каштава́ць 1, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

1. Мець тую або іншую цану, грашовую вартасць. — Вазок дроў каштуе пяць рублёў. Гартны. Вера Антонаўка ведала гісторыю кожнай рэчы, якая была ў доме, магла сказаць, калі і дзе яе купіла, колькі яна каштавала. Карпаў.

2. Абыходзіцца ў якую‑н. суму, патрабаваць якіх‑н. затрат. Цікава, дзядзька, а колькі такое будаўніцтва будзе каштаваць? Мыслівец. // Патрабаваць якіх‑н. намаганняў, абыходзіцца ў што‑н. — Як паспытаеш свой горкі кавалачак хлеба, тады зразумееш, чаго ён каштуе. Грамовіч. Камісара трэба вызваліць, чаго б гэта ні каштавала. Кулакоўскі.

каштава́ць 2, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

1. Спрабаваць ежу, піццё на смак, на гатоўнасць і інш. Каштаваць яблык. Каштаваць страву. // (з адмоўем і са словамі «даўно», «ніколі»). Есці або піць. Такіх піражкоў настаўніку ніколі не даводзілася каштаваць, ён еў з ахвотаю і хваліў кухарскія здольнасці бабкі Параскі. Колас. — Я ўжо смак гарэлкі забыўся: не каштаваў бадай тры гады... Бядуля.

2. перан. Зазнаваць, зведваць, пераносіць. — Не знайшлі нідзе работы, — так .. [браты] бацькам гавораць, — пазбівалі толькі боты, каштавалі многа гора... Дубоўка. [Комлік:] Дарэмна вы, Мікіта Мікітавіч, мы ж усё-такі з вамі некалі разам падполля каштавалі. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Барэ́ц1 (спарт.). Мабыць, запазычанне з рус. боре́ц (гэта слова, відаць, праславянскае — nom. agentis з суф. *‑ьcь ад *borti () ’змагацца’, гл. баро́цца; вельмі няпэўна Шанскі, 1, Б, 167: утварэнне ад *borъ ’барацьбіт’).

Барэ́ц2 ’расліна баршчэўнік сібірскі, Heracleum sibiricum L.’ (Кіс.). Укр. борец ’Heracleum Sphondylium L.’ (Макавецкі, Sł. botan., 178). Ад слав. *borьcь (< *borti (), гл. баро́цца). Матывацыя не зусім ясная. Магчыма, таму, што сцябло расліны пакрыта цвёрдымі валаскамі. Але не выключаецца, што назва дадзена ад моцнасці расліны (вышыня яе 90–200 см). Нарэшце, можна думаць і пра іншую матывацыю: расліна мае вострае лісце (адсюль і яе назвы ад асновы *bъrščь, Фасмер, 1, 198, гл. боршч, баршч; супраць такой этымалогіі Мяркулава, Очерки, 61–62). Цікава, што навуковая назва расліны — Heracleum узнікла ад імя антычнага героя Геракла (як думаюць, таму, што расліна вельмі моцная, высокая і мае лячэбныя ўласцівасці; Сімановіч, 229; Нейштадт, Определитель, 422).

