свары́цца, сваруся, сварыліся, сварыцца; незак.

1. Распачынаць сварку з кім‑н., лаяцца з кім‑н. Сышліся бабы ды давай сварыцца, лаяць адна адну. Зарэцкі. Не хацелася Сцёпку з бацькам сварыцца. Колас. І не нясі, і не мілуй, А то з дарогі лёгка збіцца. І асцярожна! Не цалуй!.. Ну, як з табою не сварыцца! Танк. / у перан. ужыв. За ўтульны дамок на ліпе сварацца з вераб’ямі шпакі. Лужанін.

2. Крычаць на каго‑н., лаяць каго‑н. І калі сёння ўранні.. [камендант] сварыўся на Коўціка і гаварыў, што ёсць людзі, якія могуць яго замяніць на пасадзе начальніка раённай паліцыі, меў якраз на прымеце Шылахвоста... Сачанка. — Не паслухала! — зноў пачаў сварыцца на Улю бацька. — Ці бачылі, разумніца якая?! Паўлаў. Аднак маці, якая звычайна любіла, калі дачка лашчылася да яе, чамусьці злавала і сварылася на Люсю. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

султа́н ​1, ‑а, м.

У некаторых мусульманскіх краінах Усходу — спадчынны тытул манархаў. // Асоба, якая носіць гэты тытул. Потым, у дванаццатым стагоддзі, султан Абд-эль Мумін, першы султан з дынастыі Альмахадаў, заснаваў у гэтай мясцовасці ўмацаваны вайсковы лагер. В. Вольскі.

[Тур. sultan ад араб.]

султа́н ​2, ‑а, м.

1. Упрыгожанне з пёраў ці конскіх валасоў на галаўных уборах, пераважна ў ваенных, а таксама на галовах коней пры ўрачыстых цырымоніях. [Станіслаў Юрага] быў апрануты ў сіні шынель з бліскучымі эпалетамі, на галаве ківер з султанам. С. Александровіч. // перан. Слуп, струмень пары, дыму і пад., які ўзнімаецца ўгору. Пералятаючы лінію фронту, [Сцяпанаў] зірнуў налева. Прыкмеціў над нямецкімі акопамі бурыя султаны разрываў снарадаў. Алешка. Полымя набрала сілу зноў, і дым чорнымі грывастымі султанамі ўзнімаўся высока ўгору і толькі там расплываўся. Савіцкі.

2. Суквецце многіх злакаў у выглядзе мяцёлкі. Султаны кукурузы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схамяну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑меняцеся; зак.

1. Раптам успомніць пра што‑н.; раптоўна заўважыць памылку, недагляд і пад. Было ўжо далёка за поўнач, калі першай схамянулася Наташа: «Гулянне гуляннем, а мне пара і дадому». Хадкевіч. — Не, стой! — раптам схамянулася .. [Наталька], — можа тваёй маці нічога не трэба гаварыць. Чорны. — А венікаў зноў не нарэзаў, — схамянуўся Антось. Аношкін.

2. Выйсці са стану нерухомасці, задуменнасці, падхапіцца, здрыгануцца. І тут Іван трывожна схамянуўся — толькі цяпер да ягонай свядомасці дайшоў трывожны сэнс цішыні. Быкаў. Нечакана зазвінеў званок — Юновіч схамянуўся, убачыў, што ідзе да школы: адтуль ужо гурмою высыпалі на вуліцу дзеці. М. Стральцоў. // Набыць здольнасць разважаць; прыйсці ў сябе; ачомацца. [Карніцкі:] — Вы, таварышы, ведаеце, каго можаце прапусціць у самы лагер? Схаменяцеся, ды позна будзе! Паслядовіч. І схамянуцца не ўправіліся, як полымя ўхапілася ўжо за суседняе гумно. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хмель, хмелю, м.

1. Павойная расліна сямейства тутавых, некаторыя віды якой выкарыстоўваюцца ў піваварэнні. Дзве альтанкі хаваліся ў зеляніне дзікага вінаграду і хмелю. Васілевіч.

2. зб. Суквецце гэтай расліны ў выглядзе шышак, насенне яе. [Дзядзька:] — Ён [дзед Хвядос] ужо за Нёманам хмель збірае... Бажко.

3. Хмельны напітак. [Андрэй:] З дзён маладых я хмелю не ўжываю. Клімковіч.

