дрэў (пра лес). Па тых лугавых, лясных сцежках хадзіў і я з бацькам у бярозавыя гаі, у смалістыя бары. Бялевіч. Лес быў смалісты, сасновы. Навуменка. У саснячку густым, смалістым — Загледзішся на цуд такі — У беленькіх манішках чыстых Стаяць фарсіста маслякі. Цвірка.

4. Чорны і бліскучы (пра валасы). Я сяджу адразу ж за шафёрам і таму часта затрымліваю позірк на яго высокай падстрыжанаю патыліцы. Чорныя, смалістыя валасы, дзябёлы чысты карак, на ёмкіх плячах бялюткая шаўковая тэніска. Ракітны. [Ілка] шыракаплечы, тоўсты, з доўгімі смалістымі вусамі і кароткай густой барадой. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спадаро́жнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каму. Ісці, ехаць разам з кім‑н., быць яго спадарожнікам. Спадарожнічаць турыстам у паездцы. // перан. Быць спадарожнікам жыцця. [Усевалад:] — У нас ёсць жанкі, .. я думаю, што перш за ўсё трэба выпіць за іх. За тых, хто робіць нашу ўтульнасць, хто спадарожнічае нам усё жыццё. Скрыган. // Быць заўсёды разам з кім‑н. Песня спадарожнічае нам праз усё жыццё. «Маладосць». Чамадан, гэты славуты чамадан, пра які так многа расказваюць нават анекдотаў, заўсёды спадарожнічае .. [сувязістам]. Пестрак.

2. каму. Працякаць, адбывацца адначасова або ўслед за чым‑н., знаходзіцца з нечым у непарыўнай сувязі. Нам вядома, якія жыццёвыя абставіны і падзеі спадарожнічалі Івану Калацкаму на яго шляху ад сялянскага хлапца да камандзіра палка. Кудраўцаў.

3. каму-чаму. Быць неаддзельным ад каго‑, чаго‑н., цесна звязаным з кім‑, чым‑н. Слабае, нясталае, вучнёўскае спадарожнічае маладосці, таленту. Перкін. Для таго, каб «рыбацкае шчасце» заўжды і ўсюды спадарожнічала табе, патрэбны вынаходлівасць, кемлівасць, веды. Матрунёнак. Сяргею заўсёды спадарожнічала ўдача. Мяжэвіч. // Расці, трапляцца поруч, разам з чым‑н. [Леў Раманавіч:] — Зязюльчын лён і асака — запусценне. Ім спадарожнічае ніцая лаза і чарот, амежнік і мудр[а]нка. Асіпенка. Зарыва азначае, што спальваецца газ, які заўсёды нафце спадарожнічае. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спакусі́ць, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак., каго.

1. Прывабіць (чым‑н. прынадным, прыемным і пад.). У свой час .. [Сяргей] думаў Міхася лодкай спакусіць. Шыцік. Кожны прадавец імкнуўся як мага вышэй падняць сваю клетку або жэрдачку, на якой сядзела птушка, каб спакусіць багатых пакупнікоў. Арабей. // Адыграць ролю спакусы, захапіць. Хлопцаў спакусіла рэчка: яны адразу ж парушылі строй, рвануліся да берага. Якімовіч. А можа цябе спакусілі прыгожыя сукенкі і жакеты выпешчаных купецкіх і памешчыцкіх дачок і ты адважыўся прыняць нават іх веру? Паслядовіч. Спакусіў Цабенку ячмень, які спатрэбіўся яму для фермы. Шашкоў. // Прывабіць сваёй прыгажосцю; выклікаць сімпатыю да сябе. Але мяне іншае цікавіць. Раскажы, з кім ты меў спатканне. Што за прыгажуня такая спакусіла цябе? Хто яна, саперніца мая? Машара. Можна сказаць, што.. [Тамара] паставіла сабе за жыццёвую мэту: спакусіць яго, зрабіць палюбоўнікам. Шамякін.

2. Падгаварыць, падбіць на што‑н. нядобрае. І што яшчэ горш, спакусіў на благі ўчынак і легкадумнага таварыша свайго — Барадатага. Лынькоў. Прыйшоў і Пецька, які спакусіў Мішу лавіць сн[е]гіроў. Якімовіч.

