парадак недасканалых грыбоў. 1 сям. — меланконіевыя. Каля 120 родаў і 1000 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 150 відаў з родаў глеяспорый, калетатрыхум, кабатыела, карынеў, марсаніна, меланконій, паліспора, песталоцыя, цыліндраспорый, энтамаспорый. Сапратрофы і паразіты, узбуджальнікі небяспечных хвароб с.-г. раслін (выклікаюць плямістасці і язвы, або антракнозы).
Міцэлій грыбоў добра развіты, септаваны, галінасты, гаплоідны, складаецца са шмат’ядравых клетак. Канідыяносцы кароткія, адна-і шматклетачныя, бясколерныя або афарбаваныя, сабраныя разам на ложы (асн. прыкмета парадку). Ложа мае выгляд падушачкі або дыска, з асновай са шчыльнага спляцення гіфаў міцэлію і зверху прыкрыта кутыкулай, эпідэрмісам або перыдэрмай. Канідыі аднаклетачныя, размешчаныя на канідыяносцах адзіночна ці ланцужкамі. У цыкле развіцця некат. відаў назіраюцца сумчатыя стадыі (у асн.пірэнаміцэты і дыскаміцэты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ХІ САПРА́ЎДНЫЯ (Muscidae),
сямейства насякомых атр. двухкрылых. Каля 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Каля 50 сінантропных відаў. На Беларусі больш за 200 відаў. Найб. трапляюцца прадстаўнікі родаў: афіра (Ophyra), гнаявіцы (Mesembrina), жыгалкі (Stomoxys), зубаножкі (Hydrotaca), мухі дамавыя (Muscina), М.с. (Musca), фанія (Fannia) і інш. Звычайныя віды; жыгалка асенняя, муха пакаёвая, афіра беларотая (O. leucostoma), гнаявіца чорная (M. meridiana), муха палявая жывародная (Musca larvipara) і інш.
Даўж да 15 мм. Цела бурае, жоўтае, шэрае, чорнае з метал. бляскам (зялёным або сінім). Большасць відаў корміцца і развіваецца ў арган. тканках і рэштках, некат. — драпежнікі і крывасмокі, ёсць паразіты (на саранчовых і джалячых перапончатакрылых).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУХАЕ́ДЫ (Mallophaga),
атрад насякомых. 2 падатр.: П. сапраўдныя (Amblycera) і пёра- і валасаеды (Ischnocera). Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Паразіты млекакормячых (валасаеды) і птушак (пер’яеды — Philopteridae). Жывуць на пёрах, валасах, скуры, унутры стрыжня пяра, у роце гаспадароў. Большасць прыстасавана да пэўных гаспадароў; пры масавым заражэнні зніжаюць іх жыццяздольнасць. На Беларусі каля 20 відаў; найб. трапляюцца пер’яеды: галубіны (Columbicola columbae), качыны (Anatoecus dentatns), курыны (Goniocotes gallinae) і інш., з валасаедаў — кашэчы і сабачы.
Даўж. да 11 мм. Цела пляскатае, бяскрылае. укрытае шчацінкамі, жоўта-карычневае. Вочы рэдукаваныя. Вусікі кароткія, 3—5-членікавыя. Ротавыя органы грызучыя. Кормяцца пер’ем, валасамі, арагавелымі часцінкамі і эпідэрмальнымі лускавінкамі скуры, крывёю. Раздзельнаполыя. Развіццё з няпоўным ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
акары́дыі
(н.-лац. acaridiae)
група кляшчоў атрада акарыформных, сярод якіх многія — шкоднікі збожжа, сельскагаспадарчых прадуктаў, паразіты жывёл і чалавека.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
зоапаразі́ты
(ад зоа- + паразіты)
жывёлы, якія шматкратна харчуюцца за кошт іншых жывёл, не забіваючы іх, напр. многія прасцейшыя, гельмінты, насякомыя.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГРЫ́ФАЛА (Grifola),
род губавых базідыяльных грыбоў сям. албатрэлавых. Вядомы 3 віды. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі 2 рэдкія віды: грыфала парасонавая, або губа разгалінаваная (G. umbellata), і грыфала кучаравая, або грыб-баран, занесеныя ў Чырв. кнігу. Паразіты. Растуць каля ствалоў дрэў, пнёў пераважна лісцевых парод, зрэдку на драўніне. Выклікаюць стрыжнёвую гніль асновы ствала і каранёвай часткі. Пладаносяць у канцы лета і восенню. Ядомыя, з добрымі смакавымі ўласцівасцямі.