4. Стан ап’янення, выкліканы алкагольнымі напіткамі. Міхась быў чалавек вясёлы. А яшчэ быў весялейшы, як хмель пачынаў туманіць яго лахматую галаву. Колас. Бяседа ўжо ўвайшла ў тую каляіну, калі хмель развязвае языкі нават маўклівым людзям. Сабаленка. // перан. Стан пад’ёму, узбуджанасці, выкліканы чым‑н. Калі ж іх [грошай] не стала, Пад хмелем азарту Паклаў Фенька Рваны гадзіннік на карту. Арочка.

•••

Пад хмелем (пад хмяльком) — у стане лёгкага ап’янення. — А гэта?.. — зноў выкрыквае Клаўдзя пад хмелем. — Помніш, як спектакль у Рудні ставілі? Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шапта́ць, шапчу, шэпчаш, шэпча; незак., што і без дап.

1. Гаварыць, вымаўляць вельмі ціха, шэптам. Шаптаць на вуха. Шаптаць малітвы. □ Губы .. [Людмілы] шапталі гнеўныя пракляцці тым, хто ўчыніў такую лютую бойню. Якімовіч. — Саша... Саша... Ты ж сама прыгажосць... — шаптаў Малашкін, гладзячы руц Сашы, — з табою жыць і паміраць. Пестрак. // перан. Утвараць якія‑н. ціхія гукі (слабы шум, шолах і пад.). Шэпча жыта, нібы стогне Здушанай тугою. Колас. Зноў так радасна шэпчуць дубровы. Кляшторны.

2. Перадаваць якія‑н. чуткі па сакрэту, тайна. І не толькі яны [Сцёпка з Борам] — уся вуліца шаптала пра Міхалку. Баранавых. — Каму ж, хлопцы, пачаць, як не нам? Можа, напалохаюць тыя, што будуць шаптаць з-за вугла ды чакаць паратунку з-за мора. Брыль.

3. Шэптам замаўляць, чараваць. Матруна ёй [шаптусе] цягала Адзенне, грошы, сала, — Амаль усё занесла, што было, А тая ўсё шаптала, чаравала. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкра́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. што, чым і без дап. Пакідаючы драпіны ці зачэпліваючы, вадзіць чым‑н. вострым ці цвёрдым па якой‑н. паверхні. Як толькі ён [Рэкс] заўважыў, што мяне няма ў бліндажы, падышоў да дзвярэй і давай шкрабаць кіпцюрамі, прасіцца, каб яго выпусцілі на двор. Пальчэўскі. Нават вярбы не было відаць, хоць галіна шкрабала шыбу зусім блізка. Шамякін. А потым зноў елі моўчкі, толькі чулася, як шкрабалі лыжкі ў талерках. Гаўрылкін. // Разм. Чухаць, скрэбці асобныя часткі цела. Грэчка шкрабае за вухам, хоча нешта сказаць, але тут умешваюцца другія кабеты, і ён маўчыць. Няхай.

2. Зачэпліваючы за што‑н., скрабучы па чым‑н., утвараць шум, шапаценне, шоргат. Па тратуары шкрабалі чыесьці падэшвы... «Работніца і сялянка». Маці ўжо шкрабае доўгім ключом-адмычкай, прасунутай праз дзірку ў вушаку. Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпале́ра, ‑ы, ж.

1. Уст. Насценны бязворсавы дыван ці абівачная тканіна, якія маюць сюжэтны ці пейзажны малюнак, выкананы ўручную.

2. толькі мн. (шпале́ры, ‑аў). Рулонная, звычайна ўзорыстая, папера для абклейкі сцен, столі. Сцены былі, відаць, абтынкаваны, гладкія і абклеены шпалерамі блакітнага колеру. Ермаловіч.

3. звычайна мн. (шпале́ры, ‑аў). Спецыяльная рашотка або нацягнуты на жэрдкі дрот, па якіх падымаецца ўверх расліна ці да якіх падвязваюцца галіны дрэў, каб надаць ім пэўную форму. Ставіць вінаграднікі па шпалеры.

4. толькі мн. (шпале́ры, ‑аў). Рады, шарэнгі салдат, якія стаяць па абодва бакі руху каго‑, чаго‑н. Кола паліцэйскіх і шпалеры жандараў расступіліся і, прапусціўшы да шыбеніцы машыны, зноў самкнуліся. Машара. // Роўныя рады дрэў ці хмызняку, пасаджаныя па абодва бакі дарогі, сцежкі. Тут [у парку] былі пракладзены геаметрычна правільныя, радыусамі да цэнтральнай круглай пляцоўкі прамыя алеі, акружаныя стрыжанымі шпалерамі. Гавеман.