3. Пяшчотамі, абяцанкамі дабіцца ад жанчыны (дзяўчыны) інтымнай блізкасці. «Магіла льва» — чуллівая гісторыя разбітага кахання асілка — юнага Машэкі да красуні дзяўчыны Наталькі, якую прывабіў і спакусіў пан. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супако́іць, ‑кою, ‑коіш, ‑коіць; зак., каго-што.

1. Прывесці каго‑, што‑н. у стан спакою, рассеяць трывогу, непакой, хваляванне і пад. Хтосьці супакоіў .. [дзяўчат], запэўніўшы, што іхнія бацькі жывыя, а не прыехалі па паўстанак таму, што не ведалі, калі прыйдзе эшалон. Хадкевіч. [Дзед:] — Падумаеш хітрасць вялікая — касцам абед наварысты згатаваць. Было б толькі з чаго. — За гэтым не стане, — супакоіў яго Іван Іванавіч. — Выдзелім і мяса, і круп... Даніленка. Але хіба можна супакоіць матчына сэрца, калі трывожныя думкі неадчэпна лезуць у галаву. Пальчэўскі. // Прымусіць весці сябе ціха; прымусіць спыніць шум, размовы. Клас ахнуў зноў, і зноў панна Рузя перакрычала яго, супакоіла. Брыль. Тады ўсе дзяўчаты адно што гарланілі песні... Як разыдуцца, дык да раніцы іх не супакоіш. Няхай. Устаў з свайго месца манументальны Пацяроб і ўладна супакоіў публіку. Зарэцкі.

2. Разм. Узброенай сілай уціхамірыць. Супакоіць паўстанцаў.

3. Паменшыць, змякчыць, зрабіць менш моцным. Супакоіць боль. Супакоіць кашаль. □ [Мірон:] — А вось, калі пачнеш [Віктар] гарачыцца занадта, дык зробім адвар з кораня, каб супакоіць нервы. Маўр. // перан. Аслабіць або прыглушыць якое‑н. пачуццё, перажыванне. Супакоіць рэўнасць.

4. Прывесці ў стан спакою, нерухомасці. Спяшаемся ў казку мы з табою, Праз снежны вір ацішаны ідзём, Дзе вецер завірухі супакоіў — Утаймаваліся, заснулі нават днём. Сіпакоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тады́, прысл.

1. У той час, у той момант у мінулым або будучым; не цяпер. Малая, шчупленькая, дзіця яшчэ была тады Волька. Калюга. Горад і тады нагадваў разварушаны, падпалены мура[ш]нік. Новікаў. // Пасля таго (што адбылося або адбудзецца). [Засмужац] завёў каня ў хлеў, у зацішку рассядлаў, падкінуў яму сена і тады ўвайшоў у хату. Мележ.

2. Пры пэўных умовах, абставінах. [Селянін] перадаў партызанам 17 вінтовак .. і некалькі тысяч патронаў. І тады толькі пакінуў сваю хату і сям’ю. Брыль.

3. Ужываецца як суадноснае слова ў галоўным сказе пры даданым часу са злучнікам «калі». Сапраўдная дружба пачынаецца тады, калі людзі як мае быць ведаюць адзін аднаго. Чорны. // Ужываецца як суадноснае слова ў галоўным сказе пры даданым рэальнай умовы са злучнікам «калі». Нават калі скінуць гадоў пятнаццаць з плячэй дзеда Талаша, то і тады ён быў ужо немалады. Колас.

4. у знач. злучн. Выкарыстоўваецца ў спалучэнні са злучнікам «як» у даданых часавых супастаўляльных сказах у значэнні: у той час як, нягледзячы на тое што. Клубчасты, кучаравы хвост дыму ўсё падаўжаўся і шырыўся і, здавалася, нерухома застыў у марозным паветры, тады як галава яго ўсё выцягвалася як бы са свайго ўласнага цела. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыво́га, ‑і, ДМ ‑возе, ж.