У грыфале парасонавай пладовае цела дыям. да 50 см і масай да 4 кг. Складаецца са шматлікіх пянькоў з агульнай асновай. Шапкі суцэльнакрайнія, іншы раз хвалістыя, з невял. паглыбленнямі ў цэнтры, палевыя, светла-вохрыстыя, шэра-карычневыя, гладкія, зрэдку дробналускаватыя. Тканка белая, мясістая, з узростам валакністая, з характэрным кропавым пахам і прыемным смакам. Гіменафор трубчасты. Споры амаль цыліндрычныя ці верацёнападобныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАЎРО́ТКІ (Rotatoria),
клас чарвей падтыпу першаснаполасцевых. 3 атр., каля 2000 відаў. Пашыраны па ўсім свеце ў вадзе. На Беларусі каля 100 відаў. Уваходзяць у склад бентасу і планктону.
Адзіночныя, каланіяльныя, рухомыя і прымацаваныя формы.
Даўж. 0,01—2,5 мм. Бясколерныя і каляровыя, двухбаковасіметрычныя. Цела выцягнутае ці шарападобнае, звычайна падзелена на галаву, тулава і нагу, укрыта кутыкулай або панцырам. На галаве калаўротны апарат — сістэма раснічак, з дапамогай якіх К. перамяшчаюцца і кормяцца. Большасць К. адкладвае яйцы, ёсць жывародныя. Размнажэнне аднаполае (партэнагенез) або спалучаецца з двухполым (гетэраганія). Пры неспрыяльных умовах К. ўпадаюць у анабіёз. Паліфагі, кормяцца водарасцямі, бактэрыямі, дэтрытам; ёсць драпежнікі і паразіты беспазваночных і раслін. Удзельнічаюць у ачышчэнні вадаёмаў; корм для планктонаедных малявак рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАПЫ́, паўцвердакрылыя,
атрад насякомых. Вядомы з мезазойскай эры (каля 200 млн г. назад). 50 сям., больш за 30 тыс. відаў. На Беларусі каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на сушы (паверхня і верхні слой глебы, расліны), на паверхні вады і ў вадзе (водныя расліны, дно).
Даўж. ад 0,7 мм да 12 см. Крылаў 2 пары, пярэднія неаднародныя: верх перапончаты, аснова цвёрдая, скурыстая (адсюль назва), ёсць кароткакрылыя і бяскрылыя (пасцельны клоп) формы. Ротавы апарат колюча-сысучага тыпу, складаецца з членістага хабатка, утворанага скручанай у трубку ніжняй губой і 2 парамі стылетаў (верхнія і ніжнія сківіцы). Ёсць пахучыя грудныя залозы. Развіццё з няпоўным ператварэннем (стадыя кукалкі адсутнічае). Большасць К. корміцца сокамі раслін (у асн., генератыўныя органы і насенне), некаторыя — драпежнікі, крывасмокі, паразітыінш. жывёл. Могуць пераносіць узбуджальнікаў вірусных хвароб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ХІ МЯСНЫ́Я, мухі падлавыя,
агульная назва 2 сям. двухкрылых насякомых: М.м. (Calliphoridae) і М.м. (Sarcophagidae). Больш за 2,9 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і ва ўмераных шыротах. На Беларусі найб. пашыраны прадстаўнікі родаў: акрафага (Acrophaga), каліфара (Calliphora), М.м. зялёныя (Lucilia), М.м. сінія (Cynomyia), паленія (Pollenia), пратаформія (Protophormia) і інш.Найб. трапляюцца М.м.: звычайная (Lucilia caesar), зялёная (L. sericata), шэрая (Sarcophaga carnaria) і інш.
Даўж. да 20 мм. Афарбоўка зялёная, сіняя, цёмна-шэрая, чорная з метал. бляскам. Лічынкі жывуць і кормяцца на трупах жывёл, мясных і рыбных прадуктах, у памыйных ямах; многія — паразіты млекакормячых, птушак, амфібій, малюскаў, насякомых, чарвей. Дарослыя трапляюцца на тых жа субстратах, акрамя таго — на кветках, спелай і пашкоджанай садавіне, выдзяленнях тлей.