[Ад ням. Spalier, з іт. spalliera.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лёс I (род. лёсу) м.

1. (стечение обстоятельств) судьба́ ж.; рок;

л. звёў іх зноў — судьба́ свела́ их сно́ва;

2. (условия дальнейшего существования) судьба́ ж.;

ду́маць аб лёсе дзяржа́вы — ду́мать о судьбе́ госуда́рства;

лёсы наро́даў — су́дьбы наро́дов;

3. (положение в жизни) до́ля ж.; судьба́ ж., судьби́на ж., у́часть ж., уде́л; жре́бий; предназначе́ние ср., предопределе́ние ср.;

◊ на во́лю лёсу — на во́лю ро́ка; на произво́л судьбы́;

па во́лі лёсу — во́лею су́деб;

іро́нія лёсу — иро́ния судьбы́;

выпрабо́ўваць л. — искуша́ть судьбу́;

гаспада́р свайго́ лёсу — хозя́ин сво́ей судьбы́;

вы́рашыць л. — (чый) реши́ть судьбу́ (чью);

выбра́ннік лёсу — избра́нник судьбы́

лёс II (род. лёсу) м., геол. лёсс

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Па 1 — прыіменная прыстаўка. Вытворныя з гэтай прыстаўкай маюць значэнне ’прадмет, падобны да таго, што названа ўтваральным словам, але які не з’яўляецца ім у поўнай меры’ (Сцяцко, Белар. словаўтв., 227), параўн. пазара́нак, паве́ка, па́сын і г. д. У канфіксальных утварэннях магчымы і іншыя значэнні: ’месца, прастора, дзе было тое, што названа ўтваральным словам’, ’меншая мера праяўлення з’яў, якія названы ва ўтваральным слове’ і г. д. (гл. Сцяцко, там жа, 241 і наст.). Агульнаслав., параўн. рус., укр. па‑, ст.-слав. па‑, польск., чэш., славац. pa‑, серб.-харв. па̏‑ і г. д. (гл. Мейе, Études, 161). Прасл. pa‑; у дзеясловах ёй адпаведнае po‑, суадносна як і pra‑ : pro‑, par‑ : por‑. Аналагічная дваістасць у балт. мовах: літ. po‑ (у імёнах), pa‑ (у дзеясловах), ст.-прус. pa : pa; у авесц. pa : pa (гл. Траўтман, 203; Фасмер, 3, 181; ESSJ, 1, 160 і наст.). Параўноўваецца са ст.-прус. pa : pa ’под, пасля, суадносна’, літ. po ’пасля, под’, авесц. pa‑, pa‑ і г. д., (Траўтман, BSW, 203; Фасмер, 3, 181; у Фасмера гл. і інш. літ-ру).

Па 2 (прасл. po, pa‑). Прыназоўнік і прыстаўка. Агульнаславянскае, параўн. рус. по, польск. po, балг. по і г. д. Іншая ступень вакалізму прыстаўкі: pa‑ — у імёнах. Адпаведнікі ў іншых і.-е. мовах: літ. pa‑, іменны прэфікс pó‑, лат. pa, ст.-прус. pa‑, po‑, лац. po‑ ў positus ’які пастаўлены’, pōnō ’стаўлю, кладу’, алб. pa ’без, зноў’, хец. pē ’туды’ (Траўтман, 203; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1), грэч. έπᾱ ’ад’, ст.-інд. ā́pa ’прэч’. З прычыны поліфункцыянальнасці і вялікага семантычнага аб’ёму слав. po ўзводзіцца часткова і да і.-е. *pos, якое прадстаўлена ў літ. pas ’пры, у’, pãstaras ’апошні’, ст.-інд. pacca ’ззаду, следам, пазней’, лац. post ’потым’ (Мейе, Études, 155; Уленбек, 167). Гл. таксама Фасмер, 3, 292 і наст.; ESSJ, 1, 178 і наст.