Барэ́ц3 ’расліна мардоўнік, Aconitum L.’ (Інстр. II). Рус. боре́ц, укр. боре́ць, боре́ц. Бясспрэчна, ад *borti () (гл. баро́цца). Расліна Aconitum вельмі ядавітая і з яе рабілі атруту для ваўкоў. Нейштадт, Определитель, 254–255; Сімановіч, 8; Махэк, Jména rostl., 46. Параўн. яшчэ іншыя назвы для Aconitum: рус. волкобой, чэш. vlčí mor, psí mor, славен. pasja smrt, лац. aconitum lycoctonum, cynoctonum і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Напашэ́ве ’пад рукамі, нагатове, у патрэбную хвіліну’ (слуц., Вітка, Полымя, 1988, 7, 201), ’на такім месцы, дзе можна ўзяць адразу, не шукаючы’ (слуц., Нар. словатв.), напашэ́я ’пад рукою, навідавоку’ (дзярж., Нар. сл.), напашэўку ’пад рукамі, пад рукой’ (мін., Жыв. сл.; стаўбц., Нар. сл.; Янк. Мат.; шчуч., Сцяшк. Сл.), ’блізка, пад рукамі’ (Сл. ПЗБ). Відаць, са спалучэння на пашэве, дзе другая частка — назоўнік у месным склоне *пашэ́ва ці *пашэ́ў ’похва’, параўн. польск. poszew, poszwa ’тс’, першапачаткова ’трымаючы руку на похве са зброяй’; у выпадку спалучэння на пашэўку — ’паклаўшы руку на похву’, параўн. польск. poszewka ’похва’, усё да шыць, шво (гл.). Магчыма і іншая версія, якая ўлічвае наяўнасць у радзе славянскіх моў прыслоўяў тыпу польск. poszewo ’коса, нахілена, крыва’ (магчыма, да szawiać ’кранаць, рухаць’, што Брукнер (542) параўноўвае з chwiać, параўн. ша́ваць ’рухаць’, рус. шевелить ’тс’), славен. pošev ’коса’, асабліва napošev ’коса, накасяк’, што дае падставы гаварыць аб адноснай старажытнасці слова, аднак адсутнасць фіксацыі зыходнай формы ў беларускіх гаворках прымушае лічыцца з магчымасцю запазычання. У карысць апошняй версіі сведчыць, магчыма, і ўкр. на‑похваті ’навідавоку, пад рукой’, дзе другая частка — аддзеяслоўны назоўнік похват (да хватати ’хапаць’); тады магчымае *пашэў ’рух, крананне’ (да шаваць ’рухаць, кранаць’). Цікава, што пры гэтым захоўваецца фармальная суадноснасць з іншым варыянтам назвы ножнаў — похва, што не выключае магчымых збліжэнняў у развіцці семантыкі слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ведь

1. союз; при переводах всегда опускается и соответствующий оттенок фразы компенсируется прибавлением к первому слову част. ж (после гласной) или жа (после согласной);

веди́ нас, ведь ты зна́ешь доро́гу вядзі́ нас, ты ж ве́даеш даро́гу;

а ведь я вам говори́л! а я ж вам каза́ў!;

2. част.; переводится словами гэ́та, дык, также с част. ж (жа);

ведь я и не спо́рю! дык я і не спрача́юся!;

ведь вот как интере́сно! гэ́та ж вунь як ціка́ва!.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

размалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.

1. Пакрыць рознымі, звычайна яркімі, фарбамі; упрыгожыць, намаляваўшы ўзор, арнамент і пад. Размаляваць вазу. Размаляваць сувенірную талерку. □ Калоны некалі былі белыя. У вайну іх размалявалі зялёнымі і чорнымі пісягамі маскіроўкі. Савіцкі. / у перан. ужыв. Я.. загледзеўся .. на залатыя ўзоры, якімі размалявала сонца ствалы дрэў, кусты і леташні сівец. Ляўданскі. // Разм. Ярка і груба нафарбаваць; нагрыміраваць твар. // Зрабіць сатырычны, карыкатурны малюнак на якую‑н. тэму. Калі яго размалявалі ў газеце, усе мужчыны смяяліся, а Дзіма надзьмуўся, некуды схаваўся і нават абедаць не прыйшоў. Даніленка. // Разм. Нарабіць сінякоў каму‑н. [Міхаіл Пятровіч:] — Ну і размалявалі цябе... Цяпер мне зразумела, чаму жаўтуха. Цябе, хлопча, білі, дык білі, не шкадуючы... С. Александровіч. «Нябось не прызнаецца ёй, хто яго так размаляваў!» — адзначыў сам сабе: мне вельмі хацелася, каб паненка даведалася, што менавіта я аддубасіў так яе прыяцеля!» Карпюк.

2. перан. Паказаць у прыхарошаным выглядзе, перабольшыць значэнне чаго‑н. Кудрынскі мог цікава размаляваць самую [непрыглядную] рэч, яна набывала асаблівае хараство ў слухачоў. Лужанін. Слесар з суседняга ўчастка гаварыў: «Душу мне пячэ гэта паперка. Паўтары нормы даў, размалявалі, распісалі. А мне сорамна людзям у вочы глядзець». Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Варыцца ў закрытай пасудзіне пры дапамозе пары.

2. Мыцца ў гарачай лазні з парай. Лазня была прасторная і выгодная. Адна палавіна была адведзена для раздзявальн[і], а ў другой мыліся і парыліся. Колас. Цікава.. [Людвіку] было паглядзець, што за лазня ў беларускай вёсцы і як у ёй трэба парыцца. Кулакоўскі.