1. Неспакой, моцнае душэўнае хваляванне, выкліканае страхам, апаскай і пад. Цімошка пільна і з трывогаю пазіраў па кожную новую асобу, якая паказвалася ў хаце. Колас. Перамагаючы ў самім сабе трывогу за лёс справы, Змітрок Анісімавіч намагаўся жартаваць .. пры кожнай нагодзе. Брыль. Сюды пралягуць светлыя дарогі, Якімі пройдзе маладосць дзяцей, Не знаючы ні гора, ні трывогі Сваіх бацькоў... Начны знікае цень. Танк. Я ўсё часцей лаўлю ў цішы Даўно забытай песні водгук, Што сее дзесь на дне душы Незразумелую трывогу. Гілевіч. // Перапалох, мітусня, беганіна. Скончаны сваркі, суды, трывогі, лішнія клопаты. Бядуля. У вёсцы трывога: прыехаў земскі з казакамі... Якімовіч. // звычайна мн. (трыво́гі, ‑вог). Клопаты, турботы. У гэтым шчасці .. [бацькі] можа нават забыліся на свае трывогі за дачку. Кулакоўскі. О, каб магла спіхнуць з плячэй Гару трывог, няўдач, памылак, Што прыціскае і пячэ, Што не дае расправіць крылы. Каржанеўская.

2. Небяспечнае становішча, а таксама сігнал, які апавяшчае аб ім. Баявая трывога. □ Трывога! — узвіўся над лагерам кліч. Мележ. Маё пакаленне, мае аднагодкі, пачуўшы трывогу, надзелі пілоткі і ў цеснай зямлянцы кляліся ўрачыста: «Лічыце мяне камуністам!» Грахоўскі.

•••

Паветраная трывога — сігнал аб з’яўленні праціўніка ў паветры.

Біць трывогу гл. біць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіб, ‑а, м.

1. Пярэдняя частка хрыбта некаторых жывёл (свінні, быка і пад.). Свіння, калышучы вялізным хібам, спакойна ўзрывала зямлю пад карэннямі сухога бука. Самуйлёнак. Люся паказала на чучала здаравеннага быка з магутным крутым хібам. Даніленка. Поўсць збоку, дзе сочыцца кроў, мокрая; зверху на хібе ўжо высахла і стаіць — што ўсё адно воўк атросся ад вады. Пташнікаў.

2. Поўсць на хрыбце. Сабака ўбачыў незнаёмага, злосна забурчаў і наставіў хіб. Якімовіч. Алесь прыйшоў у гнеў, у дзікі, І ў абурэнне, жаль вялікі, Катоў ён бедных б’е, ганяе, За хіб у сені выкідае. Колас.

3. Спінны плаўнік у рыбы. — Нідзе не дзенецца! — Андрэй паволі выбраў жылку, і вось ужо рыбіна б’ецца ў роснай траве, настаўляе калючы хіб, цяжка хаўкае жабрамі. Ваданосаў. Як падчэпіш ярша на кручок, дык ён растапырыць жабры, паставіць калючы хіб і нават хвост сагне — так не даецца. Дайліда.

4. перан. Верхні край чаго‑н. на канцы, грэбені (страхі, хвалі і пад.). [Міканор] бег па зломе страхі, па самым хібе — каб не так крута было, бег з нечакана згаданай хлапечай праворнасцю. Мележ. Язэп зняў шапку, выцер лоб і кінуў яе на пракос. Шапка лягла на хіб пракоса, фарсіста задраўшы ўгору патрэсканы казырок. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хма́ра, ‑ы, ж.

1. Вялікае, звычайна цёмнае воблака, якое прыносіць дождж, град, снег. Нізка звіслі над зямлёю Хмары снегавыя. Колас. — А вунь і хмара. — Усе пападымаліся на ногі, сталі глядзець у той бок, куды паказаў пальцам Пятро: сапраўды, з-за лесу ўставала чорная хмара. Капыловіч. Навісла хмара, грымнуў гром, і буйнымі кроплямі забарабаніў у вокны дождж. Чарнышэвіч. // чаго. Клуб лёгкіх часцінак (пылу, дыму і пад.). Кажуць, пасля вызвалення тут было голае месца, адны каміны стаялі ды вецер ганяў над пажарышчам хмары попелу. Шамякін. // каго-чаго. Пра вельмі вялікую колькасць, мноства каго‑, чаго‑н. Хмара камароў. Хмара варон. □ Іх [цягнікі] на кожным паўстанку, Бы ўраджайнае лета, Спатыкалі дзяўчаты І хмары касцоў. Танк. [Валодзя:] — На Мінск налягаюць хмары самалётаў, дамы ў агні, здаецца, нават брук гарыць. Васілеўская.

