ЭЎАСКАМІЦЭ́ТЫ (Euascomycetidae),

падклас сумчатых грыбоў. Паводле тыпу пладовых цел і аскаў адрозніваюць 3 групы парадкаў: дыскаміцэты, пірэнаміцэты, плектаміцэты. Каля 20 тыс. відаў. Найб. значныя — эрызіфавыя, спарыннёвыя, гелоцыевыя, пецыцыевыя, труфелевыя. Пашыраны ўсюды. Большасць Э. — сапратрофы. Трапляюцца на розных субстратах, некат. мікарызаўтваральнікі. Ёсць паразіты вышэйшых раслін, жывёл і чалавека, узбуджальнікі хвароб — плямістасцей, раку раслін, дэрматамікозаў, мікозаў і інш.

Сумкі ўтвараюцца ў пладовых целах — клейстатэцыях, перытэцыях, апатэцыях. на галінастых аскагенных гіфах. Вегетатыўныя гіфы аплятаюць сумкі і аскагенныя гіфы, што развіваюцца, і ўтвараюць шчыльную покрыўную тканку. Памеры пладовых цел ад 1—2 мм да 15—20 см.

Літ.:

Стрельская О.Я. Низшие растения: Систематика. Мн., 1985.

С.​Л.​Бельская.

т. 18, кн. 1, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)