сварыцца, сваруся, сварыліся, сварыцца; незак.

1. Распачынаць сварку з кім‑н., лаяцца з кім‑н. Сышліся бабы ды давай сварыцца, лаяць адна адну. Зарэцкі. Не хацелася Сцёпку з бацькам сварыцца. Колас. І не нясі, і не мілуй, А то з дарогі лёгка збіцца. І асцярожна! Не цалуй!.. Ну, як з табою не сварыцца! Танк. / у перан. ужыв. За ўтульны дамок на ліпе сварацца з вераб’ямі шпакі. Лужанін.

2. Крычаць на каго‑н., лаяць каго‑н. І калі сёння ўранні.. [камендант] сварыўся на Коўціка і гаварыў, што ёсць людзі, якія могуць яго замяніць на пасадзе начальніка раённай паліцыі, меў якраз на прымеце Шылахвоста... Сачанка. — Не паслухала! — зноў пачаў сварыцца на Улю бацька. — Ці бачылі, разумніца якая?! Паўлаў. Аднак маці, якая звычайна любіла, калі дачка лашчылася да яе, чамусьці злавала і сварылася на Люсю. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)