3. Разм. Знемагаць, знясільвацца ад духаты, ад спякоты. Баравінчане не надта горача выказваліся за пабудову і не надта горача супярэчылі, хоць гадзіны дзве парыліся ў кажухах. Сташэўскі. З усіх, хто ў зале, бадай адзін.. [Веньямін] парыцца ў чорным пінжаку з вялікімі адвіслымі лацканамі. Навуменка. // перан. Доўга і старанна працаваць над чым‑н., што не ўдаецца. Парыцца над задачай. // перан. Марнавацца, пакутаваць. [Калатухін:] У цябе б, Сізоў, павінна быць светла. Вырваўся так удала! Іншыя там парацца на губе! Мележ.

4. Вылучаць пару пад уздзеяннем цяпла на што‑н. халоднае. Учора дождж.. прайшоў. Парыцца на сонцы вуліца. Колас. — Парыцца зямля, — неяк летуценна кажа Пятрок. — Самая пара сеяць. Хадановіч.

5. Зал. да па́рыць (у 1–5 знач.).

пары́цца, ‑ры́юся, ‑ры́ешся, ‑ры́ецца; зак.

Рыцца некаторы час. Падбяжыць [Бадзюля], адкіне дзверцы, прысядзе, парыецца на ніжняй паліцы, зноў устане і курыць. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каза́н1 ’кацёл з круглым дном і шырокім верхам’ (БРС, ТСБМ, Касп., Радч., Рас., Шатал., Янк.), ’чыгунны кацёл’ (Нас.), ’чыгун, вялікі чыгун’ (Арх. ГУ; палес., З нар. сл.; Мат. Гом.), ’чыгунок’ (Др.-Падб.; рэч., Нар. сл.). Што датычыць лінгвагеаграфіі, цікава адзначыць, што Сл. паўн.-зах. гаворак улічвае толькі адну фіксацыю слова казан, якое паходзіць з Рагачоўскага раёна, г. зн. што слова вядомае ў паўн., усх. і палес. (усх.-палес.) гаворках. Паколькі яно безумоўна з’яўляецца запазычаннем, то гэта пранікненне з рус. мовы (кур., арл., тульск., маск., бран., цвяр., наўг.). Слова ведае і ўкр. мова, аднак крыніцай запазычання ўкр. казан для бел., як паказвае геаграфія, быць не магло. Рус. казан — запазычанне з усходу, параўн. тур., тат. kazan ’кацёл’. Ямельчанка (Тюркизмы, 168–169) адзначае, што казан ’вялікі кацёл’ цюрк. мовы ў ліку некаторых іншых слоў запазычылі з араб. або перс. мовы. Такая этымалогія не падтрымліваецца ў новых слоўніках, параўн., напр., БЕР, 2, 137, дзе аўтары супраць запазычання перс. hazgān у тур. мову; там жа адносна тур. kazan: kazmak ’капаць, дзяўбці, выразаць’.