2. перан. Выкарыстоўваецца ў некаторых выразах для абазначэння змрочнага стану, заклапочанасці, смутку, тугі. Зноў адчыняліся дзверы, і паказваўся твар, заліты светам радасці ці, наадварот, зацягнуты цёмнай хмарай нездавальнення. Васілевіч. Цяжка жылося зараз Надзі.. На яе жыццё апала цяжкая чорная хмара. Машара.

•••

Хмара хмараю — а) незлічона многа, вялікая колькасць, многа-многа; б) пра панурага, сумнага чалавека.

Хмары навіслі (згусціліся, сабраліся) над кім-чым — каму‑н. або чаму‑н. пагражае небяспека, бяда, няшчасце і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПРАСТО́РА І ЧАС у фізіцы,

фундаментальныя паняцці, якія адлюстроўваюць формы існавання і спосабы каардынацыі з’яў, працэсаў, аб’ектаў і іх станаў. Базісны прасторава-часавы аб’ект — падзея, якая вызначаецца адносна сістэмы адліку заданнем 3 прасторавых каардынат і 1 часавай каардынаты. Сувязь паміж прасторавымі і часавымі характарыстыкамі розных падзей вызначае геам. ўласцівасці прасторава-часавай разнастайнасці.

Фіз. паняцці П. і ч. ўзніклі на аснове натурфіласофскіх уяўленняў аб іх сутнасці (гл. Прастора і час у філасофіі) і прасторава-часавых уяўленняў, заснаваных на мех. практыцы аперыравання з жорсткімі і пругкімі целамі. У класічнай механіцы існуе дваістасць апісання П. і ч., дзе разам з абсалютнымі ёсць і адносныя П. і ч. Паводле Ньютана, абсалютныя П. і ч. — ідэальныя формы, якія маюць матэм. выраз, адносныя П. і ч., даступныя вымярэнню працягласці матэрыяльных аб’ектаў (у прасторы) і назіраных з’яў (у часе). Такая дваістасць у фізіцы захоўваецца да нашага часу. П. і ч. рэальных аб’ектаў у фізіцы не заўсёды супадае з П. і ч: тэарэт. (ідэальных) аб’ектаў, якія апісваюць адпаведную прадметную вобласць. У аксіёмы, што вызначаюць геаметрыю класічных П. і ч., уключаецца кінематычны пастулат — прынцып адноснасці, які сцвярджае раўнапраўнасць інерцыяльных сістэм адліку, вызначае метрычныя ўласцівасці фіз. П. і ч., а таксама абмяжоўвае выбар дапушчальных дынамічных тэорый. Прынцып адноснасці Эйнштэйна адрозніваецца ад прынцыпу адноснасці Ньютана тым, што значэнне адноснай скорасці інерцыяльнай сістэмы адліку абмежавана зверху. Матэматычна гэты прынцып фармулюецца як патрабаванне інварыянтнасці дынамічных ураўненняў фізікі адносна груп пераўтварэнняў прасторава-часавых каардынат (групы Галілея і групы Пуанкарэ адпаведна). У абодвух выпадках П. і ч. аб’ядноўваюцца ў адзіны геам. аб’ект — чатырохмерную прастору. Пры гэтым прастора-час спецыяльнай адноснасці тэорыі — Мінкоўскага прастора-час з’яўляецца чатырохмернай псеўдаэўклідавай прасторай у адрозненне ад прасторы-часу Галілея — Ньютана, якая наогул не з’яўляецца эўклідавай. У абодвух выпадках меркаванні аб аднароднасці часу і аднароднасці і ізатропнасці прасторы звязаны з захавання законамі энергіі, імпульсу і моманту імпульсу адпаведна. Дапушчальнасць бясконцасці скорасці распаўсюджвання ўзаемадзеяння ў прасторы-часе Галілея-Ньютана ўзгадняецца з уключэннем у лік ідэальных аб’ектаў ньютанаўскай механікі абсалютна цвёрдых цел і магчымасці абсалютнай (незалежнай ад выбару інерцыяльнай сістэмы адліку) сінхранізацыі нерухомых і рухомых ідэальных гадзіннікаў. Усе пункты трохмернай прасторы могуць назірацца адначасова, у якасці эталона даўжыні выбрана цвёрдае цела (парыжскі метр), вымярэнне часу заснавана на меркаванні