Па 3 ’асобная фігура ў танцы’ (ТСБМ). З франц. pas ’крок’, відавочна, праз рус. па ’тс’ (Параўн. Крукоўскі, Уплыў, 84).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЕ́ЛЬСКІЯ,

княжацкія і баярскія роды ў ВКЛ і Маскоўскім вял. княстве. Існавалі 2 роды Бельскіх, не звязаныя сваяцтвам: Бельскія-Рурыкавічы і Бельскія-Гедзімінавічы. Родапачынальнік Бельскіх-Рурыкавічаў — кн. Іван Міхайлавіч Морткін-Бельскі з роду яраслаўскіх князёў. Адзін з яго сыноў, Леў Іванавіч, выехаў у ВКЛ. Яго нашчадкі жылі да 1800 у Віленскім, Берасцейскім і інш. ваяводствах. Родапачынальнік Бельскіх-Гедзімінавічаў — Алелька (пасля хрышчэння Уладзімір), унук вял. князя ВКЛ Гедзіміна. Ён меў сыноў Алельку (пасля хрышчэння Аляксандр, родапачынальнік кн. Пінскіх і Слуцкіх — Алелькавічаў), Івана (ад яго пайшлі Бельскія) і Андрэя Уладзіміравічаў.

Іван Уладзіміравіч (? — пасля 1446), упамінаецца з 1411. Валодаў г. Белая на р. Обша (Смаленская вобл.). Быў намеснікам у Ноўгарадзе (1445—46). Меў 7 дзяцей, у т. л. сыноў Фёдара і Сямёна. Фёдар Іванавіч (?—?), сын Івана Уладзіміравіча, упамінаецца з 1476 як «князь Фюдар з Белай». Належаў да апазіцыі Казіміру IV Ягелончыку, у 1481 удзельнічаў у змове князёў супраць яго, на 2-і дзень пасля шлюбу з Ганнай Сямёнаўнай з роду князёў Кобрынскіх быў вымушаны ратавацца ўцёкамі. З 1482 у Маскве. Казімір IV Ягелончык, а пазней і яго сын Аляксандр не адпускалі Ганну з Кобрына. Спробы Фёдара Іванавіча, які стаў баярынам Маскоўскага вял. княства, вызваліць жонку вынікаў не далі. У 1493 ён спрабаваў вярнуцца ў ВКЛ, за што сасланы ў Галіч. У 1497 памілаваны, у 1498 ажаніўся з разанскай князёўнай Ганнай Васілеўнай, пляменніцай вял. кн. Івана III Васілевіча. У 1499 Фёдар Іванавіч быў ваяводам коннага войска, пасланага пад Казань. У час вайны Маскоўскай дзяржавы супраць ВКЛ 1500—03 удзельнічаў у беспаспяховай аблозе Смаленска. У 1506 зноў удзельнічаў у паходзе на Казань. Сямён Іванавіч (? — пасля 1507), сын Івана Уладзіміравіча. У 1500 незадаволены сваім становішчам у ВКЛ перайшоў з гарадамі Чарнігаў, Старадуб, Гомель, Любеч на службу да вял. кн. маскоўскага Івана III Васілевіча. Адзін з ініцыятараў войнаў Маскоўскай дзяржавы супраць ВКЛ на пач. 16 ст. Дзмітрый Фёдаравіч (каля 1500—13.1.1551), сын Фёдара Іванавіча, дзярж. дзеяч Рус. дзяржавы, баярын з 1530, ваявода. Адзін з рэгентаў пры малалетнім вял. кн. маскоўскім Іване IV. Іван Фёдаравіч (? — май 1542), сын Фёдара Іванавіча, дзярж. дзеяч Рус. дзяржавы, баярын з 1522, ваявода. З лета 1540 «першадарадца» Івана IV Грознага. На пач. 1542 скінуты Шуйскімі, сасланы на Белавозера і там забіты. Сямён Фёдаравіч (?—?), сын Фёдара Іванавіча, баярын з 1522. У 1534 уцёк у ВКЛ. Пасля ўдзельнічаў у паходах супраць Рус. дзяржавы (1535, 1541). Іван Дзмітрыевіч (? — 24.5.1571), сын Дзмітрыя Фёдаравіча, дзярж. дзеяч часоў Івана IV Грознага, баярын з 1560, ваявода. Удзельнічаў у 1563 у Лівонскай вайне 1558—83, у Земскім саборы 1566. Загінуў разам з сям’ёй у час наезду на Маскву крымскіх татар хана Даўлет-Гірэя. Акрамя таго, вядома некалькі польск. шляхецкіх родаў Бельскіх, сярод якіх у 18 ст. сустракаюцца бароны і графы, і дваранскі род Бельскіх у Расіі (выйшаў з Валыні).

Л.​Р.​Казлоў, А.​М.​Нарбут.

т. 3, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)