Каза́н2 ’паглыбленне круглай формы на полі’ (рэч., Яшк.). Рэгіянальны перанос ад вядомага на гэтай тэрыторыі казан ’кацёл’. Тыпалагічныя паралелі: укр. кіравагр. казанок ’упадзіна круглай формы’, серб.-харв. kazan ’катлавіна’. Мадэль падобных пераносаў (назва посуду > геаграфічны тэрмін) шырока вядома ў славянскім свеце. Параўн. бел. кадоўб у такіх значэннях, рус. котел, славен. déža, дыял. рус. ендова і інш., агляд мадэлі гл. у Талстога, Геогр., 218–229.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казля́к1 ’масляк’ (БРС, ТСБМ; лаг., петр., Жыв. сл.; уздз., Нар. словатв.; брасл., гарад., лудз., Сл. паўн.-зах.; Сцяшк., Шат.), ’грыб Boletus bovinus’ (Дэмб.), ’грыб Boletus scaber’ (Яруш.), ’нейкі грыб’ (Прышч. дыс., Сержп., Яруш.), ’перцавы грыб’ (уздз., Нар. словатв.), ’усякі грыб’ (Бяльк.), ’усе грыбы, апрача баравікоў’ (Арх. ГУ; глус., мазыр., стаўбц., Жыв. сл.; Маш.; шчуч., Сл. паўн.-зах.; Янк. 2), козляк: білый козляк ’грыб каўпак кольчаты, падбалацянка’ (пін., Жыв. сл.), козляк ’агульная назва ядомага грыба, апрача баравіка’ (бяроз., драг., іван., пін., Жыв. сл.), козлякы, козлек, кузлякы, кузлек ’тс’ (драг., Жыв. сл.), кузляк ’тс’ (стол., Жыв. сл.), козлякі ’агульная назва ўсіх ядомых грыбоў, акрамя баравікоў і падасінавікаў’ (пруж., Нар. словатв.). Укр. усх.-палес. казляк ’любы ядомы грыб, за выключэннем баравіка’, козляки ’тс’, рус. козляк ’грыб масляк; грыб абабак’ (першае лічыцца дыялектным: валд., наўг., цвяр., калін., бран., калуж., раз., ярасл., смален. і інш.). Лінгвагеаграфія не вельмі выразная. Улічваючы наяўнасць слова ў розных дыялектных зонах Беларусі і параўноўваючы вялікую рускую тэрыторыю распаўсюджання, казляк можна лічыць усх.-слав. інавацыяй. Бел. слова Сцяцко (Афікс. наз., 146) лічыць вытворным з дапамогай суфікса ‑як, відавочна, ад казёл, на карысць такой думкі паралельныя дэрываты ад казабел. казяк, рус. козьяк ’масляк, абабак’, аднак на магчымасць іншага тыпу дэрывацыі ўказваюць такія прыклады, як бел. швянч. казля ’масляк’ і козляк, козлячок, прыведзеныя Насовічам як дублеты да казёл, каза ў назвах грыбоў. Аб матывацыі гл. каза, казёл.

Казля́к2, казьляк ’размоклая рэч’ (Ян.). Перанос ад казля́к ’грыб’, цікава звярнуць увагу на літ. óžgrybis ’абабак’ і ’вялы чалавек, размазня’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

святле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца светлым або больш светлым. На шэрым небе цьмяна святлелі затуманеныя, буйныя зоры. Самуйлёнак. Ледзяныя ўзоры, здавалася, былі наліты крывёю — яны то святлелі, пераліваючыся расплаўленым золатам, то наліваліся густым барв[я]нцам. Лынькоў. // перан. Станавіцца радасным, прыветлівым. Але вось я заўважаю — [Вароніч] пачынае святлець, напружанасць яго спала, нарэшце з’явілася здагадлівая ўсмешка, і ён ужо, відаць разабраўшыся ў сім-тым, дачытваў апошнія радкі з выразам агіды і абурэння. Ракітны.

2. безас. Пра надыход раніцы, дня. Навокал святлела, адплывалі кудысьці ўверх апошнія прыцемкі ночы, па зямлі крочыла зімняе світанне. Бураўкін. Добрыя вярсты тры прайшоў Пракоп, калі ў полі пачало святлець, займацца на дзень. Колас. Бярэцца пад дзень. Святлее. Бядуля. // перан. Пра ўзнікненне радаснага, добрага, вясёлага настрою. Прыемна і цікава было бачыць, як за адну ноч усё раптам робіцца не такім, як учора, набывае новы выгляд, нібы аднаўляецца. Не дзіўна, што ад гэтага і ў душы святлее. Шамякін.

3. перан. Станавіцца больш ясным, ураўнаважаным (пра свядомасць, думкі і пад.). Але паступова думкі.. [Максіма] святлелі. Шамякін. / у безас. ужыв. І тут, мусіць ад напружання, у галаве раптам святлее. Карпюк.