аднолькавай працягласці аднолькавых фіз. працэсаў. Вобласць выкарыстання прасторы-часу Галілея — Ньютана абмежавана нерэлятывісцкай класічнай, квантавай і статыстычнай механікамі, а таксама электра- і магнітастатыкай. У спец. тэорыі адноснасці існуе верхняя мяжа скорасці — скорасць святла ў вакууме, аднолькавая для ўсіх сістэм адліку, і таму немагчыма абсалютная сінхранізацыя нават ідэальных гадзіннікаў, паняцце адначасовасці падзей мае сэнс адносна пэўнай інерцыяльнай сістэмы адліку, сярод ідэальных аб’ектаў няма абсалютна цвёрдых цел. За эталон даўжыні прынята адлегласць, якую праходзіць святло за адзінку часу, эталонам часу служыць велічыня, адваротная частаце святла, выпрамененага эталоннай крыніцай. Прастора-час Мінкоўскага распадаецца для кожнага назіральніка на абсалютнае мінулае, абсалютнае будучае і абсалютнае аддаленае (унутранасць і знешнасць светлавога конуса), яна выкарыстоўваецца як базавая ў рэлятывісцкай класічнай і квантавай механіках, квантавай тэорыі моцных і электраслабых узаемадзеянняў. ідэальныя аб’екты гэтых тэорый не заўсёды маюць аналагі сярод рэчаісных аб’ектаў. У агульнай тэорыі адноснасці (АТА) прынцып адноснасці пашыраецца да патрабавання каварыянтнасці ўраўненняў адносна адвольных пераўтварэнняў усіх чатырох каардынат, у якасці ідэальнага аб’екта служыць метрыка прасторы-часу, пад якой разумеюць гравітацыйнае поле, крыніцай якога з’яўляецца тэнзар энергіі — імпульсу матэрыі. У гэтым сэнсе АТА устанаўлівае залежнасць метрыкі прасторы-часу ад уласцівасцей гравітавальнай матэрыі. Прастора-час у АТА неаднародная і неізатропная, яе тапалогія можа быць сінгулярнай (гл. Сінгулярнасць). Паводле сучасных уяўленняў з гравітацыйнай сінгулярнасці ў выніку Вялікага Выбуху нарадзіўся Сусвет. Мадэль пашыральнага Сусвету належыць да ідэальных аб’ектаў фізікі, які змяняецца ў часе. Асн. ўласцівасць такіх аб’ектаў — неабарачальнасць іх дынамікі ў часе. Існуюць таксама эксперым. ўказанні на магчымую неабарачальнасць у часе некаторых працэсаў у фізіцы элементарных часціц. Даказана, што Прырода несіметрычная адносна адлюстраванняў прасторавых каардынат і аддае перавагу то левай, то правай спіральнасці. Пры тэарэт. апісанні працэсаў у мікрасвеце ці на пачатковай стадыі Вялікага Выбуху даводзіцца аперыраваць з часавымі і прасторавымі інтэрваламі, для вымярэння якіх не існуе прылад (няяўна прымаецца гіпотэза бясконцай падзельнасці П. і ч.). Разглядаюцца мадэлі з дыскрэтнай прасторай-часам, з лікам прасторава-часавых вымярэнняў, большым за 4. Існуюць струнныя мадэлі, дзе ідэальным аб’ектам служыць аднамерная струна замест пункта, які не мае вымярэнняў. Мяркуюць, што менавіта струнныя мадэлі дазволяць зрабіць агульнае апісанне гравітацыйных, моцных і электраслабых узаемадзеянняў і тым самым істотна пашырыць нашы ўяўленні аб прасторы і часе.

Літ.:

Фок В.А. Теория пространства, времени и тяготения. 2 изд. М., 1961;

Пуанкаре А. О науке: Пер. с фр. 2 изд. М., 1990;

Минковский Г. Пространство и время // Принцип относительности. М., 1973;

Берке У. Пространство—время, геометрия, космология: Пер. с англ М., 1985;

Хокинг С., Пенроуз Р. Природа пространства и времени: Пер. с англ. Ижевск, 2000;

Степин В.С. Теоретическое знание. М., 2000.

Я.​А.​Талкачоў, Л.​М.​Тамільчык.

т. 13, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)