4. Выдзяляцца сваім светлым колерам; віднецца. Недзе ўгары слаба святлела невялічкая адтуліна. Лынькоў. Адзенне пакамечанае, забруджанае, толькі дзе-нідзе святлелі жоўтыя кружочкі латаў. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кало́шы1 ’капялюхі, пласцінчатыя спажыўныя грыбы з шырокай светла-бураватай шапкай і на высокай ножцы з венчыкам’ (карэліц., Нар. словатв.). Відавочна, маецца на ўвазе грыб Lepiota procera, які, паводле даных Клімчука (Жыв. сл., 187), на Брэсцка-Пінскім Палессі і ў шэрагу гаворак Беларусі носіць назвы ворона, дрона, каня, ковпак, курка (адзначаны і шэраг варыянтаў). Звяртае на сябе ўвагу спецыфіка беларускіх назваў (суаднясенне з тэрмінамі для птушак), параўн., напрыклад, укр. у Макавецкага, 10: бабка, білянка, іванец, колпак, пражівка і інш. Відавочна, што семантыка капялюх або палес. ковпак, укр. колпак, рус. зонтик не дапамагае зразумець унутраную форму разглядаемай назвы, якая з’яўляецца як быццам спецыфічна беларускай. Фармальная сувязь з калоша ’калашына’ вымушае прааналізаваць магчымую сувязь названых лексем. Найбольш імаверна, як здаецца, лічыць істотнай асаблівасцю грыба полую высокую ножку, якая сама па сабе можа быць успрынята як калашына. Цікава прывесці зафіксаваную для шампіньёна назву калошкі (Сл. паўн.-зах.), паколькі гэта і роднасны (у плане сістэматыкі) да капялюха грыб і таксама мае і манжэтку, і полую ножку. Цікава, што назву можна было б разгледзець і ў плане спецыфічнай мадэлі «птушыных» назваў, разумець тэрмін для грыба як субстытут «птушынай» назвы, дзе калоша ’птушка з аброслымі пер’ем нагамі’, параўн. тураў. пеўні. Можна спаслацца на адзначаную Клімчуком, там жа, 198, палес. назву для пласцінчатых грыбоў грыбы с пірʼем. Што датычыць назвы грыбоў, спашлёмся на зафіксаваную намі ў Мінску чулочки ’нейкі грыб’ і ўкр. панчошка ’грыб Rozites caperata’, укр. тэрмін для якога ковпак і рус. колпак знаходзяць паралель у бел. колпак для Lepiota прыведзенай вышэй. Не вельмі ясна назіраецца тут субстытуцыя тэрмінаў або мясцовая назва грыба Lepiota — характарыстыка яго доўгай і стракатай ножкі. Той факт, што адзначана ўжыванне калошкі ’шампіньёны’, сведчыць, відаць, пра наяўнасць пераносу назвы, аднак няясна, які грыб мог першапачаткова быць так названы.

Кало́шы2 ’абутак з гумы, галёшы’ (Бяльк., Сцяц. Нар., Сцяшк.), калош (Сцяц. Нар., Сцяшк.). Паводле Сцяцко (Нар., 149), слова ведаюць у шэрагу раёнаў Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Тое ж і ў Сл. паўн.-зах. (калошы і калошкі). Фіксацыя ў Бялькевіча адлюстроўвае іншую крыніцу: формы калош, як і літар. галёш разам з формай у мн. ліку відавочныя запазычанні з польск. kalosz, kalosze (з XIX ст.), форма galosz засведчана ў Ліндэ. У слав. мовах прадстаўлены формы і з пачатковым k‑ і g‑. Лічыцца, што крыніцай польск. і іншых лексем з’яўляецца ням. Galosche, вядомае і ў больш архаічным напісанні Kalosche, што, магчыма, тлумачыць і розныя варыянты слова ў іншых мовах. Слаўскі (2, 31) звяртае ўвагу на тое, што форма galosz можа непасрэдна паходзіць з франц. galoche ’(скураны) галёш’. Ням. лексема запазычана з франц., паходжанне якой не вельмі яснае; былі прапанаваны розныя гіпотэзы. У прыватнасці, меркавалі аб пераробцы лац. calopus ’капыты’, calopodia ’драўляныя сандалі’. Была спроба суаднесці франц. слова з лац. gallica, gallicula ’гальскі абутак (абутак, які насілі галы)’, паколькі з пункту гледжання рэалій спецыяльны від абутку хутчэй мог быць запазычаны. Параўн. вышэй калодкі як відавочна незалежную реалію; не выключана, аднак, што яе неабходна разумець у больш шырокім кантэксце еўрапейскага драўлянага абутку. Аднак і ў такім выпадку ў плане генезісу больш імавернай з’яўляецца першая версія. Не выключана, што ў франц. назве адлюстраваны вандроўны тэрмін, з якім суадносіцца лац. calcea і інш., гл. падрабязней пад калоша.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)